/ Language: Русский / Genre:prose,

Уяўны Мастак На Белорусском Языке

Элен Пармелен


Пармелен Элен

Уяўны мастак (на белорусском языке)

Элен Пармелен

Уяўны мастак

Пераклад: А.Мароз

Iх сямёра. Не лiчачы двух камерсантаў, адзiн з якiх гандлюе тканiнамi, а другi - вядомы ў Парыжы антыквар. Гучныя iмёны людзей, што сабралiся тут, выбухнулi б магутным скандалам, якi нарабiў бы нямала шкоды, калi б справа стала шырокавядомай.

Агульным у iх было тое, што яны рабiлi грошы, умелi iх рабiць. Бiзнес на жывапiсе быў iхнiм хобi. Мэтай iх хаўрусу было стаць незалежнымi ад цягу часу, несправядлiвасцi выпадку, усемагутнасцi рэкламы. Замянiць усё гэта, самiм стварыўшы мастака, якi б высока цанiўся i масу карцiн якога яны ўжо скупiлi за бясцэнак. Зразумела, гэты мастак павiнен быць чагосьцi варты, каб яго мазня магла часам выклiкаць ухвалу некаторых знаўцаў сучаснага мастацтва.

Сем калекцыянераў-банкiраў вагалiся памiж двума мастакамi, па дзесяць дванаццаць карцiн якiх яны купiлi за бясцэнак.

- Я цалкам аддаю перавагу Дуаену, - сказаў адзiн, - перш за ўсё таму, што ў яго вельмi французскае прозвiшча! А гэта немалаважна. I яшчэ таму, што ў iм ёсць нешта вельмi спецыфiчнае i на гэтым можна згуляць. Мажары робiць збольшага тое, што ўсе. Чаму ў такiм разе ён, а не хто-небудзь iншы? А Дуаен працуе нестандартна, узяць хоць бы яго манеру размалёўваць краi карцiн.

- Да таго ж, - сказаў самы малодшы, - усе вы маеце Дуаена куды больш, чым Мажары, я, дарэчы, таксама.

- Я таксама за Дуаена, - сказаў самы старэйшы з калекцыянераў. - Паверце мне, у яго ў гэтай гульнi ёсць такiя козыры, якiх у Мажары няма. З Мажары трэба пачынаць зусiм з нуля, трэба ўсё зрабiць. Сёння гэта нам не па зубах. Няхай даспявае. Вакол яго пачынае збiрацца невялiкi гурт маладых крытыкаў. Гэта добра. Але ён яшчэ надта зялёны. Дуаен мае ўплывовых сяброў.

- У тым лiку сур'ёзных пiсьменнiкаў. I не абы-якiх. Яго дружба з Жужам i Партэнам, яго "сяброўскi дзень" раз на тыдзень - усё гэта вельмi добра. Мажары куды менш прыкметная фiгура. На карысць Дуаена i тое, што ён мае падтрымку афiцыйнай асобы. Вы ведаеце, яны ваявалi разам з Правiданам i цяпер запанiбрата.

- Усе згодныя?

Яны адразу ўзялiся за працу, i праз дзве гадзiны справе Дуаена быў дадзены ход.

Тым часам Дуаен рыхтаваў свой штотыднёвы вечар. Гэтым разам збiралiся з нагоды мяса па-гiшпанску, гэта значыць не надта тлустага, з цёртым сырам. Як казаў Дуаен, для тых, у каго слабая пячонка, гэта, напэўна, немiнучая пагiбель. Тым горш iм, будуць есцi моркву.

Эла накрывала на стол. Жуж не прыйдзе, ён ненавiдзiць людзей. Партэн таксама, ён не выносiць Муаўра. Муаўр прэтэндуе на тое, што яго продкам быў славуты Абраам дэ Муаўр, аўтар неверагоднай формулы для ўяўных лiкаў. I, несумненна, з гэтай прычыны публiкуе лiчбавыя паэмы, як ён iх называе. Гэта ёлуп. Але яго выдаюць. Ён рыхтуе прадмову да выстаўкi Дуаена, якая мае адбыцца ў адной галерэi з досыць строгiмi правiламi. Яе гаспадар перакананы, што яна з'яўляецца чымсьцi накшталт Амбруаз Валяр для мастацкай элiты. Бо цяпер няма мастакоў генiяльных, ёсць толькi элiтарныя. Нюанс. Таму, са згоды Дуаена, ён заказаў прадмову Муаўру, паэту невядомаму, якога цанiла вельмi невялiкая элiта. У Муаўра ёсць яшчэ два месяцы, каб яе напiсаць. Ён гаворыць, што працуе дзень i ноч.

Усе яны жывуць у асаблiвым свеце сучаснага мастацтва, у тым лiку i Эла, якая навучылася па-свойму глядзець на палотны i знаходзiць за тым, што намалявана, розныя рэчы, якiх яна раней не бачыла.

Усе шчырыя, да вар'яцтва, да хлуснi. Жуж слепа верыць, што Дуаен нiчым не саступае Мiкеланджэла, але выяўляе сваю велiч сучаснымi сродкамi. Партэн гатовы даць адсекчы сабе галаву, каб давесцi, што Дуаен - гэта дзеяч Адраджэння 1960-х. А ўсё тое, што пiша пра Дуена Муаўр, так старанна ўзважваецца i ў iнтэлектуальным, i ў прафесiйным плане, словы падбiраюцца так бездакорна, што зразумець гэта цяжка.

Як цяжка зразумець i жывапiс Дуаена. Эла кажа, што калi думкi-палотны Дуаена стануць даступнымi кожнаму, яны ўсе ўжо будуць у iншым свеце. На сённяшнi дзень гэта самыя элiтарныя творы з усiх, якiя ведала мастацтва. "Таму, - кажа яна, - найбольш палкiмi паклоннiкамi Дуаена, акрамя некалькiх дасведчаных калекцыянераў, якiя даюць яму магчымасць iснаваць, з'яўляюцца Жуж i Партэн, самi пiсьменнiкi, вельмi цяжкiя для недасведчаных, i Муаўр, вельмi перадавы паэт, не лiчачы афiцыйнай асобы, Правiдана, якi ў свой час выкладаў фiласофiю".

У некаторых колах мастакоў так званага авангарду з Дуаена кпяць. Яго лiчаць у жывапiсе больш кухарам, чым мастаком. Гэта таксама адна з прычын замкнёнага жыцця Дуаена, бо ён, як кожны мастак, пакутаваў ад гэтага.

Сам ён верыў у сябе, але з пэўнай доляй сумнення, неабходнага чалавеку творчаму. Ён верыў у мастацтва, прасякнутае iнтэлектам, якому ён служыць, як старанны рамеснiк, багаты сваiм надзейным рамяством. Ён апора тых iдэй, якiя яго сябры выцягваюць, бы нiтку з клубка, потым з яго палотнаў. Яны не зусiм супадаюць з ягонымi, вельмi неакрэсленымi, якiя губляюцца ў колеры i сюжэце. Iдэi яго сяброў куды багацейшыя i абцяжараныя словамi. Часам яны выклiкаюць здзiўленне. Але гэтыя дапоўненыя iдэi i выразы ўвасаблялiся ў наступнай карцiне i гэтак далей.

Кажуць, што ўсе яго палотны падобныя адно да аднаго, але ў iх безлiч варыяцый. Так цi iнакш, працуе ён марудна, робiць мала. За выключэннем высокапастаўленага Правiдана i яго сяброў, якiм ён падарыў некалькi карцiн, i яшчэ шасцi-сямi калекцыянераў, кожны з якiх набыў за апошнiя тры гады па некалькi яго твораў, Дуаена ведаюць толькi сярод мастакоў. У яго няма нi свайго прадаўца карцiн, нi галерэi, нi кантракта. Ён зрэдку выстаўляе свае карцiны ў таго гандляра карцiнамi, з якiм у яго ёсць дамоўленасць на выстаўку. Дзякуючы ўплывоваму Правiдану некалькi яго карцiн купiлi замежныя музеi.

Такiм чынам, у Дуаена ёсць сваё вузкае асяроддзе, якога цяпер няма нi ў аднаго мастака. Пра гэта нiколi не гавораць, як не гавораць пра старажытнаегiпецкiх багоў у Ватыкане. Усiм займаецца Эла. Яна - аб'ект асаблiвага захаплення, яе акружаюць павагай, ёй прыносяць невялiчкiя кактусы ў вазоннiцах, якiя яна збiрае. "Што б ён рабiў без яе?" - гавораць усе. Гэта цудоўная жанчына. Жуж, Партэн i Муаўр лiчаць, што ў яе ўзвышаная душа, адкрытая для тых абсягаў жывапiсу, праз якiя iдзе Дуаен. Яны яе вельмi шануюць. Яе бясконцая самаахвярнасць дапамагае захоўваць той клiмат, у якiм могуць нарадзiцца творы Дуаена.

Гэта маленькая кругленькая жанчына, якая нiколi не задае сабе пытанняў.

Дуаен трэ мускатныя арэхi ў сваю страву, якая кiпiць ужо дзве гадзiны. Мускатны арэх кладуць за гадзiну да канца варкi. Ён не вельмi задаволены зробленым за дзень. Раптам ён успомнiў пра крытыка, якi напiсаў, што яго карцiны нагадваюць цёрты мускатны арэх, i злёгку прыкусiў губу. Ён не абыякавы да крытыкi. Ён не адзiнокi, яго цесна акружаюць сябры, але часам яму здаецца, што iх вельмi мала.

Ён працуе з верай i мала-памалу пачынае думаць пра сябе так, як думаюць пра яго сябры. Раней ён адчуваў сябе толькi мастаком. Цяпер ён адчувае сябе ў пэўнай меры выканаўцам нейкай мiсii.

У той самы момант, калi ў майстэрнi Дуаена гатуецца славутая страва, ад якой Муаўр можа трапiць на той свет i якая застанецца вядомай самымi вялiкiмi косткамi з мозкам, якiя толькi бачылi, пачынаецца аперацыя Дуаен.

Вядомы ў Парыжы калекцыянер вядзе дзелавую размову з сярэднiм уладальнiкам сярэдняй галерэi. Пад час размовы ён яму кажа:

- Дарэчы, у мяне ёсць карцiна Дуаена, якой я хацеў бы пазбыцца. Гэта вас не зацiкавiць?

- Не, анi, - адказвае гандляр. - Гэта нiчога не варта. Што я буду з ёй рабiць? Ёсць, канечне, некалькi аматараў, але на рынку гэта нуль.

- Што ж, тым горш.

- Пры нагодзе прывязiце яе да мяне. Я паспрабую яе прадаць, толькi каб зрабiць вам паслугу. Але што вы за яе атрымаеце?.. На аўкцыёне за яе шмат не дадуць.

- Добра, пабачым.

У гэты самы час яшчэ да дзесяцi гандляроў звяртаюцца з падобнымi прапановамi па тэлефоне або пад час вiзiту. Людзi хочуць прадаць Дуаена. Iх запэўнiваюць, што прадаць гэта практычна немагчыма. Ва ўсякiм разе, на рынку гэта нуль.

Другая фаза. На наступны дзень тым самым гандлярам звоняць i задаюць адно i тое пытанне:

- Цi няма ў вас часам карцiны або карцiн Дуаена?

- Не, цяпер няма, але калi вас гэта сапраўды цiкавiць, то я магу дастаць, мне якраз прапанавалi...

- Я згодны заплацiць за карцiну да дзесяцi тысяч франкаў, самае большае пятнаццаць, - кажа калекцыянер.

Гандляру карцiць сказаць: "Вы здурэлi, яе можна купiць куды танней". Але ён кажа:

- Добра, я вам пазваню.

Дзесяць разоў паўтараецца такая самая цi амаль такая сцэна.

Дзесяць гандляроў звоняць калекцыянерам, што прыходзiлi напярэдаднi, i кажуць:

- У мяне ёсць пакупнiк на вашага Дуаена, вязiце яго як мага хутчэй.

- Добра, але я тут пацiкавiўся. Ён каштуе значна болей. Вы дазнайцеся. Я прывязу вам яго на наступным тыднi.

Дробныя гандляры адразу пачынаюць званiць адзiн аднаму. Праз два днi, нiхто не ведае чаму, але пра Дуаена пачынаюць шмат гаварыць у галерэях.

На сёмы дзень да аднаго з гандляроў прыходзiць калекцыянер i за вялiкiя грошы купляе тое, што яго супольнiк прынёс ранiцай. Ён кажа збянтэжанаму гандляру:

- Пастарайцеся дастаць мне за такую цану яшчэ.

Тое самае робiцца i ў iншых галерэях. Махляры няшмат на гэтым трацяць.

Праз восем дзён Дуаен пачынае карыстацца вялiкiм попытам. На жаль, у Парыжы ўжо зусiм нiчога няма з яго карцiн. Тэлефон Дуаена раптам пачынае званiць цэлы дзень. Муаўр, Жуж i Партэн заяўляюць, што iм прапаноўваюць неверагодныя сумы за яго карцiны. З галерэi, дзе рыхтуецца выстаўка, звоняць без перапынку. Адзiн з калекцыянераў, якi мае яго карцiны, сустракаецца з iм.

- Нарэшце, - кажа ён, - гэтая тупая крытыка зразумела. Я думаю, што гэта толькi пачатак. Але нельга пускаць справу на самацёк. У вас ёсць хто-небудзь, хто займаецца?.. Усiмi гэтымi справамi? Вы трохi адарваны ад гэтага свету. Я вас разумею. Але хоць вы i абыякавы да ўсяго гэтага, трэба каваць жалеза, пакуль гарачае...

Ён прапаноўвае свае паслугi: "Вельмi рады дапамагчы. Не трэба дзякаваць. Зрэшты, я сам у гэтым зацiкаўлены, бо маю цi мала вашых карцiн, вы ж ведаеце".

Праз шэсць месяцаў замежныя музеi займаюць чаргу. Iм абяцаюць карцiну Дуаена, мажлiва, у наступным годзе... Карцiны Дуаена iдуць па вялiзнай цане. Адну з iх ацанiлi на распродажы ў восем мiльёнаў. Вялiкую? Не, невялiкую. Праўда, напачатку мафiя (так iх употай называюць у некаторых сакрэтных колах, дзе iх ведаюць), дык вось, мафiя выставiла на продаж дзве цi тры карцiны, паказала iх i сама скупiла. Але потым у гэтым больш не было патрэбы. Гэта ўсё дабром не скончыцца, пабачыце! Шабрые (займаецца продажам карцiн вядомых мастакоў, i цяпер у яго кантракт з Дуаенам) не дастаткова моцная фiгура, i такiх цэн ён не вытрымае. Калi калекцыянеры пачнуць збываць карцiны Дуаена, ён не зможа скупiць iх за трыццаць мiльёнаў, няма чаго i казаць. Усё развалiцца, як картачны домiк.

А пакуль яны грабуць грошы.

У Дуаена ўсё таксама змянiлася. Яго выстаўка прайшла ў Н-скай зале, што яшчэ не ўдавалася нiкому. Тут не абышлося без дапамогi высокапастаўленага Правiдана, якi быў у захапленнi ад таго, што яго прагнозы спраўдзiлiся. Да таго ж гарадскiя ўлады набылi шэсць яго карцiн вялiкага фармату за цану, якую музеi звычайна не плацяць. Яму выдзелiлi залу на выстаўцы ў X..., што праходзiла раз на тры гады, i дзве залы на У... выстаўцы, якую арганiзоўвалi раз на чатыры гады, а дзесяць яго вялiкiх палотнаў адправiлi на штогадовую выстаўку ў ... На ўсiх трох ён атрымаў гран-пры. Шабрые трацiў увесь свой час на тэлефонныя перагаворы з Нью-Йоркам. Прадмова Муаўра, якой папярэднiчала бiяграфiя, была перакладзена на семнаццаць моў.

У каталогах была таксама зроблена невялiчкая прыгожанькая ўстаўка з iнфармацыяй пра аўтара прадмовы, дзе наўмысна згадвалася пра Абраама дэ Муаўра, яго продка, i яго ўяўныя лiкi. Жуж i Партэн засталiся ў баку ад гэтай валтузнi, калi не лiчыць, што ў бiяграфiях абодвух пiсьменнiкаў было адзначана, што яны з самага пачатку разгледзелi ў Дуаене аднаго з найвялiкшых мастакоў свайго часу. Такiм чынам, яны мiжволi атрымалi падставы ганарыцца. У абодвух было па некалькi палотнаў Дуаена, i яны з горыччу ўсмiхалiся ад думкi, што з-за людскога капрызу ў iх на сценах цяпер вiсiць цэлы скарб. Яны адчувалi сябе амаль прынiжанымi, калi рынак i прэса на вачах адбiралi ў iх выключна iхняга абраннiка.

Што тычыцца Дуаена, то ён нiчога не памяняў у сваiм жыццi, калi не лiчыць, што суботнiя вячэры сталi больш iнтымнымi. З шасцi гадзiн вечара ён прымае крытыкаў, захавальнiкаў музеяў, калекцыянераў, некаторых замежных гандляроў карцiнамi. Арганiзацыйныя пытаннi ён пакiнуў на антыквара. Сам жа ён займаецца тым, што кiдаецца ў вочы. Напрыклад, падоўгу размаўляе па тэлефоне з Шабрые, якi трымае яго ў курсе ўсяго, i з Муаўрам, якi аказаўся надзiва дзелавым чалавека i прадмовы да выставак Дуаена ўжо пачынаюць гадаваць яго сям'ю. Дуаен апранаецца так, як i раней. Эла таксама. У iх няма нi машыны, нi загараднага дома. Свае грошы ён кладзе ў банкаўскi сейф, каб не плацiць падаткаў. Ён вядзе надзвычай сцiплае жыццё, мала выходзiць, па суботах гатуе кус-кус, або гусь.

Часам у суботу да яго заязджае, у перапынку памiж дзвюма афiцыйнымi сустрэчамi, высокапастаўлены Правiдан.

Дуаен стаў кумiрам свайго кола. Усё, што ён кажа, здаецца глыбокiм або выклiкае нястрымны смех, усё самабытнае. На ўсiм, што ён робiць, адчуваецца адбiтак яго асобы. Калi раптам нехта пачынаў лаяць якога-небудзь мастака, то ён з вялiкай паблажлiвасцю iмкнуўся давесцi, што не зусiм ёмка нападаць на нябожчыка. Калi здаралася, што хто-небудзь з новых гасцей хвалiў каторага з жывых мастакоў, то Дуаен рабiў выгляд, што не чуе, а прысутныя глядзелi на таго з нейкiм жалем. Калi iшлося пра мастака, чыя карцiна шмат пацягнула на распродажы, выстаўка якога мела сенсацыйны поспех, якому была прысуджана прэмiя, то пра яго распавядалi так, нiбы ён належаў да iншага свету. Казалi: "Дуаен вышэй за гэта".

Тыя, хто не належаў да блiзкiх сяброў Дуаена, здзiўлялiся. Такi хуткi ўзлёт? Цi не махiнацыi гэта гандляроў карцiнамi? Гэта проста немагчыма. Доўга гэта не пратрывае. Але пакуль што гэта давала прыбытак.

Мастакi пацiскалi плячыма. Казалi, што ўсё гэта падстроена дзякуючы падтрымцы Правiдана. Доказам таго, што гэты жывапiс нiчога не варты, казалi яны, з'яўляецца тое, што моладзь i слухаць пра яго не хоча. Да таго ж пра гэта днямi гаварылi ў адной карцiннай галерэi i казалi, што ўсё гэта вельмi ненадзейна, няхай толькi iх выкiнуць на продаж пяць цi шэсць адразу i гэтак далей...

Зрэшты, гэта не мастак, а рамеснiк.

А тое, што ён вывешвае карцiны без рам i размалёўвае краi палатна... Чаму не сцяну вакол?.. Чаму не саму сцяну, без нiякага палатна?..

А Эла? Эла сядзiць у сваiм кутку майстэрнi з тэлефоннай трубкай у руцэ i нясмела пытаецца:

- Гэта захавальнiк X... Гэлеры. Ты будзеш з iм гаварыць?.. Не, алё, мсье, мне вельмi шкада, але цяпер ён адпачывае. Пазванiце, калi ласка, у шэсць гадзiн вечара. Йес, сэр.

Сябры кажуць, што Эла такая ж цудоўная ў перыяд поспеху, якой была да таго, як яны яго спазналi.

Што да самога Дуаена, то пранiкнуць у яго думкi надзiва цяжка. Нядобразычлiўцы кажуць, што яму да смерцi сумна, калi ён выпякае свае карцiны. Але Дуаен па-ранейшаму няспешна сур'ёзны за мальбертам. Ён аналiзуе тое, што робiць, заглыблены ў сваю работу, аддаецца ёй увесь. Тыя, хто прыходзiць i глядзiць, бяруцца потым вызначаць сэнс яго твораў. I ён будзе рабiць тое самае. I так без канца. Да яго прыйшла натуральная салiднасць. Ён салiдны i ў сябе дома, i па-за домам. Той, каму пашанцуе сустрэць яго ў галерэi Шабрые, кiдаецца хутчэй яго прывiтаць.

Сямёрка лiчыць, што iх выбар быў цудоўны i што лепшага iм i не знайсцi было. Дуаен, сам таго не ведаючы, быў выдатнай асобай.

Праз два гады пасля той невялiчкай нарады, пра якую распавядалася, сямёрка сабралася зноў. Галоўны скарбнiк зрабiў справаздачу. Вынiкi больш чым задавальняючыя. Дуаен прынёс iм больш, чым яны маглi спадзявацца. Сваю ролю ён сыграў генiяльна. Проста залаты прыiск.

- Ён зусiм не iграў, - сказаў адзiн.

- Так, - кажа другi, - ва ўсякiм разе, мы ўжо нiколi не знойдзем такога прасцяка. Мы сапраўды паставiлi на добрага каня. Я думаю, а што можа даць Мажары?

- Мажары? А чаму Мажары? У мяне ёсць лепшая кандыдатура, - сказаў трэцi, Кервэн. У яго, бедалагi, нервы ўжо не вытрымлiваюць. Цяпер або нiколi. Колькi ў нас яго карцiн? Ён вельмi хворы.

- Трыццаць дзевяць, - сказаў скарбнiк.

- Трэба прыкупiць у яго. Яму патрэбны грошы. I потым, у мяне iдэя. Нельга кожны раз цягнуць Дуаена. Трэба нешта iншае.

- Да таго ж ён трошкi парадуецца перад смерцю, гэта калi не лiчыць, што ён нежанаты. Сапраўдны цуд. Нiякай удавы.

- О, кузiны могуць быць яшчэ горшымi.

- Так, але што ж тады з Мажары? - сказаў нехта. - Што да Кервэна, то я цалкам згодны, гэты хлопец мне сiмпатычны, iдэя мне падабаецца. Аднак як жа з Мажары? У нас ужо сабралася яго карцiн. Цi не так?

- Я не супраць. Ва ўсякiм разе, доўга цягнуць з Мажары не варта. Да таго ж ён нядаўна зрабiў яшчэ адно дзiця.

- Такiм чынам, яму будзе на што iх гадаваць.

- Калi ён не праглыне ўсё адразу. Узяць хоць бы Дуаена. Не ў крыўду нам будзе сказана, наша маленькая фiнансавая аперацыя прынесла яму не адзiн мiльён. Нават калi мы раптам перастанем яго падтрымлiваць, то ён зможа жыць з музеяў i калекцыянераў, якiя ў гэта ўцягнулiся. Проста жыць ён будзе не так добра. Мiж намi, я вельмi рады, што ў мяне не засталося нi адной яго карцiны. Гэта, несумненна, такi жывапiс, у якi я лезцi не люблю. Кервэн цi Мажары гэта iншая справа.

- Тады хай будзе Кервэн. Вось што я прапаную...

Дуаен робiць галубоў з яблыкамi. Вы печаце iх як для фазана... Побач з iм Эла. Гандляр карцiнамi Шабрые глядзiць на яго.

- Гэта з-за таго, што калекцыянеры насыцiлiся, - сказаў Шабрые. - Гэта таксама трэба браць на ўвагу. Да таго ж эканамiчны крызiс...

- Няма нiякага эканамiчнага крызiсу.

- Але як вы тады растлумачыце, што ваш сябар антыквар перастаў купляць? Ён нават цiшком усё прадаў за вялiкую цану. У Францыi i за мяжу. Дык на вас ён нiчога не страцiў i, кажуць, выходзiць з гульнi.

- Тым лепш, - сказаў Дуаен, - але ён пакiнуў хоць што-небудзь?

- Невядома. Малаверагодна.

- А вы? Таксама не пакiнулi?

- У мяне яшчэ ёсць дзве цi тры... Рэшта прададзена, вам гэта добра вядома. Вы ж пастаўляеце мне зусiм мала карцiн.

- Тады, можа, вы мне растлумачыце, як раптам сталася, што за карцiну, якая паўгода назад каштавала дзесяць - дванаццаць мiльёнаў, цяпер у Друо даюць ад сiлы мiльён?

- Таму, што я не магу падтрымлiваць такiя цэны. Я не магу выкупiць карцiну за дванаццаць мiльёнаў, гэта немагчыма. Зрэшты, калi я куплю, то ўсе выкiнуць свае карцiны на рынак i ўтворыцца заганнае кола. Калi нават дапусцiць, што я куплю адну цi дзве, то дваццаць купiць я не змагу.

- Але нашто тады заключаць кантракт, калi камiсiянер не датрымлiваецца сваiх абавязацельстваў?

- Я не магу. Iх ужо сталi мне вяртаць. Як, скажыце, я магу купляць iх за тую цану, за якую прадаў? Нават за палову цаны не магу.

- Яшчэ добра, што музеi не прадаюць, - з горыччу сказаў Дуаен.

- Так, але я вам не сказаў, што васемнаццатага мае адбыцца аўкцыён у Версалi i там будуць прадстаўлены чатыры вашыя карцiны, сярод якiх "Зорны маятнiк". Гэта карцiна, якая яшчэ тры месяцы назад каштавала дзесяць цi дванаццаць мiльёнаў.

- Каму гэтыя карцiны належаць?

- Ну, я не ведаю. Гэта ўсё з калекцыi таго антыквара, якi прадаў iх невядома каму. Я не разумею, чаму вас гэта турбуе. Справы могуць пайсцi трохi горш, нават значна, але пры тых рэцэнзiях у друку, якiя вы мелi на працягу двух гадоў, тых цэнах, якiя на вас былi, i выстаўках, нават калi справы пойдуць значна горш, то ў гэтым няма нiчога драматычнага. Цяпер наогул мала хто прадае.

- Сачыце за распродажам васемнаццатага, - сказаў Дуаен.

Увечары галубы з яблыкамi мелi неверагодны поспех, а калекцыя Элы папоўнiлася чатырма невялiчкiмi кактусамi. Але Дуаену было не па сабе. Жуж званiў, што яму прапаноўваюць карцiну Дуаена па не такой ужо i вялiкай цане. А Муаўр з абурэннем распавядаў, што адзiн маклер прапанаваў яму два мiльёны за палатно, за якое летась даваў у тры разы больш.

- Я не хацеў прадаваць, - сказаў Муаўр, - нашае шчасце, што мы не практычныя людзi.

Усе замаўчалi i задумалiся. Прыйшоў Партэн, хоць ён па-ранейшаму ненавiдзеў Муаўра. Ён лiчыць, што трэба цясней згуртавацца. Ён чуў, што пра Дуаена кажуць небяспечныя рэчы. Хаця ўсе яны старанна трымалiся ў баку ад палiтыкi, але не маглi не думаць, што нейкi час у iх на сценах вiселi карцiны iхняга сябра, якiя сталi скарбамi i якiя цяпер рабiлiся тым, чым былi, цi амаль тым, калi так будзе працягвацца.

- Гэта проста жахлiва, уся гэтая спекуляцыя... - сказаў Партэн. - Людзi ставяцца да мастакоў, як да акцый на бiржы. Грошы не павiнны нiколi быць замяшаныя тут.

- На нашых вачах нiкчэмнасцi, мастакi накшталт Кервэна, страшэнна паднялiся ў цане, - сказаў Муаўр. - Я нiчога не маю супраць бедалагi, вечны яму спакой, але ж гэты жывапiс, у сутнасцi, не ўяўляе сабой нiчога, нiчога, нiчога.

- Хто гэта? - спытаўся Дуаен.

- Яшчэ крыху соўсу? - сказала Эла.

- Дзякаваць богу, Дуаен стаiць у баку ад гэтых брудных гiсторый, - сказаў Партэн. - Жуж мне сёння казаў, што, нягледзячы на ўсё, пазiцыi Дуаена моцныя. За iм стаяць усе музеi, якiя набылi яго карцiны. Калi цэны ўпадуць...

- Калi цэны ўпадуць, то ўпаду i я, - сказаў Дуаен. - Гэта недарэчна, але яно так. Таму я не ўпаду.

- Брава, - сказала Эла.

Яны, не без захаплення, пераглянулiся. Дуаен пацэлiў у кропку. Яго нiчога не пахiсне, нават самая страшная спекуляцыя. Пытанне, як дзейнiчаць, перад iм не стаiць. Ён ставiць палатно на мальберт. Усе садзяцца паўколам. Праз нейкi момант, вельмi насычаны, калi ўсе маўчаць, пачынаецца доўгая размова пра карцiну.

З гэтага дня Дуаен пачаў скупляць уласныя карцiны. Два разы на месяц ён хадзiў на аўкцыён, дзе плацiў вельмi высокiя цэны. Адчуванне нейкай адрынутасцi надавала цяпер суботнiм вячэрам яшчэ большую палкасць захаплення, нiбы Дуаен падняўся на неба цi на Галгофу i зноў спусцiўся да сваiх верных вучняў. Сам ён знаходзiў таемнае задавальненне, купляючы за такую цану карцiны, вельмi падобныя да тых, якiя ён толькi што намаляваў. Але яны цанiлiся ў Парыжы ўсё менш i менш, бо нiхто, акрамя ягоных сяброў, яго не падтрымлiваў. Часам iх купляў недасведчаны або вельмi заўзяты калекцыянер. На шчасце, нягледзячы на ўсе аферы вакол мастака, нешта ўсё-такi застаецца i ад яго самога.

Калi грошы скончылiся, Дуаен стаў эканомiць, каб купляць, i нават пазычаць.

- Дзякуй богу, - казала Эла, - што гэтая гiсторыя здарылася з такiм чалавекам, як ён. Калi б гэта звалiлася на пасрэднага мастака, той бы ўжо нiколi не падняўся.

Тым часам у Парыжы толькi i гаварылi, што пра мастака Кервэна, якi памёр на дасвеццi свайго поспеху i вялiкая выстаўка творчасцi якога рыхтавалася.