У зборнік увайшлі казкі вядомых англійскіх пісьменнікаў Э. Нэсбіт, К. Грэхэма, Л. П. Хартлі, на якіх выхоўвалася не адно пакаленне дзяцей у розных краінах свету. На беларускую мову перакладаюцца ўпершыню.

Лагодны цмок

Ангельскiя лiтаратурныя казкi

(на белорусском языке)

Э. Нэсбiт

Люты цмок

Маленькая прыгожанькая Прынцэса заўсёды прачыналася вельмi рана — калi ў мацiцовым небе толькi пачынаў гучаць пошчак шпакоў. Ажывалi лясы, i яна басанож бегла па кручанай стромкай лесвiцы на самую вяршыню вежы. Стоячы там у бялюткай начной сарочцы, яна ўскiдала рукi ўгару i радасна вiтала ўвесь белы свет: i сонца, i неба, i лясы, i палi, i маленькi гарадок, якi яшчэ спаў у гэты час.

Потым яна збягала па халодных каменных прыступках унiз, надзявала кароткую спаднiчку, хустачку, фартух i пачынала сваю штодзённую працу. Яна падмятала падлогу ў пакоях, гатавала сняданак, мыла посуд i скрэбла патэльнi й каструлi.

А рабiла яна ўсё гэта таму, што была сапраўдная Прынцэса. З усяе дворнi, якая павiнна была прыслугоўваць сваёй гаспадынi, засталася адна толькi мамка, якая даглядала Прынцэсу ад самага яе нараджэння. Мамка была ўжо старая i слабая, i таму Прынцэса забараняла ёй працаваць i ўсю хатнюю працу рабiла сама. А мамка сядзела ў фатэлi ды шыла цi вышывала.

Прынцэса была сама сапраўдная — з малочна-белым тварам, блакiтнымi, як нябёсы, вачыма, iльнянымi валасамi i сэрцам — з чыстага золата.

Звалi дзяўчынку Сабрынэта, а прабабкай у яе была Сабра, тая самая, што пабралася шлюбам са Святым Георгам пасля таго, як ён забiў цмока. Вы, напэўна, ужо зразумелi, што ўся краiна павiнна была належаць Прынцэсе: i лясы, што цягнулiся аж да гор, i паплавы, якiя шырылiся да самага мора, i прыгожыя палi, дзе раслi пшанiца, какорыца, авёс ды жыта, i алiўкавыя сады, i вiнныя склепы, дый сам невялiчкi горад з яго вежамi i высокiм мурам, вострымi чырвонымi дахамi i рознакаляровымi шыбамi ў вокнах. Гарадок стаяў у далiне, што раскiнулася памiж вiрным морам i высокiмi гарамi, на якiх зiхацелi белыя снежныя шапкi.

Сталася так, што бацька i мацi ў Сабрынэты памерлi i, да таго часу, пакуль Прынцэса не падрасце, справамi каралеўства пакiнулi займацца яе стрыечнага брата. Але кузэн паказаў сябе вельмi злосным i дрэнным Прынцам, ён захапiў усё каралеўства i прымусiў каралеўскiх падданых служыць толькi яму — словам, ён зрабiўся поўным гаспадаром у краiне. Маленькай Прынцэсе засталася толькi адна цмокатрывалая вежа, пабудаваная яшчэ ў старыя часы яе прадзедам Святым Георгам, а з усёй дворнi кузэн ёй пакiнуў адну толькi мамку.

I вось аднойчы здарылася так, што Сабрынэта, адна ва ўсiм каралеўстве, зрабiлася сведкай нейкай дзiўнай i загадкавай з'явы.

Рана ранiцай, калi добрыя гараджане бачылi сама салодкiя сны, яна як звычайна ўзбегла па каменных прыступках на вяршыню вежы i, як i кожны дзень, загледзелася на прыгожы краявiд.

З вежы далёка было вiдаць паплавы, за iмi — парослы папараццю роў з вадою, а ўздоўж рова — абсаджаную прыгожымi ружамi агароджу, за якой пачынаўся лес.

I раптам Сабрынэта ўбачыла, як ружовыя кусты затрэслiся, затрымцелi, i з iх выскачыла нешта вельмi яркае i блiскучае. Гэтае нешта бухнулася ў роў i, крыху пабоўтаўшыся ў вадзе, зноў схавалася за агароджай.

Дзiва доўжылася ўсяго адну хвiлiну, але Прынцэса паспела ўсё добра разгледзець.

Яна падумала: «Божачкi, якая цiкавая жывёла! I якога яна яркага колеру! Каб яна была трошкi большая ды каб я не ведала, што ў нашых краях даўно ўжо няма нiякiх жахлiвых пачвараў, дык я напэўна вырашыла б, што гэта цмок».

А жывёлу сапраўды можна было б палiчыць за цмока, каб яна не была такая маленькая, цi за яшчарку — каб яна не была такая вялiкая. Ва ўсякiм выпадку даўжынёю яна была прыкладна з лаву, якую звычайна ставяць каля камiна цi печы.

«Шкада, што яна так хутка схавалася ў лесе, — падумала Сабрынэта. — Мне ў маёй цмокатрывалай вежы, вядома, нiчога не пагражае, але ж калi гэта ўсё-такi цмок, дык нават маленькi ён усё роўна можа каго-небудзь з'есцi! А сёння якраз першае траўня, калi дзецi звычайна ходзяць у лес па кветкi».

Прынцэса крыху пачакала, але нiчога болей не ўбачыўшы, пайшла займацца сваiмi справамi. Яна чыста-чыста ўсё прыбрала ў сваёй вежы, не пакiнуўшы нi пылiнкi нават у сама цёмным закуточку сама маленькага пакойчыка. Потым надзела белую, як малако, ядвабную сукенку з вышыванымi рознакаляровымi стакроткамi i зноў паднялася наверх.

Праз поплаў да лесу радасна i бесклапотна беглi дзецi — збiраць глог. Да Сабрынэты даляталi iх вясёлыя спевы i смех.

«Я ўсё-такi вельмi спадзяюся, — падумала Прынцэса, — што тая жывёлiна была не цмок».

Дзецi iшлi па двое, па трое i гуртам. На фоне зялёнай травы iх чырвоныя, блакiтныя, белыя i жоўтыя сукенкi i кашулi здавалiся асаблiва яркiмi.

«Нiбыта зялёная ядвабная мантыя, якую вышылi кветкамi», — падумала Прынцэса i ўсмiхнулася.

Дзецi па двое i па трое, i цэлымi гуртамi пачалi знiкаць у лесе, i неўзабаве мантыя поплава зноў засталася проста зялёнай.

— Ну вось, усю вышыўку папаролi, — уздыхнула Прынцэса.

У чыстым блакiтным небе ярка ззяла сонейка; кветкi, раскiданыя ў свежай зялёнай траве, разгортвалi свае прыгожыя пялёсткi. Быў першы дзень траўня.

Але раптам хмара захiнула сонца, i цiшыню працяў страшны крык, якi ляцеў аднекуль здалёк. У тую ж хвiлiну з лесу на лог шматкаляровым струменем хлынулi дзецi. Увесь поплаў залiлi чырвона-жоўта-бела-блакiтныя хвалi. Дзецi крычалi i вiшчалi ад жаху. Але i ў гэтым страшэнным гармiдары Прынцэсе ўдалося разабраць асобныя словы, якiя лопалiся, як бурбалкi, праткнутыя вострай iголкай.

— Цмок, цмок, люты цмок! — крычалi дзецi. — Хутчэй! Адчынiце браму! Цмок! Iдзе цмок!

Адно за адным яны ўляцелi ў гарадскую браму, i Прынцэса пачула, як вароты ў iх за спiнай з трэскам зачынiлiся.

На поплаве нiкога больш не засталося.

I ў гэты момант кусты ружаў на дальнiм беразе рова затрэслiся, затрашчалi пад цяжарам нейкай вялiзнай, палымянага колеру, жудаснай пачвары, якая кiнулася ў роў, патаптала вакол усю папараць i зноў схавалася ў лясным гушчары.

Прынцэса спусцiлася ўнiз i расказала пра ўсё, што ўбачыла, сваёй мамцы. Тая адразу зачынiла вялiкiя дзверы ў вежу на ключ i схавала яго сабе ў кiшэню.

— Няхай самi пра сябе клапоцяцца, — сказала яна, калi Сабрынэта папрасiлася ў горад дапамагчы напалоханым дзецям. — У мяне свая справа, мая даражэнькая. Я павiнна цябе зберагчы, i я цябе зберагу. Няхай я старая, але ключ у замку павярнуць яшчэ здольная.

Сабрынэта зноў паднялася на вежу i горка заплакала, шкадуючы бедных дзетак. Яна добра ведала, што брама ў гарадскiм муры не цмокатрывалая i што цмоку будзе зусiм не цяжка прабрацца ў горад, калi толькi ў яго ўзнiкне такое жаданне.

Тым часам дзецi, вярнуўшыся ў горад, адразу пабеглi да Прынца i расказалi яму, што па лесе ходзiць вялiзны i люты цмок.

Прынц вельмi ўзрадаваўся, ён нават кiнуў сцябаць пугай сваiх бедных сабак, што было ў яго ўлюбёнай забавай.

— Цудоўнае будзе паляванне, — сказаў ён i загадаў, каб да палявання зараз жа падрыхтавалi найлепшую зграю гiпапатамаў.

Тут трэба, вiдаць, сказаць, што ў Прынца была звычка паляваць на буйную жывёлу з гiпапатамамi. Увогуле жыхары каралеўства нiчога супраць такой яго прыхамацi не мелi б, але кожны раз, калi Прынц выпраўляўся на шпацыр, верныя гiпапатамы ўсёй зграяй кiдалiся за iм. Яны страшэнна раўлi i тапталi ўсiх, хто не паспяваў схавацца.

Кожны Прынцаў выезд наганяў вялiкi сум на зяленшчыкаў, што гандлявалi на базарным пляцы, i на ганчароў, якiя прыгожа раскладалi тавар уздоўж тратуараў. Гiпапатамавае шэсце заўсёды канчалася для iх поўнай галечай.

I вось Прынц выехаў з палаца. Гiпапатамы з грукатам пабеглi за iм, а людзi, ледзь пачуўшы гук ягонага рога i роў зграi, пабеглi хавацца па дамах.

Зграя гiпапатамаў працiснулася праз браму i наўзгалоп памкнула праз лог паляваць на цмока.

Тым з вас, хто нiколi не бачыў палявання з гiпапатамамi, будзе, напэўна, цяжка ўявiць сабе гэтае незвычайнае вiдовiшча. Бо, па-першае, гiпапатамы не брэшуць, як ганчакi, а рохкаюць, як свiннi, ды яшчэ вельмi гучна i люта. А па-другое, яны ж, вядома, не бегаюць выключна па сцежках i не скачуць цераз агароджы, каб iх не папсаваць. Пасля сябе яны пакiдаюць паламаны на трэскi плот, вытаптаныя палi i вельмi незадаволеных Прынцавым паляваннем фермераў.

Кожны гiпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якiм былi выгравiраваныя iмя гiпапатама i адрас. Але, калi фермеры звярталiся па адрасе, а гэта значыць — прыходзiлi ў палац, i пачыналi скардзiцца на гiпапатамаў i распавядаць пра страчанае праз iх збожжа, Прынц адказваў: «А няма чаго пакiдаць у мяне на дарозе непрыбраныя палi. Так вам i трэба!» — i нiколi нiчога не плацiў.

Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, вiдаць, лягчэй зразумець, чаму знайшлiся людзi, якiя, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гiпапатамамi на паляванне, цiхенька казалi: «А каб цябе самога цмок праглынуў!» Вядома, вельмi блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж i гаспадар быў надта ўжо дрэнны.

Паляўнiчыя доўга шукалi цмока ў палях i ў лясах, але не толькi што яго не знайшлi, — а нават паху яго не ўчулi. Цмок, вiдаць, трапiўся надта ўжо сарамлiвы — не хацеў паказвацца.

I вось, калi Прынц ужо быў падумаў, што нiякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гiпапатам падаў голас.

Прынц адразу затрубiў у рог i голасна крыкнуў: «Ату яго, ату!» Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нiзiне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнiк сама сапраўдны цмок!

Ён быў велiчынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя блiскучыя зубы.

— Паляванне пачалося! — радасна крыкнуў Прынц.

I паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца i кiнуцца наўцёкi (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гiпапатамаў i…

Прынц, якi сядзеў на слане i сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам i расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны iшлi паляваць, сам у адно iмгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гiпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкi мяса. Горка было глядзець, як ад зграi, якая ўсяго некалькi хвiлiн назад весела рохкала пад гукi паляўнiчага рога, не засталося нiводнага гiпапатамяня. А цмок усё яшчэ зiркаў улева ды ўправа, цiкуючы, цi не прапусцiў ён каго-небудзь.

Убачыўшы ўсё гэта, Прынц цiхенька саслiзнуў са слана — з таго боку, якi быў далей ад цмока, — i з усiх ног кiнуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галiны густых кустоў. Стаўшы на карачкi, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе нiколi не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад i жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва.

У лесе панавалi цiшыня i спакой. Цяжка было ўявiць, што недзе паблiзу ходзiць люты цмок.

Мала-памалу Прынц супакоiўся. Ён папiў са сваёй срэбнай паляўнiчай бiклагi, выцягнуў ногi i, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькi слязiнкi не пралiў, але й не ўздыхнуў нават па сваiх няшчасных гiпапатамах, якiх сам прыручыў, якiя елi з ягоных рук i доўгiя гады верна служылi яму, рызыкуючы на паляваннi жыццём, толькi каб яго пазабавiць.

Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былi жорсткiя зблытаныя валасы, брудна-шэры твар i каменнае сэрца.

Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калi прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла i працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, i толькi недзе непадалёку свяцiўся маленькi чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў блiжэй i ўбачыў невялiчкае вогнiшча. Побач сядзеў юнак з доўгiмi залацiстымi валасамi. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмi прыгожы i добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкiх дзiўных жывёл, якiя, здаецца, спалi.

— Хто ты? — ганарыста спытаўся Прынц.

— Я Эльфiн, свiнапас, — адказаў юнак у лахманах. — А вы хто?

— Я — Прынц Абрыдак.

— Што ж гэта вы робiце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? здзiвiўся Эльфiн.

— Я тут паляваў непадалёку.

Свiнапас зарагатаў:

— Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нiчога сабе, добрае паляванне! Я за iм назiраў разам з маiмi свiнкамi. Гэта было вельмi цiкава.

Усе жывёлы адразу засаплi ў сне i зарохкалi, i Прынц пазнаў свiней — у каго ж яшчэ могуць быць такiя манеры?

— Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглi б уратаваць сваю зграю, прамовiў юнак.

— Пра што ты гаворыш? — падазрона спытаўся Прынц.

— Як пра што? Вядома ж, пра цмока, — растлумачыў Эльфiн. — Рэч у тым, што вы выйшлi паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы.

— Вось ужо дзякуй, — прашаптаў Прынц i перасмыкнуў плячыма. — Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну i дурань жа ты, свiнапас!

— Што ж, — усмiхнуўся Эльфiн, — як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмi будзе цiкава паглядзець!

— А ты яшчэ i грубiян! — абурыўся Прынц.

— Ды якi я грубiян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, — адказаў Эльфiн.

— Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваiх гiпапатамаў?

— Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калi я скажу?

— Калi скажаш мне што? — хiтра перапытаў Прынц.

— Тое, што вы хочаце ведаць.

— А я нiчога не хачу ведаць, — адказаў Абрыдак.

— Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, - здзiвiўся свiнапас. — Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамi?

— Увогуле гэта было б няблага, — прызнаўся Прынц.

— Я нiколi не вызначаўся цярплiвасцю, але цяпер у мяне ўжо зусiм яе не засталося. Апошнi раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу?

— Палову каралеўства i маю кузiну Прынцэсу за жонку, — хуценька адказаў Абрыдак.

— Добра, — пагадзiўся свiнапас. — Тады слухайце: цмок уначы робiцца маленькi! Ён спiць пад карэннем гэтага дрэва, i звычайна я карыстаюся iм як запальнiчкай, каб развесцi агонь.

I праўда, калi Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямi дрэва, ва ўтульным iмшаным гняздзечку, спiць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькi з палец.

— I як мне яго можна забiць? — спытаў Прынц.

— Не ведаю, цi можна яго забiць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую бiклажку, а потым занесцi куды-небудзь.

Гэтая думка прыйшлася Прынцу даспадобы. Удвух яны, крыху апёкшы пальцы, сяк-так здолелi прымусiць цмока запаўзцi ў срэбную бiклагу, без якой Прынц нiколi не выпраўляўся на паляванне. I Прынц шчыльна закруцiў на ёй корак.

— Вось i цудоўна, — сказаў Эльфiн, — а цяпер трэба занесцi гэтую бiклагу ў палац i запячатаць яе Саламонаваю пячаткай. Тады можна будзе не хвалявацца. Хадзем хутчэй, а заўтра зранку падзелiм каралеўства, i тады ў мяне будуць грошы на прыгожую вопратку i падарункi. Мне хочацца хутчэй пазнаёмiцца з Прынцэсай.

Адкуль добраму Эльфiну было ведаць, што Прынц Абрыдак нiколi не выконвае сваiх абяцанняў?!

— Што? Ты хочаш пайсцi са мною? — закрычаў ён. — Ты што гэта выдумаў, свiнапас? Гэтага лютага цмока знайшоў я, Прынц Абрыдак, i я, гаспадар гэтай краiны, захапiў яго ў палон. Я ўвогуле нi слова не казаў нi пра каралеўства, нi пра вяселле. А калi табе нешта такое падалося, дык я зараз жа адсяку табе галаву.

I Прынц выцягнуў меч.

— Добра, — пацiснуў Эльфiн плячыма, — мне так яшчэ й лепей.

— Што гэта ты маеш на ўвазе? — закрычаў Прынц.

— Ды нiчога. Толькi тое, што я нiчым не звязаны i ў мяне застаюцца мае свiннi, а ў вас — вашае цудоўнае каралеўства, — растлумачыў Эльфiн i ў думках дадаў: «I цмок».

Прынц пайшоў, а Эльфiн са сваiмi чорнымi свiннямi, якiх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнiшча.

Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзiне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склiкаць Парламент i ўрачыста абвясцiў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Мiнiстры пачалi наўзахваткi хвалiць смеласць i розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але нiводзiн Мiнiстр не насмелiўся паказаць свайго недаверу, бо ўсiм быў вядомы злосны i помслiвы Прынцаў нораў.

Першы Мiнiстр урачыста запячатаў бiклагу з цмокам Саламонаваю пячаткай i сам занёс яе ў скарбнiцу, у якой былi мядзяныя сцены таўшчынёю аж на два метры.

Бiклагу асцярожна паклалi памiж мяхамi, поўнымi золата. I на ўсю ноч пакiнулi ў скарбнiцы малодшага пiсара малодшага сакратара малодшага Лорда Скарбнiка, каб той вартаваў бiклагу.

Малодшы пiсар нiколi ў жыццi цмокаў не сустракаў (хiба што ў дзiцячых казках), дый не надта ён верыў, што Прынц сапраўды захапiў цмока, бо Абрыдак нiколi не быў надта сумленны i мог прынесцi проста пустую пляшку. I таму гэты сакратар нават парадаваўся такому, на першы погляд, страшнаму даручэнню i ў добрым гуморы застаўся ў скарбнiцы. Яму аддалi ключ, — i калi горад зноўку заснуў, ён паклiкаў да сябе ў скарбнiцу некалькi сваiх сяброў, малодшых пiсараў iншых лордаў. Яны пачалi весела гуляць у хованкi сярод мяхоў з золатам, потым у каменьчыкi, падкiдваючы дыяменты, смарагды ды перлы, якiя ляжалi ў вялiзных куфрах з разной слановае косткi. Моладзь забаўлялася… А ў мядзянае скарбнiцы рабiлася неўпрыкмет усё гарачэй i гарачэй. I раптам сама малодшы пiсар закрычаў:

— Глядзiце! Глядзiце на бiклагу!!!

Запячатаная Саламонаваю пячаткай бiклажка павялiчылася ўтрая i аж пачырванела ад жару!

Паветра ў скарбнiцы зусiм распалiлася, а бiклага ўсё расла i расла. I тады пiсары неяк усе адразу вырашылi, што пара, вiдаць, даваць цягу. I спатыкаючыся аб мяхi i куфры, кiнулiся да выхаду.

Ледзь толькi апошнi паспеў вылецець за вароты i навесiць замок, як бiклага разляцелася на кавалкi, i на яе месцы ў скарбнiцы ўзнiк люты цмок. Кожную хвiлiну ён павялiчваўся ў некалькi разоў, пакуль не зрабiўся велiчынёю ажно з цэлую гару.

Тады ён без разбору пачаў глытаць усе Прынцавы каштоўнасцi — золата, дыяменты, рубiны, смарагды, перлы. Яму ўсё было аднолькава даспадобы. За час сняданку цмок знiшчыў усё Прынцава багацце.

I калi а дзесятай гадзiне Прынц выправiўся на шпацыр, дык быў вельмi непрыемна ўражаны, убачыўшы цмока, якi спрабаваў пралезцi праз паламаную браму скарбнiцы. Брыдка было глядзець, як з яго жудаснай пашчы па тоўстым пузе цячэ расплаўленае золата.

Прынц задаў дзёру. Яшчэ нiколi ў жыццi яму не даводзiлася так бегчы. Але ж ён ратаваў жыццё, якое вельмi любiў. А бег ён да цмокатрывалай вежы, дзе жыла Сабрынэта.

Маленькая Прынцэса, убачыўшы Абрыдка, кiнулася па сходах унiз, хуценька ўпусцiла яго ў вежу i з трэскам зачынiла дзверы якраз перад гiдкаю цмокавай пысай.

Цмок сеў пад дзвярыма i зарумзаў, - яму вельмi хацелася з'есцi Прынца.

А Сабрынэта правяла Прынца ў найлепшы пакой у вежы, заслала стол найлепшым абрусам, а ён быў белы-белы i яго вышывала золатам яшчэ яе мацi — i пачала частаваць яго. Сабрынэта прынесла свежы белы хлеб i белы вiнаград, узбiтыя вяршкi i шмат чаго iншага смачнага i добра прыгатаванага. Яна прыняла Абрыдка як магла ветлiва, быццам гэта быў не злосны Прынц, якi забраў сабе яе каралеўства, а нехта зусiм iншы. Але дзiўнага тут нiчога няма, бо Сабрынэта была сапраўдная Прынцэса i сэрца ў яе было з чыстага золата.

Калi ж Прынц наеўся ды напiўся, дык папрасiў Прынцэсу паказаць, як адчыняюцца i зачыняюцца ў вежы дзверы. Мамка спала i нiчога не чула, i таму нiхто не мог забаранiць Прынцэсе адкрыць такому злыдню гэтую таямнiцу.

Прынцэса ўсё расказала.

— Трэба павярнуць ключ вось так, — тлумачыла яна, — але дзверы тады яшчэ не адчыняцца. Але калi потым павярнуць ключ дзевяць разоў назад, дзверы адчыняцца.

Так i здарылася. А як толькi дзверы адчынiлiся, Прынц выпхнуў гаспадыню з вежы (гэтак жа, як выпхнуў яе з каралеўства) i хуценька зачынiў дзверы ў яе за спiнай. Адзiная ў каралеўстве цмокатрывалая вежа павiнна была належаць толькi яму!

Прынцэса апынулася на вулiцы якраз побач з цмокам, якi ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагi, бо нiводзiн цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткiх Прынцэс, у якiх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка).

Прынцэса была выхаваная вельмi добра i ведала, што выходзiць у горад без капялюшыка i пальчатак, асаблiва калi на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымi стакроткамi, непрыстойна. Сапраўдная лэдзi не магла сабе гэтага дазволiць. I таму яна пайшла не да горада, а зусiм у iншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу.

Сабрынэта яшчэ нiколi не выходзiла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, i калi яна ступiла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, i яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, i таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмi спалохалася цмока.

У лесе, у невялiчкiм логу, яна натрапiла на Эльфiна i на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свiнак. Эльфiн iграў на флейце, а свiнкi кружылi i танчылi на заднiх нагах.

— Калi ласка, — сказала Прынцэса, — паклапацiцеся пра мяне, мне вельмi страшна.

— Добра, — адказаў Эльфiн i абняў яе. — Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць?

— Цмок, — ледзь чутна шапнула яна.

— Ага, дык ён такi вылез са срэбнай бiклагi! — сказаў Эльфiн. — Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка — Прынца.

— Не, Прынцу цяпер нiчога не пагражае, — цяжка ўздыхнула Прынцэса. — А чаму вы так яго называеце?

Тады Эльфiн расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам i пра тое, як Прынц злосна падмануў яго.

— Ён абяцаў мне палову каралеўства i сваю кузiну ў жонкi!

— Божа мой! Якi сорам! — абурана крыкнула Прынцэса i паспрабавала вызвалiцца з ягоных абдымкаў. — Як ён пасмеў!

— Што здарылася? — спытаў Эльфiн i абняў яе яшчэ мацней. — Яму сапраўды павiнна было б быць сорамна, прынамсi, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце!

— Вы гэта пра што? — спытала Прынцэса.

— Пра што? Не пра што, а пра каго! Пра цябе, пра каго ж яшчэ?! Бо ты — мая прыгажуня, маё яснае сонейка! — усхвалявана пачаў тлумачыць Эльфiн. — А што да Прынцэсы, ягонай кузiны, — дык ты ўжо мне, мiлая, прабач, але ж я тады сапраўднай Прынцэсы, адзiнай у свеце Прынцэсы, маёй Прынцэсы яшчэ не бачыў!

— Ты гэта пра мяне кажаш? — здзiвiлася Сабрынэта.

— А што, ты тут бачыш каго-небудзь iншага?

— Але ўсяго пяць хвiлiн таму ты пра мяне нiчога не ведаў.

— Пяць хвiлiн таму я быў звычайны свiнапас, а цяпер, калi ты побач, я адчуваю сябе сапраўдным Прынцам! Хоць са свiннямi я не разлучуся да канца маiх дзён.

— Але ж ты нават не папытаў у мяне!

— Дык гэта ж ты папрасiла мяне паклапацiцца пра цябе? Менавiта гэтым я i збiраюся цяпер займацца ўсё жыццё.

Вырашыўшы гэтае пытанне, яны пачалi абмяркоўваць сур'ёзныя i складаныя справы — цмока i Прынца.

Эльфiн не ведаў, што побач з iм сапраўдная Прынцэса, але адчуваў, што сэрца ў яго каханай з чыстага золата (пра што ён не аднойчы сказаў Сабрынэце).

— Уся памылка ў тым, што бiклага ў яго не цмокатрывалая, — разважаў Эльфiн, — цяпер я гэта разумею.

— I толькi ў гэтым уся справа?! — узрадавалася Прынцэса. — Дык тады ўсё цудоўна. Я зараз пайду i прынясу якую-небудзь бутэльку — у маёй вежы ўсё цмокатрывалае. Мы абавязкова павiнны адолець цмока i выратаваць дзетак.

Сабрынэта рушыла па цмокатрывалую бутэльку, але Эльфiну пайсцi з сабой не дазволiла.

— Калi ўсё, што ты кажаш — праўда, — сказала яна, — i калi ты ўпэўнены, што ў мяне залатое сэрца, дык цмок не кране мяне. А тут нехта павiнен застацца, бо нельга пакiдаць свiнак адных.

Эльфiн быў цалкам упэўнены, што сэрца ў яе залатое, i таму ўрэшце пагадзiўся адпусцiць Прынцэсу адну.

Падышоўшы да вежы, Сабрынэта са здзiўленнем убачыла, што вялiкiя дзверы ў вежу адчыненыя.

А здарылася вось што: некалькi доўгiх гадзiн цмок цярплiва сядзеў ля вежы i чакаў Прынца. А як толькi той адчынiў дзверы, каб на хвiлiнку выбегчы i ўкiнуць у паштовую скрынку лiст да свайго Першага Мiнiстра (у якiм паведамляў, дзе ён цяпер знаходзiцца, i загадваў тэрмiнова выслаць на барацьбу з цмокам каралеўскую пажарную брыгаду), — як толькi ён гэта зрабiў, цмок хуценька праглынуў яго i, не марудзячы болей, пасунуўся да лесу, бо наставаў час рабiцца маленькiм i класцiся спаць.

Сабрынэта спакойна ўвайшла да сябе, пацалавала мамку, прыгатавала ёй кубачак смачнай гарбаты i распавяла пра ўсё, што здарылася, ды сказала, што сэрца ў яе, як высветлiлася, — з чыстага золата i таму цмок не можа зрабiць ёй нiчога дрэннага. Тады, зразумеўшы, што нiякая небяспека Прынцэсе не пагражае, мамка дазволiла ёй вярнуцца ў лес.

А Сабрынэта ўзяла цмокатрывалую бутэльку з напалiраванага да бляску мосенжу i шпарка пабегла да Эльфiна, якi пачаў быў ужо хвалявацца.

— Я ўжо баяўся, што ты нiколi не вернешся, — сказаў ён, — здаецца, я прачакаў цябе цэлых сто год.

Прынцэса прысела побач з Эльфiнам на траву, i так, трымаючы адно аднаго за рукi, яны моўчкi прасядзелi разам з чорнымi свiнкамi, пакуль не сцямнела. Калi ж зрабiлася зусiм цёмна, яны ўбачылi цмока, якi шпарка поўз да дрэва, i за iм на мху заставаўся гарэлы след. Цмок хутка памяншаўся i зрабiўся нарэшце даўжынёю з палец. Тады ён залез пад корань i, утульна скруцiўшыся, падрыхтаваўся да сну.

— Пара, — сказаў Эльфiн.

Сабрынэта ўзяла бутэльку, а Эльфiн пачаў падштурхваць цмока галiнкамi i прымусiў яго запаўзцi ўсярэдзiну.

Але ў iх не было чым бутэльку закаркаваць!!!

— Ну, нiчога, — вырашыў Эльфiн, — замест корка я ўсуну свой палец!

— Не, дазволь лепей мне, — папрасiла Прынцэса, але адразу зразумела, што Эльфiн ёй гэтага не можа дазволiць.

Хлопец асцярожна засунуў палец у рыльца бутэлькi.

Прынцэса закрычала:

— Хутчэй! Трэба бегчы да мора!

Эльфiн моцна схапiў бутэльку з цмокам, i яны пабеглi. А за iмi доўгаю чорнаю чарадой трушком беглi свiннi.

Бутэлька пачала награвацца, бо цмок што было моцы пачаў плявацца агнём. Яна рабiлася ўсё гарачэйшая i гарачэйшая, пакуль не распалiлася аж да чырванi. Але Эльфiн нi на хвiлiну не выпускаў яе з рук. I вось нарэшце яны ўзбеглi на скалу i ўбачылi ўнiзе блакiтнае мора. А гэтае мора было славутае сваiм вiрам, якi мог зацягнуць i патапiць нават сама вялiкi карабель.

Эльфiн размахнуўся i шпурнуў бутэльку далёка-далёка. Яна ўзляцела ажно да зор, а потым трапiла ў самую сярэдзiну вiру.

— Мы выратавалi краiну, — урачыста сказала Прынцэса. — Ты ўратаваў маленькiх дзетак. Дай мне сваю руку.

— Не магу, — сумна адказаў Эльфiн. — Мiлая мая, я ўжо нiколi не змагу ўзяць цябе за ручку, бо мае рукi згарэлi.

I праўда, замест рук у яго засталiся толькi чорныя вугалi. Прынцэса ў слязах пачала цалаваць абвугленыя Эльфiнавы рукi, а потым разадрала сваю чароўную белую сукенку i дбайна iх перавязала.

Неўзабаве яны вярнулiся дадому i расказалi пра ўсё Прынцэсiнай мамцы. А свiннi тым часам сядзелi вакол вежы i цярплiва чакалi.

— Ва ўсiм свеце не знайсцi чалавека, смялейшага за Эльфiна, — сказала Прынцэса. — Сваёю адвагаю ён уратаваў нашую краiну i маленькiх дзетак. Але бедныя, бедныя яго рукi!

У гэтую хвiлiну дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшла сама старая свiння. Яна падышла да Эльфiна i, пяшчотна рохкаючы, пацерлася аб яго бокам.

— Вы толькi паглядзiце! — сказала мамка i абцерла слязу. — Жывёлiна, а разумее, усё разумее!

Сабрынэта пачухала свiнцы за вухам, бо ў Эльфiна цяпер рук не было.

— Адзiны сродак ад цмокавых апёкаў, - зноў сказала мамка, — гэта свiны тлушч. I адданая iстота ведае гэта.

— Нi за што ў свеце! — крыкнуў Эльфiн i паспрабаваў палашчыць свiнку абпаленым локцем.

— Няўжо нiчога iншага нельга прыдумаць? — спытала Прынцэса.

Але тут яшчэ адна, чорная, як вугаль, свiнка ўвайшла ў пакой. Потым яны пачалi ўваходзiць адна за адной, i неўзабаве ўвесь пакой быў запоўнены круглымi чорнымi свiннямi. Яны ласкава рохкалi, i кожная спрабавала падлезцi да Эльфiна.

— Ну… Увогуле ёсць яшчэ адзiн сродак, — адказала мамка. — Мiлыя, адданыя жывёлы! Яны ўсе гатовыя памерцi, каб уратаваць Эльфiна.

— Якi сродак, якi? — з хваляваннем перапытала Прынцэса.

— Калi ў каго-небудзь цмокавы апёк, — задуменным голасам пачала мамка, — i пэўная колькасць асобаў гатовая памерцi, каб уратаваць яго, дык кожнай з гэтых асоб дастаткова пацалаваць яго ў абпаленае месца i ад усяе душы пажадаць, каб раны загаiлiся.

— Колькi, скажы, колькi павiнна быць такiх асобаў?! — закрычала Прынцэса.

— Семдзесят сем.

— Свiнак семдзесят пяць, а я семдзесят шостая! — узрадавана лiчыла Прынцэса.

— Павiнна быць роўна семдзесят сем, а я ну нiяк не магу дзеля яго памерцi. Так што нiчога не зробiш, — сумна сказала мамка, — не будзе ў яго рук.

— Я ведаў пра гэты сродак, — усхвалявана сказаў Эльфiн. — Але я не думаў, што мае дарагiя свiннi i ты, мая каханая, так мяне любiце! Ёсць, праўда, яшчэ трэцi сродак, але лепш я памру, чым ажанюся з кiм-небудзь апроч цябе, мая мiлая!

— А з кiм табе трэба ажанiцца, каб загаiць цмокавыя апёкi? — спытала Сабрынэта.

— З сапраўднай Прынцэсай. Менавiта так Святы Георг уратаваў жыццё пасля бойкi з цмокам.

— Глядзi ты! — здзiвiлася мамка. — Я ўжо такая старая, але нават i чуць не чула пра гэта.

А Сабрынэта кiнулася да Эльфiна i моцна абняла яго.

— Тады ўсё цудоўна, мой мiлы, смелы, адзiны ў свеце Эльфiн, — пяшчотна сказала яна, — таму што я якраз i ёсць сама сапраўдная Прынцэса, а ты будзеш мой Прынц. Збiрайся хутчэй, мамулька, гэты раз можна выйсцi й без капелюша. Мы зараз пойдзем i адразу пажэнiмся.

I яны пайшлi, а ўрачыстыя чорныя свiннi чынна, выставiўшыся парамi, рушылi за iмi.

Як толькi Эльфiна i Сабрынэту абвясцiлi мужам i жонкай, рукi ў Эльфiна загаiлiся, i на iх не засталося нават следу ад цмокавых апёкаў.

Людзi, якiм Прынц Абрыдак i ягоныя гiпапатамы вельмi надакучылi, адразу абралi Сабрынэту i яе мужа паўнамоцнымi гаспадарамi краiны.

Наступнаю ранiцай Прынц з Прынцэсаю выправiлiся на шпацыр. Яны хацелi паглядзець, цi не прыбiла цмока да берага. Але лютага цмока яны нiдзе не знайшлi i толькi ўбачылi, як над вiрам узнiмаецца вялiкi стаўбур пары. Рыбакi сказалi, што вада на некалькi кiламетраў вакол зрабiлася такая гарачая, што з ёю можна галiцца.

Вада ў тых мясцiнах засталася гарачая i да нашых часоў: вось якi люты быў гэты цмок — нават цэлага мора не хапiла, каб астудзiць яго. Але з вiрам цмок справiцца не можа — толькi круцiцца ваўчком недзе ў самай глыбiнi мора i, сам таго не жадаючы, робiць карысную справу: грэе рыбакам ваду для галення.

А Прынц з Прынцэсаю кiруюць сваёю краiнай добра i мудра. Прынцэсiна мамка жыве разам з iмi, ёй нiчога не дазваляюць рабiць — хiба што вышыць Прынцэсе сукенку золатам, на што мамка вялiкая майстрыха.

Гiпапатамаў Прынц не трымае, i ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб падданыя яго вельмi любiлi.

Семдзесят пяць адданых свiнак жывуць у мармуровым свiнарнiку, усе ў асобных пакойчыках, i на дзвярах у iх выгравiраваныя мянушкi i вiсяць медзяныя званочкi. Два разы на дзень свiнкi прымаюць ванну: iх мыюць мяккiмi губкамi, прывезенымi з далёкiх краiн, i мылам, якое пахне браткамi. Нiхто не злуецца, калi яны выходзяць з Прынцам на шпацыр, бо свiнкi паводзяць сабе як сапраўдныя лэдзi, ходзяць толькi па тратуары i нiколi не збочваюць на траву.

Прынцэса ў сама першым сваiм загадзе пад страхам смерцi забаранiла ўжываць слова «свiнiна» i загадала нават выкрэслiць гэтае слова з усiх слоўнiкаў!

К. Грэхэм

Лагодны цмок

Вельмi-вельмi даўно — шэсцьсот, а можа, i семсот год назад — у маленькiм дамочку, што стаяў каля самых гор, жыў пастух з жонкай ды сынам. Амаль усе днi (а часам i ночы) пастух праводзiў высока ў гарах, i за сяброў яму там былi толькi сонца, зоркi, бараны ды авечкi. А людзi жылi з другога боку далiны ў вялiкай шумнае вёсцы.

Маленькi пастухоў сынок амаль увесь вольны час бавiў, уткнуўшы нос у тоўстыя кнiгi, якiя яму з радасцю давалi чытаць i тамтэйшы святар, i тамтэйшая шляхта, бо хлопчык быў ветлiвы, мiлы i таму вельмi ўсiм падабаўся. Бацькi таксама моцна любiлi свайго сыночка i ганарылiся iм, хоць нiчога такога нiколi пры iм не казалi. Яны заўсёды дазвалялi хлопцу займацца сваiмi справамi i ставiлiся да яго як да роўнага. Бацькi разумелi, што кнiжныя веды часам вельмi добра прыдаюцца ў жыццi.

Больш за ўсё хлопчыку падабалiся кнiгi па прыродазнаўству i казкi. Ён чытаў iх усе запар, адну за адной, нiбыта складаючы сэндвiч (i нам яго метода падаецца даволi-такi слушнай).

Iх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што…

Адным вечарам пастух, якi апошнiм часам быў чамусьцi нейкi знерваваны i заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукi ў яго дрыжалi ад жаху.

Жонка i сын сядзелi за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца.

Пастух узрушана прамовiў:

— Усё, Марыя, хопiць з мяне. Я болей не магу хадзiць у горы, i нiхто мяне не прымусiць гэта рабiць.

— Ну што ты, супакойся, — сказала жонка (а гэта была вельмi разумная й разважлiвая жанчына), — сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, i мы разам вырашым, што рабiць.

— Гэта пачалося некалькi дзён назад, — пачаў свой расказ пастух. — Ведаеце тую пячору на левым схiле? Я чамусьцi заўсёды яе недалюблiваў. Дый авечкам яна нiколi не падабалася, а вы самi ведаеце, што калi ўжо авечкi што-небудзь не ўпадабаюць — нiчога добрага чакаць не даводзiцца. Дык вось, апошнiм часам з тае пячоры чулiся нейкiя цяжкiя ўздыхi, сапенне i дзiўны храп. Так, так, сапраўдны храп, якi iшоў аднекуль здалёк i знiзу. Вядома, я часам i сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусiм не тое, разумееце?

— Я разумею, — цiха прамовiў хлопчык.

— Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзiць. Вельмi ўжо добрая там расце трава! I вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкi блiжэй. I там, побач з пячорай… О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!

— Убачыў каго? — запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.

— Дык я ж кажу: яго! — адказаў пастух. — Ён напалову высунуўся з пячоры i дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такi рамантычны выгляд… А велiчынёй ён з нашую хату i ўвесь пакрыты буйною блiскучай луской, цёмна-блакiтнай на спiне i бледна-зялёнаю на жываце. А калi ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць iскрынкi. Ён паклаў галаву на пярэднiя лапы i цiха мармытаў, нiбыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нiчога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу — паводзiў ён сябе вельмi прыстойна. I выгляд у яго мiралюбiвы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калi паглядзець з iншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далiбог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявiць, што мне гэта не прыснiлася. Не, я нiколi да гэтага не прызвычаюся i нiколi ўжо не прымушу сябе зноў хадзiць у горы.

Хлопчык, якi, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў i не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнiгу, пазяхнуў i, пачухаўшы патылiцу, сонным голасам прамовiў:

— Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькi цмок.

— Усяго толькi цмок?! — раз'юшыўся бацька. — Начытаўся рознай дрэнi! Я табе пакажу «цмок»! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!

— Але, гэта ўсяго толькi цмок, — паўтарыў хлопчык. — Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я — я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора — цмокава. Я быў упэўнены, што некалi яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзiся, тата, нiчога дзiўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явiўся цмок. Я болей здзiвiўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакiнь гэтую справу мне i не турбуйся болей.

Я паспрабую схадзiць да пячоры заўтра зранку цi схаджу ўвечары, бо зранку, вiдаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, i ты ўпэўнiшся, што ўсё добра i няма чаго хвалявацца.

Але ты павiнен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзiн. Бо ты зусiм не разумееш цмокаў i выпадкова можаш яго пакрыўдзiць. А цмокi вельмi ўразлiвыя i чуллiвыя iстоты.

— Наш сын мае рацыю, — разважным голасам сказала мацi. — Ён шмат чытае i сапраўды ўсё ведае пра цмокаў i розных iншых жывёл, якiя сустракаюцца ў кнiгах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную iстоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусiм адзiн, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовiцца няма з кiм. Можа, мы маглi б што-небудзь зрабiць для яго. Ну, а калi раптам гэты цмок не зусiм прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветлiць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмi ветлiвы, i звычайна ўсе любяць пагутарыць з iм.

Наступным вечарам, папiўшы гарбаты, хлопчык выправiўся ў горы. Ён iшоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалi толькi яны з бацькам.

Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, лянiва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок.

Перад ягонымi вачыма распасцiраўся цудоўны краявiд: улева i ўправа хвалямi дыбiлiся голыя горныя вяршынi, унiзе, у далiне, можна было разгледзець белыя нiткi дарог, якiя цягнулiся праз сады i прыгожыя палi, а на даляглядзе вiднелiся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду i гуляў з маладой траўкай. У аксамiтных цёмна-блакiтных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзiка.

Не дзiва, што цмок быў у паэтычным настроi. Выглядаў ён вельмi задаволеным, а калi хлопчык падышоў блiжэй, дык са здзiўленнем пачуў, што цмок цiхенька нешта вуркоча.

«Ну, сапраўды, што жывем, то вучымся, — падумаў хлопчык. — Нiводная кнiга не кажа, што цмокi вуркочуць».

— Прывiтанне, цмок, — цiха сказаў хлопчык, падыходзячы зусiм блiзка.

Пачуўшы яго хаду, цмок зрабiў быў ветлiвую спробу падняцца, але, убачыўшы, што яго турбуе ўсяго толькi хлопчык, сурова насупiў бровы.

— Толькi паспрабуй мяне ўдарыць, — закрычаў цмок, — цi кiнуць каменем, цi аблiць вадой, цi яшчэ што-небудзь! Не смей гэтага рабiць, а то я…

— Ды не збiраюся я цябе чапаць, не бойся, — стомлена сказаў хлопчык i апусцiўся на траву побач з жывёлай. — I, калi ласка, не кажы мне «не смей» — я ўвесь час толькi «не смей» i чую. А гэта так надакучвае, разумееш? Я проста зайшоў, каб даведацца, як твае справы. Можа, табе трэба што, ну й гэтак далей. Але калi я перашкаджаю, дык магу хуценька прыбрацца адсюль. У мяне шмат сяброў, i нiводзiн не скажа, што я маю звычку каму-небудзь навязвацца.

— Ну, прабач, не крыўдуй на мяне, — хуценька перапрасiў цмок. — Мне будзе прыемна пагутарыць з табою. Калi ласка, не спяшайся сыходзiць. Я, ведаеш, удзень увесь час заняты, нiводнай вольнай хвiлiнкi няма, даражэнькi ты мой, нiводнай вольнай хвiлiнкi! Але ўвечары… Дый, памiж намi кажучы, увогуле бывае крыху сумнавата.

Хлопчык сарваў сцяблiнку, пажаваў яе.

— Ты тут надоўга? — спытаў ён у цмока.

— Нават не ведаю, што адказаць. Пэўна яшчэ не вырашыў, - сказаў цмок. — Я ж тут зусiм нядаўна, трэба добра агледзецца, памеркаваць, а тады ўжо вырашаць. Сам разумееш, што ўсталявацца надоўга — вельмi складаная i сур'ёзная справа. Але мясцiны тут неблагiя. I апроч таго павiнен табе прызнацца (хоць ты пра мяне, напэўна, нiколi б так не падумаў, але ўжо што ёсць, то ёсць), — я страшны гультай.

— Ты мяне здзiўляеш, — ветлiва заўважыў хлопчык.

— Так, так, гэта сумная праўда, — пацвердзiў цмок, уладкоўваючыся яшчэ ўтульней. Ён быў страшна задаволены, што нарэшце ёсць з кiм паразмаўляць. — Я нават думаю, што трапiў сюды менавiта таму, што я гультай. Разумееш, усе астатнiя былi такiя жвавыя, такiя дзейныя, яны вельмi сур'ёзна i адказна ставiлiся да сваёй справы: увесь час буянiлi цi ладзiлi шалёныя бойкi, кiдалiся ачышчаць пяскi ў пустэльнi цi ўцiхамiрвалi марскiя хвалi, а то палявалi на рыцараў цi выкрадалi прынцэс — чаго толькi яны не выдумлялi! Ну, а што да мяне, дык я заўсёды любiў есцi строга па раскладзе — рэжым, ведаеш, вельмi iстотная рэч, а тым болей для цмокаў. Пад'еўшы, я абапiраўся спiнаю аб якую-небудзь утульную скалу i драмаў, а прачнуўшыся, разважаў пра нашае жыццё, якое цячэ, цячэ як рака… Таму, калi ўсё гэта здарылася, я нiчога не паспеў зрабiць.

— Калi здарылася што, ты не мог бы мне растлумачыць? — папытаўся хлопчык.

— А вось гэтага я якраз дакладна не ведаю. Было такое ўражанне, быццам Зямля глыбока ўздыхнула, а тады чыхнула так моцна, што недзе ўсярэдзiне выпала донца. Карацей кажучы, памятаю толькi нейкi моцны штуршок, жудасны шум, — i ўсё пачало валiцца ў пекла — поўны хаос. Я адразу самлеў, а калi апрытомнеў, дык быў глыбока пад зямлёй, зацiснуты з усiх бакоў. Але ж лiха без дабра не бывае. Дзякуй Богу, патрэбаў асаблiвых у мяне няма, i я нават парадаваўся, што нарэшце застаўся адзiн у цiшынi ды спакоi. Нiхто не чапляўся да мяне з прапановамi злётаць разам па якую прынцэсу цi прагуляцца за сотню мiль, каб паплаваць у моры.

Мне было аб чым паразважаць там, у глыбiнi, — мозг працаваў як нiколi, можаш паверыць. Але час iшоў, вакол зусiм нiчога не мянялася, i я патроху пачаў думаць, што было б цiкава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю i рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору.

Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявiд прыгожы. Дый людзi, з першага погляду, неблагiя (блiзка я, праўда, з iмi яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, вiдаць, тут i асяду, — скончыў цмок свой расказ.

— А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? — папытаўся хлопчык. — Мне гэта вельмi цiкава.

Цмок крыху пачырванеў i пачаў уважлiва разглядаць зорнае неба. Потым сарамлiва прамовiў:

— Скажы, а ты нiколi — ну так, дзеля забавы — не спрабаваў пiсаць вершы?

Хлопчык усмiхнуўся:

— Ну, безумоўна, я пiсаў вершы, i сякiя-такiя, на мой погляд, былi вельмi неблагiя, але ведаеш, нiхто з маiх паэзiяй асаблiва не цiкавiцца. Мацi заўсёды ўважлiва слухае, калi я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк… Ну, не зусiм…

— Як я цябе разумею! — радасна крыкнуў цмок. — Вось тое самае i са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробiш?! Але ж ты — ты iншы, я тваю адукаванасць i выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёмiлiся. I я вельмi хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякiх-такiх невялiчкiх твораў, якiя самi прыйшлi мне ў галаву, калi я сядзеў унiзе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёмiлiся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што i iншыя суседзi такiя ж мiлыя i выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмi прыстойнага джэнтльмена, але ён, вiдаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.

— Гэта быў мой бацька, — растлумачыў хлопчык, — ён сапраўды добры. Калi хочаш, я калi-небудзь вас пазнаёмлю.

— Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? — парадаваўся цмок. Вядома, калi вы нiчым не занятыя, — дадаў ён ветлiва.

— Дзякуй за запрашэнне, — усмiхнуўся хлопчык. — Але, ведаеш, мы з бацькам нiколi не ходзiм у госцi без мацi, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставiцца да цябе. Што нi кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. I калi ты кажаш, што збiраешся тут асесцi ды цiкавiшся суседзямi, дык баюся, ты не зусiм уяўляеш сваё становiшча. Ты ж вораг роду чалавечага!

— Нiчога падобнага! Ды ў мяне ва ўсiм свеце нiводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такiх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другiм, дык i сам iхнiя вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць?

— О, Божа! — уздыхнуў хлопчык. — Ну зрабi ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькi людзi даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамi, дзiдамi ды лукамi. Яны палiчаць, што ты мусiш быць знiшчаны. Бо ты для iх — кара Божая, брыдкi яшчар, агiдны монстр, жахлiвая пачвара!

— Ва ўсiм гэтым анiводнага слова праўды, — урачыста прамовiў цмок, пакруцiўшы галавой. — Мая асоба вытрымае сама пiльную праверку. Але слухай, калi ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзiн невялiчкi санет i быў бы ўдзячны, каб ты яго ацанiў.

— Калi не хочаш размаўляць сур'ёзна, — раззлаваўся хлопчык, устаючы, — дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма — мяне чакае мацi. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты — жахлiвы монстр, а то вокам мiргнуць не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння!

Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоiў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. I бацькi, якiя давяралi меркаванням сына, адразу перасталi хвалявацца.

А праз пэўны час хлопчык пазнаёмiў з цмокам свайго бацьку. Цмок i пастух нагаварылi адзiн аднаму шмат прыемных словаў i рассталiся цалкам задаволеныя сустрэчай.

Але пастухова жонка так i не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок i што ў вёсцы яго нiхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесцi ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь цi прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, якi захапляецца паэзiяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмi непакоiла).

Мацi дазваляла хлопчыку хадзiць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусiў не пазней за дзевятую гадзiну вечара.

Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры i вельмi прыемна бавiў са сваiм сябрам час. Шмат цiхiх летнiх вечароў правялi яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявiдам i з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мiнулыя часы, калi цмокаў было шмат, свет быў болей цiкавы, а жыццё — поўнае нечаканасцяў i прыгод.

Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават сама сцiплы, цiхi i спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цiкаўнасцi, калi ён памерам з добрую хату i ўвесь пакрыты буйною луской.

Кожны вечар вяскоўцы збiралiся ў шынку i гутарылi толькi пра цмока. Яны абмяркоўвалi яго памеры, яго злосны нораў i страшны выгляд. Вяскоўцы былi напалоханыя, але ў той жа час ганарылiся — не кожная вёска можа пахвалiцца сваiм уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знiшчыць i вызвалiць край ад брыдкага яшчара, агiднага монстра i жахлiвай пачвары!

На той факт, што за ўвесь час, калi цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, нiхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовiшся, а калi ён не жадае паводзiць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема!

Размовы размовамi, але героя, якi ўзяў бы шчыт, меч i добрую дзiду ды вызвалiў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўмiручаю славай, — такога героя чамусь не знаходзiлася. I таму кожны вечар жыхары вёскi разыходзiлiся па хатах незадаволеныя.

А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымi заходамi, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканалiў старыя вершы ды складаў новыя.

Але аднойчы, калi хлопчык зайшоў па нейкiх справах у вёску, ён вельмi здзiвiўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былi вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звiнелi царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамi, а людзi, апранутыя ў святочныя строi, стаялi абапал дарогi, штурхалiся i радасна шумелi. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра i пачаў прабiрацца да яго.

— Што здарылася? — закрычаў ён. — Каго чакаюць? Цырк? Цi мо яшчэ што?

— Усё цудоўна! — крыкнуў сябар яму ў адказ. — Ён едзе!

— Хто едзе? — перапытаў хлопчык.

— Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлi чуткi пра нашага цмока, i вось ён выправiўся ў дарогу, каб знiшчыць жахлiвага монстра i вызвалiць нас з-пад ягонай улады, — растлумачыў сябар. — Уяўляеш, якая будзе бойка?!

Вось навiна дык навiна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца i пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад i, стаiўшы дыханне, пачаў чакаць.

I вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкi, а тады — тупат вялiзнага каня. Сэрца ў хлопчыка забiлася хутчэй, i ён радасна закрычаў разам з усiмi, убачыўшы, як на вулiцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволi ехаў па вулiцы, не зважаючы на радасныя крыкi, мiльгаценне рознакаляровых насовак, лямант i плач жанчын, якiя на выцягнутых руках паднiмалi насустрач герою сваiх немаўлят.

Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, i ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення — да такой ступенi рыцарава хараство i грацыя пераўзыходзiлi ўсё сама чароўнае, што бачыў ён у сваiм жыццi.

Iнкруставаныя золатам даспехi блiшчалi на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, якi звiсаў з лукi сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакiтныя вочы падалiся хлопчыку суровымi i няўмольнымi.

Святы Георг спынiўся каля шынка, i вяскоўцы кiнулiся да яго ўсiм натоўпам. Яны вiталi героя, дзякавалi яму за прыезд, а болей за ўсё скардзiлiся на жахлiвую пачвару, якая нясе iм галечу i пагiбель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абаранiць iх i вызвалiць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня i ўвайшоў у шынок, а натоўп павалiў за iм.

Хлопчык з усiх ног кiнуўся да цмокавай пячоры. Нiколi яшчэ яму не даводзiлася бегаць так хутка.

— Усё скончана, цмок! — закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра. — Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабiць што-небудзь!

Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам — ён старанна вылiзваў сваю луску i палiраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава мацi. Луска блiшчала на сонцы, i цмок выглядаў проста чароўна — здалёк ён нагадваў гiганцкi кавалак бiрузы.

— Што гэта на цябе сёння найшло? Хiба можна так крычаць?! — адказаў цмок, не паварочваючы галавы. — Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кiруе назоўнiк, i тады скажы — хто прыйшоў?

— Я вельмi рады, што ты ўсё прымаеш так спакойна, — кплiва сказаў хлопчык, — спадзяюся, ты застанешся такi сама спакойны i вытрыманы i тады, калi пачуеш маю навiну. У вёсцы аб'явiўся Святы Георг — вось так! Ён прыехаў паўгадзiны таму. Вядома, для цябе, такога вялiзнага й дужага, бойка з iм — драбяза! Але я ўсё ж вырашыў папярэдзiць цябе на ўсялякi выпадак. Я ўпэўнены, што гэты Святы Георг паднiмецца яшчэ на золку, i ты вочы прадраць не паспееш, як ён ужо будзе тут са сваёй даўжэзнай i востраю дзiдай.

I хлопчык радасна заскакаў на адной назе вакол цмока, смакуючы наперад крывавую бойку.

— Бедны я, няшчасны, — застагнаў цмок, — як гэта жахлiва. Не, я не прыму яго нi ў якiм разе! Я з iм зусiм не знаёмы. I я чамусьцi цалкам упэўнены, што ён мне не спадабаецца. Ты павiнен як мага хутчэй сказаць яму, каб ён тэрмiнова ад'язджаў. Я не магу забаранiць яму напiсаць мне, але катэгарычна адмаўляюся даваць iнтэрв'ю. Скажы, што я нiкога не прымаю.

— Цмок! Ну, ты што?! — пачаў угаворваць яго хлопчык. — Хiба можна быць такiм баязлiўцам? Ты зразумей: табе ўсё роўна давядзецца з iм бiцца, не сёння, дык заўтра, бо ты — цмок, а ён — Святы Георг! Ведаеш, як у нас кажуць? «Перш папрацуй, а тады й патанцуй». Зладзiм бойку, а тады пiшы сабе санеты, колькi ўлезе. Дый трэба ж i пра iншых думаць! Калi табе часам бывае сумна, дык уявi, як сумна бывае мне!

— Шаноўны мой сябар, — цырымонна прамовiў цмок, — я хачу, каб ты раз i назаўсёды зразумеў адну простую рэч: я не магу бiцца, i я не буду бiцца. Нiколi за сваё немалое жыццё я не браў удзелу ў бойках i пачынаць цяпер, дзеля тваёй забавы, не збiраюся. У былыя часы я заўсёды пакiдаў бойкi iншым — лепшым за мяне, i я ўпэўнены, што менавiта таму маю шчасце быць цяпер тут, побач з табой.

— Але калi ты адмовiшся бiцца, дык ён проста адсячэ табе галаву! жахнуўся шаноўны сябар i вельмi засмуцiўся: яму шкада было не ўбачыць бойкi i яшчэ болей шкада згубiць такога сябра.

— Ну, я не думаю, што ўсё ўжо гэтак дрэнна, — лянiва сказаў цмок. — Ты ж знойдзеш якое-небудзь выйсце. Я цалкам табе давяраю i ўпэўнены, што ты цудоўна ўсё ўладзiш. А цяпер, iдзi, даражэнькi мой, i як-небудзь там ужо дамоўся. Я на цябе вельмi спадзяюся.

Хлопчык, у маркотным настроi, не спяшаючыся, пацягнуўся да вёскi. Па-першае, ён быў засмучаны, што бойкi не будзе, а па-другое, ён быў расчараваны, што яго ўлюбёны цмок не паказаў сябе як адважны ваяр.

— «Знойдзеш выйсце», «уладзiш справы», — ледзь не плачучы, разважаў ён. Цмок, пэўна, думае, што ад бойкi гэтак жа лёгка адмовiцца, як ад запрашэння на гарбату цi на партыю ў кракет.

Калi хлопчык прыйшоў у вёску, вяскоўцы ў цудоўным настроi разыходзiлiся па хатах. Усе голасна абмяркоўвалi бойку, якая павiнна была адбыцца на наступны дзень. Хлопчык скiраваў да шынка i, калi ўвайшоў, убачыў Святога Георга, якi сядзеў за сталом. Той сядзеў у адзiноце, узважваючы свае шанцы ў заўтрашняй бойцы ды прыгадваючы сумныя, поўныя крывi i жаху расказы пра цмокавых ахвяраў (а такiх расказаў яму давялося выслухаць нiяк не меней за сотню).

— Святы Георг, можна мне ўвайсцi? — ветлiва запытаў хлопчык, спынiўшыся ля дзвярэй. — Я хацеў бы паведамiць табе сёе-тое пра цмока. Вядома, калi гэтая тэма табе яшчэ не надта надакучыла.

— Заходзь, заходзь, мiлы хлопчык, — прыязна прамовiў Святы Георг. — Яшчэ адна сумная гiсторыя, так я разумею? Жахлiвы яшчар пакiнуў цябе сiрацiнаю? Цi, можа, ты аплакваеш сястру цi брата? Суцешся. Хутка ён сплацiць за ўсе крыўды сваёю крывёй. Клянуся, я адпомшчу за нявiнныя ахвяры!

— Ды нiчога такога, — пачаў хлопчык. — Проста адбылося пэўнае непаразуменне, i я зараз усё табе растлумачу. Рэч у тым, што гэта — добры цмок.

— Але, але, — усмiхнуўся Святы Георг, — я цудоўна разумею. Добры цмок. Прыемна чуць, што вораг варты маёй зброi, што гэта не нейкi там ледзь жывы прадстаўнiк гэтай шкоднай пароды.

— Ды я ж кажу, што ён зусiм не шкодны! — узрушана крыкнуў хлопчык. — Божа, як людзi дурнеюць, забiваючы сабе галаву немаведама чым i не жадаючы думаць! Калi я кажу, што гэта добры цмок, дык маю на ўвазе менавiта, што ён добры! Гэты цмок — мой сябар, ён расказвае мне найцудоўнейшыя гiсторыi пра тыя даўнiя часы, калi ён яшчэ сам быў маленькi. Ён такi добры, што з iм пасябравала нават мая мацi, i яна гатовая дзеля яго на ўсё. I бацька палюбiў яго, хоць бацька ў мяне не надта цямiць у мастацтве ды паэзii i заўсёды засынае, калi цмок пачынае разважаць пра стыль. Сустрэўшыся з iм, проста немагчыма яго не палюбiць! Ён такi чароўны, ды яшчэ такi даверлiвы i просты — як дзiця!

— Вазьмi крэсла i сядай блiжэй, — сказаў Святы Георг. — Добра, што ты так абараняеш свайго сябра, i, вiдаць, у цмока ёсць пэўныя добрыя якасцi, iначай у яго не было б такога сябра, як ты. Але ж пытанне зусiм не ў гэтым! Цэлы дзень з невыносным жалем i гневам я выслухоўваў поўныя слёз i смутку расказы пра забойствы, крадзяжы ды пажары. Можа, яны былi занадта эмацыянальныя i не заўсёды вельмi пераканаўчыя, але агульная карцiна злачынстваў ясная. Гiсторыя вучыць нас, мiлы хлопчык, што шмат хто з сама адпетых злачынцаў падаваўся чароўным сваiм крэўным i блiзкiм. Таму я лiчу, што твой выхаваны i адукаваны сябар, не зважаючы на яго добрыя якасцi (якiя заслужана выклiкаюць тваю павагу i захапленне), павiнен быць знiшчаны як мага хутчэй.

— Дык ты паверыў усiм гэтым байкам?! — расхваляваўся хлопчык. — Ну, вядома ж, ты тут чужынец i не ведаеш, што нашая вёска па ўсёй акрузе знакамiтая сваiмi выдумшчыкамi. А сказаць табе, што для iх сама галоўнае, без чаго яны жыць не могуць? Бойка! Хлебам iх не кармi — падавай бойку! Усё роўна якую: сабакi — добра, пеўнi — добра, цмокi — яшчэ лепш! Мiж iншым, нават цяпер у стайнi яны трымаюць нi ў чым не вiнаватага барсука. Яны збiралiся пазабавiцца з iм сёння ўвечары, але з'явiўся ты — яшчэ лепшая забава! Я ўпэўнены, што яны наўзахапкi пераконвалi цябе, што ты герой, што ты абавязкова пераможаш цмока, таму што будзеш змагацца за добрую справу. Цi не так? Але якраз у гэтую хвiлiну яны б'юцца аб заклад i ставяць шэсць супраць чатырох на карысць цмока!

— Шэсць супраць чатырох на карысць цмока! — сумна прамармытаў Святы Георг i паклаў галаву на рукi. — Так, свет поўны зла, i часам падаецца, што яно iснуе само па сабе i зусiм не заўсёды мае дачыненне да цмокаў. I ўсё ж, Святы Георг насцярожана падняў галаву, — можа, каварная iстота цябе сюды паслала з тайным намерам абялiць сябе? А можа, там, у яго пячоры бруднай, прынцэса слёзы лье ў пакутах?

Скончыўшы прамову, Святы Георг зiрнуў на хлопчыка i, схамянуўшыся, пашкадаваў аб сваiх словах — у хлопчыка быў яўна расчараваны i непрыемна здзiўлены выгляд.

— Я клянуся табе, Святы Георг, — шчыра сказаў ён, — нiчога такога ў яго чыста прыбранай пячоры няма. Цмок сапраўдны джэнтльмен — ад носа да кончыка хваста. I ён быў бы неверагодна шакiраваны i засмучаны, калi б пачуў, як вольна ты разважаеш пра рэчы, наконт якiх у яго вельмi кансэрватыўныя погляды.

— Ну, прабач, калi ласка, вiдаць, я сапраўды занадта даў веры ўсiм гэтым гiсторыям i пакрыўдзiў нi ў чым не вiнаватую жывёлу. Але што нам рабiць цяпер? Паводле правiлаў, мы з цмокам павiнны прагнуць крывi i смерцi адзiн другога. Я не бачу нiякага выйсця. А што прапануеш ты? Можа, ты як-небудзь уладзiш справу?

— Ну вось, тое самае сказаў цмок, — уздыхнуў хлопчык. — Ваш з цмокам давер вельмi мяне кранае, але што з таго… А ты не можаш проста цiхенька з'ехаць адсюль?

— Не, баюся, гэта немагчыма, — у сваю чаргу ўздыхнуў Святы Георг. — Не па правiлах. Ты ж не горш за мяне гэта ведаеш.

— Ну, тады вось што, — прапанаваў хлопчык. — Пакуль яшчэ не надта позна, давай разам сходзiм да цмока i там абмяркуем нашае становiшча. Ён жыве недалёка i будзе рады бачыць любога майго сябра.

— Гэта таксама не па правiлах. Я нiколi не наносiў вiзiты цмокам, адказаў Святы Георг, устаючы. — Але, напэўна, нiчога разумнейшага не прыдумаеш. А ты малайчына, — дадаў ён, скiроўваючы да дзвярэй. — Не кожны можа пахвалiцца такiм сябрам, як ты. Ну, супакойся, можа, усё абыдзецца, i нiякай бойкi не будзе.

— Але ж я спадзяюся, што будзе, — адказаў верны цмокаў сябар.

— Гэй, цмок, я прывёў да цябе сябра! — гучна паведамiў хлопчык.

Цмок, якi салодка драмаў, адразу прачнуўся.

— Я тут крыху задумаўся, — сказаў ён. — Вельмi прыемна пазнаёмiцца, сэр. Цудоўнае сёння надвор'е…

— Гэта Святы Георг, — абсек яго хлопчык. — Святы Георг, дазволь пазнаёмiць цябе з цмокам. Цмок, мы прыйшлi сюды, каб спакойна i сур'ёзна абмеркаваць нашае становiшча. Таму я буду вельмi ўдзячны, калi ты забудзешся на ўсе свае высокiя iдэi i тэорыi i падыдзеш да справы практычна, па-дзелавому. Апроч таго мушу дадаць, што мяне чакае мацi.

— Вельмi рады сустрэчы, Святы Георг, — знервавана пачаў цмок, — я чуў, што ты вядомы падарожнiк, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, i калi цябе зацiкавяць гiстарычныя помнiкi, якiя захавалiся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем…

— Мне падаецца, — прыязна перапынiў яго Святы Георг, — што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра i паспрабаваць знайсцi выйсце, якое б задаволiла i цябе, i мяне. Сама простае, на мой погляд, — зрабiць усё па правiлах — зладзiць бойку, i няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе варты. Дарэчы, — дадаў ён, — там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.

— Цмок! Ну, пагадзiся, калi ласка! Як будзе цудоўна! — узрадаваўся хлопчык.

— Мой юны сябар, змоўкнi зараз жа! — сурова спынiў яго цмок. — Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамi, маiмi адзiнымi сябрамi, просьбу. Але ж усё гэта — поўная бязглуздзiца, дзiкунскiя норавы i агульная тупалобасць. Уся справа выскваркi не вартая. Зразумейце: бiцца я не збiраюся, i таму няма пра што нават гаворку весцi.

— Але ж я, вiдаць, магу прымусiць цябе бiцца?! — неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.

— Нi ў якiм разе! — з трыюмфам адказаў цмок. — Я залезу ў сваю глыбокую нару i буду там спакойна адпачываць. I табе вельмi хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькi ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў — бо, шчыра кажучы, гэтыя мясцiны прыйшлiся мне даспадобы, i я думаю тут застацца.

Пэўны час Святы Георг моўчкi пазiраў на прыгожы краявiд. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:

— Ты толькi паглядзi, якое чароўнае месца для бойкi! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугi гор, мае залатыя даспехi на фоне тваёй блакiтнай скуры, якая ажно зiхцiць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца вiдовiшча!

— Напiнаеш на мае мастацкiя схiльнасцi? — усмiхнуўся цмок. — Нiчога не атрымаецца, не спадзявайся. Хоць, безумоўна, карцiна магла б быць цудоўная, дадаў ён, крыху завагаўшыся.

— Ну, нарэшце, — узрадаваўся хлопчык, — здаецца, мы пачынаем наблiжацца да справы. Ты ж павiнен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялiкае жаданне зноў лезцi ў гэтую старую брудную нару i сядзець там да скону.

— Цывiлiзаваныя людзi заўсёды могуць дамовiцца, — разважна сказаў Святы Георг. — Мне трэба будзе праткнуць цябе дзiдай, тут ужо нiчога не зробiш, але зусiм не абавязкова рабiць табе балюча. Ты такi вялiзны, што ёсць, прынамсi, некалькi неiстотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. Не думаю, што тут будзе вельмi балюча.

— Не, Георг, — засаромеўся цмок, — гэтае месца зусiм не падыходзiць. Нават калi мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе i нават вельмi), але нават калi не будзе, дык будзе козытна — я зарагачу i ўсё сапсую.

— Добра, — цярплiва ўздыхнуў Святы Георг, — а калi вось тут, пад падбароддзем, — тут у цябе такiя тоўстыя складкi ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.

— Так яно так, але ж цi здолееш ты патрапiць дзiдай туды, куды трэба? захваляваўся цмок.

— Ну вядома! — пакрыўджана запэўнiў яго Святы Георг. — Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзiся на мяне.

— Менавiта таму я i хвалююся, што нiчога iншага мне не застаецца, — крыху раздражнёна адказаў цмок. — О, я ведаю, ты будзеш вельмi шкадаваць, калi выпадкова, у спешцы, зробiш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж, — дадаў ён па-фiласофску, — часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не сама горшым.

— Паслухай, цмок, — незадаволена сказаў хлопчык, якому зусiм не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакi, — нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павiнна адбыцца бойка, вядома, ты павiнен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?

— Святы Георг, — звярнуўся цмок да рыцара, — растлумач, калi ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?

— Ну, згодна з правiламi, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, сказаў Святы Георг.

— Абсалютна верна, — падцвердзiў цмок. — А потым?

— Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў i прамоў, - працягваў Святы Георг. Я растлумачу, што ты скарыўся i зразумеў усе свае мiнулыя памылкi, ну, i гэтак далей.

— Так, так, — падганяў яго цмок, — а потым?..

— А потым… потым, вiдаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды…

— Гэтага я й чакаў, - задаволена хмыкнуў цмок, — банкет — сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, — сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, — я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзiноты. Нiхто па-сапраўднаму мяне не ведае i таму не можа ацанiць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара i нашага агульнага сябра — Святога Георга, якi так клапоцiцца пра мяне, я збiраюся ўвайсцi ў свет. Магу запэўнiць, што ў мяне дастаткова якасцей, якiя дазволяць мне быць як жаданым госцем, так i шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовiлiся, i цяпер, калi вы не супраць… Я старамодны i зусiм не хачу падацца няветлiвым… але ўжо даволi позна…

— Глядзi, цмок, ты павiнен выканаць сваю долю працы як след, — зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. — Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе — усякае там цмакаванне, полымевывярганне.

— З цмакаваннем усё будзе як мае быць, — даверлiва адказаў цмок, — а вось полымевывярганне… Проста дзiва, як хутка знiкаюць звычкi, калi няма практыкi. Але я паспрабую. Дабранач!

Святы Георг i хлопчык спусцiлiся з гары i падыходзiлi ўжо да вёскi, калi Святы Георг спынiўся, як шыбануты маланкай.

— Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! — крыкнуў ён. — Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?

Хлопчык пазяхнуў i адмоўна пакруцiў галавой.

— Я памiраю ад стомы, — прастагнаў ён. — Цяпер я ўжо не магу знайсцi табе нi прынцэсы, нi каго б там нi было яшчэ. Мяне чакае мацi, i яна, напэўна, пачала ўжо непакоiцца. Калi ласка, да заўтра не прасi ў мяне больш нi пра што.

Наступнаю ранiцай, як толькi ўзышло сонца, людзi пачалi збiрацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былi апранутыя ў святочныя строi i неслi з сабою кошыкi з ежай i пiтвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволi складана, бо бойка ёсць бойка, i ў цмока быў такi самы шанец на перамогу, як i ў Святога Георга. I калi пераможа цмок… Нават тыя, хто паставiў на яго свае грошы, адчувалi, што наўрад цi цмок будзе разбiрацца, хто падтрымлiваў яго, а хто не. Таму месцы выбiралiся з перасцярогай — каб можна было даць драла, калi раптам выпадзе такая патрэба.

Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.

Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?

Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.

Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва i хвост разляталiся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехi блiшчалi так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзiду, на кончыку якой трапятаўся маленькi белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, i конь знерухомеў.

Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.

«Давай, цмок! Давай!» — шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.

Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў «святых i цмокаў», гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.

Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: «Вооо-ох!» Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.

— Выдатна, цмок! — з захапленнем закрычаў хлопчык. — Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, — дадаў ён цiшэй.

Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь…

— Прамахнуўся!!! — залямантаваў натоўп.

Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.

Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.

«Першы раўнд скончыўся, — падумаў хлопчык. — Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!»

Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.

«Ага, значыць, у iх усё спланавана, — зразумеў хлопчык. — Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?»

Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмi проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялiкiм крузе i пускаць уздоўж пазваночнiка хвалi — ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калi ўлiчыць, што хвалi бягуць па цёмна-блакiтнай лусцы, дык можна ўявiць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабiцца ў публiкi поспеху, можна лiчыць, спраўдзiлася.

Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.

— Наперад!!! — грымнулi гледачы.

Цмок адразу перастаў цмакаваць i, павярнуўшыся да Святога Георга, пачаў скакаць у розныя бакi вялiкiмi нязграбнымi скачкамi i пры гэтым вiшчаў, як чырванаскуры iндзеец. Не дзiва, што такiя паводзiны збянтэжылi каня, i ён так хутка i рэзка кiнуўся ўбок, што Святы Георг ледзь утрымаўся ў сядле, паспеўшы ў апошнi момант учапiцца за конскую грыву. Калi ён праносiўся побач з цмокам, той злосна клацнуў зубамi i паспрабаваў ухапiць каня за хвост. Бедная жывёлiна, напалохаўшыся ледзь не да смерцi, паiмчала наўзгалоп, зусiм ужо не разбiраючы дарогi. У Святога Георга вылецела са стрэменi нага, i цяпер ён ужываў не надта шляхетныя выразы, каб неяк прымусiць каня спынiцца.

Пасля другога раўнда гледачы пачалi голасна вiтаць цмока. Было вiдаць, што iм спадабалiся ягоныя спартовыя паводзiны. Да цмока, якi гойсаў сюды-туды, выпнуўшы грудзi i высока падняўшы хвост, далятала нямала прыемных заўваг. Ён быў вельмi шчаслiвы, адчуваючы, як расце яго папулярнасць.

Тым часам Святы Георг спешыўся i, падцягваючы папругу, з усходнiм красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго i пра ўсiх яго сваякоў.

Хлопчык прабраўся да рыцара i, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзiду.

— Усё было цудоўна, Святы Георг, — выдыхнуў ён. — Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялi б?

— Не думаю, — адказаў рыцар. — Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вiтаюць, раздзьмецца ад пыхi, i яшчэ невядома, што можа прыйсцi яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.

Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзiду i ласкава ўсмiхнуўся яму.

— Не хвалюйся, — сказаў ён, — я добра прыкмецiў, куды бiць, а цмок са свайго боку зробiць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзiны шанец трапiць на банкет.

Святы Георг напусцiў на сябе суровасць, зручней узяў дзiду i, прыцiснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а цiхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся i заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы блiжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, i абодва змагары пачалi моўчкi кружыць па пляцоўцы. Гледачы баялiся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволi доўга — аж некалькi хвiлiн, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукi Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякi зямлi — усё змяшалася, i калi пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылi i кiнулiся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпiлены да зямлi дзiдай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца i стаяў у цмока на пузе.

Хлопчык спалохаўся, што бедны стары цмок сапраўды забiты, i, штурхаючыся, хутчэй палез праз натоўп. Калi ён падабраўся да свайго сябра, той прыўзняў павека, хiтра падмiргнуў хлопчыку i зноў «знепрытомнеў». Ён быў сапраўды моцна прышпiлены да зямлi, але дзiда патрапiла якраз у дамоўленае месца, так што крывi не пралiлося нi кроплi.

— Хiба вы не збiраецеся адсячы яму галаву, сэр? — спытаў у Святога Георга адзiн з тых, хто ставiў на цмока i цяпер, зразумела, прагнуў помсты.

— Мне здаецца, што сёння гэта рабiць не варта, — прыязна ўсмiхнуўшыся, адказаў Святы Георг. — Цяпер жа гэта можна зрабiць калi заўгодна. Дык навошта спяшацца? Думаю, спачатку мы ўсе пойдзем у вёску, крыху падмацуемся, а потым я з iм сур'ёзна пагутару i спадзяюся, ён зразумее свае памылкi.

Пачуўшы магiчнае «падмацуемся», натоўп выстраiўся роўнымi шэрагамi i чакаў сiгналу выступаць. Час, калi можна было балбатаць, вiтаць, бiцца аб заклад, мiнуўся — настаў час дзейнiчаць. Ухапiўшы дзiду абедзвюма рукамi, Святы Георг выцягнуў яе з зямлi i вызвалiў цмока. Той павольна падняўся, абтрос пыл i ўважлiва агледзеўся — цi добра ён выглядае?

Нарэшце ўсе рушылi: наперадзе Святы Георг на баявым канi, следам утаймаваны цмок з хлопчыкам, i крыху за iмi — усе астатнiя. Так яны дайшлi да шынка.

Калi Святы Георг крыху падмацаваўся, ён выйшаў да жыхароў вёскi i выступiў перад iмi з урачыстай прамовай. У прамове ён даводзiў, што, прыклаўшы шмат намаганняў, вызвалiў iх з-пад улады злоснага монстра. Цяпер iм няма болей на што скардзiцца, i ў вёсцы павiнен запанаваць мiр i спакой. Рыцар зазначыў, што надта захапляцца бойкамi — непрыстойна, бо можа надысцi час, калi iм давядзецца змагацца самiм, а гэта зусiм не тое, што глядзець на бойку здалёк. Святы Георг сказаў, што ведае пра барсука, якога яны трымаюць у стайнi, i загадаў тэрмiнова яго адпусцiць. Потым ён паведамiў, што цмок адумаўся, зразумеў, што паводзiў сябе недаравальна, i абяцаў болей так не рабiць. Калi ж цяпер вяскоўцы пасябруюць з цмокам i папросяць яго застацца ў гэтых мясцiнах, дык ён, можа, нават i пагодзiцца. Апроч таго, Святы Георг папярэдзiў, што хлусiць i выдумляць усякае рознае — вялiкi грэх. На гэтым прамова скончылася. Тады цмок штурхануў хлопчыка ў бок i шэптам прызнаўся, што нават ён сам не здолеў бы сказаць лепей.

Нарэшце воплескi змоўклi, i ўсе разышлiся па хатах рыхтавацца да банкету.

Банкеты звычайна — вельмi прыемная рэч, якая заключаецца галоўным чынам у смачнай ежы, пiтве i добрай кампанii. Але сама прыемнае тое, што банкеты ладзяць, калi нешта добра скончылася i ўжо няма пра што хвалявацца. А заўтрашнi дзень тады падаецца вельмi далёкiм.

Святы Георг быў шчаслiвы, што бойка адбылася i яму не прыйшлося забiваць цмока, бо, шчыра кажучы, ён зусiм не любiў забiваць, хоць нярэдка, на жаль, бываў вымушаны гэта рабiць.

Цмок таксама быў шчаслiвы, што бойка адбылася i ён выйшаў з яе без нiводнае драпiны, ды яшчэ здабыўшы сабе папулярнасць.

I хлопчык быў шчаслiвы, што бойка адбылася i, нягледзячы на гэта, абодва ягоныя сябры выдатна пачуваюцца i цудоўна ставяцца адзiн да аднаго.

I ўсе астатнiя былi шчаслiвыя, што бойка адбылася, а больш iм нiчога й не было трэба. Шчасце было поўнае!

Цмок паводзiў сябе вельмi шляхетна — ён са скуры вылузваўся, каб кожнаму дагадзiць i сказаць хоць некалькi прыемных словаў. Ён зрабiўся душою кампанii, i складвалася нават уражанне, што банкет быў наладжаны менавiта ў ягоны гонар. Святы Георг i хлопчык былi ўсяго толькi цмокавымi гасцямi на гэтым свяце. Але цмок зусiм не заганарыўся — наадварот, праз кожныя дзесяць хвiлiн, ён нахiляўся да хлопчыка i прасiў:

— Слухай! Ты ж правядзеш мяне дадому пасля банкету?! Ну, калi ласка!

I хлопчык кожны раз згодна кiваў, хоць абяцаў мацi доўга не затрымлiвацца.

Нарэшце банкет скончыўся, i ўсе пачалi разыходзiцца. У паветры гучалi запрашэннi, вiншаваннi, добрыя пажаданнi. Развiтаўшыся з апошнiм госцем, цмок таксама выйшаў на вулiцу. Ён пачухаў патылiцу, сеў пасярэдзiне дарогi i ўтаропiўся ў зорнае неба.

— Якая чароўная ноч! — кепска артыкулюючы, прамовiў ён. — Чароўныя зоркi! Чароўнае месца! Не палезу я нi на якую гару, застаюся тут. Хлопчык абяцаў давесцi мяне дадому — вось няхай i, вядзе. Я нi за што не адказваю. За ўсё адказвае ён.

Яго галава ўпала на моцныя грудзi, i цмок мiрна заснуў.

— Уставай, цмок! — жаласна прасiў хлопчык. — Ты ж ведаеш, што мяне чакае мама! А ты прымусiў мяне паабяцаць, што я давяду цябе дадому. Каб я ведаў, што так будзе, нiколi б не згадзiўся!

Хлопчык сеў побач з цмокам i горка заплакаў. Дзверы з шынка адчынiлiся, на дарогу ўпала палоска святла. Гэта Святы Георг выйшаў падыхаць халодным начным паветрам. Ён быў здзiўлены, убачыўшы перад сабой дзве постацi — вялiзнага нерухомага цмока i маленькага хлопчыка, якi быў у слязах.

— Што здарылася, маленькi мой сябар? — добразычлiва папытаўся ён.

— Гэтая старая тоўстая бочка з элем! — рыдаў хлопчык. — Спачатку прымусiў мяне паабяцаць, што я давяду яго дадому, а цяпер кажа, што за ўсё адказваю я, i сам спакойна засынае! З тым жа поспехам можна завесцi дадому тарпу сена! А я так стамiўся, i мяне чакае мама… — i ён зарыдаў яшчэ мацней.

— Не плач. Я табе дапамагу, — супакоiў яго Святы Георг. — Мы давядзем яго дадому разам.

— Зараз жа прачынайся, цмок, — рэзка загадаў ён i патрос цмока за локаць.

Той расплюшчыў вочы i сонна прамармытаў:

— Якая ноч, Георг, чароўная…

— Цмок! — сурова перапынiў яго Святы Георг. — Як табе не сорамна! Хлопчыку ўжо даўно пара спаць, што скажа яго мацi, я нават уявiць не магу! Каб ты не быў такi эгаiст, дык адправiў бы яго дадому яшчэ дзве гадзiны назад!

— Ты маеш рацыю, Георг! — закрычаў цмок i рэзка ўстаў. — Беднае дзiця! Табе даўно пара спаць! Гэта недаравальна! Куды ты глядзеў, Святы Георг?! Нiякай адказнасцi! Хадзем хутчэй. Я абапруся на твой плячук, Георг, а ты, хлопчык, дай мне руку.

Так яны i рушылi, рука ў руцэ. Святло ў вокнах дамоў знiкла, але сябрам свяцiлi зоркi ды месяц. Калi яны завярнулi за вугал i знiклi з вачэй, халодны ветрык данёс абрыўкi старой балады. Я не ўпэўнены, але мне здаецца, што спяваў яе цмок!

Л. П. Хартлi

Конрад i цмок

Калiсьцi ў адной невялiчкай краiне, якая ляжала за пяць дзён язды ад Еўропы, жыў хлопчык. Былi ў яго мацi, бацька i два браты. Калi гэтая гiсторыя толькi пачалася, хлопчыку споўнiлася дванаццаць гадоў. Яму яшчэ не трэба было зарабляць сабе на хлеб, i цэлымi днямi ён гуляў у лесе, а часам назiраў, як ягоныя старэйшыя браты валяць i пiлуюць дрэвы. Гэтаксама як iх бацька, браты былi лесарубы; калi-нiкалi яны дазвалялi хлопчыку праехацца дадому вярхом на вялiзным камлi. Спачатку ён баяўся, а калi перамог страх, што звалiцца, такая язда пачала яму вельмi падабацца. I ён бы, можа, i часцей далучаўся да сваiх братоў, але баяўся, што старэйшы брат, Леа, можа сказаць: «Конрад, пара й табе чым-небудзь заняцца. Ану, патрымай коней пару хвiлiн» цi «Конрад, ану, падыдзi сюды ды нахiлi гэтае маленькае дрэўца, каб мне было зручней сячы». Вядома, Конраду даводзiлася дапамагаць, хоць iншы раз яго ўратоўваў сярэднi брат, Рудольф, якi казаў: «Леа, ды адчапiся ты ад хлопца, ад яго болей шкоды, чым карысцi». Тады Конрад i радаваўся, i сумаваў адначасова, бо ён быў бы й рады дапамагчы, але вельмi баяўся, што конi адцiснуць яму ногi цi дрэўца разагнецца й балюча стукне яго.

Конрад моцна любiў сваiх братоў, асаблiва Рудольфа, i вельмi ганарыўся iмi. Яны былi такiя дужыя i спрытныя! Ён быў упэўнены, што нават калi вырасце, нiколi не здолее быць такiм, як яны. «Мне не суджана быць лесарубам,» журыўся хлопчык.

Аднаго разу па абедзе Леа даў яму ў рукi сякеру i болей настойлiва, чым раней, узяўся вучыць, як ёю карыстацца. Конрад слухаў не надта ўважлiва, а потым так нязграбна махнуў сякерай, што яна, слiзгануўшы па кары дрэва, ударыла хлопцу па назе i рассекла чаравiк. Леа раз'юшана закрычаў на яго. Конрад заплакаў, кiнуў сякеру i, не чакаючы, пакуль Рудольф яго абаронiць, пабег у глыб лесу. Ён бег без перадыху, пакуль галасоў з прасекi стала зусiм не чуваць.

Лес вакол быў густы i маўклiвы. Ва ўсе бакi разбягалiся вузкiя сцяжынкi, якiя, аднак, нiкуды не вялi. Адна канчалася каля закiнутае прасекi, другая знiкала ў густым зараснiку. Але Конраду, якi на памяць ведаў гэтую частку лесу, было зусiм не страшна. Ён быў такi злы i пакрыўджаны на братоў, што нават не шкадаваў свайго сапсаванага чаравiка. Але ён вельмi баяўся, што ў яго рассечаная нага, бо тады яму давялося б праглынуць сваю гордасць i крыўду i, вярнуўшыся да братоў, прасiць, каб яго падвезлi, бо дадому было далёка iсцi.

Конрад уважлiва агледзеў дзiрку на чаравiку, але крывi не ўбачыў. Тады ён асцярожна зняў чаравiк — шкарпэтка была крыху рассечаная, але нага цэлая. Якое шчасце! «Гэта магiя, — вырашыў хлопчык, — белая магiя!» Вядома, белая магiя сустракаецца куды радзей за чорную, пра якую яму шмат расказвала мацi, бо лiчыла, што чорная магiя прыносiць шмат шкоды людзям, i хвалявалася за свайго сыночка. Ах, як цудоўна было б дзе-небудзь у лагчыне цi гаёчку спаткаць добрую чараўнiцу, якая ўратавала яго! Ён агледзеўся вакол i пацалаваў паветра, спадзеючыся прыцягнуць яе ўвагу, але нават калi чараўнiца й была побач, дык вырашыла застацца нябачнаю.

I ўсё ж Конрад, узрадаваўшыся, што застаўся цэлы, адчуў, што здольны на любыя прыгоды. Не, ён не будзе вяртацца да братоў — наадварот, ён пакажа iм, што не мае патрэбы ў iх абароне. Хлопчык вырашыў, што пойдзе ў лес далёка-далёка, куды яшчэ нiколi не заходзiў, i вернецца дадому толькi пад самую ноч. Стаяў цёплы восеньскi дзень, у лесе было шмат розных ягад, дый у заплечнiку засталiся сякiя-такiя харчы. I Конрад смела рушыў наперад.

Неўзабаве лес зрабiўся iншы: высокiя пагоркi змянялiся на вузкiя глыбокiя лагчыны, якiя хлопчыку даводзiлася пераходзiць у сама нiзкiх месцах (так яму, прынамсi, здавалася). Ён то караскаўся ўгару, то спускаўся ўнiз, прадзiраючыся праз гушчар, бо нiякiх сцежак тут не было. Конрад стамiўся. У тым месцы, дзе чаравiк быў рассечаны, грубая скура балюча муляла нагу. Не раз ён збiраўся павярнуць назад, але, калi ўзбiраўся на вяршыню аднаго пагорка i бачыў, што да наступнага зусiм рукою дастаць, ён вырашаў прайсцi яшчэ крыху i спускаўся ў новую маўклiвую лагчыну, залiтую сонцам, якое апусцiлася ўжо так нiзка, што хлопчык бачыў яго, не падымаючы галавы. Ён падумаў, што хутка пачне цямнець, i, спалохаўшыся, цвёрда вырашыў, што далей за наступны пагорак ужо не пойдзе. Але калi ён ускараскаўся на яго, перад яго вачыма ўзнiкла нi з чым не параўнальнае вiдовiшча. Каб убачыць такi цуд, хлопчык пагадзiўся б прайсцi ўтрая болей. Перад iм раскiнулася неабсяжная далiна, залiтая мяккiм аранжавым святлом, i на самым даляглядзе п аўставала высокая, як гара, i пляскатая, як лязо, скала, з якой нiбыта вырастаў замак. Немагчыма было сказаць, дзе канчаецца скала i дзе пачынаецца замак. Конрад напружыў зрок: паветра ў яго краiне было такое чыстае i празрыстае, што ўсё наўкола можна было ўбачыць з вельмi далёкай адлегласцi, — замак мог быць i за пяць мiляў ад яго, i за дзесць, а можа, i за дваццаць. I тут Конрад прыгадаў, што ў мацi на кухнi вiсiць карцiнка, на якой намаляваны такi самы замак. Ён адразу пазнаў яго: гэта быў каралеўскi замак.

Вакол замка адбывалася нешта незвычайнае. Замак быў упрыгожаны сцяжкамi, з яго расчыненых вокнаў звiсалi рознакаляровыя дываны i вышываныя золатам тканiны. На ветры трапяталiся чырвоныя стужкi. Уся прастора перад замкам была запоўненая чорнаю масай, якую на дзве часткi разразала дарога. Конрад зразумеў, што гэта абапал дарогi вялiкiм натоўпам стаяць нейкiя людзi, але вершнiкi ахоўваюць дарогу i нiкога на яе не прапускаюць. А па самай сярэдзiне дарогi, павольна i ўрачыста, па чытыры ў рад, iшлi герольды i трубiлi ў трубы. Раптам яны ўсе разам спынiлiся i выстраiлiся ўздоўж дарогi. Усё ацiхла, нават вецер стаiў дыханне, i сцяжкi абвiслi, як анучкi. Удалечынi ўзнiклi чатыры вершнiкi; за iмi, крыху воддаль, ехаў яшчэ адзiн. Ягоная вопратка, расшытая каштоўнымi камянямi, зырка блiшчала, на шаломе калыхалiся белыя страўсiныя пёры. Вершнiк ехаў, крыху нахiлiўшы галаву, — можа, ад гордасцi, а можа, ад сарамлiвасцi — цяжка было сказаць. А можа, так ён адказваў на прывiтальныя крыкi людзей, якiя махалi насоўкамi i падкiдалi ў паветра капелюшы?

Адзiнокi вершнiк наблiжаўся да палаца, а гледачы — i Конрад разам з iмi не зводзiлi з яго вачэй. Калi да першых прыступак заставалася ўжо ўсяго некалькi крокаў, раптам здарылася неверагоднае.

Паверхня скалы заварушылася, зморшчылася, у скале ўзнiкла вялiкая дзiрка, з якой валiў дым, потым адтуль высунулася галава, падобная да змяiнай, чорная як ноч, цвёрдая, як чорнае дрэва, вялiзная, як цень ад хмары. Яна пакруцiлася сюды-туды на тоўстае шыi i кiнулася наперад. Натоўп хлынуў назад, i вершнiк застаўся сам-насам з агiдным монстрам. Конрад убачыў, як рыцар азiрнуўся, каб ён завярнуў каня, дык мог бы яшчэ захаваць жыццё. Але шукаць паратунку ён не схацеў.

Конрад вельмi спалохаўся. I апошняе, што ён паспеў заўважыць, раней чым даў цягу, — гэта страшэнны ўраган, якi раптам узняўся вакол замка i ў адно iмгненне паздзiраў з яго ўсе ўпрыгожаннi: i сцяжкi, i дываны, i стужкi.

Дрэнныя навiны разлятаюцца хутка. Не было выключэннем i тое, што здарылася каля палаца. Таму дома нават не заўважылi, што Конрад згубiўся. Мацi, праўда, некалькi разоў пыталася: «Куды гэта Конрад падзеўся?» — але нiхто не мог нiчога ёй адказаць. Старэйшыя сыны i iх сябры толькi i рабiлi, што абмяркоўвалi жахлiвы лёс жанiха прынцэсы Гэрмiёны. Таго дня прынцэса павiнна была пабрацца шлюбам з сынам манарха суседняй дзяржавы. Гэта быў вельмi прыемны малады чалавек: галантны, смелы, прыгожы — добрая партыя для прынцэсы.

— А цi бачыла яго прынцэса калi-небудзь раней? — пацiкавiлася мацi.

— Якая рознiца?! — абурыўся муж. — Гэты шлюб зрабiў бы нас наймацнейшай дзяржавай! А хто цяпер захоча ўзяць яе ў жонкi?

— Ну, такiх, хто захоча, будзе болей, чым трэба, — упэўнена сказаў Леа. Прынцэсе толькi семнаццаць гадоў, i яна сама прыгожая дзяўчына ў свеце.

Спрачацца тут было немагчыма, бо Леа сказаў праўду. Пра прынцэсiну прыгажосць расказвалi легенды. Калi ў iншых краiнах мужчыны параўноўвалi каханую з ружаю, з сонцам цi зорамi, дык у iх каралеўстве найбольшаю пахвалою было параўнанне з прынцэсаю Гэрмiёнай.

Яна была такая прыгожая, што калi яна нешта рабiла цi нават проста размаўляла, — ужо адно гэта псавала яе прыгажосць. Таму прынцэса нiчога не рабiла i размаўляла вельмi рэдка. Яна амаль не выходзiла з палаца, шкадуючы сваiх падданых, бо як толькi яны яе бачылi, дык не маглi ўжо кахаць болей нiкога, апроч яе. Так яна i жыла ў самоце, i простыя людзi — такiя, як Конрад i яго браты, — нiчога пра яе не ведалi. Апроч таго, вядома, што прынцэса неверагодна прыгожая.

— Ясная рэч, — разважаў Леа, — новы жанiх павiнен быць добра ўзброены i падрыхтаваны да бойкi з цмокам. Што мог зрабiць гэты небарака? Ён шыкоўна апрануты, але ж без зброi… Каралю трэба будзе, вiдаць, выклiкаць палiцыю цi загадаць, каб замуравалi дзiрку ў скале, i тады цмок памрэ з голаду.

— Небарака прынцэса! — уздыхнула мацi. — Якi гэта ўдар для яе!

Потым яны пачалi спрачацца, дзе была прынцэса, калi цмок праглынуў яе няшчаснага жанiха. Адны казалi, што бачылi яе каля акна, другiя, — што яна якраз тады малiлася ў каплiцы. Але ўсё гэта былi толькi чуткi. Нарэшце бацька, стамiўшыся ад спрэчак, сказаў:

— А мне здаецца, што яе нiдзе не было.

— Як гэта так? Недзе ж яна павiнна была быць, — не пагадзiлiся астатнiя.

— Ну, я сказаў тое, што думаю, — адказаў бацька.

У гэты момант увайшоў Конрад. Ён чакаў, што яму дадуць дыхту за тое, што ён гэтак позна вярнуўся. I ў любы iншы дзень так бы яно i было. Але тым вечарам усе былi занадта ўсхваляваныя, i яго познi прыход быў успрыняты, як звычайны хлапечы жарт. Конрад хацеў быў расказаць пра тое, што ўбачыў у лесе. Але як толькi пачаў, перад яго вачыма раптам да драбнiц усплыло ўсё, што здарылася каля палаца. Хлопчык адразу спалатнеў i змоўк. Браты крыху пасмяялiся з малога i зноў пачалi размову пра цмока, пра прынцэсу ды пра яе жанiха.

Конрад вельмi стамiўся, дарога дадому падалася яму бясконцаю, але пакуль ён iшоў, яго ўвесь час падтрымлiвала думка, што бацькi i браты будуць з захапленнем слухаць пра ягоныя прыгоды. Якое ж яго чакала расчараваннс! Леа ўвогуле не зацiкавiўся расказам, а Рудольф сказаў, што з такой далечынi наўрад цi можна было што-небудзь добра разгледзець. Што зробiш, яны былi дарослыя, а ён малы… Што ён мог ведаць пра такую сур'ёзную справу?! Браты зноў пачалi балбатаць, абмяркоўваючы, колькi народу, апроч прынца, з'еў цмок ды куды магла падзецца рака чорнай крывi… I такi цудоўны дзень скончыўся для Конрада вельмi сумна.

Увесь каралеўскi двор быў, безумоўна, у жалобе. Дзеля знiшчэння цмока быў прызначаны генерал. Але з самага пачатку перад харугвай будучых мсцiўцаў, якiя падпарадкоўвалiся непасрэдна генералу, паўстала неадольная перашкода: цмок некуды знiк, не пакiнуўшы анiякiх слядоў. Нават дзiрка, праз якую ён вылазiў, таксама знiкла! Прафесiйныя альпiнiсты, надзейна прывязаныя вяроўкамi, абследавалi кожную пядзю скалы — спачатку дзеўбучы яе кiркамi, а потым разглядаючы ў мiкраскопы, — але не знайшлi анi шчылiны. Маленькiя кветкi, што чаплялiся за скалу i якiя прынцэса, па чутках, вельмi любiла, па-ранейшаму раслi i квiтнелi, нiбыта нiчога не здарылася.

Народ быў надта незадаволены працаю экспертнай камiсii. Усе казалi, што камiсiя шукае не там, дзе трэба, i толькi зацягвае справу. Якiя толькi спробы не рабiлiся, каб выманiць цмока! Скалу хiба што дынамiтам толькi не падрывалi, баючыся пашкодзiць замак.

Да цмока быў накiраваны герольд, якi ўвесь ажно калацiўся ад страху. Вучоныя цмакаведы вычыталi ў кнiгах, што ў былыя часы цмокi патрабавалi штогадовых чалавечых ахвяраў, i герольд павiнен быў запытацца ў цмока, якiя той выстаўляе ўмовы. Але цмок нiчога не адказаў.

Тады герольду загадалi закрануць цмокаву пыхлiвасць, выклiкаўшы на бойку з якiм-небудзь славутым асiлкам каралеўства. Няхай цмок прызначыць дзень i час, i пытанне (так цi iначай) будзе вырашанае назаўжды. Але зноў усё было марна: цмок не адказваў.

Тады герольд асмялеў i заявiў ужо ад сябе, што калi цмок такi баязлiвец, дык ён сам гатовы з iм бiцца цi нават паклiча малодшага брата. Дарма: цмок i на гэта не звярнуў увагi.

Тыднi складалiся ў месяцы, а цмок усё не паказваўся. Народ асмялеў. А тут яшчэ прыйшоў лiст ад караля суседняй дзяржавы. Усе думалi, што манарх, улюбёны старэйшы сын якога сустрэў такую страшную смерць, цяпер будзе патрабаваць кампенсацый i пагражаць iх краiне. Але той паставiўся да сумнага здарэння памяркоўна. Ён абвясцiў, што здымае з каралеўства адказнасць за смерць свайго сына, бо зразумела, што прадугледзець такую з'яву, як цмок, немагчыма, дый як бы там нi было — сапраўднаму рыцару пачэсна загiнуць дзеля сама прыгожай жанчыны ў свеце. Даведаўшыся пра такiя галантныя словы караля, людзi нават пачалi спадзявацца, што, можа, ён сам папросiць рукi прынцэсы Гэрмiёны: суседнi манарх быў удавец. Але так далёка яго шляхетнасць i рыцарскi дух не зайшлi.

I ўсё ж ад тых, хто хацеў ажанiцца з прынцэсай, не было адбою. Мала таго, пасля здарэння з цмокам iх колькасць павялiчылася ў некалькi разоў. Пагалоска пра цмока разнесла iмя Гэрмiёны ў такiя далёкiя краiны, куды не даходзiла слава нават пра яе прыгажосць. Што зробiш, цяпер яна была не толькi прыгажуня, але i пакутнiца. Казалi, што цмок — гэта цана, якую яна мусiць плацiць за сваё хараство.

Усё гэта ды яшчэ самотнае жыццё прынцэсы зрабiлi яе яшчэ болей чароўнаю i прывабнай. Усе, ад караля да апошняга старца, хацелi зрабiць дзеля яе хоць што-небудзь (але што — нiхто не ведаў). Штодня яна атрымоўвала лiсты цэлымi торбамi, i ў кожным было напiсанае адно i тое ж: прынцэса — найцудоўнейшая дзяўчына ў свеце, аўтар лiста горача яе кахае i хацеў бы сам, замест прынца, ахвяраваць дзеля яе жыццём. Былi такiя, хто заходзiў яшчэ далей i выказваў пажаданне, каб цмок з'явiўся зноў: тады яны маглi б прадэманстраваць сваю адданасць прынцэсе!

Але, праўду кажучы, нiхто не верыў, што цмок некалi зноўку з'явiцца. Некаторыя, хто на свае вочы цмока не бачыў, казалi, што цмок — звычайная галюцынацыя: проста ў прынца разарвалася сэрца ад шчасця, што ён апынуўся так блiзка да прынцэсы, а потым гледачы, п'яныя ад радасцi i хвалявання, усё астатняе выдумалi.

Але большасць была спакойная з iншае прычыны. Цмокi, як землятрусы цi каметы, — з'ява ўвогуле рэдкая. Таму знаўцы тэорыi iмавернасцей хоць i прызнавалi, што ведаюць пра iх няшмат, але выказвалi ўпэўненасць, што таму, хто ўжо аднойчы ў жыццi цмока бачыў, другi раз гэта не пагражае.

А некаторыя iшлi яшчэ далей i казалi, што цяпер, як нiколi раней, iх краiна абароненая ад цмокавых вiзiтаў. Iначай кажучы, краiна ўжо свайго цмока перажыла.

Праз паўтары гады цмок ужо здаваўся плёнам чыстай фантазii, i ўсе прыгадвалi яго толькi з усмешкай. Падчас святаў ды кiрмашоў людзi рабiлi цмачынае чучала, цягалi яго па вулiцах i разыгрывалi розныя смешныя сцэнкi. А газетчыкi, калi пiсалi ў сваiх артыкулах пра якую-небудзь уяўную, на iх погляд, небяспеку, вобразна называлi яе «цмокам прынцэсы Гэрмiёны».

Сустракалiся, праўда, i тыя, хто ставiўся да цмока вельмi сур'ёзна (хоць такiх было зусiм няшмат), усе яны дагэтуль дзякавалi Богу, што цмок не крануў нi iх, нi iхнiх сваякоў, нi крэўных. Тым часам будавалiся новыя фабрыкi i заводы, справы ў краiне iшлi добра, i яна квiтнела i багацела штодня.

Час жалобы мiнуўся, i нарэшце прынцэсе Гэрмiёне быў абраны новы жанiх.

Ён паходзiў з не менш славутага каралеўскага роду, чым першы (газеты пiсалi, што нават з яшчэ больш славутага). I яму рыхтавалi яшчэ болей урачыстую сустрэчу. Але гэтым разам усё павiнна было адбывацца паводле зусiм iншага сцэнарыя, каб нi ў кога не ўзнiкла згадак пра мiнулы прыём.

Адным з новаўвядзенняў быў узвод кулямётчыкаў, узброеных кулямётамi новай мадэлi. Кулямётчыкам выдалi безлiч набояў, што праўда, халастых, i ўзвод павiнен быў стаяць непадалёк ад месца, з якога мiнулы раз цмок вылез са скалы. Як вядома, першы жанiх, убачыўшы смяротную небяспеку, паспеў крыкнуць толькi нешта накшталт: «Дарагая Гэрмiёна!» — адным гэтым паспеўшы засведчыць прынцэсе сваю любоў i адданасць. Часу сказаць што-небудзь яшчэ ў яго не хапiла, i нiхто не мог дакладна прыгадаць нават гэтыя ягоныя словы. Таму новы жанiх прапанаваў, што ён укленчыць на першых прыступках лесвiцы, якая вядзе да замка, i скажа невялiчкую прамову — што-небудзь накшталт напалову малiтвы, напалову клятвы ў каханнi.

I вось дзень вяселля настаў. Падзiвiцца на гэтае вiдовiшча сабраўся вялiкi натоўп. Усе былi ў цудоўным настроi, бо прыйшлi, каб зрабiцца сведкамi падвойнага свята: па-першае, вяселля iх улюбёнай прынцэсы, а па-другое, яе вызвалення ад цмока. Салют халастымi з кулямётаў змешваўся з гукамi ваеннага марша, што даводзiла гледачоў да экстазу. Калi ж шчаслiвы абранец укленчыў, каб красамоўна выказаць Гэрмiёне свае пачуццi, запанавала мёртвая цiшыня. Ледзь толькi няшчасны прынц вымавiў апошнiя словы, як скала задрыжала, пачуўся жудасны рык, i… небарака ўзляцеў у паветра, зацiснуты ў страшнай цмачынай пашчы. Трымаючы сваю ахвяру ў зубах, цмок iмгненна схаваўся ў скале.

Натоўп быў ахоплены жахам. I яшчэ ўвесь наступны тыдзень у каралеўстве панаваў страх. Рабiлiся шалёныя спробы растлумачыць няшчасце шкоднiцтвам той цi iншай асобы, некампетэнтнасцю кiраўнiцтва дзяржавы. Шмат нi ў чым не вiнаватых людзей загiнула ад рук ашалелага натоўпу. Патаемна крытыкавалi нават караля.

Адну толькi прынцэсу нiхто не вiнавацiў. Як i мiнулым разам, у момант трагедыi яна была недзе адна, але нiхто не ведаў дзе. А калi неўзабаве Гэрмiёну, якая была амаль у непрытомнасцi, знайшлi ў сябе ў пакоi, усе былi ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькi хвiлiн яна села за стол i сваёю рукой напiсала некалькi суцяшальных словаў чалавеку, якi ледзь не зрабiўся яе свёкрам. Гэты лiст быў надрукаваны ў газетах, i, чытаючы яго, нiхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мiзэрнай i няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагi й захаплення рыцарам (прычым другi нават болей варты, чым першы). А ў канцы лiста яна дадавала, што, вiдаць, адзiнае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне — назаўжды схавацца за кляштарнымi мурамi. Гэтая заява выклiкала буру пратэсту. З усiх куткоў краiны пасыпалiся лiсты, падданыя малiлi прынцэсу перамянiць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лiсты, давялося пусцiць дадаткова дзесяткi паштовых цягнiкоў.

Нiякiх перабояў з прэтэндэнтамi на прынцэсiну руку не было — наадварот, iх колькасць значна павялiчылася. Прынцэсiна слава расла разам з яе няшчасцем. Яшчэ нiколi Гэрмiёна не была такой папулярнай.

Народ моцна парадавала заява вайсковых экспертаў, якiя запэўнiвалi, што трагiчны выпадак не паўтарыўся б, каб кулямётчыкi былi ўзброеныя сапраўднымi, а не халастымi набоямi. «Пару добрых кулямётных чэргаў, - казалi яны, — i не будзе пра што турбавацца!» Народ з радасцю iм паверыў.

Сапраўды, трэба, каб падрыхтоўка да прынцэсiнага вяселля цалкам вялася вайскоўцамi!

Галоўнакамандуючы аддаў загад наступным разам нiкога з пабочных асобаў на ўрачыстую цырымонiю вянчання не дапускаць. Ён вырашыў, што хоць цмокавы днi ўжо i злiчаныя, але лепей з iм усё ж не жартаваць. Эскорт новага жанiха (а жанiх ужо быў абраны) павiнен быў складацца выключна з прафесiйных вайскоўцаў, вымуштраваных i добра ўзброеных.

I вось вайскоўцы выступiлi па дарозе да замка на зыходныя пазiцыi. Сонца зiхацела на тысячах iх сталёвых шаломаў. Выгляд у iх быў непераможны!

Але — на жаль! — ледзь толькi прынц прамовiў словы кахання, як скала расшчапiлася i з'явiўся цмок. Сустрэча яму была падрыхтаваная вельмi цёплая: дзесяць тысяч вiнтовачных куль i залпы кулямётнага агню вылецелi яму насустрач! Але жорсткiя цмокавы вочы нават не мiргнулi. Ён быў пазбаўлены толькi аднае радасцi: калi ён схапiў прынца, агонь не сцiх, i прынц, пакуль цмок цягнуў яго ў сваё логвiшча, быў увесь прадзiраўлены кулямi. Прынца забiў уласны эскорт, хоць у разлiкi вайсковых экспертаў гэта, вiдаць, не ўваходзiла.

Каралеўскiя хронiкi наступных двух гадоў поўныя суму. Любы гiсторык з радасцю прапусцiў бы гэтыя жахлiвыя старонкi з жыцця краiны.

Запасы прынцаў — прэтэндэнтаў на прынцэсiну руку — усё ж не былi невычэрпныя i маглi ўрэшце скончыцца. Таму было вырашана прымаць прапановы ад рыцараў, якiя мелi шляхетнае паходжанне, але былi больш знакамiтыя сваiмi баявымi подзвiгамi, чым рангам.

Сем ддзён найлепшых рыцараў адзiн за адным павiнны былi выклiкаць цмока на смяротную бойку. Усе спадзявалiся, што калi цмок i пратрымаецца ўсе гэтыя сем дзён запар, дык, прынамсi, ужо стомiцца i на восьмы дзень будзе няздольны супрацьстаяць прынцу блакiтных крывей, якi, па чутках, асаблiвай удаласцю не вылучаўся.

Але… цмок зусiм не стамiўся, а наадварот — практыка пайшла яму на карысць, i ён расправiўся з прынцам гэтак жа лёгка, як i з сямю яго папярэднiкамi.

На гэтым скончыўся першы этап. Шляхетная кроў лiлася галонамi, але ўсё яшчэ знаходзiлiся рыцары, якiя прагнулi выпрабаваць лёс. Потым пачаўся ажыятаж, часткова заснаваны на дэмакратычным руху ў краiне, а часткова на пачуццях, якiя былi ў кожнага мужчыны (вартага так называцца) да прынцэсы Гэрмiёны. Чаму гонар вызвалiць прынцэсу належыць толькi прывiлеяванаму класу?! Кароль пагадзiўся, што гэта несправядлiва, i народ выставiў свайго кандыдата дужага, суровага каваля.

Пра шлюб каваля ды прынцэсы i гаворкi, вядома, не было. Каваль нават не марыў пра гэта. Стоячы каля прыступак, што вялi ў палац, разам са сваiмi вернымi сябрамi, якiя, рызыкуючы сабою, прыйшлi падтрымаць яго (бо гледачоў на той час ужо не дапускалi), каваль з радасцю сказаў бы некалькi словаў — калi не кахання, дык хоць нянавiсцi да цмока. Але яму было забаронена што-небудзь казаць, i, вiдаць, менавiта гэта захавала яму жыццё, бо цмок каваля не ўшанаваў — не выйшаў.

Цмокаў гнеў i прага крывi былi скiраваныя выключна на тых, хто па-сапраўднаму кахаў прынцэсу i мог, прынамсi тэарэтычна, пабрацца з ёй шлюбам. Цмок не быў ворагам людзей, ён быў асабiстым ворагам прынцэсы.

Як толькi гэта зразумелi, было нарэшце прынятае адзiнае разумнае рашэнне. Кароль — што праўда, насуперак сваёй волi — вымушаны быў даць згоду, i герольды абвясцiлi, што любы, хто заб'е цмока, возьме шлюб з прынцэсаю i атрымае палову каралеўства ў дадатак.

Падданыя зноў уздыхнулi з палёгкай. I чаму толькi нiхто раней не дадумаўся да такога простага рашэння? Надзея лунала ў паветры; публiку зноў дапусцiлi да вiдовiшча; бойкi адбывалiся штодня, i, хоць канец у кожнай быў аднолькавы, газетчыкi заўсёды знаходзiлi нешта падбадзёрвальнае: то цмок згубiў зуб, напрыклад, то на яго чорных грудзях з'явiлася нейкая шэрая пляма, то ён спазнiўся на некалькi секунд цi растаўсцеў ад добрага жыцця, а то нават усмiхнуўся i выглядаў амаль добразычлiва. Небаракам-героям таксама знаходзiлася некалькi прыемных словаў, i асаблiвая ўвага надавалася iх красамоўным прамовам, прысвечаным прынцэсе. Толькi паводле прамоваў i можна было параўнаць спаборнiкаў памiж сабой, бо iх дыялогi з цмокам нiчым не рознiлiся. Цмоку вельмi не даспадобы былi камплiменты, якiмi асыпалi прынцэсу. Чым болей гарачыя былi словы кахання, тым жудаснейшы быў канец.

Леа, Конрадаў брат, быў адзiн з першых валанцёраў i загiнуў па-геройску. Конрад вельмi сумаваў па сваiм энергiчным, нецярплiвым браце. Хiба маглi бацькi падумаць, што цмок, якi спачатку падаваўся такiм жа далёкiм, як кароль i прынцэса, знойдзе сабе ахвяру ў iх доме. Але яны ганарылiся сваiм сынам, гэта iх падтрымлiвала i памяншала боль. Конрад штодня занепадаў духам. Ён вельмi баяўся, што i Рудольфу, яго ўлюбёнаму брату, можа прыйсцi ў галаву думка выклiкаць цмока на бойку. Праўда, Рудольф быў не такi гарачы, як Леа, i апроч таго ён быў заручаны з адной мiлай дзяўчынай. А жанатым мужчынам было забаронена бiцца з цмокам, хоць, вядома, знаходзiлiся такiя, хто хаваў, што жанаты, i памiраў потым ад цмокавых зубоў смерцю халасцяка.

Конрад карыстаўся любою нагодай, каб пахвалiць Шарлоту, Рудольфаву нарачоную. Увесь час ён малiў Рудольфа хутчэй ажанiцца з ёю. Хвалюючыся за брата, Конрад аднойчы адважыўся нават сказаць, што Шарлота падаецца яму нават прыгажэйшай i чароўнейшай за прынцэсу. Рудольф загадаў яму змоўкнуць. калi ён не хоча, каб яго пабiлi.

— Я нiчога не кажу, прынцэса вельмi прыгожая, — не здаваўся Конрад, — але яна бялявая, а ты заўсёды казаў, што табе падабаюцца толькi брунеткi. А якiя чароўныя валасы ў Шарлоты! Чорныя, як крылы ў крумкача! Калi ласка, паабяцай, што пабярэшся з Шарлотай гэтым месяцам.

— Як я магу? — адказаў Рудольф. — У мяне няма нi грошай, нi дома. Куды я прывяду жонку?

Конрад ведаў, што гэта не зусiм так. Хоць Рудольф i лiчыўся за весялуна i зуха, але трацiў ён няшмат, i сякiя-такiя грошы ў яго вялiся. А сам Конрад, хоць зарабляў не шмат, але зусiм нiчога не трацiў.

— Калi ты паабяцаеш згуляць вяселле праз два тыднi, — малiў ён, — я аддам табе ўсе мае грошы i не пайду ва ўнiверсiтэт, а застануся лесарубам.

Уявiце сабе, як цяжка было беднаму хлопцу зрабiць такую прапанову. Але Рудольф толькi пасмяяўся.

— Трымай свае грошы, даражэнькi Конрад, яны спатрэбяцца, калi прыйдзе твая чарга бiцца з цмокам.

Такi адказ Конрада зусiм не абнадзеiў, i ён пачаў думаць, якiм iншым чынам уратаваць брата. Кароль абяцаў засыпаць золатам таго, хто прыдумае, як пазбавiцца ад цмока. Старыя бабкi, калекi i адданыя мужы дасылалi розныя прапановы. Напрыклад, дазволiць якому прэтэндэнту на прынцэсiну руку пранiкнуць у палац крадком, — прапанова не прайшла, бо нават калi ён i здолее прайсцi ў палац, дык цмок усё роўна застанецца жывы i здаровы. Прапаноўвалi змянiць каралеўскага чарадзея на якога iншага, больш кампетэнтнага. На гэта мiнiстр унутраных спраў адказаў, што на перавозе коней не мяняюць, што каралеўскi чарадзей мае сусветную вядомасць, што нiхто не ведае замка лепей чым ён, i, сама галоўнае, што чарадзей — адзiны прынцэсiн сябар, i было б вельмi жорстка пакiнуць яе без яго падтрымкi i парады.

Адзiн разумнiк (вiдаць, незадаволены ўладамi) нават дазволiў сабе заўвагу, што калi нiчога не зменiцца, дык прынцэса так i застанецца ў дзеўках. Газеты паднялi яго на смех, i ён згубiў працу.

«Каб толькi я мог прабрацца ў палац, — марыў Конрад, — можа, я там што-небудзь бы прыдумаў. Трэба напiсаць прынцэсе лiст, але вельмi тактоўна».

Ён пачаў пiсаць лiст, але асадка не слухалася яго. Яна нiбыта мела сваю волю, якая змагалася з ягонай. Замест каштоўных прапаноў на паперы з'яўлялiся куртатыя фразы кшталту «маё жыццё ў вашай уладзе», «нельга жадаць лепшай смерцi»… Стамiўшыся, ён дазволiў асадцы пiсаць самой. Калi лiст быў гатовы, ён з жахам убачыў, што з-пад яго пяра выйшла невялiчкае прызнанне ў каханнi да прынцэсы, падобнае да тых, што амаль штодня змяшчалi газеты ў калонцы гiстарычнай хронiкi (якая не надта адрознiвалася ад некралогаў). Конрад адкiнуў паперку i пачаў пiсаць зноў. Гэтым разам справа пайшла лепей. Ён паставiў подпiс, надпiсаў на агортцы: «Прынцэсе Гэрмiёне» — i занёс лiст на пошту. Хлопец ведаў, што прынцэса атрымае ягоны лiст толькi праз некалькi дзён, а то i тыдняў, бо ёй дасылаюць вельмi шмат лiстоў…

Калi Конрад вярнуўся дадому, ён знайшоў у сваiм пакоi Рудольфа, якi стаяў каля стала i нешта трымаў у руцэ.

— Ха-ха-ха! — засмяяўся ён. — Я цябе раскусiў!

Конрад не зразумеў, што той мае на ўвазе.

— Ага, — сказаў Рудольф, хаваючы рукi за спiнай, — дык ты мне хлусiў. Ты сам закахаўся ў прынцэсу. Ты ўгаворваў мяне не бiцца з цмокам, бо сам хочаш яго забiць i здабыць сабе славу!

Рудольф смяяўся, а напалоханы Конрад закрычаў:

— Не, ты нiчога не разумееш!

— Ану, паслухай, — сказаў Рудольф i пачаў чытаць Конрадава прызнанне ў каханнi. Спачатку кплiва, потым больш сур'ёзна, а скончыў са слязьмi ў вачах, голасам, якi дрыжаў ад пачуццяў, што захапiлi яго.

Хвiлiну абодва маўчалi. Конрад працягнуў руку, каб забраць паперку, але Рудольф не аддаў яе.

— Аддай, — папрасiў Конрад.

— А навошта яна табе? — запытаў брат.

— Я хачу яе спалiць! — закрычаў Конрад.

— Не, — усмiхнуўся Рудольф i цiхенька адштурхнуў Конрада. — Няхай пабудзе ў мяне, можа, калi прыдасца, хто ведае?!

Ён выйшаў, забраўшы паперку з сабой. Конрад гатовы быў памерцi, бо зразумеў, што зрабiў дурасць.

Ён меў рацыю. Праз два днi Рудольф, памiж iншым, паведамiў, што прапанаваў сябе за прэтэндэнта на прывiлей вызвалiць прынцэсу Гэрмiёну з-пад цмокавай улады i што ягоная прапанова была прынятая.

— Бойка адбудзецца ў аўторак, — весела аб'явiў ён, — бедны стары цмок!

Мацi загаласiла. Бацька моўчкi выйшаў з хаты i не вяртаўся больш за гадзiну. Конрад сядзеў, утаропiўшыся вачыма ў сцяну, i нiчога вакол сябе не бачыў. Нарэшце ён запытаў:

— А як жа Шарлота?

— Ну, — легкадумна адказаў Рудольф, — яна рада, што я пайду. Яна ўсё разумее i сама вельмi шкадуе прынцэсу. «Я ведала, што ты захочаш бiцца з цмокам, — сказала яна мне. — Я буду чакаць цябе».

— I гэта ўсё? — не паверыў Конрад.

— Яна мяне блаславiла.

Конрад задумаўся, потым запытаў:

— А ты прызнаўся ёй, што кахаеш прынцэсу?

Рудольфу зрабiлася няёмка:

— Як бы я ёй такое сказаў? Гэта было б не надта прыгожа. Ну i потым, я ж не па-сапраўднаму кахаю прынцэсу. Проста тое прызнанне, што ты напiсаў, прымусiла мяне адчуць, нiбыта я яе кахаю. (Конрад згодна кiўнуў.) Я паспрабую кахаць яе, пакуль будзе iсцi бойка. Калi цмок не паверыць мне, дык не выйдзе, i я згублю свой шанец. Але, — дадаў ён павесялеўшы, — я прачытаю тваё прызнанне, i гэта падмане цмока.

— А потым?

— Потым я вярнуся i ажанюся з Шарлотай. Яна мне верыць i ўсё разумее. А ты падаруеш нам крыху сваiх грошай, усе я не вазьму, бо я ж не хцiвы.

Ён выйшаў пасвiстваючы. Конрад самлеў ад жаху.

Каралеўскi палац, якi шмат вякоў таму быў пабудаваны на скале, з трох бакоў абкружанай глыбокiмi прорвамi, заўсёды лiчыўся непрыступным. Казалi, што ў самой скале было выбiта больш пакояў, чым пабудавана з каменю на скале. У познiя часы архiтэктары ўпрыгожвалi толькi знешнi выгляд палаца — дадавалi элегантныя вежкi ды балкончыкi.

Улюбёным прынцэсiным месцам у палацы быў пакой, так глыбока схаваны ў тоўшчы скалы, што сонечнае святло трапляла туды толькi пры дапамозе складанай сiстэмы люстраў. Немагчыма было здагадацца, якая пара года на двары, бо цэлы год у камiне гарэў агонь. Уваход у гэты пакой быў толькi адзiн — па стромкай вузкай лесвiцы, але, па чутках, выхадаў з яго было некалькi: цёмныя, нiзкiя праходы, якiя, напэўна, вялi да патаемных сховiшчаў у скале. Стагоддзямi нiхто iмi не карыстаўся i не цiкавiўся, але прынцэса захаплялася ўсiм таямнiчым i ведала праходы як свае пяць пальцаў. Часам яна нават палохала бацькоў — раптам узнiкала перад iмi нiбыта з паветра.

Гэрмiёна сядзела ў глыбокiм фатэлi ля камiна i гартала нейкiя паперы. Прачытаць iх яна не магла, бо не хапала святла. Раптам на паперы ўпаў нечы цень. Прынцэса падняла вочы. Перад ёю стаяў чалавек. Як ён тут апынуўся, яна ведала не больш за нас з вамi, але зусiм не здзiвiлася i не напалохалася.

— Ну што, — сказаў чарадзей (безумоўна, гэта быў ён), — ты ўсё яшчэ незадаволеная?

— Учора, прынамсi, усё прайшло цудоўна, — прашаптала прынцэса.

— Ты прачытаеш мне, што ён сказаў? — папрасiў чарадзей.

— Дай святла, — загадала прынцэса.

У тую ж хвiлiну пакой напоўнiўся залацiстым святлом. Гэрмiёна гартала паперы.

— Рудольф, Рудольф, — мармытала яна. — А, вось i ён. Табе сапраўды цiкава, што сказаў гэты небарака?

— Тое ж, што i iншыя?

— А што ж яшчэ? Але гэта асаблiва ўдалы экземпляр, — хоць прынцэса й намагалася, каб яе голас гучаў абыякава, было вiдаць, што яна вельмi задаволеная.

Яе цень, якi нiбыта жыў сваiм уласным жыццём, закалыхаўся, зморшчыўся i зрабiўся меней прыгожым. Прынцэса павярнула галаву i заўважыла гэта.

— Зноў гэты цень за сваё, — раздражнёна сказала Гэрмiёна i загадала чарадзею: — Прыбяры яго!

Цень знiк.

Прынцэса ўтульней уладкавалася ў фатэлi i чароўным голасам, але iмiтуючы вясковае вымаўленне, пачала чытаць:

«Мiласцiвая Прынцэса!

Ва ўсе часы людзi шкадавалi мiнулае i баялiся будучынi, але нiколi яшчэ гэта не было так слушна, як цяпер. Бо ў мiнулым не было Прынцэсы Гэрмiёны; у далёкай будучынi, мiлы анёл (дай табе Бог жыць вечна), не будзе прынцэсы Гэрмiёны — не будзе дзеля каго жыць, не будзе дзеля каго гiнуць. Таму я кажу: няшчаснае ўчора, горкае заўтра! Я бласлаўляю сённяшнi дзень, бласлаўляю гэтыя чароўныя хвiлiны, калi жыццё i смерць злiлiся ў адно, каб саслужыць табе апошнюю службу, каб праспяваць апошнюю песню!»

Прынцэса змоўкла, потым запытала звычайным голасам:

— Хiба ён не заслужыў, каб яго з'елi?

— Заслужыў, Ваша высокасць, яшчэ й як!

— А цяпер, — зноў загаварыла прынцэса, i яе голас загучаў жыва i ўсхвалявана, — я хачу прачытаць табе нешта зусiм iншага кшталту. Нiчога падобнага я яшчэ не атрымлiвала.

Цiхутка, нiбы сабака, якi завiнавацiўся, зноў прабраўшыся на сцяну, цень паказаў, што прынцэса нахмурылася ў задуменнi.

Было з чаго. Лiст быў напраўду вельмi дзiўны. Аўтар шчыра прызнаваўся, што ён не надта смелы, не надта моцны i зусiм не ўмее бiцца. Ён нават мышэй баiцца, дык што ён можа супраць цмока? Ён пiсаў, што прынцэса, якая, на яго погляд, вылучаецца не толькi прыгажосцю, але i немалым розумам, першая зразумее марнасць гэткай ахвяры. Але ён увесь час думае пра яе, шкадуе яе i быў бы шчаслiвы зрабiць для яе якую-небудзь, хай сабе i невялiчкую, паслугу. Ягонае сэрца сцiскаецца, калi ён уяўляе, як пакутуе бедная прынцэса, калi чакае зыходу бойкi памiж цмокам i яе чарговым рыцарам. Як ён хацеў бы палегчыць гэтыя цяжкiя хвiлiны! Ён лiчыў бы за вялiкi гонар, каб Гэрмiёна дазволiла яму пабыць побач (няхай нават за дзвярыма) у горкi час выпрабавання.

— Шкада, што не магу гэтага дазволiць, — уздыхнула прынцэса. — Ён мне падабаецца. Мне падабаецца, што ён не прапануе аддаць сваё жыццё. Мне падабаецца, што ён разумее, што жанчыне не надта прыемна глядзець, як мужчыны гiнуць праз сваю пыху ды славалюбства. Мне падабаецца, што ён лiчыць мяне разумнай. Мне падабаецца, што ён шануе мае пачуццi i гатовы быць побач у цяжкую хвiлiну, хоць нiякай славы гэтым не здабудзе. Я ўпэўненая, што, каб ён быў побач, дык заўсёды ведаў бы, у якiм я гуморы, i што мне патрэбна, ён увесь час клапацiўся б пра мяне. Ах, ён падабаецца мне з тысячы розных прычын! Мне нават падаецца, што я кахаю яго!

— Ваша высокасць! Ваша высокасць! — занерваваўся чарадзей. — Прыгадайце, калi ласка, умовы заклiнання.

— Паўтары мне iх, я забылася, — загадала прынцэса.

— Калi ён любiць,

А ты не,

Дык хутка быць

Яму ў труне,

— весела прапеў чарадзей.

— Вось i ўсё, што трэба ведаць, — уздыхнула прынцэса, якая, праўду кажучы, цудоўна памятала заклiнанне, — бо так заўжды было, так заўжды i будзе. Што ж, кажы далей.

— Калi ён любiць,

Як i ты,

Дык шанец ёсць,

Але якi?

— прадэкламаваў чарадзей крыху цiшэй.

— Але ж калi «ён» — гэта Конрад, дык ты мог бы паспрабаваць адгадаць, праўда? — какетлiва сказала прынцэса. — Ну, а якая апошняя ўмова?

Чарадзей панiзiў голас да шэпту:

— Калi ты любiш,

А ён не,

Нiшто цябе

Не ўберажэ.

— Ха, ха, ха! — зарагатала прынцэса, i цень на сцяне закалыхаўся, як матылёк над кветкай. — Мне ўсё роўна, я кахаю гэтага Конрада!

— Ён яшчэ юнак, Ваша высокасць, яму ўсяго семнаццаць.

— Мой улюбёны ўзрост, я кахаю яго!

— Гэта летуценнiк, а не мужчына, ды яшчэ баязлiвец i гультай!

— Я кахаю яго!

— Пакуль вы чыталi, я выклiкаў ягоны вобраз: у яго няма пярэдняга зуба!

— Мне абрыдлi прыгожыя твары з правiльнымi рысамi! Я кахаю яго!

— Ён рудавалосы, увесь у рабацiннi ды яшчэ й неахайны.

— Нiчога, я кахаю яго.

— Ён любiць насякомых i розных гадаў, ягоныя кiшэнi поўныя павукоў ды сараканожак.

— I я iх палюблю.

— Яму падабаюцца вадаспады, кветкi, горы…

— Кахаю яго яшчэ болей!

— Але, — сказаў чарадзей, раптам зрабiўшыся суровым, — я не ўпэўнены, што ён кахае вас!

— А, — ускрыкнула прынцэса, — дык менавiта таму я ў яго й закахалася!!!

Абодва змоўклi. Цень уздыхнуў i споўз на падлогу.

— Не можа быць, каб ён мяне не кахаў, - прамармытала прынцэса. — Мяне ўсе кахаюць, значыць, i ён таксама.

Яна падняла вочы на чарадзея, чакаючы, што ён пацвердзiць, але той знiк. Тут Гэрмiёна заўважыла згубу.

— Чарадзей! Чарадзей! — закрычала яна. — Ты забраў Конрадаў лiст. Вярнi яго!

Але калi чарадзей i пачуў яе, дык не падаў выгляду. Калi Конрадаў лiст быў надрукаваны ў газетах, пасыпалiся абураныя водгукi. Палiчылi, што ягоная прапанова абражае прынцэсу. «Сын лесаруба наймаецца ў мамкi!» — крычалi загалоўкi газет. Вядома, тлумачылi газетчыкi, прынцэса хацела б, каб ёй было на каго абаперцiся ў цяжкiя хвiлiны, i кожны жадаў бы падтрымаць яе, пачынаючы з бацькi-караля. Яна цудоўна магла б абысцiся без сына лесаруба. Але прынцэса не хацела, каб нехта бачыў яе пакуты i пакутаваў праз гэта сам. Таму яна збiрала апошнiя сiлы i прымала цяжкiя ўдары лёсу ў адзiноце. Дзе ўжо хлопцу-недарэку зразумець такiя тонкiя пачуццi, пiсалi газеты, але куды глядзелi ягоныя бацькi?! Двух сыноў яны выхавалi героямi, але трэцi…

Пасля смерцi Рудольфа Конрад быў такi няшчасны, што амаль не выходзiў з лесу: ён хадзiў па толькi яму вядомых сцежках, думаў пра братоў i часам плакаў. Сяброў у яго не было, i таму спачатку ён не тое, што не зважаў, а нават i не ведаў, якiя кплiвыя рэчы кажуць пра яго ўсе навокал. Але добрыя суседзi не маглi не растлумачыць ягоным бацькам, якую ганьбу наклiкаў iх малодшы сын на ўсю правiнцыю. Нават улады пачалi ўжо цiкавiцца, чаму гэта з iх мясцiн нашмат меней валанцёраў змагацца з цмокам, чым з iншых? Тут ужо пачала непакоiцца ўся правiнцыя, бо пайшлi чуткi, што чакаюць афiцыйнага прызыву юнакоў, якiя маглi б прадэманстраваць сваю адданасць i гераiзм каля замкавых муроў.

Конрадавы бацькi ўсё гэта ад яго ўтойвалi. Вядома, iм было вельмi прыкра, што iх сын напiсаў такi недарэчны лiст, але яны бачылi, як цяжка ён перажывае смерць братоў, i не хацелi псаваць яму настрой яшчэ болей.

Але даволi хутка Конрад пра ўсё даведаўся. Часам, калi ён гуляў па лесе, а асаблiва ўначы, зусiм побач пралятаў камень цi кiй. Калi ж ён падлавiў аднаго з нягоднiкаў — хлопца крыху маладзейшага за яго — i запатрабаваў растлумачыць прычыну такой увагi, той абазваў Конрада самымi брыдкiмi мянушкамi i недвухсэнсоўна сказаў, што Конрадаў лiст зганьбiў добрае iмя iх вёскi.

Конрад доўга думаў i нарэшце вырашыў, што яму засталося толькi адно: ён павiнен сам бiцца з цмокам.

Калi яго браты рыхтавалiся да бойкi, дык яны рабiлi розныя фiзiчныя практыкаваннi, выбягалi на прагулкi, нават не паснедаўшы, харчавалiся толькi карыснымi арганiзму пажыўнымi, але зусiм нясмачнымi стравамi. Убачыўшы якi-небудзь куст дзiўнае формы, яны ўяўлялi, што гэта цмок, прышпорвалi каня i раз'юшана накiдвалiся на яго з сякераю. Нiчога такога Конрад не рабiў, ды каб ён нават i паспрабаваў узмахнуць сякерай, не злезшы папярэдне з каня, дык абавязкова звалiўся б, бо добра трымацца на канi так i не навучыўся.

Не захацеў ён i трацiць свае грошы, каб набыць прыгожыя дарагiя даспехi ды шалом з пёрамi. Яго зусiм не турбавала, спадабаецца ён гледачам цi не.

Уся падрыхтоўка была вельмi простая i танная. Адзiнае, над чым яму давялося паламаць галаву, была прамова ў гонар прынцэсы.

Конрад цудоўна ведаў, што павiнен вымавiць словы кахання, бо iначай цмок не з'явiцца. Але пасля смерцi Рудольфа ягоная абыякавасць да прынцэсы перарасла ў варожасць, амаль у нянавiсць. Ён не мог прымусiць сябе сказаць, што кахае яе, нават схлусiць не мог. Таму ён падбiраў такiя выразы, якiя дурному агiднаму цмоку падалiся б словамi кахання, а для прамоўцы азначалi б нешта зусiм iншае.

Конрад, як i ўсе яго папярэднiкi, атрымаў афiцыйны лiст, запячатаны вялiкай чырвонаю пячаткай, у якiм было шмат камплiментаў i вызначаўся час бойкi. Конрад выехаў з дому вельмi рана, яшчэ ў прыцемку. Ён ехаў на канi, якога яму пазычыў бацька: конi цмока не спакушалi. Конрад з задавальненнем пайшоў бы й пешкi, але апроч ежы яму трэба было цягнуць сякеру, а да замка было далёка — семнаццаць мiль. На iм была старая вопратка, бо шкада было псаваць новую. Хлопец цiхенька ехаў па маўклiвых вулiцах, людзi спынялi працу i выходзiлi з хат, каб зiрнуць на яго. Усе ведалi, куды ён едзе, i якi лёс яго чакае. I хоць яны i не вiталi яго голасна, але ж i не кпiлi з яго. Ужо гэта было прыемна.

Нарэшце на даляглядзе паўстаў замак, i Конраду да драбнiц прыгадалася ўсё, што ён бачыў два гады таму. Ажно душа зайшлася ў хлопца, але ён не спынiўся i мужна паехаў далей.

Конрад не паспеў з'есцi свой сняданак, i торбачка з харчамi так i вiсела ў яго на шыi. Калi ён прыгадаў гэта, яму зрабiлася няёмка i боязна, што людзi пачнуць смяяцца. Але смяяцца амаль не было каму — нiкога не вабiў спектакль, бо ўжо занадта часта яго гулялi.

I ўсё ж, калi ён пад'ехаў блiжэй да замкавых муроў, народ пачаў збiрацца. Нейкi маленькi хлопчык прадудзеў на трубе ў вуха Конрадаваму каню. Той напалохаўся, адскочыў убок, i, як Конрад нi хапаўся за ягоную грыву, конь усё ж яго скiнуў.

Усе вакол зарагаталi. Ну як не пасмяяцца з героя, якi нават на канi ўтрымацца не можа?!

Конрад пасаромеўся зноў залазiць на каня i ўзрадаваўся, калi нейкi добразычлiвы чалавек прапанаваў патрымаць жывёлiну, пакуль Конрад будзе заняты з цмокам.

Конрад уяўляў сабе, як дзiўна ён выглядае: пешкi, у запыленай вопратцы, ды яшчэ з сякерай, на якую ён абапiраўся, як на кiй. Натоўп, якому падабалiся прыгожыя, вясёлыя, зухаватыя героi, прыняў яго вельмi халодна.

Зусiм iначай на яго з'яўленне адрэагавалi ў замку. Прыцiснуўшыся тварам да вакна i стаiўшы дыханне, прынцэса Гэрмiёна назiрала за кожным ягоным крокам. «Гэта ён, гэта мой Конрад! — у захапленнi шаптала яна. — Ах, чарадзей, ну, пачакай яшчэ хвiлiну! Дай мне яшчэ разок зiрнуць на яго!»

Конрад усё блiжэй падыходзiў да замка, яму вельмi хацелася чым-небудзь парадаваць гледачоў, але ён толькi i здолеў, што нервова ўсмiхнуцца. У ягонай кiшэнi ляжала пляшачка з хлараформам, якую ён папярэдне загарнуў у насоўку. Яшчэ нiхто да яго не спрабаваў выкарыстаць супраць цмока што-небудзь, апроч звычайнай сталi.

Раптам Конрад заўважыў, што вакол нiкога не засталося. Гадзiннiк на замкавай вежы прабiў тры разы. Час надышоў!

Конрад павольна зняў капялюш, у якiм ляжала паперка з напiсанай на ёй прамовай на той выпадак, калi раптам усе словы вылецяць з галавы. Потым ён укленчыў i сказаў:

— Найчароўнейшая прынцэса! Нарэшце надышла хвiлiна, якую я так доўга чакаў. З якiмi пачуццямi? Здагадацца не цяжка. Тыя, што прыходзiлi сюды да мяне, узносiлi табе хвалу, дык хто я такi, каб дадаць да iх словаў хоць гук? Але ж я ведаю, што ты, дарагая прынцэса, шануеш не словы, але сэрца, з якога яны сыходзяць.

У гэтую хвiлю скала расчынiлася i над Конрадам навiс цмок. Ён разявiў пашчу, з якой высунуўся доўгi чырвоны язык. Юнак адчуў на сваiм твары гарачы цмокаў подых. Словы замерлi на ягоных вуснах, але, прыгадаўшы, што ў капелюшы ляжыць напiсаная прамова, Конрад дастаў паперку i загаварыў зноў:

— Усе аднолькава кахалi цябе, але не ўсе маглi красамоўна выказаць свае пачуццi. Некаторыя казалi, што iх каханне хоць i вялiкае, але яно ўсяго толькi жолуд, якi з часам ператворыцца ў магутны дуб. Але калi я прыгадваю, што ты зрабiла для мяне: выратавала ад сумнага жыцця ў закiнутай лясной вёсцы; падняла з невядомасцi на вяршыню славы; летуценнiк зрабiўся ваяром, гультай стаў паляваць на цмокаў! — дык у мяне не хапае словаў, каб аддзячыць табе, i я не магу кахаць цябе болей, чым кахаю цяпер!

Сама нервовыя з гледачоў ужо заплюшчылi вочы. А тыя, у каго нервы былi мацнейшыя i хто не зводзiў позiрку з Конрада i з цмока, убачылi незвычайную рэч. Цмок быў нiбыта не ў сабе: ён хiстаў галавою з боку ў бок, доўгi язык лiзаў пыл каля Конрадавых ног. Конрад нязграбна выцягнуў з кiшэнi насоўку, скруцiў яе i кiнуў у цмокаву пашчу. Жывёлiна вылупiла вочы, закхэкала, завiшчала i ўжо не выглядала гэтак жудасна. Конрад падняў сякеру i наважыўся ўдарыць па цмокавай шыi. Удар быў няўмелы (не такi ўдар павiнен быў бы быць у сына лесаруба), але так цi iначай, усе ўбачылi, як з раны на цмокавай шыi пацякла цёмна-зялёная кроў.

Цмок не ўтрымаўся i вывалiўся са скалы зусiм побач з Конрадам, якога шалёнымi крыкамi падбадзёрваў натоўп. Той ударыў яшчэ й яшчэ раз. У цмока быў вельмi здзiўлены i бездапаможны выгляд, цяпер з iм магло б расправiцца нават немаўля. Конрад сек шыю, нiбыта то было спiлаванае дрэва. Ён збiраўся ўжо святкаваць перамогу, калi цмок, сабраўшы апошнiя сiлы, здолеў запаўзцi ў сваю дзiрку. Скала за iм адразу зачынiлася.

Поле бiтвы засталося за Конрадам.

Радасныя крыкi спынiлiся, нiхто не ведаў, што рабiць цяпер, i менш за ўсiх сам Конрад, якi, нiбыта зачараваны, застаўся стаяць каля лесвiцы. Усе, вядома, зразумелi, што цмок моцна паранены, але, можа, ён збiрае сiлы для новай вылазкi?! Цяжка было паверыць, што непераможнага цмока забiў просты сялянскi хлопец.

Але час iшоў, цмок не з'яўляўся, людзi адзiн за адным пачалi падыходзiць да Конрада i вiншаваць яго i сябе. I вось ужо ўвесь натоўп вакол плакаў i смяяўся ад нечаканай радасцi.

Нарэшце радасныя крыкi пачулiся i ў замку, замiльгацелi рознакаляровыя насоўкi, у кожным акне з'явiўся святочны сцяг. З замка ў афiцыйным убраннi, з каронаю на галаве i скiпетрам у руцэ, выйшаў кароль. Разам са шматлiкай свiтай ён накiраваўся да лесвiцы. Прыдворныя вакол яго весела балбаталi i смяялiся, але было вiдаць, што ўрачыстая сустрэча пераможцы не была падрыхтаваная. I гэта цалкам зразумела, бо хто ж мог чакаць, што нейкi сын лесаруба пераможа жахлiвую пачвару?!

Прыдворныя крычалi Конраду, каб ён падымаўся ў замак, але ён нiчога не мог зразумець, i тады нехта падпiхнуў яго ўгору па лесвiцы да караля. Убачыўшы, што Конрад падымаецца, кароль пайшоў яму насустрач. Яны сустрэлiся на сярэдзiне лесвiцы. Кароль абняў i пацалаваў Конрада, а потым павёў яго ў палац.

— А цяпер я хачу пазнаёмiць вас са сваёй дачкою, прынцэсай, — урачыста сказаў кароль, калi яны паднялiся на верхнюю пляцоўку лесвiцы, i прыдворныя кiнулiся вiншаваць пераможцу. — Але дзе ж прынцэса? Напэўна, адышлася некуды, зараз з'явiцца. Шкада, што яна прапусцiла такое вiдовiшча.

— Гэрмiёна! Гэрмiёна! — чыстымi звонкiмi галасамi клiкалi фрэйлiны, зазiраючы ў вокны палаца. Людзi, якiя стаялi за замкавымi мурамi, падхапiлi: «Гэрмiёна! Мы хочам бачыць прынцэсу Гэрмiёну!» А калi ўлiчыць, што да замка збеглiся людзi з усяго горада, дык не дзiўна, што крык «Гэрмiёна!» можна было пачуць за сотню мiль.

Але Гэрмiёна ўсё не выходзiла. Людзi ахрыплi, фрэйлiны кашлялi i непаразумела глядзелi адна на адну. Кароль нахмурыўся, ён адчуваў, што прынцэсе даўно пара ўжо выйсцi да народу. А прынцэсы ўсё не было.

— Дзе ж яна? — хвалявалiся прыдворныя. — Трэба тэрмiнова знайсцi яе, але паведамiць пра ўсё вельмi асцярожна, каб не разнерваваць.

Конрада неяк адцiснулi ад караля, i ён пайшоў у палац разам з прыдворнымi. Некалькi чалавек паабяцалi яму, што пакажуць, куды iсцi, але з гоманам i смехам кожны далучаўся да сваiх сяброў, i так атрымалася, што Конрад застаўся ў доўгiм цёмным калiдоры зусiм адзiн. Але калi ён добра прыгледзеўся, дык убачыў у канцы калiдора нейкую постаць. Конрад крыкнуў чалавеку, каб той пачакаў, i шпарка пайшоў па калiдоры да яго. Постаць пачала хутка аддаляцца, Конрад iшоў за ёй, але дагнаць не мог. Так яны iшлi праз незлiчоныя дзверы, кароткiя i доўгiя праходы, спускалiся па сходах, якiя вялi ўсё нiжэй i нiжэй у тоўшчу скалы. Конрад адчуў халодны подых сутарэння на твары i руках. I вось нарэшце расчынiлiся яшчэ адны дзверы, правадыр знiк, а Конрад увайшоў у невялiчкi пакой. На канапе каля сцяны ляжала прынцэса, галава ў яе была павернутая ўбок, а на бялюткай шыi зеўрала страшная рана. На сцяне быў цень, якi мог жыць, пакуль жыла прынцэса. I ледзь Конрад убачыў неверагодную прынцэсiну прыгажосць, як цень растаў.

Конрад укленчыў каля ложка. Невядома, колькi часу ён правёў так, але калi падняў галаву, то ўбачыў, што ў пакоi было поўна народу.

— Ты забiў яе! — ускрыкнуў нехта.

Конрад падняўся.

— Я не забiваў яе. Я забiў цмока.

— Паглядзiце, — сказаў нехта iншы, — у яе на шыi такая самая рана.

— Гэтую рану я нанёс цмоку.

— А гэта што? — запытаў трэцi i паказаў на скрутак бавоўны, якi быў зацiснуты ў прынцэсiнай руцэ.

Чалавек узяў з рукi скрутачак i разгарнуў яго. Пакой адразу напоўнiўся пахам хлараформа. Гэта была Конрадава насоўка, ў куточку якой было вышытае ягонае iмя.

— Дык ты яшчэ й атруцiў яе?! — уздыхнуў натоўп.

— Гэтую атруту, — адказаў Конрад, — я кiнуў у пашчу цмока.

Двое цi трое прысутных згодна закiвалi галавой, але астатнiя закрычалi:

— Але калi ты яе не забiваў, дык чаму ж яна памерла?

Конрад затулiў твар рукамi.

— Нашто мне было забiваць яе? Я кахаю яе, — вымавiў ён ледзь чутна. — Я забiў цмока.

Усе заварожана глядзелi на яго i нiчога не казалi. Тады ён дадаў:

— Але цмокам была прынцэса.

Падняўся страшэнны шум i гвалт, i з крыкамi: «Хлус! Здраднiк! Забойца!» Конрада выкiнулi з пакоя.

Афiцыйная версiя была такая: прынцэса сустрэла сваю смерць, калi спрабавала абаранiць Конрада ад цмока. Калi ў Конрада пыталiся, цi праўда гэта, ён не адмаўляўся.

Як пераможца цмока ён быў папулярны зусiм нядоўгi час, i, наадварот, усё астатняе жыццё на iм ляжала ганебнае таўро: праз яго загiнула прынцэса.

Усе — i малыя i старыя — лiчылi, што Конрадава вiна была ў тым, што ён ужыў хлараформ.

Цяжкiя часы, якiя перажыла краiна пад цмокавай уладай, хутка забылiся, а слава аб прынцэсе Гэрмiёне — нацыянальным скарбе — расла i шырылася ў сэрцах яе суродзiчаў.

Пераклала Алена Арлова