/ Language: Русский / Genre:detective,

Забойства На Вулiцы Морг На Белорусском Языке

Эдгар По


По Эдгар Аллан

Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)

Эдгар Алан По

ЗАБОЙСТВА НА ВУЛIЦЫ МОРГ

Што за песню спявалi сiрэны,

якiм iмем назваўся Ахiл, калi

хаваўся сярод жанчын, хоць i

загадкавыя пытаннi, але i яны

не застануцца без адказу.

Сэр Томас Браўн

Адметныя асаблiвасцi розуму, якiя адносяцца да аналiтычных, самi па сабе амаль не паддаюцца аналiзу. Мы мяркуем аб iх толькi па рэальных вынiках. Прынамсi, мы ведаем, што тым, хто валодае аналiтычнымi здольнасцямi, асаблiва калi чалавек надзелены гэтымi якасцямi шчодра, яны заўсёды з'яўляюцца крынiцай самай шчырай радасцi.

Гэтак жа, як дужы чалавек цешыцца сваiмi фiзiчнымi здольнасцямi, з захапленнем выконваючы практыкаваннi, у час якiх дзейнiчаюць мышцы яго цела, аналiтык ганарыцца сваёй iнтэлектуальнай дзейнасцю, якая дазваляе штосьцi розгадваць i разблытваць. Крынiцай асалоды для яго могуць быць самыя банальныя заняткi, праз якiя выяўляецца яго талент. Такi чалавек захапляецца загадкамi, рэбусамi i крыптаграмамi, дэманструючы ў знойдзеных рашэннях адпаведную ступень пранiклiвасцi, якая для звычайнага ўсведамлення здаецца звышнатуральнай. Вынiкi, народжаныя самой душой i сутнасцю метаду, на самай справе здаюцца суцэльным патокам iнтуiцыi.

Здольнасцi да разгадак, вiдаць, у значнай ступенi спрыяюць матэматычныя даследаваннi, i асаблiва той iх напрамак, якi беспадстаўна i толькi дзякуючы яго функцыям рэгрэсiўнага кiрунку назвалi, як бы par excellence*, аналiзам.

* Пераважна (франц.).

Мiж тым разлiк - гэта яшчэ не аналiз. Шахматыст, напрыклад, займаецца першым, не прыкладаючы нiякiх намаганняў да другога. Адсюль вынiкае, што ўяўленне аб шахматах, з боку гледжання iх уплыву на разумовыя якасцi чалавека, вельмi памылковае. Я зараз прапаноўваю вашай увазе не трактат, а толькi выпадковыя назiраннi ў якасцi ўступу да аднаго, у нейкай ступенi незвычайнага, апавядання. У сувязi з гэтым я карыстаюся выпадкам, каб зазначыць, што найвышэйшыя якасцi аналiтычнага iнтэлекту могуць быць ужыты з большай карысцю i мэтазгоднасцю ў сцiплай гульнi - шашках, чым у шахматах, гэтай вытанчанай i павярхоўнай гульнi. У шахматах, з iх разнастайнымi фiгурамi i мудрагелiстымi хадамi, рознымi i пераменнымi велiчынямi, складанасць памылкова (а гэта памылка - даволi распаўсюджана) успрымаецца як глыбiня. Але тут патрэбна найперш увага. Паслабiш яе - i атрымаецца недагляд, а з iм пралiк цi нават пройгрыш. А так як шахматныя хады не толькi разнастайныя, але i шматзначныя, то шанцы недагляду - вялiкiя, i ў дзевяцi выпадках з дзесяцi перамагае не больш здольны, а больш уважлiвы iгрок. У шашках, наадварот, дазваляецца адзiн вiд хадоў з лiчанымi варыянтамi, таму i шанцы недагляду - нязначныя, уважлiвасць сама па сабе параўнаўча не адыгрывае такой ролi, i перавага таго цi iншага боку залежыць ад кемлiвасцi. Каб быць больш канкрэтным, возьмем партыю шашак, у якой на дошцы засталiся ўсяго чатыры дамкi i таму пра нейкi недагляд i гаворкi не можа быць. Вiдавочна, перамога залежыць (калi iгракi роўныя ва ўсiх адносiнах) толькi ад удала вышуканага ходу i актыўных разумовых высiлкаў. Пазбаўлены звычайных сродкаў, аналiтык пранiкае ў душу працiўнiка, ставiць сябе на яго месца i нярэдка знаходзiць такiм чынам, з першага погляду, той адзiны спосаб (часам да абсурду просты), дзякуючы якому ён можа скiраваць працiўнiка на памылковы шлях альбо прыспешыць, садзейнiчаючы тым самым пралiку.

Вiст здаўна вядомы як добрая школа для развiцця здольнасцi, якая завецца разлiкам, i вядома, што людзi найвышэйшага ўзроўню iнтэлекту знаходзiлi ў гэтай гульнi невытлумачальную асалоду, грэбуючы шахматамi як нiкчэмным заняткам. Несумненна, нiякая iншая гульня нават блiзка не патрабуе такiх аналiтычных здольнасцей. Найлепшы ў хрысцiянскiм свеце шахматыст можа аказацца ўсяго толькi лепшым iграком у шахматы, калi ж гаворка iдзе пра высокi клас гульнi ў вiст, то маецца на ўвазе наяўнасць здольнасцей да поспеху i ў кожнай iншай сур'ёзнай дзейнасцi, звязанай са спаборнiцтвам iнтэлектаў. Гаворачы пра "высокi клас", я маю на ўвазе тую дасканаласць у гульнi, якая ўключае ў сябе веданне ўсiх шляхоў, што вядуць да сумленнай перамогi. Шляхi гэтыя не толькi шматлiкiя, але i разнастайныя, i часта схаваныя ў патаемных кутках, сярод думак, зусiм не дасягальных звычайнаму разуменню. Уменне назiраць - гэта здольнасць выразна запамiнаць, i таму шахматыст, якi гуляе засяроджана, будзе мець поспех i ў вiсце, бо правiлы Хойля* (заснаваныя на простай механiцы гульнi) дастаткова зразумелыя ўсiм.

* Эдман Хойль (1672-1762) - ангелец, аўтар шматлiкiх кнiг, прысвечаных гульням.

Такiм чынам, лiчыцца, што дастаткова мець учэпiстую памяць i дзейнiчаць дакладна "па кнiзе" - i можна смела гуляць у вiст. Але майстэрства аналiтыка выяўляецца якраз у тым, што выходзiць за межы правiл. Ён робiць сам сабе мноства высноў i назiранняў. Так, вiдаць, дзейнiчаюць i яго партнёры, але рознiца ў атрыманай iнфармацыi залежыць не столькi ад надзейнасцi, колькi ад якасцi назiрання. Важна - што назiраць. Але наш iгрок нiчым сябе не абмяжоўвае. I хоць яго галоўная мэта - гульня, ён не адмаўляецца i ад высноў наконт рэчаў, што выходзяць за межы гульнi. Ён вывучае твар партнёра, параўноўваючы яго з тварамi працiўнiкаў, назiрае, як кожны iгрок сартуе карты, якiя аказалiся ў яго на руках, часта вядзе падлiк козыраў, анёраў па позiрках, якiя кiдаюць на iх iгракi. Адзначае кожную змену выразу твару ў час гульнi, збiраючы такiм чынам у сваю аналiтычную скарбонку самыя розныя высновы на падставе разнастайных адценняў упэўненасцi, здзiўлення, трыумфу альбо жалю. Назiраючы, як чалавек бярэ бiтку, аналiтык прыходзiць да высновы, цi будзе за ёй яшчэ адна - у масць. Па тым, як iгрок кiдае карты на стол, ён здагадваецца - фiнт гэта цi не. Неабачлiвае альбо неасцярожнае слова, выпадкова выпушчаная з рук альбо перавернутая карта, i як яе хаваюць - насмешлiва альбо спакойна, улiк бiтак i iх раскладка, збянтэжанасць, ваганне, апантанасць альбо трывога усё гэта з'яўляецца для яго, безумоўна, iнтуiтыўнага ўсведамлення прыкметамi сапраўднага стану рэчаў. Пасля першых двух-трох хадоў яму ўжо зразумела, што ў каго на руках, i вось ён ужо выкладае карты настолькi ўпэўнена, нiбыта астатнiя iгракi спецыяльна адкрылi яму свае карты.

Здольнасць да аналiзу не трэба блытаць з простай вынаходлiвасцю, бо калi аналiтык - абавязкова чалавек вынаходлiвы, то чалавек проста вынаходлiвы часта аказваецца надзiва не здатны да аналiзу. Здольнасць да лагiчнага пабудавання цi злучэння, якую звычайна лiчаць прыкметай вынаходлiвасцi i для якой фрэнолагi вызначылi спецыяльны орган (памылкова, на мой погляд), лiчачы гэтую здольнасць першаснай, настолькi часта назiралася ў людзей з iнтэлектам, блiзкiм да iдыятызму, i гэта неаднойчы заўважалася лiтаратарамi, што пiшуць на тэмы маралi. Памiж вынаходлiвасцю i здольнасцю да аналiзу iснуе куды большая рознiца, чым памiж здольнасцямi да фантазiй i ўяўленняў, але па сваiм характары рознiца абсалютна тая ж. Сапраўды, нельга не заўважыць, што вынаходлiвыя людзi заўсёды схiльныя да фантазii, але толькi тыя, якiя на самай справе здольныя да ўяўлення, непазбежна аказваюцца аналiтыкамi.

Далейшы расказ прапануецца чытачу нейкiм чынам як прыклад да выказаных вышэй меркаванняў.

Жывучы ў Парыжы на працягу вясны i часткi лета 18.. года, я пазнаёмiўся з нейкiм месье С. Агюстам Дзюпэнам. Быў ён зусiм яшчэ малады, паходзiў з шляхетнага, сапраўды знакамiтага роду, але ў вынiку самых розных неспрыяльных падзей апынуўся ў такой галечы, што страцiў прыродную энергiю, нi да чога ў гэтым свеце не iмкнуўся i нават не спрабаваў вярнуць былое багацце. З ласкi крэдытораў у яго засталася невялiчкая частка радавой спадчыны, на прыбыткi ад якой ён здолеў дзякуючы вялiкай ашчаднасцi забяспечваць сябе самым неабходным для жыцця, не звяртаючы ўвагi на нешта iншае. Кнiгi - гэта адзiная раскоша, якую ён сабе дазволiў, а ў Парыжы яна даволi дасягальная.

Упершыню мы сустрэлiся ў непрыкметнай бiблiятэцы на вулiцы Манмартр, дзе дзякуючы выпадку - мы абодва шукалi адну i тую ж кнiгу, вельмi рэдкае i адметнае выданне, - выявiлася агульнасць нашых iнтарэсаў. Потым мы сустракалiся зноў i зноў. Мяне глыбока зацiкавiў кароткi, але грунтоўны экскурс у гiсторыю яго роду, якi ён зрабiў з усёй шчырасцю, на якую здольны француз, калi гаворка заходзiць пра сваю асобу.

Мяне ўразiла яго начытанасць, але больш за ўсё нястрымная палкасць i свежасць уяўлення. Шукаючы ў Парыжы тое, што моцна вабiла мяне ў той час, я разумеў, што кампанiя гэтага чалавека ўяўляе для мяне неацэнную каштоўнасць, i адкрыта сказаў яму пра гэта. Урэшце было вырашана, што на той час, пакуль я буду ў Парыжы, мы будзем жыць разам, i так як мае жыццёвыя абставiны былi ў нейкай ступенi не такiя цяжкiя, то я з яго згоды ўзяў на сябе выдаткi, звязаныя з наймам i абсталяваннем дома. Гэта быў асабняк у стылi адпаведным нашаму з iм характару рамантычнай меланхолii, пашкоджаны часам i своеасаблiвы па сваёй архiтэктуры, у зацiшным i адасобленым кутку Сен-Жэрменскага прадмесця. У iм ужо даўно не жылi гаспадары праз нейкiя там забабоны, якiмi мы не цiкавiлiся, i таму ён паступова прыходзiў у заняпад.

Калi б лад нашага жыцця стаў вядомы свету, нас бы абавязкова палiчылi вар'ятамi - хоць, вiдаць, i бясшкоднымi. Наша адасобленасць была поўная. Нiкога ў сваiм доме мы не прымалi. Месца нашага жыхарства старанна трымалася ў тайне ад маiх былых кампаньёнаў, а Дзюпэн ужо даўно не цiкавiўся Парыжам, ды i Парыж не ўспамiнаў пра яго. Мы iснавалi толькi для сябе.

Адно фантазiйнае дзiвацтва майго прыяцеля - бо як яшчэ гэта назваць? улюбёнасць у ноч, i я пакорна пагадзiўся з гэтым bizarrerie*, як i з усiмi астатнiмi, цалкам падпарадкаваўшыся яго няўпынным капрызам.

* Дзiвацтва (франц.).

Царыца-ноч не магла заставацца з намi ўвесь час, але мы навучылiся iмiтаваць яе прысутнасць. Ранiцай, з першым святлом, мы зачынялi тоўстыя аканiцы старога дома, запальвалi пару вельмi духмяных свечак, здатных толькi на цьмянае святло. У iх святле мы поўнiлi сэрцы мроямi - чыталi, пiсалi, дзялiлiся думкамi, пакуль звон гадзiннiка не абвяшчаў надыходу сапраўднай цемры. Тады мы выпраўлялiся з дому, iдучы поплеч, працягвалi пачатыя ўдзень размовы альбо бязмэтна шпацыравалi ўдоўж i ўпоперак па вялiкiм горадзе да позняй ночы, шукаючы сярод мiльгаючых агнёў i ценяў тую бясконцую душэўную ўзбуджанасць, якая вынiкае з цiхага назiрання.

У такiя моманты я мiжволi заўважаў (хоць, ведаючы яго схiльнасць да фантазiй, я прадбачыў гэта) своеасаблiвыя здольнасцi Дзюпэна i захапляўся iмi. Ён, вiдаць, таксама са шчырым захапленнем карыстаўся iмi - калi нават не дэманстраваў iх - i не вагаючыся прызнаваўся, што робiць гэта з задавальненнем. Ён хвалiўся мне, цiха пасмейваючыся, што калi для iншых чалавечая душа была за глухой сцяной, то ён мог зазiрнуць у большасць душ праз шырока расчыненыя для яго вокны, i звычайна суправаджаў такiя заявы ашаламляльнымi доказамi глыбокага ведання маёй душы. У такiя моманты ён быў халодны i аддалены, вочы яго рабiлiся непранiкальныя, а голас, сакавiты тэнар, пераходзiў у дыскант, i ў iм можна было адчуць нават раздражнёнасць, калi б не выразная дыкцыя i наўмысная няспешнасць у словах. Назiраючы за iм у такiя моманты, я часта задумваўся над старадаўняй фiласофскай тэорыяй аб дваiстасцi душы, i ў галаву прыходзiла забаўляльная думка пра двух Дзюпэнаў: адзiн нешта ствараў, а другi разбураў створанае на кавалкi.

Прачытаўшы ўсё гэта, не падумайце, што я збiраюся расказаць вам у падрабязнасцях нейкую таямнiчую гiсторыю альбо апiсаць нейкi рамантычны эпiзод. Тыя асаблiвасцi прыяцеля-француза, пра якiя я вам паведамiў, былi ўсяго толькi вынiкам узбуджанасцi цi, можа, хваравiтасцi розуму. Але характар яго заўваг у тыя моманты, пра якiя тут iдзе гаворка, лепш за ўсё праiлюструе адзiн прыклад.

Аднойчы ўвечары мы гулялi па доўгай бруднай вулiцы непадалёк ад Пале-Раяль. Кожны з нас, вiдаць, быў заняты сваiмi думкамi, i на працягу чвэрцi гадзiны нiхто не сказаў нi слова. I тут раптам цiшыню перарвалi наступныя словы Дзюпэна:

- Ён недаростак, гэта праўда, i было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сiлы ў тэатры "Вар'етэ".

- Ну, вядома, так, - адказаў я машынальна, спачатку не звярнуўшы ўвагi (настолькi быў заняты думкамi) на тое, што гэтыя словы вельмi дзiўна супалi з маiмi разважаннямi. Праз нейкi момант я апамятаўся, i маё здзiўленне было бязмежным.

- Дзюпэн, - сказаў я сур'ёзна, - гэта вышэй майго разумення. Шчыра кажучы, я вельмi ўражаны i ледзь веру сваiм вушам. Як гэта ты здагадаўся, што я думаю пра... - тут я спынiўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.

- ...пра Шантыi, - сказаў ён. - Чаму ты змоўк? Ты падумаў, што яго мiзэрная постаць не падыходзiць да трагедыйных роляў.

Менавiта пра гэта я i разважаў. Шантыi, quondam* шавец з вулiцы Сен-Дэнi, якi да вар'яцтва захапiўся тэатрам, паспрабаваў сыграць ролю Ксеркса ў аднайменнай трагедыi Крэбiёна, вельмi стараўся, але ў вынiку атрымаў знiшчальныя водгукi.

* Былы (лац.).

- Растлумач напрамiлы Бог, - усклiкнуў я, - свой метад, калi ён iснуе, праз якi ты толькi што зазiрнуў мне ў душу. - Па праўдзе кажучы, я iмкнуўся знешне быць спакойным, хаваючы такiм чынам ахапiўшую мяне збянтэжанасць.

- Гэта гандляр садавiнай навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса et id genus omne*.

* I такiх, як ён (лац.).

- Гандляр садавiнай? Ну, ты мяне здзiўляеш! Не ведаю я нiякага гандляра садавiнай.

- Ну, той, з кiм ты сутыкнуўся, калi мы зварочвалi на гэту вулiцу, хвiлiн пятнаццаць назад.

Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкi гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збiў мяне знянацку з ног, калi мы зварочвалi з вулiцы С - на тую, дзе мы зараз стаялi. Але я не мог нiяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыi.

Але Дзюпэн нi на кроплю не быў схiльны да charlatanerie*.

* Ашуканства (франц.).

- Я зараз растлумачу, - сказаў ён. - I каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновiм ход тваiх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre* з тым самым гандляром. Асноўныя звеннi ланцуга - Шантыi, Арыён, д-р Нiкалс, Эпiкур, стэрэатамiя, каменне ў бруку, гандляр садавiнай.

* Сустрэча (франц.)

Няма, вiдаць, такiх людзей, якiя б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралi ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, якi прывёў iх да той цi iншай высновы. Занятак гэты часта вельмi цiкавы, i той, хто сутыкаецца з iм упершыню, дзiвiцца неабмежаванай адлегласцю i неадпаведнасцю памiж зыходным пунктам i канчатковай высновай. Якiм, вiдаць, было маё здзiўленне, калi я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, i не мог не пагадзiцца, што ўсё гэта - праўда.

Ён жа працягваў:

- Перад тым як звярнуць з вулiцы С, я добра памятаю, мы гаварылi пра коней. На гэтай тэме i перарвалася наша размова. Калi пераходзiлi на гэту вулiцу, гандляр, якi прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпiхнуў цябе на кучу камянёў, паскiданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Ты спатыкнуўся аб камень, паслiзнуўся, крыху расцягнуў звязку на шчыкалатцы, вiдаць, раззлаваўся, ва ўсякiм разе, спахмурнеў, нешта прамармытаў, азiрнуўся на груду камянёў i моўчкi пакрочыў далей. Я не вельмi стараўся сачыць за тваiмi дзеяннямi, але назiральнасць зрабiлася апошнiм часам неад'емнай часткай маёй натуры.

Ты працягваў iсцi з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобiны i расколiны ў бруку (такiм чынам, я зразумеў, што ты ўсё яшчэ думаеш пра камянi), пакуль мы не дайшлi да завулка, што носiць iмя Ламарцiна i якi забрукавалi ў якасцi эксперымента "ўнакладку", шчыльна падладзiўшы плiткi заклёпкамi. Твой твар павесялеў, i па вуснах я здагадаўся, што ты прамармытаў слова "стэрэатамiя", тэрмiн вельмi штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што ты не мог вымавiць гэта слова, не ўзгадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыi Эпiкура. Так як мы абмяркоўвалi не так даўно гэтую тэму - я заўважыў, як надзiва дакладна, хоць на гэта мала хто звярнуў увагу, не вельмi выразныя здагадкi высакароднага грэка пацвердзiлiся пазней касмагонiяй у адносiнах да нябесных туманнасцей, - то я падумаў, што ты абавязкова падымеш вочы, каб зiрнуць на вялiкую туманнасць у сузор'i Арыёна, i спадзяваўся, што менавiта так i атрымаецца. Ты сапраўды зiрнуў угору, тым самым упэўнiўшы мяне, што я правiльна iду па тваiм следзе. Але ў вельмi адмоўным водгуку на выступленне Шантыi ва ўчарашняй "Musee", нейкi з'едлiвы сатырык, намякаючы вельмi нетактоўна на тое, што шавец, якi стаў на катурны, змянiў i прозвiшча, прыпомнiў адзiн радок на лацiнскай мове, да якога мы часта звярталiся ў размовах. Я маю на ўвазе вось гэта: Perdidit antiquum litera prima sonum*.

* Страцiла былое гучанне першая лiтара (лац.).

Я неяк казаў табе, што радок быў напiсаны адносна Арыёна, бо некалi пiсалася Ўрыён, i так як мы яшчэ тады пажартавалi наконт гэтага, я ведаў, што ўсё гэта засталося ў тваёй памяцi. Таму было зразумела, што ты абавязкова злучыш у галаве думкi пра Арыёна i Шантыi. Тое, што менавiта так i здарылася, пацвердзiла твая ўсмешка. Ты падумаў, што бедны Шантыi сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку ты iшоў згорбiўшыся, а тут - выпрастаўся на ўвесь рост. Такiм чынам, я быў упэўнены, што ты падумаў пра мiзэрную фiгуру Шантыi. У той самы момант я перабiў твае думкi, зазначыўшы, што гэты Шантыi i праўда недаростак i было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сiлы ў тэатры "Вар'етэ".

Неўзабаве пасля гэтага мы праглядалi вячэрнi выпуск "Судовай газеты", i нашу ўвагу прыцягнулi наступныя радкi:

"Незвычайнае забойства.

Сёння, а трэцяй гадзiне ночы, жыхароў квартала Сен-Рош абудзiлi ад сну немыя крыкi, што чулiся, вiдаць, з пятага паверха дома на вулiцы Морг, у якiм, як было вядома, жылi толькi мадам Л'Эспанэ i яе дачка мадэмуазель Камiла Л'Эспанэ. Пасля некаторай затрымкi, якая была выклiкана спробай зайсцi ў дом звычайным шляхам, дзверы пад'езда адчынiлi ломам, i туды зайшлi восем цi дзесяць чалавек суседзяў i разам з iмi два жандары. Да таго часу крыкi ўжо сцiхлi, але калi згаданая група людзей адолела першы пралёт лесвiцы, яны пачулi, як недзе, вiдаць, на верхнiх паверхах, грубымi галасамi сварылiся не менш двух чалавек. Пакуль дабеглi да другой лесвiчнай пляцоўкi, i гэтыя галасы ўжо сцiхлi, усюды панавала цiшыня. Людзi падзялiлiся на групы i пачалi прачэсваць пакой за пакоем. Калi яны апынулiся ў вялiкай спальнi на пятым паверсе ў тыльнай частцы будынка (дзверы замкнёныя на ключ знутры таксама выламалi), дык сталi сведкамi вiдовiшча, якое вельмi напалохала i здзiвiла прысутных.

Усё ў кватэры было ў страшэнным беспарадку - усюды валялася паламаная мэбля. У пакоi стаяў толькi адзiн ложак, i з яго сцягнулi i параскiдалi па падлозе пасцель. На крэсле ляжала брытва з акрываўленым лязом. Да камiна прылiплi дзве-тры акрываўленыя тоўстыя пасмы вырваных, вiдаць, з коранем сiвых валасоў. На падлозе знайшлi чатыры напалеандора, адну завушнiцу з тапазам, тры срэбраныя сталовыя, тры чайныя мельхiёравыя лыжкi i два мяшэчкi з залатымi манетамi амаль на чатыры тысячы франкаў. Шуфляды камоды, якая стаяла ў куце пакоя, былi выцягнуты, у iх, вiдаць, корпалiся, але многiя рэчы засталiся на сваiх месцах. Пад пасцеллю (а не пад ложкам) быў знойдзены невялiчкi жалезны сейф. Ён быў адамкнёны, i ў дзверцах яшчэ тырчэў ключ. Унутры нiчога не было, акрамя некалькiх старых лiстоў i iншых нязначных папер.

Ад мадам Л'Эспанэ не засталося нiякiх слядоў, але калi заўважылi ў камiне незвычайна вялiкую колькасць сажы, праверылi дымаход i - якi жах! - выцягнулi адтуль за галаву труп дачкi: значыць, нехта запхнуў яго ў вузкi праход, i даволi далёка. Цела было яшчэ цёплае. Як высветлiлася ў час агляду, скура ў многiх месцах была паздзiраная - несумненна, вынiк таго, што яе гвалтоўна запiхвалi ў комiн. На твары шмат глыбокiх драпiн, на шыi сiнякi i глыбокiя сляды ад пазногцяў, падобна на тое, што нябожчыцу душылi.

Пасля таго як старанна абшукалi ўсе куткi i нiчога больш не знайшлi, усе пайшлi ўнiз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылi труп старэйшай жанчыны рана на шыi была настолькi глыбокая, што калi паспрабавалi труп падняць, адразу адвалiлася галава. I цела, i галава страшэнна знявечаныя, асаблiва цела, якое было ўжо амаль не падобна на чалавечае.

Як нам вядома, для разгадкi гэтай жудаснай гiсторыi не знойдзена пакуль што нiводнага ключа".

На другi дзень газета паведамiла новыя падрабязнасцi:

"Трагедыя на вулiцы Морг. У сувязi з гэтай неверагоднай i жудаснай аферай (слова афёра не набыло ў Францыi такога фрывольнага сэнсу) дапытаны многiя асобы, але так нiчога i не высветлiлася.

Нiжэй даюцца найбольш iстотныя сведчаннi:

Палiн Дзюбур, прачка, сведчыць, што ведала нябожчыц апошнiя тры гады, прала iх бялiзну. Старая панi з дачкой жылi, вiдаць, дружна, любiлi адна адну. Плацiлi вельмi добра. Наконт таго, за што яны жылi, на якiя сродкi, нiчога сказаць не можа. Лiчаць, што мадам Л'Эспанэ зарабляла на жыццё варажбой. Гаварылi, што грошы ў яе былi. Сведка нiкога чужога ў доме не сустракала - i калi прыходзiла па бялiзну, i калi вяртала яе. Ведае дакладна, прыслугу яны не трымалi. Як ёй вядома, мэбля была толькi на пятым паверсе.

П'ер Маро, уладальнiк крамы па продажы тытуню, сведчыць, што на працягу чатырох гадоў прадаваў мадам Л'Эспанэ тытунь i табаку невялiкiмi порцыямi. Ён нарадзiўся i ўсё жыццё жыў у гэтым квартале. Нябожчыца з дачкой займалi дом, дзе былi знойдзены iх трупы, на працягу больш чым шасцi гадоў. Раней там жыў ювелiр, якi здаваў пакоi на верхнiх паверхах унаймы розным асобам. Дом належаў мадам Л'Эспанэ. Ёй не спадабалася, як кватарант адносiцца да яе маёмасцi, i таму сама пераехала ў дом i адмаўляла ўсiм, хто хацеў зняць той цi iншы пакой. Старая панi здзяцiнела. На працягу ўсiх гэтых год сведка бачыў дачку разоў пяць-шэсць. Абедзве жанчыны жылi надзвычайна адасоблена i, паводле чутак, былi пры грашах. Чуў, суседзi гаварылi, што мадам Л'Эспанэ займалася варажбой - але ён гэтаму не верыў. Нiколi не бачыў, каб хто-небудзь заходзiў у дом, акрамя самой гаспадынi i дачкi, разы два быў прыбiральшчык, восем-дзесяць вiзiтаў зрабiў доктар.

Прыкладна тое самае засведчылi i iншыя асобы, якiя жывуць па суседству. Яны не маглi назваць нiкога, хто б часта наведваўся ў дом. Невядома, цi былi ў нябожчыц сувязi са знешнiм светам. Аканiцы на фасадзе адчынялiся рэдка, а тыя, што са двара, былi зачынены заўсёды, за выключэннем аднаго вялiкага пакоя на пятым паверсе. Будынак моцны - не вельмi стары.

Iзiдор Мюзэ, жандар, сведчыць, што яго выклiкалi каля трох гадзiн ночы. Калi падышоў да дома, убачыў ля ўваходных дзвярэй чалавек дваццаць-трыццаць, якiя спрабавалi зайсцi ўсярэдзiну. Праз некаторы час ён узламаў дзверы, штыком, а не ломам. Зрабiць гэта было не цяжка, бо дзверы двухстворкавыя i не замкнёныя на засаўку нi зверху, нi знiзу. Крыкi чулiся ўвесь час, пакуль адчынялi дзверы - а потым раптам сцiхлi. Вiдаць, крычалi (цяжка сказаць, адзiн чалавек або некалькi) у перадсмяротнай агонii - моцна i працягла, а не адрывiста. Наверх сведка падымаўся ў лiку першых. Апынуўшыся на першай лесвiчнай пляцоўцы, ён пачуў, як двое гучна i са злосцю сварацца - адзiн хрыплым, а другi - больш пранiзлiвым, вельмi дзiўным голасам. Змог разабраць некалькi слоў, што сказаў першы. Ён быў француз. Можна сказаць дакладна, што не жанчына. Змог разабраць словы "Sacre" i "diable"*.

* "Лiха на яго" i "д'ябал" (франц.).

Пранiзлiвым голасам гаварыў чужаземец. Не мог разабраць, быў гэта мужчынскi цi жаночы голас. Што гаварылi - не зразумеў, але лiчыць, што мова была гiшпанская. Выгляд пакоя i трупаў, згодна з апiсаннем сведкi, не адрознiваецца ад апiсання, дадзенага ва ўчарашняй газеце.

Анры Дзюваль, сусед, па прафесii срэбранiк, сведчыць, што ў лiку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведамiў Мюзэ. Як толькi яны зайшлi ў пад'езд, адразу ж зачынiлi за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, якi назбiраўся вельмi хутка, нягледзячы на познi час. На думку сведкi, пранiзлiвы голас належаў iталiйцу. Упэўнены, што гэта быў не француз. Не можа сказаць дакладна, што мужчына. Магла быць i жанчына. Сведка iталiйскай мовы не ведае. Слоў не разабраў, але па iнтанацыi лiчыць, што гаварыў iталiец. Мадам Л'Эспанэ i яе дачку ведаў. Часта гутарыў з iмi. Упэўнены, што пранiзлiвы голас не належаў нiводнай.

Адэнгеймер, рэстаратар. Сведка сам пажадаў даць паказаннi. Так як ён французскай мовай не валодае, допыт вёўся праз перакладчыка. Ураджэнец Амстэрдама. Праходзiў каля дома, калi адтуль пачулiся крыкi. Крычалi на працягу некалькiх хвiлiн, вiдаць, дзесяцi. Крыкi былi доўгiя i моцныя жудасныя i невыносныя. Быў сярод тых, хто зайшоў у дом. Згодны з ранейшымi сведчаннямi па ўсiх пунктах, акрамя аднаго. Упэўнены, што пранiзлiвы голас належаў мужчыне, да таго ж французу. Слоў не разабраў. Гаварылi вельмi гучна i хутка - з перапынкамi, вiдаць, са страхам i злосцю. Голас быў рэзкi, хутчэй рэзкi, чым пранiзлiвы. Не, пранiзлiвым яго не назваў бы. Хрыплы голас увесь час паўтараў "Sacre" i "diable" i адзiн раз сказаў "mon Dieu"*.

* "Божа мой" (франц.).

Жуль Мiньё, банкiр, фiрма "Мiньё i сыны", вулiца Дэларэн. Ён Мiньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў iх рахунак вясной 18.. года, восем год назад. Часта рабiла ўклады - невялiкiмi сумамi. Чэкi нiколi не выпiсвала, але за тры днi да смерцi асабiста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацiлi золатам, i iх даставiў на дом служачы банка.

Адольф Лё Бон, служачы банка "Мiньё i сыны", сведчыць, што ў той дзень, пра якi iдзе размова, каля палудня, праводзiў мадам Л'Эспанэ да самага дома i аднёс чатыры тысячы франкаў, якiя былi раскладзены ў два мяшэчкi. Адчынiўшы дзверы, мадэмуазель Л'Эспанэ ўзяла з ягоных рук адзiн мяшэчак, а старая панi другi. Сведка развiтаўся i пайшоў. Нiкога на вулiцы ён тады не заўважыў. Вулiца - бакавая, вельмi цiхая.

Уiльям Бёрд, кравец, сведчыць, што разам з iншымi зайшоў у дом. Ангелец. Два гады, як жыве ў Парыжы. У лiку першых падняўся па лесвiцы. Чуў, як сварылiся двое. Хрыплы голас належаў французу. Змог разабраць некалькi слоў, але ўсiх не памятае. Выразна чуў "Sacre" i "mon Dieu". Словы суправаджалiся шумам, нiбыта змагалiся мiж сабой некалькi чалавек - чулiся шорганне ног, скрогат. Пранiзлiвы голас крычаў вельмi моцна, нашмат мацней, чым хрыплы. Упэўнены, што не ангелец. Хутчэй немец. Можа быць, i жанчына. Сам сведка па-нямецку не разумее.

Чатыры чалавекi на другiм допыце засведчылi, што дзверы спальнi, дзе знайшлi труп мадэмуазель Л'Эспанэ, на той момант, калi туды зайшлi людзi, былi замкнёны знутры. Цiшыня была поўная - нi стогнаў, нi шорахаў. Калi дзверы ўзламалi, нiкога там не ўбачылi. Вокны пакояў, што выходзяць на вулiцу i ў двор, былi апушчаны i наглуха замкнёны знутры. Дзверы памiж двума пакоямi былi зачынены, але не замкнёны. Дзверы з пакоя ад вулiцы ў калiдор былi замкнёныя на ключ знутры. Невялiчкi пакой з вокнамi на вулiцу, на пятым паверсе, той, што ў канцы калiдора, быў незамкнёны, дзверы крыху прачыненыя. Ён быў поўны старых ложкаў, скрынь i iншага хламу. Усё гэта вынеслi i ўважлiва агледзелi. Абшукалi ўвесь дом зверху данiзу, сантыметр за сантыметрам. З дапамогай камiнараў праверылi ўсе дымаходы. У доме пяць паверхаў i яшчэ памяшканнi на гарышчы (mansardes). На дах можна выйсцi праз лаз, але ён быў надзейна забiты цвiкамi - i, вiдаць, шмат год не адчыняўся. Час, што прайшоў памiж тым, як пачулi галасы, i тым, калi адчынiлi дзверы, вызначаецца сведкамi па-рознаму. На думку адных, прайшло ўсяго тры хвiлiны, другiх - цэлых пяць. Каб адчынiць дзверы, спатрэбiлася шмат намаганняў.

Альфонса Гарсiя, трунар, засведчыў, што жыве на вулiцы Морг. Гiшпанец па нараджэннi. Разам з iншымi быў у доме. Наверх не падымаўся. Слабыя нервы, яму нельга хвалявацца. Галасы чуў. Хрыпла гаварыў француз. Што ён сказаў, разабраць не мог. Пранiзлiвым голасам гаварыў ангелец, у гэтым сведка ўпэўнены. Па-ангельску не разумее, мяркуе па iнтанацыi.

Альберта Мантанi, уладальнiк крамы гатовага адзення, засведчыў, што ў лiку першых падняўся па лесвiцы. Галасы, пра якiя iдзе размова, чуў. Хрыпла гаварыў француз. Разабраў некалькi слоў. Здалося, што некага папракалi. З таго, што крычаў пранiзлiвы голас, не зразумеў нiчога. Словы сыпалiся часта, але нераўнамерна. Здаецца, гаварыў расеец. Пагаджаецца з ранейшымi сведчаннямi. Сам ён iталiец. З расейцамi размаўляць нiколi не даводзiлася.

Некалькi сведак на другiм допыце зазначылi, што комiны ў абодвух пакоях занадта вузкiя, каб праз iх мог пралезцi чалавек. Калi гаварылi пра "камiнараў", дык мелi на ўвазе цылiндрычныя па форме шчоткi, якiмi карыстаюцца для чысткi комiнаў. Гэтымi шчоткамi прайшлiся па ўсiх дымаходах. У доме няма чорнай лесвiцы, па якой можна было б збегчы ўнiз у той час, пакуль натоўп падымаўся на пяты паверх. Труп мадэмуазель Л'Эспанэ быў настолькi шчыльна зацiснуты ў комiне, што толькi агульнымi намаганнямi чатырох-пяцi мужчын удалося яго адтуль выцягнуць.

Поль Дзюма, лекар, сведчыць, што яго выклiкалi агледзець трупы недзе на досвiтку. Абодва ляжалi на голым ложку ў пакоi, дзе знайшлi мадэмуазель Л'Эспанэ. Усё цела дачкi было ў сiняках i драпiнах. Гэта ў дастатковай меры тлумачыцца тым, што яе запiхвалi ў дымаход. Асаблiва пашкоджана шыя. Крыху нiжэй падбародка некалькi глыбокiх драпiн i шэраг сiнякоў - вiдавочна, сляды пальцаў. Твар страшэннага колеру, вочы павылазiлi з арбiт. Язык ледзь не наскрозь пракушаны. Вялiкi сiняк на нiжняй частцы жывата сведчыць пра тое, што тут нацiскалi каленам. На думку месье Дзюма, мадэмуазель Л'Эспанэ была задушана адной альбо некалькiмi невядомымi асобамi. Труп мацi жудасна знявечаны. Усе косцi правай рукi i нагi ў той цi iншай ступенi паламаныя. Пашчэплены tibia* i рэбры з левага боку.

* Галёначная косць (лац.).

Усё цела ў сiняках i драпiнах. Цяжка вызначыць, чым нанесены гэтыя пашкоджаннi. Гэта можна было зрабiць i тоўстай палкай, i жалезным ломам, i крэслам - любой важкай i тупой рэччу ў руках вельмi дужага чалавека. У жанчыны не хапiла б сiлы так моцна ўдарыць. Галава забiтай, калi яе ўбачыў лекар, ляжала асобна ад цела i таксама была вельмi знявечаная. Горла перарэзалi, вiдавочна, вельмi вострым iнструментам, магчыма, брытвай.

Аляксандр Эцьен, хiрург, быў выклiканы разам з месье Дзюма, каб агледзець трупы. Далучаецца да сведчання i думак калегi.

Больш нiчога iстотнага высветлена не было, хоць дапыталi яшчэ некалькi чалавек. У Парыжы нiколi раней не чулi пра забойства, здзейсненае ў такiх загадкавых i заблытаных абставiнах, калi гэта на самай справе забойства. Палiцыя ў поўнай разгубленасцi - незвычайная з'ява ў такiх справах. Няма нават намёку на магчымую разгадку".

У вячэрнiм выпуску газеты паведамлялася, што ў квартале Сен-Рош па-ранейшаму пануе страшэнны перапалох i што згаданы дом зноў старанна абшукалi i яшчэ раз дапыталi сведак, але ўсё аказалася дарэмна. Дадаткова паведамлялася, што арыштавалi i пасадзiлi за краты Адольфа Лё Бона, хоць, здавалася, нiякiх новых фактаў у дачыненнi да яго, апрача тых, што паведамлялiся, устаноўлена не было.

Дзюпэн, здавалася, вельмi цiкавiўся ходам следства - зрэшты, я меркаваў так па яго паводзiнах, бо нiякiх заўваг з яго боку не чуў. I толькi калi з'явiлася вестка аб арышце Лё Бона, ён пацiкавiўся маёй думкай наконт забойства.

Я мог толькi пагадзiцца з усiм Парыжам, што гэту таямнiцу разгадаць нельга. Я не бачыў нiякiх шляхоў, якiя б маглi вывесцi на след забойцы.

- Мы не павiнны меркаваць аб магчымых шляхах на падставе такога павярхоўнага вышуку, - заўважыў Дзюпэн. - Парыжская палiцыя, якую так хваляць за пранiклiвасць, на самай справе толькi хiтрая - i не больш таго. У яе дзеяннях няма сiстэмы, агенты жывуць адным момантам. Займаюцца дэманстрацыяй шматлiкiх прыёмаў, але нярэдка гэтыя прыёмы настолькi не адпавядаюць аб'ектам вышуку, што на думку прыходзяць словы месье Журдэна, якi загадваў прынесцi robe-de-chambre - pour mieux entendre la musique*.

* Халат - каб лепш чуць музыку (франц.).

Вынiкi iх дзейнасцi нярэдка сапраўды ўражваюць, але дасягаюцца яны ў большасцi выпадкаў стараннасцю i энергiчнасцю. Калi гэтыя якасцi адсутнiчаюць, iх задумы аказваюцца марнымi. Вiдок, напрыклад, вельмi здагадлiвы i ўпарты чалавек. Але калi яму бракуе iнтэлекту, дык ён увесь час блытаецца, робячыся ахвярай сваёй мiтуслiвасцi. Бачанне аб'екта скажаецца, бо ён трымае яго занадта блiзка ад вачэй. Ён, бадай, здольны бачыць адну-дзве дэталi выразна, але адначасова ўвесь аб'ект вывучэння абавязкова аказваецца па-за межамi зроку. Такiм чынам, iснуе такая з'ява, як залiшняе паглыбленне. Праўда - не заўсёды на дне глыбокага калодзежа. Акрамя таго, што датычыцца найбольш важных ведаў, дык яны, я ўпэўнены, непазбежна ляжаць на паверхнi. Глыбiня - у тых безданях, дзе мы шукаем гэтыя веды, а не на горных вышынях, дзе iх знаходзiм. Характар i каранi вось такiх памылак можна вызначыць шляхам назiрання за нябеснымi целамi. Калi глядзець на зорку па-рознаму - зiрнуць на яе скоса, паступова павярнуць да яе знешнюю частку сятчаткi (больш адчувальную да ледзь прыкметных водблiскаў святла, чым яе ўнутраны бок), убачыць зорку выразна, можна выбраць найлепшы шлях да ўяўлення аб яе бляску - бляску, якi робiцца ўсё больш цьмяным, чым шырэй наш позiрк ахоплiвае зорку. У апошнiм выпадку ў вока трапляе фактычна больш промняў, але ў першым - больш вострая ўспрымальнасць. У вынiку беспадстаўнай заглыбленасцi думкi збiваюцца i паслабляюцца, так i Венера можа растаць на нябесным купале, калi ўзiрацца ў яе занадта ўпарта альбо занадта засяроджана.

Што ж датычыцца гэтых забойстваў, давай зробiм самастойныя вышукi, перад тым як выказаць пра iх сваю думку. Расследаванне пазабавiць нас. - (Я падумаў, што слова пазабавiць - недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змоўчаў.) - Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабiў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячным. Пойдзем i агледзiм будынак самi. Я знаёмы з Ж., прэфектам палiцыi, таму мы без цяжкасцi атрымаем неабходны дазвол.

Атрымаўшы дазвол, мы адразу ж рушылi на вулiцу Морг. Гэта цiхi завулак, якi злучае вулiцы Рышэлье i Рош. Квартал быў далёка ад месца нашага жыхарства, i таму мы дабралiся туды толькi пад вечар. Дом знайшлi адразу ж, бо вакол яго па-ранейшаму было шмат людзей, якiя, стоячы на процiлеглым баку вулiцы, з пустой цiкавасцю пазiралi на зачыненыя аканiцы. Гэта быў звычайны парыжскi асабняк з шырокiмi дзвярамi параднага ўвахода, да якога збоку прыляпiлася будка з адсоўным акенцам, па якiм можна было здагадацца, што гэта loge de concierge*.

* Памяшканне кансьержа (франц.).

Перад тым як зайсцi ў дом, мы прайшлiся па вулiцы, звярнулi ў завулак, зноў звярнулi, прайшлiся каля дома са двара - увесь гэты час Дзюпэн вывучаў квартал, сам дом з незвычайнай пiльнасцю, хоць я не разумеў, што яго магло так зацiкавiць.

Вярнуўшыся тым жа шляхам да ўвахода, мы пазванiлi i, паказаўшы адпаведныя паперы, атрымалi ад дзяжурных палiцэйскiх дазвол зайсцi ўсярэдзiну. Мы пайшлi наверх, у пакой, дзе была знойдзена мадэмуазель Л'Эспанэ i дзе ўсё яшчэ ляжалi абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робiцца, захоўвалася ў непарушнасцi. Нiчога новага ў параўнаннi з тым, што пiсала "Судовая газета", я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважлiва агледзеў кожную дробязь, не абмiнуў i трупаў. Потым мы зайшлi ў iншыя пакоi i спусцiлiся ў двор, - увесь гэты час нас суправаджаў палiцэйскi. Агляд працягваўся да самай цемры, толькi з яе надыходам мы нарэшце развiталiся. На зваротным шляху да дома мой прыяцель зайшоў на хвiлiну ў рэдакцыю адной ранiшняй газеты.

Я ўжо гаварыў, што дзiвацтвы майго сябра былi самыя нечаканыя, але Je les menegeais*: у ангельскай мове няма адпаведнага эквiваленту.

* Я iх шанаваў (франц.).

У той вечар у яго не было настрою весцi гаворку пра забойства, i завёў ён яе толькi апоўднi наступнага дня. Менавiта тады ён спытаў мяне, цi заўважыў я што-небудзь асаблiвае ў той сцэне жорсткасцi. Ён вымавiў слова "асаблiвае" з такiм нацiскам i такiм дзiўным тонам, што я, не разумеючы чаму, скалануўся.

- Не, нiчога асаблiвага, - адказаў я, - ва ўсялякiм разе, у параўнаннi з тым, што паведамлялася ў газеце.

- Баюся, што "Гэзэт", - запярэчыў Дзюпэн, - не спасцiгла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкiя разважаннi прэсы. Здаецца, што загадку лiчаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставiцца да яе, як да вельмi зразумелай - я маю на ўвазе outre* характар яе асаблiвасцей.

* Утрыраваны (франц.).

Палiцыю, вiдаць, збiла з толку адсутнасць матывацыi не столькi забойства, колькi жорсткасцi, з якой яно было здзейснена. Iх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкi чулi, як нехта сварыўся, але наверсе нiкога, акрамя забiтай мадэмуазель Л'Эспанэ, не знайшлi. Выйсцi ж адтуль, каб не заўважылi людзi, што падымалiся па лесвiцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоi, зацiснуты ў комiн унiз галавой труп, жахлiва знявечанае цела старой - гэтых абставiн, а таксама тых, пра якiя я толькi што гаварыў, i iншых, што не варта ўспамiнаць, было дастаткова, каб спаралiзаваць высiлкi ўлад, якiя, нягледзячы на сваю пранiклiвасць, якой яны так ганарацца, апынулiся ў тупiку. Яны сталi ахвярамi грубай, але вельмi распаўсюджанай памылкi, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавiта дзякуючы адхiленню ад звычайнага i адкрываецца прастор, калi гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках iсцiны. У вышуках, накшталт гэтых, якiмi мы цяпер займаемся, трэба ставiць не столькi пытанне "Што здарылася?", колькi "Што здарылася такое, чаго нiколi раней не здаралася?". I на самай справе iснуе непасрэдная суадноснасць памiж лёгкасцю, з якой я прыйду цi ўжо прыйшоў да разгадкi гэтай таямнiцы, i яе невырашальнасцю, якая iснуе на думку палiцэйскiх.

Я глядзеў на Дзюпэна ў немым здзiўленнi.

- Цяпер я чакаю, - працягваў той, пазiраючы на дзверы, - чалавека, якi, вiдаць, не быў непасрэдным выканаўцам тых жорсткiх забойстваў, але ў нейкай ступенi меў дачыненне да iх здзяйснення. Што датычыцца самай жудаснай часткi злачынства, дык тут ён, вiдаць, не вiнаваты. Спадзяюся, што не памыляюся ў сваiм меркаваннi, бо на iм будуецца раскрыццё ўсёй таямнiцы. Я чакаю, што гэты чалавек прыйдзе сюды, у гэты пакой, з хвiлiны на хвiлiну. Праўда, ён можа i не з'явiцца, але больш верагодна, што ён усё-такi будзе тут. Калi ж ён прыйдзе, неабходна яго затрымаць. Вось пiсталеты; мы абодва здолеем выкарыстаць iх належным чынам, калi ўзнiкне патрэба.

Я ўзяў пiсталеты, амаль не разумеючы, што раблю, не верачы пачутаму, а Дзюпэн працягваў свой маналог. Я ўжо гаварыў, што ў такiя моманты яго паводзiны набывалi абстрактны характар. У сваiх разважаннях ён, здавалася, звяртаўся да мяне. Гаварыў ён цiха, але нешта ў яго iнтанацыi гучала так, нiбыта ён звяртаўся да кагосьцi на вялiкай адлегласцi, не адводзячы ад сцяны пазбаўленых усялякага выразу вачэй.

- Тое, што галасы, якiя пачулi людзi, што беглi па лесвiцы, не належалi нябожчыцам - дастаткова абгрунтавана доказамi. У вынiку знiклi ўсялякiя сумненнi наконт таго, што старая кабета магла спачатку забiць дачку, а потым кончыць самагубствам. Я гавару пра гэта таму, каб растлумачыць ход сваiх меркаванняў, бо фiзiчнае сiлы мадам Л'Эспанэ было зусiм недастаткова, каб запiхнуць труп дачкi ў комiн, дзе яго знайшлi, ды i выгляд яе цела выключае ўсялякую думку аб самазабойстве. Забойства, такiм чынам, было здзейснена нейкiм трэцiм бокам, менавiта яму i належалi галасы людзей, што сварылiся памiж сабой. Давай звернемся цяпер не ўвогуле да сведчання пра тыя галасы, а да таго, што было "асаблiвае" ў тых сведчаннях. Ты заўважыў у iх што-небудзь "асаблiвае"?

Я заўважыў, што калi ўсе сведкi пагаджалiся ў сваiх меркаваннях наконт таго, што хрыплы голас належаў французу, то думкi наконт пранiзлiвага, альбо, як адзiн сведка сказаў, рэзкага голасу значна разыходзiлiся.

- Гэта было само сведчанне, - запярэчыў Дзюпэн, - але яго асаблiвасць у iншым. Ты не заўважыў самае характэрнае. А тое-сёе варта было заўважыць. Меркаваннi сведкаў наконт хрыплага голасу, як ты адзначыў, супалi i былi аднадушныя. Што ж датычыцца пранiзлiвага голасу, асаблiвасць тут вынiкае не з таго, што iх паказаннi не супалi, а з таго, што, калi iталiец, ангелец, гiшпанец, галандзец i француз спрабавалi апiсаць яго, кожны адзначыў, што голас належыць iншаземцу. Кожны ўпэўнены, што гаварыў не яго суайчыннiк. I кожны суадносiў яго не з голасам прадстаўнiка нацыi, на мове якой ён мог гаварыць, а з той цi iншай iншаземнай гаворкай. Француз лiчыць, што гэта голас гiшпанца i што "змог бы разабраць некалькi слоў, калi б быў знаёмы з гiшпанскай мовай". Галандзец сцвярджае, што гэта быў француз, але мы ведаем, што, як было заяўлена, "так як сведка не разумее французскай мовы, допыт вёўся праз перакладчыка". Ангелец лiчыць, што гэта голас немца i што ён "не разумее нямецкай мовы". Гiшпанец упэўнены, што гаварыў ангелец, "але мяркуе аб гэтым па iнтанацыi, бо не ведае ангельскай мовы". Iталiец лiчыць, што голас расейца, але "нiколi не гаварыў з сапраўдным расейцам". Думка другога француза, акрамя таго, адрознiваецца ад меркавання першага, i ён упэўнены, што голас належаў iталiйцу, але, сам не валодаючы гэтай мовай, як i гiшпанец, "грунтуе свае меркаваннi на iнтанацыi". Як бачым, голас мусiў быць сапраўды незвычайным, калi пра яго атрымалi такiя сведчаннi! - i калi ў яго iнтанацыi нават выхадцы з пяцi вялiкiх рэгiёнаў Эўропы не маглi разабраць штосьцi iм знаёмае! Ты скажаш, што гэта мог быць голас азiята або афрыканца. I азiятаў, i афрыканцаў - не так многа ў Парыжы, але, не адмаўляючы цалкам такой iдэi, я проста звярну тваю ўвагу на наступныя тры акалiчнасцi. Голас быў вызначаны адным сведкам "хутчэй рэзкiм, чым пранiзлiвым". На думку двух iншых, гаворка была "хуткая, але няроўная". Нiкому не ўдалося разабраць нiводнага слова, нiводнага гуку.

- Не ведаю, - працягваў Дзюпэн, - якое ўражанне могуць выклiкаць у цябе мае меркаваннi, але я не вагаючыся заяўляю, што абгрунтаваных высноў, якiя вынiкаюць на падставе гэтай часткi сведчанняў - той часткi, што датычыцца хрыплага i пранiзлiвага голасу, - дастаткова для таго, каб узнiклi падазрэннi, якiя вызначаць далейшы ход разгадкi таямнiцы. Сказаўшы "абгрунтаваныя высновы", я не вельмi дакладна выказаў свае думкi. Я меў на ўвазе, што гэта адзiныя магчымыя высновы i што яны непазбежна вядуць да падазрэння, як да адзiнага вынiку. Аднак, чаго датычыцца гэта падазрэнне, я пакуль не скажу. Проста хачу, каб ты меў на ўвазе, што для мяне яно было дастаткова пераканаўчае, каб надаць канкрэтную форму - адпаведны напрамак - маiм вышукам у спальнi старой жанчыны.

Давай у думках вернемся ў той самы пакой. Што перш за ўсё мы будзем там шукаць? Выхад, якi выкарысталi забойцы. Мы з табой, вядома, не верым у звышнатуральныя з'явы. Не злыя ж духi забiлi мадам i мадэмуазель Л'Эспанэ. Тыя, хто здзейснiў забойства, iснавалi рэальна i, каб знiкнуць, карысталiся рэальнымi шляхамi. Але якiмi? На шчасце, ёсць толькi адзiн спосаб вырашыць гэту праблему, i гэты спосаб павiнен прывесцi нас да канкрэтнай высновы. Давай разгледзiм паслядоўна ўсе магчымыя шляхi ўцёкаў. Зразумела, што ў той час, калi натоўп бег уверх па лесвiцы, забойцы былi ў спальнi, дзе знайшлi мадэмуазель Л'Эспанэ. Таму выхады мы шукаем толькi ў гэтых двух памяшканнях. Палiцэйскiя абшукалi ўдоўж i ўпоперак падлогу, столь, кожную цаглiну ў сценах. Нiводзiн патаемны выхад не мог аказацца па-за межамi iх пiльнай увагi. Але, не давяраючы iх вачам, я праверыў усё сам. Што ж, патаемных выхадаў там не было. Абое дзвярэй з пакояў у калiдор былi надзейна замкнёныя, ключы ўстаўлены знутры. Звернемся цяпер да дымаходаў. Хоць у нiжняй iх частцы шырыня звычайная, вышэй яны звужаюцца настолькi, што там не пралезе нават больш-менш укормлены кот. Упэўнiўшыся, што ўсе згаданыя шляхi для ўцёкаў - абсалютна немагчымыя, нам не застаецца нiчога iншага, як звярнуць сваю ўвагу на вокны. Калi б хто паспрабаваў вылезцi праз вокны, што ў пакоi ад вулiцы, гэта б адразу заўважылi людзi, што тоўпiлiся на вулiцы. Забойцы мусiлi ў такiм выпадку ўцякаць праз вокны, што выходзяць у двор. Што ж, прыйшоўшы да гэтай высновы шляхам такiх лагiчных разважанняў, нам, як прыхiльнiкам фiласофскага падыходу да вышукаў, не варта адмаўляцца ад яе на падставе таго, што здаецца на першы погляд немагчымым.

У спальнi двое акон. Адно з iх нiчым не застаўлена i вiдаць зверху данiзу. Другое ж унiзе закрыта прысунутай упрытык спiнкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачынена знутры. Усе намаганнi падняць яго аказалiся марнымi. Злева ў аконнай раме была знойдзена шырокая дзiрка з забiтым туды па самую галоўку вялiкiм цвiком. Калi агледзелi другое акно, дык знайшлi такi самы цвiк, якi быў гэтак жа забiты ў раму; энергiчныя спробы падняць гэта акно таксама аказалiся марнымi. Такiм чынам палiцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглi ўцячы гэтым шляхам, i менавiта таму палiчылi за лiшняе выцягваць цвiкi i адчыняць вокны.

Мае назiраннi былi ў пэўнай меры больш уважлiвыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, на самай справе зусiм не такое.

Я пачаў разважаць aposteriori*.

* У зваротным напрамку (лац.).

Забойцы, скажам, вылезлi праз адно з тых акон. Калi так, то яны не маглi зачынiць вокны знутры, iх жа знайшлi апушчанымi, - гэта акалiчнасць, бо яна была вiдавочная, спынiла пошукi палiцэйскiх. Усё ж такi рамы былi замкнёныя. У такiм разе яны павiнны былi зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовiцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасцi выцягнуў цвiк i паспрабаваў падняць раму. Як я i думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што iснуе патаемная спружына, i дзякуючы гэтай iдэi я ўпэўнiўся, што мае меркаваннi, урэшце, былi правiльныя, якiмi б таямнiчымi па-ранейшаму нi здавалiся акалiчнасцi, звязаныя з цвiкамi. У вынiку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я нацiснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькi гэтым, не спрабуючы падняць акно.

Я ўставiў цвiк назад i ўважлiва агледзеў яго. Чалавек, якi вылез праз акно, мог звонку апусцiць раму, i спружына спрацавала б, але як уставiць цвiк назад? Выснова была простая i зноў жа адпавядала ходу маiх даследаванняў. Забойцы павiнны былi ўцякаць праз другое акно. Калi меркаваць, што спружыны на кожнай раме былi аднолькавыя, а гэта было верагодна, тады павiнна быць рознiца памiж цвiкамi альбо памiж тым, як яны ўстаўлены ў рамы. Стаўшы на ложак, я зазiрнуў за яго спiнку, уважлiва агледзеў другую раму. Правёў па ёй рукой i адразу ж намацаў спружыну i нацiснуў на яе. Потым я агледзеў цвiк. Ён быў такi ж тоўсты, як i першы, i таксама ўваходзiў у раму амаль па самую галоўку.

Калi ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару iндуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнiчых, я нiводнага разу "не згубiў следу". Нюх усё ж мяне не падвёў. Ва ўсiм ланцугу разважанняў не знайшлося нiводнага разарванага звяна. Я прайшоўся па ўсiм ланцугу - i ў канцы знайшоў цвiк. Ён па ўсiх прыкметах быў падобны на свайго калегу ў суседнiм акне, але сам гэты факт быў абсалютна нязначны (хоць i здаваўся пераканаўчым) у параўнаннi з тым меркаваннем, што якраз тут i можна знайсцi ключ да разгадкi таямнiцы. "Тут, вiдаць, нешта не так з цвiком", падумаў я. Потым дакрануўся да яго, i ў маёй руцэ засталася галоўка цвiка разам з абломкам шпянька даўжынёй паўсантыметра. Астатняя частка цвiка засталася ў дзiрцы, дзе ён, вiдаць, i зламаўся. Злом - даўнi (бо на iм паспела з'явiцца ржа) i, вiдаць, быў вынiкам удару малатка, якi i заглыбiў уверсе рамы галоўку цвiка. Я асцярожна ўставiў назад выцягнутую частку цвiка, у вынiку пачало здавацца, што цвiк цэлы, нават без адзiнай расколiны. Нацiскаючы на спружыну, я прыпадняў раму, разам з ёю паднялася i галоўка цвiка, якая моцна трымалася ў дзiрцы. Я апусцiў акно, i цвiк зноў быў падобны на цэлы.

Такiм чынам, гэтая частка загадкi была разгадана. Забойца ўцёк праз акно, якое было застаўлена ложкам. Калi ён вылез, рама апусцiлася сама па сабе (альбо яе зачынiлi спецыяльна) i замкнулася спружынай, палiцэйскiя ж падумалi, што акно забiта цвiком i палiчылi далейшае расследаванне немэтазгодным.

Наступнае пытанне - як злачынца спусцiўся ўнiз. Тут мяне задаволiла наша прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезцi праз яго - немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканiцы на пятым паверсе былi асаблiвыя - парыжскiя цесляры называюць iх ferrades, - яны даўно выйшлi з моды, але iх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўнiх асабняках дзе-небудзь у Лiёне альбо ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя), з адной толькi рознiцай, што ў нiжняй частцы рашотка, i таму за яе зручна брацца рукамi. У доме мадам Л'Эспанэ шырыня аканiц - крыху больш за метр. Калi мы бачылi iх са двара, яны былi напалову адчыненыя - гэта значыць былi перпендыкулярна сцяне. Вiдавочна, палiцэйскiя, як i я, аглядалi дом са двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так i было), яны не ўсвядомiлi, наколькi тыя былi шырокiя цi, ва ўсякiм разе, не надалi гэтаму належнай увагi. Карацей кажучы, упэўнiўшыся, што злачынцы не маглi вылезцi праз акно, яны, вядома, абмежавалiся вельмi павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калi аканiцу акна, застаўленага ложкам, расчынiць да самай сцяны, дык адлегласць памiж ёю i громаадводам будзе крыху больш за паўметра. Было таксама вiдавочна, што дзякуючы выключнай смеласцi i спрыту можна было пералезцi з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканiца была адчынена насцеж, рабаўнiк, вiдаць, ухапiўся за рашотку. Адпусцiўшы потым громаадвод i ўпёршыся нагамi ў сцяну, ён мог адпiхнуцца i зачынiць аканiцу, а калi акно ў той час было адчынена, то i апынуцца ў пакоi.

Заўваж, што я гаварыў пра выключны спрыт, як абавязковую ўмову поспеху ў такiм рызыкоўным i цяжкiм учынку. Я маю намер даказаць, што, па-першае, здзейснiць такое было магчыма, а па-другое, - i гэта самае галоўнае, - хачу, каб ты ўявiў сабе, якую надзвычайную, амаль звышнатуральную спрытнасць трэба мець, каб зрабiць такi скачок.

Ты, вядома, скажаш, карыстаючыся юрыдычным лексiконам, што, каб "забяспечыць пераканаўчыя доказы, я павiнен хутчэй утойваць, чым прызнаваць у поўнай меры спрытнасць, неабходную ў дадзеным выпадку". Такая практыка, можа, прыдатная да юрыспрудэнцыi, але толькi не да аналiтычных разважанняў. Мая канчатковая мэта - iсцiна. Блiжэйшая задача - даць табе магчымасць супаставiць надзвычайную спрытнасць, пра якую я толькi што гаварыў, з вельмi своеасаблiвым пранiзлiвым (альбо рэзкiм) голасам i невыразнай гаворкай чалавека, аб нацыянальнасцi якога не знайшлося нават двух аднолькавых меркаванняў i якi гаварыў так, што нельга было разабраць нiводнага складу.

Пры гэтых словах у маёй галаве мiльганула нейкая яшчэ зусiм цьмяная здагадка наконт таго, пра што гаварыў Дзюпэн. Здавалася, вось-вось, i я ўсё зразумею. Так часам чалавеку здаецца, што ён зараз нешта ўспомнiць, але ўрэшце ўсе намаганнi застаюцца марнымi. Мiж тым мой прыяцель працягваў:

- Як бачыш, я раблю цяпер нацiск не на пытаннi аб тым, як забойца ўцёк з дому, а як ён там апынуўся. Мне хацелася, каб ты ўсвядомiў, што i тое i другое было здзейснена адным i тым жа шляхам i ў адным i тым жа месцы. А зараз вернемся ў пакой. Што мы там убачылi? Як паведамлялася ў газетах, шуфляды камоды былi перарыты, хоць многiя рэчы засталiся на сваiх месцах. Такое заключэнне з'яўляецца абсурдным. Яно не больш чым меркаванне, ды i то - не вельмi разумнае. Адкуль мы можам ведаць, што там было раней, можа, у шуфлядах i не было нiчога, акрамя знойдзеных рэчаў? Мадам Л'Эспанэ i яе дачка жылi вельмi адасоблена, нiкога не прымалi i рэдка выходзiлi на людзi - у iх не было патрэбы часта мяняць уборы. Убраннi, якiя знайшлi, ва ўсякiм разе, не самыя горшыя, што маглi мець гэтыя панi. Калi злодзей паквапiўся на адзенне, дык чаму ён не ўзяў самых лепшых рэчаў - чаму не захапiў з сабой усяго. Да таго ж, калi ён спакусiўся жаночай бялiзнай, чаму ён адмовiўся ад чатырох тысяч франкаў золатам? Бо золата ж засталося ў пакоi. Суму, згаданую месье Мiньё, банкiрам, амаль некранутай знайшлi ў мяшэчках, што ляжалi на падлозе. Таму я хачу, каб ты выкiнуў з галавы памылковае меркаванне аб матывах забойства, якiя ўзнiклi ў палiцэйскiх галовах на падставе той часткi сведчанняў, у якой iшла размова пра дастаўленыя на дом грошы. Супадзеннi, у дзесяць разоў больш здзiўляючыя, чым дастаўка грошай, а потым забойства праз тры днi пасля атрымання iх клiентам, здараюцца кожную гадзiну на працягу ўсяго нашага жыцця, мы iх нават не заўважаем. Супадзеннi - гэта наогул вялiкая перашкода на шляху тых фiлосафаў, адукацыя якiх не прадугледжвала знаёмства з тэорыяй верагоднасцi - той самай тэорыi, якой найбольш слаўныя аб'екты чалавечых даследаванняў абавязаны сваёй не менш слаўнам iлюстрацыяй. Вядома, калi б у дадзеным выпадку золата знiкла, да таго факта, што яго прынеслi за тры днi да забойства, ставiлiся б як да чагосьцi больш значнага, чым простае супадзенне. Гэты факт пацвердзiў бы менавiта такую версiю матыву забойства. Але калi з улiкам рэальных акалiчнасцей справы мы будзем лiчыць золата матывам гэтага гвалтоўнага злачынства, то павiнны пагадзiцца з тым, што злачынца быў настолькi нерашучы i настолькi дурны, што забыўся i пра золата, i пра тое, дзеля чаго ён усё гэта зрабiў.

Цвёрда памятаючы пра тыя акалiчнасцi, на якiя я звярнуў тваю ўвагу: своеасаблiвы голас, надзвычайную спрытнасць i незразумелую адсутнасць матыву ў такiм неверагодна жорсткiм забойстве, - зноў звернемся да жудаснай карцiны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылi голымi рукамi i запхнулi ў дымаход унiз галавой. Звычайныя злачынцы так не забiваюць. I ва ўсякiм разе не хаваюць трупаў забiтых. Пагадзiся, у тым, што труп зацiснулi ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае - гэта нiякiм чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкi, калi нават i ўявiць, што дзейнiчалi канчаткова дэградыраваныя тыпы. Уявi сабе, якую трэба мець сiлу, каб запхнуць труп у дымаход - знiзу ўверх, што некалькi мужчын агульнымi намаганнямi ледзь выцягнулi яго адтуль - зверху ўнiз.

Звярнi ўвагу i на iншыя праявы гэтай неверагоднай сiлы. На камiне знайшлi тоўстыя пасмы - вельмi тоўстыя - сiвых чалавечых валасоў. Iх павыдзiралi з каранямi. Ты ўяўляеш, колькi трэба сiлы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў! Ты ж, як i я, бачыў тыя пасмы. На каранях жудаснае вiдовiшча! - запяклiся кавалкi скуры, паздзiранай з галавы - доказ той неймавернай сiлы, з якой адным махам вырвалi з каранямi, вiдаць, паўмiльёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалi - адсеклi галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярнi таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не гавару ўжо пра сiнякi на целе мадам Л'Эспанэ. Месье Дзюма i яго шаноўны калега месье Эцьен лiчаць iх вынiкам удараў нейкай тупой зброяй, i трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй, цяпер гэта ўжо вiдавочна, быў брук, на якiм аказалася мадам Л'Эспанэ, калi вывалiлася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэта iдэя, якая, хоць i здаецца цяпер вельмi простай, не прыйшла ў галаву палiцэйскiм, яны не звярнулi ўвагi на шырыню аканiц - i гэта таму, што праз тыя самыя цвiкi канчаткова атрафiравалiся ўсе iх здольнасцi думаць i такiм чынам пагадзiцца з магчымасцю таго, што вокны ўсё ж маглi адчыняцца.

Калi цяпер яшчэ i ўважлiва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальнi, застаецца толькi супаставiць неймаверны спрыт, нечалавечую сiлу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неверагодную жахлiвасць зусiм не ўласцiвых чалавеку паводзiн i незразумеласць iнтанацыi голасу людзям самых розных нацыянальнасцей, якiя не змаглi разабраць не тое што нiводнага слова, але нават складу. Што ж вынiкае з усяго гэтага? Якi вобраз я стварыў у тваiм уяўленнi?

У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлi мурашкi.

- Вар'ят, - усклiкнуў я, - гэта справа рук шаленца, якi, вiдаць, уцёк з блiжэйшага вар'яцкага дома.

- У нейкай ступенi, - заўважыў Дзюпэн, - твая версiя не такая ўжо i недарэчная. Але выкрыкi вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя на гукi таго голасу, што чулi людзi, калi беглi ўверх па лесвiцы. У вар'ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзцi нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязi, але захоўваючы тым не менш сувязь памiж складамi. Апрача таго, валасы чалавека, хоць i вар'ята, непадобныя на тыя, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л'Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?

- Дзюпэн! - усклiкнуў я канчаткова разгублены. - Валасы гэтыя вельмi незвычайныя - яны не чалавечыя!

- А я i не сцвярджаю, што яны чалавечыя, - сказаў Дзюпэн, - але перш чым прыйсцi да нейкай высновы, хачу, каб ты зiрнуў вось на гэты рысунак, якi я намаляваў на паперы. Гэта дакладная iлюстрацыя той часткi сведчання, дзе iшла гаворка пра "чорныя сiнякi i глыбокiя сляды ад пазногцяў" на шыi мадэмуазель Л'Эспанэ, а таксама i другога сведчання, якое атрымалi ад паноў Дзюма i Эцьена, дзе iшла размова пра "шэраг сiнiх плям, што вiдавочна былi слядамi пальцаў".

- Пагадзiся, - працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, - што, мяркуючы па рысунку, хватка моцная i ўчэпiстая. У ахвяру ўпiлiся ўсiмi пальцамi i не адпускалi шыю, пакуль нябожчыца не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласцi пальцы на ўсе адпаведныя адбiткi. Паглядзiм, як табе гэта ўдасца.

Я паспрабаваў зрабiць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нiчога не атрымалася.

- Можа, мы робiм гэта не так, як трэба, - сказаў Дзюпэн. - Папера ляжыць на роўнай паверхнi, чалавечая ж шыя - круглая. Вось палена, прыкладна такога ж радыуса, што i шыя. Абгарнi яго паперай з рысункам i паспрабуй правесцi эксперымент яшчэ раз.

Я ўсё зрабiў, як ён сказаў, але зрабiць гэта было яшчэ больш цяжка, чым раней.

- Гэта, - сказаў я нарэшце, - адбiтак не чалавечай рукi.

- А зараз, - прапанаваў Дзюпэн, - прачытай вось гэты ўрывак з Кюўе*.

* Жорж Кюўе - французскi натуралiст дзевятнаццатага стагоддзя, якi займаўся класiфiкацыяй жывёльнага свету.

Гэта былi падрабязныя анатамiчнае i агульнае апiсаннi бурага арангутанга, якi водзiцца на Ост-Iндскiх астравах. Велiзарная жывёла, яе неймаверныя моц i спрыт, неўтаймавальная злосць i надзвычайныя здольнасцi да пераймання агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.

- Апiсанне пальцаў, - сказаў я, закончыўшы чытанне, - дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што нiякая другая жывёла, акрамя арангутанга, не магла пакiнуць такiх адбiткаў, якiя ты тут намаляваў. Жмуток рудой поўсцi таксама адпавядае апiсанню, дадзенаму Кюўе. Але я нiяк не магу зразумець акалiчнасцей гэтай жахлiвай таямнiцы. Да таго ж людзi чулi, як сварылiся два чалавекi, i адзiн голас бясспрэчна належаў французу.

- Сапраўды так; i табе запомнiўся выраз, якi ледзь не ўсе прыпiсваюць гэтаму голасу, - "Mon Dieu!". Гэтыя словы, улiчваючы абставiны, як справядлiва ахарактарызаваў адзiн сведка (Мантанi, уладальнiк крамы), выказвалi пратэст i папрок. Таму менавiта з дапамогай гэтых двух слоў я i спадзяваўся знайсцi разгадку да таямнiцы. Нейкi француз быў сведкам забойства. Магчыма, i нават больш чым верагодна, ён не вiнаваты ў крывавым забойстве. Арангутанг мог ад яго ўцячы. Француз жа, вiдаць, адшукаў яго ў тым самым пакоi, але ў сумятнi, што там узнiкла, не здолеў яго злавiць. Малпа па-ранейшаму на волi. Я не хацеў бы падрабязна гаварыць аб сваiх здагадках, бо пакуль не маю права называць iх iнакш, таму што хiсткiя меркаваннi, на якiх яны заснаваны, далёка не такiя глыбокiя, каб я мог канчаткова ўпэўнiцца ў iх грунтоўнасцi, а таксама таму, што не магу сцвярджаць, што яны будуць пераканаўчымi для iншых. Таму будзем па-ранейшаму называць iх здагадкамi i ставiцца да iх адпаведна. Калi той самы француз, як я спадзяюся, на самай справе не вiнаваты ў жорсткiм забойстве, дык вось гэта аб'ява, што я занёс учора вечарам па дарозе дадому ў рэдакцыю газеты "Монд", папулярнай сярод маракоў, прывядзе яго да нас.

Дзюпэн даў мне газету, i я прачытаў наступнае:

"Злоўлены - у Булонскiм лесе, на досвiтку - адпаведнага дня (якраз тады, калi адбылося забойства) вельмi вялiкiх памераў буры арангутанг, з тых, што водзяцца на востраве Барнеа, будзе вернуты ўладальнiку (згодна са звесткамi матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасцi яму жывёлы i кампенсацыi выдаткаў, звязаных з яе лоўляй i ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе: дом No... па вулiцы... у Сен-Жэрменскiм прадмесцi, спытаць на трэцiм паверсе".

- Як гэта, - спытаў я, - ты даведаўся, што гэты чалавек - матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?

- Я гэтага не ведаю, - адказаў Дзюпэн. - I не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкi, якiм, калi меркаваць па знешнiм выглядзе i зашмальцаванасцi, вiдавочна завязвалi валасы, queues*, якiя так падабаюцца матросам.

* Хвасты (франц.).

Болей таго, такi вось вузел мала хто можа завязаць, акрамя матросаў, а дакладней, мальтыйскiх матросаў. Я падабраў стужку пад громаадводам. Яна не магла належаць забiтым жанчынам. Калi ж усё-такi я i памыляюся ў сваiх высновах i наконт стужкi, i наконт таго, што француз - матрос з мальтыйскага судна, вялiкай бяды з таго, што я напiсаў у аб'яве, - няма. Калi гэта памылка, ён проста падумае, што мяне ўвяла ў зман якая-небудзь акалiчнасць, пра якую i дазнавацца не будзе. Калi ж я маю рацыю, такiм чынам будзе вырашана важная справа. Як сведка, хоць i не вiноўны ў забойстве, француз, натуральна, будзе вагацца, перш чым адгукнуцца на аб'яву наконт арангутанга. Разважаць ён будзе так: "Я невiноўны; да таго ж чалавек я бедны, арангутанг наогул каштуе шмат, а для такога, як я - ён сапраўднае багацце - навошта ж мне губляць яго толькi таму, што баюся невядома чаго? Ён тут, побач - толькi руку працягнi. Знайшлi арангутанга ў Булонскiм лесе - гэта значыць вельмi далёка ад месца таго жорсткага забойства. Хто здагадаецца, што гэта зрабiла малпа? Палiцыя - у тупiку, не здолела знайсцi нават самага нязначнага ключа да разгадкi. Калi яны i выйшлi на след малпы, iм не ўдасца даказаць, што я быў сведкам забойства або прышыць мне адказнасць за тое, што здарылася толькi таму, што я ведаў пра здарэнне. Галоўнае ж тое, што пра мяне ведаюць. Той, хто даў аб'яву, вызначыў мяне як уладальнiка жывёлы. Не ведаю, наколькi падрабязныя яго звесткi пра мяне. Калi ж я не прызнаюся, што з'яўляюся ўладальнiкам такой каштоўнай маёмасцi, а гэта ўжо вядома, па меншай меры, жывёла акажацца пад падазрэннем. Такiм чынам, не варта залiшне звяртаць увагу на сябе цi на малпу. Лепш я з'яўлюся па аб'яве, забяру арангутанга i схаваю яго, пакуль уся гэта справа не атрымала агалоскi".

У той самы момант мы пачулi, як нехта затупаў па лесвiцы.

- Трымай пiсталеты напагатове, - звярнуўся да мяне Дзюпэн, - але не паказвай iх i не страляй без маёй каманды.

Уваходныя дзверы былi незачыненыя, наведвальнiк зайшоў не пазванiўшы i пачаў уздымацца па прыступках. Але, вiдаць, завагаўся. Мы пачулi, як ён пайшоў унiз. Дзюпэн кiнуўся да дзвярэй, але тут мы пачулi, што прышэлец вяртаецца. Больш ён не рабiў спробы павярнуць назад, рашуча пайшоў уверх па лесвiцы i хутка пастукаў у дзверы пакоя.

- Уваходзьце! - бадзёра i добразычлiва адгукнуўся Дзюпэн.

У пакой зайшоў мужчына. Гэта быў, вiдавочна, матрос - высокi дужы атлет. На выгляд, той яшчэ вiсус, але нельга сказаць, каб ён быў зусiм несiмпатычны. Моцна загарэлы твар быў напалову схаваны пад бакамi i mustachio*.

* Вусы (iтал.).

У руках матрос трымаў тоўстую дубовую палку, вiдаць, адзiную сваю зброю. Ён няўклюдна пакланiўся i пажадаў нам "добрага вечара" на добрай французскай мове, праўда, з лёгкiм неўшатэльскiм акцэнтам, але ўсё ж было зразумела, што ён карэнны парыжанiн.

- Сядайце, прыяцель, - сказаў Дзюпэн. - Вiдаць, вы прыйшлi наконт арангутанга. Па праўдзе кажучы, я амаль што зайздрошчу вам, выдатны экземпляр i, безумоўна, вельмi каштоўны. Колькi яму год, як вы лiчыце?

Матрос уздыхнуў з палёгкай чалавека, з плеч якога звалiўся важкi камень, i загаварыў упэўненым тонам.

- Не ведаю, што вам сказаць - гады чатыры альбо пяць, не больш. Ён тут, у вас?

- Ну, што вы, не - у нас няма ўмоў для ягонага ўтрымання. Ён на платнай стайнi, што па вулiцы Дзюбур, зусiм побач. Можаце забраць ранiцай. Вядома, вам не цяжка будзе даказаць свае правы.

- Вядома, не, сэр.

- Шкада будзе развiтвацца з iм, - сказаў Дзюпэн.

- Не думайце, што ўсе вашы клопаты не будуць аддзячаны, сэр, - сказаў матрос. - Нават не мог разлiчваць на гэта. Ахвотна заплачу ўзнагароду за тое, што вы знайшлi жывёлiну - вядома, згодна з маiмi магчымасцямi.

- Што ж, - адказаў мой прыяцель, - вельмi прыстойна з вашага боку. Дайце падумаць, што ж я магу ў вас папрасiць? Ага! Слухайце. Узнагарода будзе вось якая. Вы паведамiце мне ўсю тую iнфармацыю, якой вы валодаеце, пра забойства, што адбылося на вулiцы Морг.

Дзюпэн сказаў апошнiя словы вельмi цiха i спакойна. Гэтак жа спакойна ён падышоў да дзвярэй, замкнуў iх i паклаў ключ у кiшэню. Потым дастаў пiсталет, якi трымаў за пазухай, i паклаў без усялякага шуму на стол.

Твар матроса зрабiўся барвовы, нiбыта яго нехта душыў за горла. Ён ускочыў i схапiўся за палку, але адразу ж асеў на крэсла, потым увесь закалацiўся i зрабiўся белы як смерць, не здольны вымавiць нiводнага слова. Мне было шчыра шкада яго.

- Паслухайце, прыяцель, - спагадлiва звярнуўся да яго Дзюпэн, - паверце слову дваранiна i француза - мы не збiраемся зрабiць вам нешта дрэннае. Мне добра вядома, што вы не вiнаватыя ў тых крывавых забойствах, што адбылiся на вулiцы Морг. Аднак, разам з тым, нельга сцвярджаць, што вы не маеце да iх нiякага дачынення. З таго, што я ўжо сказаў, вы, вiдаць, здагадалiся, што я валодаю крынiцай iнфармацыi наконт гэтай справы - пра iснаванне якой вы нават не здагадвалiся. Абставiны складваюцца наступным чынам. Вы не зрабiлi нiчога такога, за што вас маглi б прыцягнуць да адказнасцi. Вас нельга абвiнавацiць у рабаўнiцтве, хоць вы маглi беспакарана завалодаць чужымi рэчамi. Вам няма чаго хаваць, i няма падстаў для ўтойвання чагосьцi. З другога боку, згодна прынцыпам гонару, вы павiнны засведчыць усё, што вам вядома. За кратамi аказаўся бязвiнны чалавек, якога вiнавацяць у забойстве, а вы можаце вызначыць сапраўднага злачынцу.

Словы Дзюпэна падзейнiчалi - матрос у значнай ступенi ачуняў, але ад яго былой самаўпэўненасцi нiчога не засталося.

- Ну, што ж, застаецца спадзявацца на божую лiтасць, - адказаў матрос, крыху памаўчаўшы. - Няхай будзе так, я раскажу вам усё, што ведаю пра гэту справу. Трэба быць дурнем, каб спадзявацца, што вы хоць напалову паверыце маiм словам. I ўсё ж я не вiнаваты, i хай мяне пакараюць смерцю, але я вам раскажу ўсё як на споведзi.

Паведамiў ён, па сутнасцi, наступнае. Нядаўна ён плаваў на астравы Iндыйскага архiпелага. Кампанiя матросаў, у якой быў i ён, выйшла на бераг у Барнеа i накiравалася на прагулку. Яны з таварышам злавiлi арангутанга. Кампаньён хутка памёр, i матрос застаўся адзiным уладальнiкам жывёлiны. Перажыўшы шмат турбот праз неўтаймавальны нораў малпы ў час вяртання на радзiму, ён нарэшце здолеў прывесцi яе ў свой парыжскi дом, дзе i трымаў як мага далей ад цiкаўных вачэй суседзяў, чакаючы, пакуль у арангутанга зажыве пашкоджаная на караблi нага. Матрос разлiчваў яго выгадна прадаць.

Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкi, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую ранiцу, калi адбылося забойства, матрос убачыў у спальнi арангутанга, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкi, дзе яго звычайна трымалi за, здавалася, надзейна замкнёнымi дзвярамi, трымаючы ў руцэ брытву i намылiўшыся па ўсiх правiлах, малпа сядзела перад люстэркам i збiралася галiцца, пераймаючы дзеяннi гаспадара, за якiмi, несумненна, назiрала праз замочную адтулiну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёлiны, якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, i на некалькi хвiлiн разгубiўся. Аднак яму неаднойчы даводзiлася ўтаймоўваць арангутанга нават у момант яго неймавернай раз'юшанасцi пры дапамозе бiзуна, таму i цяпер ён збiраўся зрабiць тое ж самае. Убачыўшы бiзун, арангутанг кiнуўся да дзвярэй, паiмчаў унiз па лесвiцы i адтуль праз акно, якое, на жаль, было адчынена, скочыў на вулiцу.

Француз у адчаi пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азiралася, крывiла морду ў бок гаспадара i, падпусцiўшы яго зусiм блiзка, зноў кiдалася наўцёкi. Вось такiм чынам яны адбеглi далёка ад дома. Было тры гадзiны ночы, i на вулiцах панавала мёртвая цiшыня. Прабягаючы па завулку каля вулiцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, мiгцеўшае праз адчыненае акно спальнi мадам Л'Эспанэ на пятым паверсе яе дома. Кiнуўшыся ў бок будынка, арангутанг заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапiўся за аканiцу, якая была адчынена насцеж, i з яе дапамогай скочыў на спiнку ложка. На ўсё гэта спатрэбiлася менш хвiлiны. Апынуўшыся ў пакоi, арангутанг штуршком зноў расчынiў аканiцу.

Матрос не ведаў, радавацца альбо бедаваць. Ён вельмi спадзяваўся злавiць уцекача, бо наўрад цi той мог выбрацца з пасткi, у якую трапiў, мiнаючы громаадвод, а тут матрос якраз i меркаваў яго падлавiць. Але, з другога боку, яго непакоiла тое, што малпа магла нарабiць у доме. Менавiта гэта прымусiла матроса рушыць услед за жывёлiнай. Узлезцi ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўнi акна, што было злева, ён вымушаны быў спынiцца. Адзiнае, што ён мог зрабiць, дык гэта, учапiўшыся за аканiцу, зазiрнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не звалiўся ўнiз. Якраз тады i пачулiся тыя жудасныя крыкi, што абудзiлi жыхароў вулiцы Морг. Мадам Л'Эспанэ i яе дачка, пераапранутыя ў начныя кашулi, вiдаць, разбiралi паперы ў жалезным куфэрку, выцягнутым на сярэдзiну пакоя. Ён быў адчынены, i паперы ляжалi побач на падлозе. Нябожчыцы, пэўна, сядзелi спiнай да акна, i, мяркуючы па тым, што памiж з'яўленнем арангутанга i iх крыкамi прайшоў некаторы час, яны заўважылi яго не адразу, вырашыўшы, што аканiца грукнула ад ветру.

Калi матрос зазiрнуў у акно, велiзарная жывёлiна трымала мадам Л'Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала iх на ноч) i, iмiтуючы цырульнiка, круцiла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страцiла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны i ў вынiку яе супрацiўлення менавiта тады i былi выдраны з галавы валасы - мiрныя, вiдаць, спачатку намеры арангутанга саступiлi месца раз'юшанасцi. Адным рашучым рухам мускулiстай рукi ён ледзь зусiм не адрэзаў галаву старой.

Калi жывёлiна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'юшанасць. Зубы арангутанга заскрыгаталi, вочы запалалi агнём. Ён кiнуўся на непрытомную дзяўчыну, учапiўся сваiмi страшэннымi кiпцюрамi за горла i не расцiснуў iх, пакуль тая не сканала. Азiрнуўшыся ў раз'юшанасцi на спiнку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёлiны, якая, вiдаць, не паспела забыцца пра грозны бiзун, iмгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутанг, вiдаць, вырашыў схаваць сляды сваiх крывавых дзеянняў i, ахоплены панiкай, замiтусiўся па пакоi, раскiдваючы i ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапiў труп дачкi i запiхнуў у комiн, дзе яго пасля i знайшлi; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкiнуў праз акно.

Калi арангутанг з сваёй знявечанай ахвярай з'явiўся ў акне, матрос прыцiснуўся да громаадвода i, хутчэй з'ехаўшы, чым злезшы ўнiз, кiнуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынiкi крывавага забойства i ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутангам. Поўныя жаху воклiчы француза i раз'юшаныя крыкi малпы i былi якраз тыя галасы, што пачулi людзi, калi беглi ўверх па лесвiцы.

Вось, бадай, i ўсё. Арангутанг, вiдаць, знiк са спальнi старой, спусцiўшыся ўнiз па громаадводзе якраз перад тым, як узламалi дзверы. Ён жа, вiдаць, i апусцiў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавiў сам яе ўладальнiк i прадаў за вялiкiя грошы Jarden des Plantes*.

* Батанiчны сад (франц.).

Лё Бона адразу ж выпусцiлi на волю, пасля таго як мы пайшлi да прэфекта i ўсё расказалi (з каментарамi Дзюпэна). Гэты функцыянер добразычлiва ставiўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасцi ад такога павароту спраў i нават не ўтрымаўся, каб не зрабiць адной цi дзвюх саркастычных заўваг наконт таго, што кожны павiнен займацца сваёй справай.

- Няхай пабурчыць, - сказаў потым Дзюпэн, не палiчыўшы патрэбным заўважыць што-небудзь у адказ. - Няхай пафiласофствуе i супакоiць тым самым сумленне. Я рады, што перамог у яго ж замку. Тым не менш яму не варта здзiўляцца наконт уласнай няздольнасцi знайсцi разгадку таямнiцы, бо, па праўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хiтры для таго, каб быць здатным зазiраць у глыбiню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасцi. Адна галава без тулава, як у выявах багiнi Лаверны, цi, у лепшым выпадку, - галава ды плечы, як у траскi. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асаблiва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялiкага разумнiка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui, et d'expliquer ce qui n'est pas*.

* Адмаўляць тое, што ёсць, i тлумачыць тое, чаго не iснуе (франц.). Выказванне з рамана Ж.Ж.Русо "Юлiя, цi Новая Элаiза".

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны