/ Language: Русский / Genre:prose,

Тры Таварышы На Белорусском Языке

Эрих Ремарк


Ремарк Эрих Мария

Тры таварышы (на белорусском языке)

Эрых Марыя Рэмарк

Тры таварышы

Раман

Пераклад: Уладзiмiр Папковiч

I

Неба, яшчэ не закопчанае дымам з фабрычнага камiна, было жоўтае, як латунь. Па-за дахамi фабрыкi яно гарэла асаблiва ярка. Вось-вось узыдзе сонца. Я зiрнуў на гадзiннiк. Яшчэ не было васьмi. Без чвэрцi.

Я адчынiў вароты i падрыхтаваў помпу бензакалонкi. У гэты час звычайна на запраўку ўжо пад'язджалi першыя машыны. Раптам я пачуў за спiнай хрыпаты крэкат, быццам пад зямлёй круцiлi заржавелы вiнт. Я спынiўся i прыслухаўся. Затым я вярнуўся праз двор да майстэрнi i асцярожна адчынiў дзверы. У паўзмроку памяшкання блукаў, хiстаючыся, прывiд. На iм была брудная, некалi белая, хустка, сiнi фартух, грубыя пантофлi. Гэты прывiд, якi размахваў венiкам, важыў не менш 90 кiлаграмаў. То была наша прыбiральшчыца Мацiльда Штос.

Я хвiлiнку пастаяў, пазiраючы на яе. З грацыяй бегемота яна сноўдалася памiж радыятарамi аўтамабiляў i глухiм голасам спявала песню пра вернага гусара. На стале каля акна стаялi дзве бутэлькi каньяку. Адна ўжо была амаль пустая. Учора ўвечары яна была яшчэ поўная. Я тады забыўся схаваць яе.

- Але... фраў Штос, - сказаў я.

Спеў абарваўся. Венiк упаў долу. Шчаслiвая ўсмешка пагасла. Цяпер я стаў прывiдам.

- Езус Хрыстус, - прамармытала Мацiльда i ўтаропiлася на мяне чырвонымi вачыма. - Так рана я вас не чакала...

- Разумею. Добра пайшло?

- Добра... але ж няёмка. - Яна выцерла губы. - Я аж аслупянела.

- Гэта вы ўжо занадта. Не аслупянела - ап'янела. У дым.

Яна ледзь стаяла на нагах. Яе вусны торгалiся, а вейкi хлопалi, як у старой савы. Але памалу яна прыходзiла да памяцi. Яна рашуча зрабiла крок наперад.

- Пан Локамп... чалавек - толькi ўсяго чалавек... спачатку я толькi панюхала... потым глытнула... у мяне ж у страўнiку заўсёды круцiць... ну, а потым... потым мяне, вiдаць, апанаваў д'ябал. Ды i нельга ж спакушаць бедную кабецiну, пакiдаючы навiдавоку пляшку.

Я застаў яе такую не ўпершыню. Кожнае ранiцы яна дзве гадзiны прыбiрала ў майстэрнi. Можна было колькi хочаш пакiнуць грошай - яна не кране. Але да гарэлкi яна была ласая, як кот да сала.

Я ўзяў бутэльку.

- Вядома, каньяк, што для клiентаў, вы не кранулi. А лепшы, ад пана Кёстэра, спажылi.

Усмешка кранула выветраныя рысы Мацiльды.

- Што праўда, то праўда. Ведаю смак. Але няўжо вы мяне выдадзiце, пан Локамп? Безабаронную ўдаву?

Я пахiтаў галавой.

- Сёння не выдам.

Яна адпусцiла падаткнутую спаднiцу.

- Тады я хуценька дам лататы. А то прыйдзе пан Кёстэр... божа лiтасцiвы!

Я падышоў да шафы i адчынiў.

- Мацiльда!

Яна хуценька прыкандыбала. Я падняў карычневую чатырохкантовую бутэльку.

Яна ўзмахнула рукамi, пратэстуючы.

- Гэта не я! Шчыра! Гэту я не чапала!

- Я ведаю, - сказаў я i налiў поўную чарку. - Пiлi калi-небудзь гэты?

- А няўжо ж! - Яна аблiзала вусны. - Ром! Вытрыманы ямайскi!

- Выдатна! Тады выпiце чарку.

- Я? - Яна адхiснулася. - Пан Локамп, гэта зашмат! Вы смалiце мяне гарачым жалезам. Старая Штос п'е, як злодзей, ваш каньяк, а вы частуеце яе яшчэ ромам. Вы святы, святы! Лепш памерцi, чым стрываць такое.

- Ну што ж... - сказаў я, робячы выгляд, што адстаўляю чарку.

- Ну добра! - Яна паспешлiва схапiла яе. - Нельга адмаўляцца ад дабра. Нават калi не разумееш, за што. На здароўе! Можа, у вас дзень нараджэння?

- Так, Мацiльда. Адгадала.

- Няўжо праўда? - Яна сцiснула мне руку i пачала трэсцi. - Вiншую ад усяго сэрца! Каб грошы не выводзiлiся! Пан Локамп, - яна выцерла вусны, - я так расчулена... за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адну. Я ж вас люблю, як сына.

- Цудоўна.

Я налiў ёй яшчэ адну чарку. Яна кульнула яе i ўдзячная пайшла з майстэрнi.

Я схаваў бутэлькi i сеў за стол. Слабае сонца свяцiла праз акно мне на рукi. Дзiўнае пачуццё, такi вось дзень нараджэння, нават калi не надаваць гэтаму вялiкага значэння. Трыццаць гадоў... а былi часы, калi мне здавалася, што не дажыву да дваццацi, такой вялiкай уяўлялася адлегласць. А потым...

Я дастаў з шуфляды лiсток паперы i пачаў падлiкi. Дзяцiнства, школа - гэты кавалак быў далёка, невядома дзе, як яго i не было. Сапраўднае жыццё пачалося толькi ў 1916 годзе. Я якраз стаў навабранцам, худым, даўгалыгiм, мне было васемнаццаць гадоў. Па камандзе вусатага унтэр-афiцэра я трэнiраваўся на пляцы за казармай падаць i ўставаць. Аднаго разу ўвечары да мяне ў казарму прыйшла мацi. Ёй давялося больш за гадзiну чакаць мяне - я не ўпакаваў як след свой рэчмяшок i быў пакараны тым, што мусiў у вольны час чысцiць салдацкiя прыбiральнi. Яна хацела дапамагчы мне, але ёй не дазволiлi. Яна заплакала, а я так змарыўся, што заснуў пры ёй.

1917 год. Фландрыя. Мiдэндорф i я купiлi ў шынку бутэльку чырвонага вiна. Мы хацелi пабаляваць. Але не ўдалося. Ранiчкай ангельцы адкрылi ўраганны агонь. Кёстэра паранiла ў полудзень, Маер i Дэтэр загiнулi пад вечар. А ўвечары, калi, здалося, настаў спакой i мы адкаркавалi бутэльку, газ запоўнiў акопы. Мы, праўда, паспелi надзець процiвагазы, ды процiвагаз Мiдэндорфа быў няспраўны. Калi ён спахапiўся, было ўжо запозна. Пакуль сарваў гэты i знайшоў новы, занадта шмат наглытаўся газу. З горла хлынула кроў. Ён памёр назаўтра ранiцай. Твар яго ззелянеў i счарнеў. Шыя ўся была падрапана - пазногцямi ён стараўся разарваць яе, каб ухапiць паветра.

1918 год. Гэта было ў шпiталi. Некалькi дзён назад прыбыў новы транспарт. Папяровыя бiнты. Цяжка параненыя. Увесь дзень туды-сюды сноўдалiся аперацыйныя каляскi. Часам яны вярталiся пустыя. Побач са мной ляжаў Ёзэф Штоль. Ён ужо быў без ног, але яшчэ не ведаў пра гэта. Убачыць было нельга, таму што коўдра накрывала замест ног драцяны каркас. Ён i не паверыў бы, бо адчуваў боль у ступаках. Уначы ў нашай палаце памерлi двое. Адзiн памiраў цяжка i доўга.

1919 год. Зноў дома. Рэвалюцыя. Голад. На вулiцы бясконцы пошчак кулямётаў. Салдаты супроць салдатаў. Таварышы супроць таварышаў.

1920 год. Путч. Застрэлены Карл Брэгер. Арыштаваныя Кёстэр i Ленц. Мая мацi ў бальнiцы. Рак у апошняй стадыi.

1921...

Я задумаўся. Я нiчога не памятаў. Год проста выпаў. У 1922-м я быў дарожным рабочым у Цюрынгii, у 1923-м загадваў рэкламай на гумавай фабрыцы. Гэта было ў час iнфляцыi. Я зарабляў дзвесце бiльёнаў марак у месяц. Зарплату выдавалi два разы на дзень, i пасля кожнай - паўгадзiны водпуску, каб можна было збегаць у крамы i нешта купiць, пакуль не з'явiўся новы курс даляра. Грошы трацiлi сваю цану ў два разы. А потым? Што было ў наступныя гады? Я паклаў аловак. Якi сэнс прыпамiнаць усё гэта? Я ўжо i не памятаў дакладна. Шмат што пераблыталася. Свой апошнi дзень нараджэння я спраўляў у кавярнi "Iнтэрнацыяналь". Тады я год працаваў тапёрам. Потым я зноў сустрэў Кёстэра i Ленца. А цяпер я сяджу тут у "Аўрама" - аўтарамонтнай майстэрнi Кёстэр i К°. К° - гэта Ленц i я, майстэрня ж належыць аднаму Кёстэру. Калiсьцi ён быў наш аднакашнiк, потым камандзiр роты, потым - лётчык, праз нейкi час - студэнт, затым - гоншчык. Нарэшце ён купiў гэтую будку. Спачатку далучыўся Ленц, якi некалькi гадоў басцяўся па Паўднёвай Амерыцы, потым - я.

Я дастаў з кiшэнi цыгарэту. Шчыра кажучы, я мог быць цалкам задаволены. Жылося мне нядрэнна, была праца i сiлы. Я не хутка стамляўся, быў, як кажуць, здаровы... I ўсё ж лепш было б не думаць вельмi шмат. Асаблiва вечарамi. Час ад часу нешта вярталася з былога i ўзiралася ў цябе мёртвымi вачыма. Але ад гэтага была гарэлка.

Знадворку зарыпелi вароты. Я парваў лiсток з датамi свайго жыцця i кiнуў у кош для папер. Дзверы iмклiва расчынiлiся. На парозе стаяў Готфрыд Ленц, высокi, хударлявы, з белай, як салома, чупрынай i носам, якi прызначаўся некаму iншаму.

- Робi! - зароў ён. - Стары абжора! Устань i падцягнiся! Твае начальнiкi будуць гаварыць з табой!

- О божа! - Я ўстаў. - А я думаў, вы забудзецеся! Пашкадуйце мяне, хлопцы!

- Бач ты, чаго захацеў! - Готфрыд паклаў на стол скрутак. Там зазвiнела. Услед за iм увайшоў Кёстэр. Ленц стаў перада мной.

- Робi, хто табе ранiцай сустрэўся першы?

Я падумаў.

- Старая кабецiна. Яна танцавала.

- Святы Майсей! Дрэнная прыкмета. Але яна адпавядае твайму гараскопу. Я ўчора склаў. Ты нарадзiўся пад знакам Стральца, ненадзейны, хiсткi, як трыснёг на ветры, на цябе ўздзейнiчаюць нейкiя падазроныя трыгоны Сатурна, а сёлета яшчэ i Юпiтэр. Ота i я, хто замяняе табе бацьку i мацi, перадаём табе штосьцi, каб абараняцца. Вазьмi гэты амулет! Праўнучка iнкаў аднойчы падаравала яго мне. У яе была блакiтная кроў, плоскаступнёвасць, вошы i дар прадбачання. "Беласкуры iншаземец, - сказала яна мне. - Яго насiлi каралi, у iм заключана сiла сонца, месяца i зямлi, не гаворачы пра iншыя малыя планеты. Дай мне за яго срэбны даляр на гарэлку - i насi сабе". Каб ланцужок шчасця не парваўся, я ўручаю яго табе. Ён будзе сцерагчы цябе i прагонiць варожага Юпiтэра.

Ён павесiў мне на шыю маленькую чорную фiгурку на тонкiм ланцужку.

- Вось! Гэта - супроць наслання зверху. А тут - супроць зямных бед: шэсць бутэлек рому ад Ота! Ром у два разы старэйшы за цябе.

Ён разгарнуў скрутак i выставiў бутэлькi на сонца. Яны зазiхацелi, як янтар.

- Цудоўнае вiдовiшча, - сказаў я. - Адкуль яны ў цябе, Ота?

Кёстэр усмiхнуўся.

- Заблытаная справа. Доўга расказваць. Ты лепш скажы, як сябе адчуваеш? На трыццаць?

Я махнуў рукой.

- На шаснаццаць i пяцьдзесят адначасова. Нiчога асаблiвага.

- I ты называеш гэта "нiчога асаблiвага"? - запярэчыў Ленц. - Лепей быць не можа. Ты ж такiм чынам уладна перамог час i жывеш два жыццi.

Кёстэр зiрнуў на мяне.

- Не чапай яго, Готфрыд, - сказаў ён потым. - Днi нараджэння моцна псуюць самаадчуванне. Асаблiва зранку. Ён яшчэ ачомаецца.

Ленц заплюшчыў вочы.

- Чым менш чалавек адчувае сябе, тым большая яму цана, Робi. Цi суцяшае гэта цябе хоць крышку?

- Не, - сказаў я. - Анi. Калi чалавек нечага варты, то ў такiм разе ён толькi помнiк самому сабе. А гэта, мне здаецца, цяжка i сумна.

- Яго пацягнула на фiласофiю, Ота, - сказаў Ленц. - Ён - не страчаны. Ён перажыў крызiсны момант. Нялёгкi момант дня нараджэння, калi ўглядаешся самому сабе ў зрэнкi i бачыш, якi ты бедалага. Цяпер можна спакойна брацца за справу i прашмараваць старому "кадзiлаку" вантробы.

Мы працавалi, пакуль не сцямнела. Потым памылiся i пераапранулiся. Ленц прагна зiрнуў на бутэлькi.

- Можа, скруцiм адной шыю?

- Няхай вырашае Робi, - сказаў Кёстэр. - Нядобра, Готфрыд, так нахабна вымагаць з iмянiннiка.

- Яшчэ горш марыць смагай тых, хто павiншаваў, - запярэчыў Ленц i адкаркаваў бутэльку.

Пах рому адразу запоўнiў майстэрню.

- Святы Майсей! - сказаў Готфрыд.

Мы ўсе прынюхалiся.

- Фантастычна, Ота. Трэба быць вялiкiм паэтам, каб знайсцi адпаведныя эпiтэты.

- Пiць у гэтай цёмнай будзе! Шкада пiтва! - вырашыў Ленц. - Ведаеце што? Мы паедзем адсюль, павячэраем, бутэльку возьмем з сабой. Вып'ем яе дзе-небудзь на волi!

- Блiскуча!

Мы адпiхнулi ўбок "кадзiлак", якi рамантавалi паполуднi. За iм стаяла дзiўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрнi.

Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну - старую ламачыну з высокiм кузавам. Спецыялiсты, якiя бачылi яе тады, сцвярджалi, што гэта цiкавы экспанат для музея. Больвiз, гаспадар фабрыкi па пашыве жаночых палiто i гоншчык-аматар, параiў Ота перарабiць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кiшэнны гадзiннiк, i корпаўся ў ёй некалькi месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад'ехаў на ёй да бара, у якiм мы звычайна бавiлi час. Больвiз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў - так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставiў дзвесце марак супроць дваццацi, калi Кёстэр пагодзiцца на гонку з яго новым спартовым аўтамабiлем. Адлегласць - дзесяць кiламетраў, i ён дае Ота кiламетр форы. Кёстэр згадзiўся. Усе смяялiся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовiўся ад форы i спакойна прапанаваў павысiць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвiз расчаравана спытаў, цi не адвезцi яго ў дом вар'ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулi з месца. Больвiз праз паўгадзiны вярнуўся ў такiм дрэнным настроi, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкi выпiсаў чэк, а потым - яшчэ адзiн. Ён хацеў адразу ж купiць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькi бездакорная была машына ўсярэдзiне, настолькi непрыглядны быў яе знешнi выгляд. На кожны дзень мы паставiлi надзвычай старажытны кузаў - лак выцвiў, крылы пакарабацiлiся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглi падабраць нешта лепшае, але ў нас былi свае меркаваннi. Аўтамабiль зваўся "Карл". "Карл" - прывiд шашы.

"Карл", сапучы, цягнуўся па шашы.

- Ота, - сказаў я, - з'явiлася ахвяра.

Ззаду нецярплiва сiгналiў "б'юiк". Ён iмклiва даганяў нас. Неўзабаве насы зраўнялiся. Чалавек за рулём зняважлiва паглядзеў на нас. Яго позiрк зверху ўнiз абвёў нашага няўклюднага "Карла". Потым ён адвярнуўся i забыўся пра нас.

Праз некалькi секунд ён нечакана пераканаўся, што Карл усё яшчэ iдзе побач з iм. Ён усеўся крыху ямчэй, весела зiрнуў на нас i прыбавiў газу. Але "Карл" не здаўся. Як тэр'ер побач з догам, ён неадступна трымаўся каля блiскучага лакаматыва з нiкелю i лаку.

Чалавек мацней ухапiўся за руль. Ён яшчэ нi пра што не здагадваўся i кплiва скрывiў губы. Вiдаць было, што ён нам зараз пакажа, на што здольныя яго санi. Ён з такой сiлай цiскануў на газ, што выхлапная труба заспявала, як хор жаўрукоў над летнiм полем. Але - дарма. Ён не адарваўся ад нас. Як зачараваны, агiдны i непрыглядны "Карл" тулiўся да яго. Чалавек здзiўлена вылупiўся на нас. Ён не мог зразумець, як гэта пры хуткасцi звыш ста кiламетраў старая скрынка нiяк не адстае ад яго. Ён з недаверам зiрнуў на спiдометр, цi не сапсаваўся. Потым нацiснуў да канца.

Машыны iмчалiся ўпоравень па доўгай роўнай шашы. Праз некалькi метраў насустрач з шумам з'явiўся грузавiк. "Б'юiк" павiнен быў адстаць, каб даць дарогi. Як толькi ён параўняўся з "Карлам", паказалася пахавальная машына са стужкамi ад вянкоў, якiя развявалiся. Яму зноў прыйшлося ўступiць. Потым далягляд стаў вольны.

Чалавек за рулём тым часам страцiў увесь свой форс; ён прыгорбiўся злосны, вусны сцiснутыя - яго захапiў азарт гоншчыка, i раптам гонар яго жыцця трапiў у залежнасць ад таго, цi адарвецца ён - любой цаной - ад шчанюка побач.

Мы ж, наадварот, сядзелi з абыякавымi тварамi. "Б'юiка" для нас не iснавала. Кёстэр спакойна глядзеў на дарогу, я, сумуючы, пазiраў на бакi, а Ленц, хоць i сцяты ў камяк, дастаў газету i рабiў выгляд, што яму няма нiчога важнейшага за чытанне.

Праз некалькi хвiлiн Кёстэр падмiргнуў нам. "Карл" неўпрыкмет збавiў хуткасць, i "б'юiк" памалу пачаў вырывацца наперад. Яго шырокiя блiшчастыя крылы прамiльгнулi мiма нас. З выхлапной трубы нам у твар грымнуў сiнi дым. Паступова ён адарваўся ад нас метраў на дваццаць - i тут ужо паказаўся, як мы i чакалi, твар гаспадара ў акне. Усмешка выдавала непрыкрыты трыумф. Ён паверыў, што перамог.

Але чалавек дапусцiў яшчэ адну памылку. Ён не мог стрымацца, каб не паздзекавацца з нас. Ён кiўнуў нам: даганяйце. Ён зрабiў гэта падкрэслена паблажлiва i пераможна.

- Ота! - прамовiў Ленц, напамiнаючы.

Ды напамiну не патрабавалася. У той самы момант "Карл" зрабiў скачок. Кампрэсар засвiстаў. I раптам рука, якая махала, знiкла ў акне - "Карл" прыняў выклiк, ён наблiжаўся. Ён наблiжаўся нястрымна... ён зноў узяў сваё - i цяпер мы ўпершыню ўважлiва паглядзелi на аўтамабiль побач. З нявiннымi тварамi мы запытальна пазiралi на чалавека за рулём. Цiкава было б ведаць, навошта ён нам махаў. Але той сутаргава глядзеў у другi бок, i "Карл" цяпер ужо на поўным газе абыходзiў яго, увесь брудны, з крыламi, што бразгаталi, пераможны замызганы шчанюк.

- Малайчына, Ота, - сказаў Ленц Кёстэру. - Папсаваў чалавеку апетыт перад вячэрай.

Дзеля такiх пагоняў мы не мянялi "Карлу" кузава. Варта было яму з'явiцца на дарозе, i ўжо некаму карцела перагнаць яго. На iншыя машыны ён дзейнiчаў, як варона з перабiтым крылом дзейнiчае на зграю галодных катоў. Самым мiрным сямейным шарабанам карцела перагнаць яго, i нават самыя мажныя барадачы не маглi вытрываць гоначнага азарту, калi яны бачылi, як перад iмi iшла ўпрысядку бразготная рухомая табурэтха. Хто мог уявiць сабе, што ў гэтай камiчнай фiгуры б'ецца вялiкае сэрца гоначнага матора!

Ленц сцвярджаў: "Карл" выхоўвае. Ён вучыць людзей пачцiвасцi да вынiкаў творчасцi, якiя заўсёды прыкрыты някiдкай абалонкай. Так гаварыў Ленц, якi называў сябе апошнiм рамантыкам.

Мы спынiлiся перад невялiчкiм шынком i выбралiся з машыны.

Вечар быў цудоўны i цiхi. Барозны ўзаранага поля адсвечвалi фiялетавым святлом. Краi аддавалi залацiста-карычневым водсветам. На яблычна-зялёным небе плавалi воблакi, падобныя да вялiкiх птушак фламiнга, а мiж iмi хаваўся вузенькi сярпок маладзiка. Арэхавы куст трымаў у сваiх абдымках змрок i прадчуванне. Ён быў хвалююча голы, але ў пупышках хавалася чаканне. З маленькага шынка плыў пах смажанiны. Смажылi пячонку з цыбуляй. Наша душа заспявала.

Ленц рынуўся ў дом насустрач паху. Ён вярнуўся прасветлены.

- Вы не бачылi такой смажанай бульбы! Хутчэй, а то найлепшую з'ядуць!

У гэты момант з шумам падкацiла яшчэ адна машына. Мы спынiлiся, аслупянелыя. Гэта быў "б'юiк". Ён рэзка затармазiў каля "Карла".

- Гоп-ля! - сказаў Ленц. У нас ужо часта ў такiх выпадках здаралiся бойкi.

З машыны выйшаў мужчына. Ён быў высокi i ў целе. На iм было шырокае карычневае палiто з вярблюджай шэрсцi. Незадаволеным скасавураным позiркам ён глянуў на "Карла", потым сцягнуў тоўстыя пальчаткi i падышоў да нас.

- Якой маркi гэта ваша машына? - спытаў ён Кёстэра, якi стаяў блiжэй за ўсiх да яго. А твар у чалавека напамiнаў салёны агурок.

Мы ўсе ўтрох нейкi час моўчкi глядзелi на яго. Пэўна, ён палiчыў, што мы слесары ў выхадным адзеннi, якiя выехалi на чужой машыне.

- Вы штосьцi сказалi? - нарэшце спытаў Ота няўпэўнена, нiбы падказваючы таму, што трэба быць больш ветлiвым.

Мужчына пачырванеў.

- Я спытаў пра гэтую машыну, - прамовiў ён бурклiва тым самым тонам.

Ленц выпрастаўся. Яго вялiкi нос уздрыгнуў. Ён надаваў вялiкае значэнне ветлiвасцi ў адносiнах да сябе. Але перш чым ён паспеў адкрыць рот, раптам адчынiлiся, нiбы ад рукi святога духа, дзверцы "б'юiка"; выслiзнула маленькая ножка, потым паказалася цененькае каленца, затым з машыны выйшла дзяўчына i павольна пайшла да нас. Ад неспадзяванасцi мы пераглянулiся. Мы раней не заўважылi, што нехта ёсць у машыне. Ленц адразу змянiў паводзiны. Ён заўсмiхаўся на ўвесь рабацiнiсты твар. Мы заўсмiхалiся ўсе разам, чорт яго ведае чаму.

Таўстун пазiраў на нас разгублена. Ён страцiў самаўпэўненасць i, вiдаць, не ведаў, што цяпер рабiць.

- Бiндзiнг, - нарэшце сказаў ён з паўпаклонам, быццам прозвiшча магло яго ўратаваць.

Дзяўчына падышла ўжо блiзка. Мы зрабiлiся яшчэ ветлiвейшыя.

- Дык пакажы машыну, Ота, - сказаў Ленц, кiдаючы хуткi позiрк на Кёстэра.

- Чаму ж не, - весела ўсмiхнуўшыся, адгукнуўся Ота.

- Я i праўда паглядзеў бы яе, - сказаў Бiндзiнг больш мiралюбна. - Вiдаць, хуткая, як чорт. Так мяне абставiла.

Яны ўдвух пайшлi на стаянку, i Кёстэр падняў капот "Карла".

Дзяўчына не пайшла з iмi. Статная, яна моўчкi стаяла ў змроку памiж мной i Ленцам. Я чакаў, што Готфрыд скарыстае выпадак i "завядзецца". Ён быў створаны на такiя сiтуацыi. Але, здавалася, у яго адняло мову. Звычайна ён такаваў, як глушэц, а тут стаяў, як маўклiвы манах на адпачынку, i не варушыўся.

- Прабачце, калi ласка, - сказаў я нарэшце. - Мы не заўважылi вас у машыне. Iнакш мы не паводзiлi б сябе так непрыстойна.

Дзяўчына зiрнула на мяне.

- Але чаму ж? - запярэчыла яна спакойна. У яе быў нечакана нiзкi голас. Нiчога дрэннага не здарылася.

- Не дрэнна, але i не зусiм прыстойна. Гэтая машына развiвае хуткасць да двухсот кiламетраў.

Яна крыху прыгнулася i ўсунула рукi ў кiшэнi палiто.

- Дзвесце кiламетраў?

- Дакладна - 189,2, афiцыйна зафiксавана, - горда заявiў Ленц, нiбы выстралiў з пiсталета.

Яна засмяялася.

- А мы падумалi - шэсцьдзесят - семдзесят.

- Бачыце... - сказаў я, - вы ж не ведалi...

- Не, - адказала яна. - Мы сапраўды не ведалi. Мы падумалi, што "б'юiк" бяжыць у два разы хутчэй за вашу машыну.

- Ну вось... - Я нагой адфутболiў адламаны сучок. - У нас была занадта вялiкая перавага. А пан Бiндзiнг, мусiць, добра раззлаваўся на нас.

Яна засмяялася.

- Вядома, у нейкi момант. Але ж трэба ўмець i прайграваць. А iнакш - як жыць?

- Вядома...

Утварылася паўза. Я зiрнуў на Ленца. Але апошнi рамантык толькi пасмiхаўся, торгаў носам, не падаючы рукi дапамогi. Шапацелi бярозы. За домам закудахтала курыца.

- Цудоўнае надвор'е, - нарэшце прамовiў я, каб парушыць маўчанне.

- Так, выдатнае, - адказала дзяўчына.

- I такое пяшчотнае, - дадаў Ленц.

- Нават незвычайна пяшчотнае, - дапоўнiў я.

Зноў павiсла паўза. Дзяўчына, пэўна, палiчыла нас ёлупнямi. Але як я нi намагаўся, нiчога разумнага не прыходзiла ў галаву. Ленц абнюхваў наваколле.

- Печаныя яблыкi, - прамовiў ён чуллiва, - тут, здаецца, да пячонкi падаюць печаныя яблыкi. Далiкатэс.

- Несумненна, - пагадзiўся я, праклiнаючы нас абодвух.

Вярнулiся Кёстэр i Бiндзiнг. Бiндзiнг за гэтыя некалькi хвiлiн зусiм перамянiўся. Ён, вiдаць, быў адзiн з тых аўтадзiвакоў, хто, сустрэўшы дзе-небудзь спецыялiста, з якiм можна пагутарыць, расцвiтае душой.

- Павячэраем разам? - спытаў ён.

- А як жа, - адказаў Ленц.

Мы ўвайшлi ў памяшканне. Каля дзвярэй Готфрыд падмiргнуў мне, паказваючы на дзяўчыну.

- Слухай, яна табе ўраўнаважыць старую кабету, якая танцавала сёння ранiцай.

Я пацiснуў плячыма.

- Магчыма, але чаму ты змусiў аддувацца мяне аднаго?

Ён засмяяўся.

- Трэба ж вучыцца, хлопчык!

- Няма ў мяне больш ахвоты да вучобы, - сказаў я.

Мы пайшлi да астальных. Яны ўжо сядзелi за сталом. Гаспадыня якраз прынесла пячонку i смажаную бульбу. На разгонку яна прынесла яшчэ вялiкую бутэльку гарэлкi.

Бiндзiнг аказаўся гаваруном, бурным, як горны ручай. Проста дзiўна было, чаго толькi ён не ведаў пра аўтамашыны. Калi ён пачуў, што Ота таксама ўдзельнiчаў у гонках, яго прыхiльнасць перайшла ўсе межы.

Я прыгледзеўся да яго больш уважлiва. Ён быў мажны, высокi мужчына з густымi бровамi над чырвоным тварам; крыху хвалько, крыху шумны i, магчыма, спагадлiвы, як людзi, якiм звычайна шанцуе ў жыццi. Я мог сабе ўявiць, што вечарам, перш чым класцiся спаць, ён сур'ёзна, з гонарам i павагай разглядае сябе ў люстэрка.

Дзяўчына сядзела памiж Ленцам i мной. Яна скiнула палiто. На ёй быў шэры ангельскi касцюм. Вакол шыi была павязана белая хусцiнка, падобная да гальштука жакея. Яе валасы былi рудавата-шаўкавiстыя, у святле лямпы яны пералiвалiся янтарным бляскам. Плечы былi вельмi прамыя, але крыху нахiленыя, рукi - вузкiя, доўгiя, хутчэй кашчавыя, чым мяккiя. Твар быў вузкi i бледны, але вялiкiя вочы надавалi яму палкую сiлу. Яна была вельмi прыгожая, на маю думку... але больш нiчога такога я не падумаў.

Ленц жа ўвесь загарэўся. Ён цалкам перамянiўся. Яго жоўты чуб палаў, як хмель. Ён выдаў цэлы феерверк iдэй i разам з Бiндзiнгам завалодаў сталом. Я сядзеў цiха, нiчым не прыцягваючы да сябе ўвагi - перадаваў каму-небудзь мiску цi прапаноўваў запалiць. Чокаўся з Бiндзiнгам. Гэта я рабiў даволi часта. Ленц раптам стукнуў сябе па лбе:

- Ром! Робi, нясi ж наш iмянiнны ром!

- Дзень нараджэння? У каго дзень нараджэння? - спытала дзяўчына.

- У мяне, - сказаў я. - Мяне ўжо цэлы дзень даймаюць iм.

- Даймаюць? Дык вы не хочаце, каб вас вiншавалi?

- Хачу, - сказаў я. - Вiншаванне - гэта нешта iншае.

- Дык усяго найлепшага!

Я на момант затрымаў яе руку ў сваёй i адчуў яе цёплы, сухi поцiск. Потым я пайшоў па ром. Вялiкая i маўклiвая ноч разлеглася вакол шынка. Скураныя сядзеннi ў машыне адсырэлi. Я спынiўся, пазiраючы на гарызонт, дзе на небе абазначылася чырванаватае зарыва горада. Мне захацелася застацца тут, але мяне ўжо клiкаў Ленц.

Бiндзiнгу ром не пайшоў. Гэта мы заўважылi ўжо пасля другой чаркi. Хiстаючыся, ён падаўся ў сад. Я ўстаў, i мы з Ленцам падышлi да стойкi. Ён папрасiў бутэльку джыну.

- Шыкоўная дзяўчына, праўда? - сказаў ён.

- Не ведаю, Готфрыд, - адказаў я. - Не падумаў пра гэта.

Хвiлiнку ён разглядаў мяне сваiмi вясёлкава-блакiтнымi вачыма, а потым заматаў вогненнай галавой.

- Навошта ты жывеш, скажы, хлопчык!

- Сам даўно думаю пра гэта, - адказаў я.

Ён засмяяўся.

- Што з цябе возьмеш! Нялёгкая задачка. Але зараз я спачатку разнюхаю, што агульнага ў гэтай дзяўчыны з тоўстым аўтадаведнiкам.

Ён пайшоў услед за Бiндзiнгам у сад. Праз нейкi час яны ўдвух вярнулiся да стойкi. Вiдаць, навiна была добрая, таму што Готфрыд, перад якiм, мусiць, адкрылася поле дзейнасцi, у радасцi ад гэтага трымаўся неадступна каля Бiндзiнга. Яны заказалi яшчэ адну бутэльку джыну i праз гадзiну былi ўжо на "ты". Ленц, калi быў у добрым настроi, мог так забавiць, што вырвацца ад яго было цяжка. Цяпер ён проста запаланiў Бiндзiнга, i неўзабаве яны ўдвух ужо спявалi ў альтанцы салдацкiя песнi. Пра дзяўчыну за гэтай справай апошнi рамантык зусiм забыўся...

У шынку мы засталiся траiх. Раптам стала вельмi цiха. Цiкаў гадзiннiк. Гаспадыня прыбрала са стала i позiркам добрай мацi пазiрала на нас. Каля печы выцягнуўся руды ганчак. Час ад часу ён сонна ўзбрэхваў, цiха, высокiм голасам, нiбы скардзячыся. Вецер гладзiў аконныя шыбы. Яго пошум сплятаўся з урыўкамi салдацкiх песень, i мне здавалася, што маленькi пакой уздымаецца i лунае з намi праз ноч i праз гады, мiма многiх успамiнаў.

Настрой быў нязвыклы. Здавалася, што час спынiўся. Ён ужо здаваўся не ракой, якая выплывала са змроку i ў iм жа хавалася, гэта было мора, у якiм бязгучна адлюстроўвалася жыццё. Я трымаў у руцэ чарку. Ром зiхацеў. Я прыпомнiў пра запiсы, якiя рабiў учора ў майстэрнi. Тады мне было крыху сумна. А цяпер ужо не было. Было абыякава: жывi - пакуль жывеш. Я глянуў на Кёстэра. Я чуў, як ён размаўляў з дзяўчынай. Але да слоў я не прыслухоўваўся. Я адчуваў мяккi пошум першага хмелю, якi падаграваў кроў i якi падабаўся мне, бо ён накiдваў на невядомае покрыва прыгоды. У садзе Ленц з Бiндзiнгам спявалi пра Аргонскi лес. Каля мяне размаўляла незнаёмая дзяўчына. Яна гаварыла цiха i павольна, нiзкiм, крыху хрыпаватым голасам, якi ўзбуджаў. Я выпiў чарку.

Тыя ўдвух зноў вярнулiся. На свежым паветры яны працверазелi. Мы зазбiралiся. Я дапамагаў дзяўчыне апрануць палiто. Яна стаяла блiзка, распраўляючы гнуткiя плечы. Рот у яе быў крыху адкрыты, усмешка, нiкому не адрасаваная, была звернута ў столь. Я на момант выпусцiў з рук палiто. Дзе былi дагэтуль мае вочы? Цi я спаў? Я раптам зразумеў узнёсласць Ленца.

Яна запытальна павярнулася да мяне. Я хуценька зноў паднёс палiто i зiрнуў на Бiндзiнга, якi - расчырванелы i ўсё яшчэ асалавелы - стаяў каля стала.

- Вы думаеце, што ён зможа весцi машыну? - спытаў я.

- Будзем спадзявацца.

Я ўсё яшчэ глядзеў на яе.

- Калi ён не зусiм надзейны, нехта з нас можа паехаць.

Яна дастала пудранiцу i адчынiла яе.

- Неяк будзе, - сказала яна. - Выпiўшы, ён кiруе яшчэ лепш.

- Лепш i, пэўна, яшчэ больш неасцярожна, - запярэчыў я. Яна скоса глянула на мяне, адарваўшы позiрк ад люстэрка.

- Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра, - сказаў я.

Такая надзея была абгрунтаваная, бо Бiндзiнг ледзь трымаўся на нагах. А я не мог так проста развiтацца з ёю.

- Можна мне заўтра патэлефанаваць, каб даведацца, як справы? - спытаў я.

Яна адказала не адразу.

- Мы, iнiцыятары гэтай п'янкi, нясём пэўную адказнасць, - гаварыў я. Асаблiва я, з тым сваiм ромам.

Яна засмяялася.

- Ну добра, калi вам так хочацца. Тэлефануйце: Захад - 2796.

На дварэ я адразу запiсаў сабе нумар. Мы паглядзелi ўслед машыне Бiндзiнга i выпiлi "на пасашок". Потым зароў наш "Карл". Ён iмчаў праз лёгкi сакавiцкi туман, мы дыхалi часта, горад наблiжаўся насустрач нам - вогненны i хiсткi ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзi. Мы кiнулi якар. Золатам iскрыўся каньяк, джын блiшчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелi на высокiх сядзеннях бара, музыка плёскалася, iснасць была светлая i надзейная; сiлай налiвалiся нашыя грудзi, забылiся няўцешнасць пустых мэбляваных пакояў, якiя чакалi нас, адчай будзённасцi. Стойка бара ператварылася ў капiтанскi мосцiк на караблi жыцця, i мы плылi ў будучыню ў пырсках пены...

II

Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў i прачнуўся, калi промнi сонца ўпалi мне на пасцель. Я хутка саскочыў з ложка i адчынiў вокны. На дварэ было свежа i ясна. Я паставiў прымус на лаўку i пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскi, дазволiла мне варыць каву ў пакоi. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асаблiва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансiянаце Залеўскi. Месца мне падабалася. Было куды пайсцi - побач Дом прафсаюзаў, кавярня "Iнтэрнацыяналь" i рэстаран, дзе адбывалiся сходы Армii выратавання. Перад домам, акрамя таго, былi старыя могiлкi. На iх раслi дрэвы, як у парку, i спакойнымi вечарамi можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой наставаў вельмi позна, бо побач з могiлкамi была шумная плошча з каруселямi i арэлямi.

У скарбонку фраў Залеўскi могiлкi прыносiлi надзейны прыбытак. Яна хвалiла свежае паветра i шырокiя далягляды i за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:

- Але, панове, падумайце толькi - якое месца!

Я апранаўся вельмi павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелi. Я ўмыўся, пахадзiў па пакоi, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна i паназiраў, як палiваюць вулiцу, паслухаў спеў птушак у высокiх дрэвах на могiлках - яны спявалi, як маленькiя срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да цiхага пяшчотнага буркатання меланхалiчнай шарманкi на плошчы. Я выбiраў сарочку i шкарпэткi, хоць выбiраць асаблiва не было з чаго, з некалькiх сарочак i пар шкарпэтак я выбiраў так, быццам iх было ў дваццаць разоў больш; насвiстваючы, я павыкiдваў усё з кiшэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, i раптам - учарашняя паперка з iмем дзяўчыны i нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзiўнае iмя - Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю... За выпiўкай жыццё было цудоўнае- ты хутка рабiўся цэльным, але памiж вечарам i ранiцай зноў утваралiся прагалы, як быццам мiналi гады.

Я сунуў запiску пад стос кнiжак. Патэлефанаваць? Магчыма... а магчыма, i не. Днём усё выглядала iнакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна i быў задаволены. Даволi хапiла шуму ў апошнiя гады. "Толькi не падпускаць нiчога блiзка да сэрца, - гаварыў Кёстэр. - Тое, што падпусцiш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нiчога..."

У гэты час у суседнiм пакоi пачаўся ранiшнi вэрхал. Я шукаў капялюш, якi я, вiдаць, учора некуды закiнуў. На хвiлiнку я прыслухаўся. Сварылiся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылi тут у маленькiм пакойчыку. Гэта былi нядрэнныя людзi. Калi б яны мелi трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадынi, ды каб яшчэ дзiця - магчыма, гэта была б шчаслiвая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзiця ў гэтыя ненадзейныя часы - хто яго мог сабе дазволiць! Яны ўвесь час натыкалiся адно на аднаго, жонка стала iстэрычкай, а муж увесь час баяўся страцiць сваё месца. Тады б - капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш нiхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазiцыi паволi, i заўсёды з'яўлялiся новыя магчымасцi, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем - адразу прадонне вечнага беспрацоўя.

Я хацеў цiхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой увалiўся Хасэ.

Ён плюхнуўся ў крэсла.

- Я больш не вытрываю.

Гэта быў па сутнасцi мяккi чалавек з абвiслымi плячыма i маленькiмi вусiкамi. Сцiплы, старанны служачы. Але якраз такiм было сёння цяжэй за ўсiх. Ды iм, бадай, было заўжды найцяжэй. Сцiпласць i стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькi ў раманах. У жыццi iх выкарыстоўваюць, а потым адкiдваюць прэч. Хасэ ўзняў рукi.

- Толькi падумайце, у канторы зноў два звальненнi. Наступны - я, вось убачыце: я! - У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я налiў яму чарку гарэлкi. Ён тросся ўсiм целам. Некалi ён зламаецца, гэта было вiдавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.

- Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокi, - прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю iснаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвiла i расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасцi.

Нешта раiць не мела сэнсу.

- Слухайце, Хасэ, - сказаў я. - Пасядзiце тут спакойна, колькi вам захочацца. Мне трэба пайсцi. Калi вам больш да густу каньяк, ён - у шафе. Тут - ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кiно. Гэта будзе каштаваць вам столькi ж, колькi дзве гадзiны ў кавярнi, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага - не разважаць! - Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кiно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.

Побач дзверы былi адчынены. Жанчына ўсхлiпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я iшоў праз калiдор. Наступныя дзверы былi прачынены. Адтуль падслухвалi. Пахла духамi. Тут жыла Эрна Бёнiг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату - адзiн раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да ранiцы. Назаўтра ў яе бываў вельмi дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзiла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б i жыць, гаварыла яна. У яе былi два сябры. Адзiн кахаў яе i прыносiў кветкi. Другога кахала яна i давала яму грошы.

Побач у пакоi жыў ротмiстр граф Арлоў - расейскi эмiгрант, кельнер, статыст на кiназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сiвымi скронямi. Ён выдатна iграў на гiтары. Кожны вечар ён малiўся Казанскай Божай Мацi, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якiм-небудзь заняпалым гатэлi. На падпiтку быў плаксiвы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткi. Узрост - пяцьдзесят гадоў. Муж загiнуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлi ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нiкога.

Яшчэ побач - Мюлер, казначэй-пенсiянер. Сакратар таварыства фiлатэлiстаў. Жывая калекцыя марак, больш нiчога. Шчаслiвы чалавек.

У апошнiя дзверы я пастукаў.

- Як справы, Георгi? - сказаў я. - Нiчога новага?

Георгi Блок пахiтаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў руднiку. Заробленыя грошы скончылiся; iх хопiць яшчэ месяцы на два. На руднiк ён не мог вярнуцца - там цяпер ужо хапала сваiх беспрацоўных. Ён спрабаваў так i сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лiсткi маргарынавай фабрыкi. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет i ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры днi яго спынiлi двое ў касках, адабралi газеты, падралi iх i растлумачылi, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезцi. У iх самiх хапае беспрацоўных. I ўсё-такi ён выйшаў наступнай ранiцай, хоць ужо давялося заплацiць за падраныя газеты. Нехта збiў яго роварам. Газеты паляцелi ў гразь. Зноў заплацiў дзве маркi. Ён пайшоў трэцi раз i вярнуўся з разадраным касцюмам i разбiтым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаi сядзеў у пакоi i зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкi сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнiя курсы цi не - на працу можна было разлiчваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.

Я падаў яму цыгарэты.

- Кiнь ты гэта глупства, Георгi. Як я. Потым пачнеш спачатку.

Ён пахiтаў галавой.

- Я ўжо тады заўважыў, пасля руднiка. Калi не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другi раз мяне ўжо не хопiць.

Бледны твар i вушы, якiя тырчаць, i блiзарукiя вочы, хударлявая постаць з запалымi грудзьмi... д'ябал забяры ўсё!

- Ну, бывай, Георгi.

Бацькоў у яго не было.

Кухня. На сцяне - галава дзiка. Памяць пра нябожчыка Залеўскi. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу i дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблiчак каля кнопкi званка. I мая мiж iншых. "Роберт Локамп, студэнт фiласофii. Званiць два разы". Яна была брудна-жоўтая. "Студэнт фiласофii"! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусцiўся па прыступках у кавярню "Iнтэрнацыяналь".

"Iнтэрнацыяналь" - вялiзная, цёмная, задымленая кiшка з мноствам заднiх пакояў. Наперадзе, каля стойкi, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькi струн парвалася. Клавiшы таксама былi не ўсе. Але я любiў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.

У заднiх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзiлi свае сходы. Бывалi тут i вулiчныя артысты. Наперадзе сядзелi прастытуткi.

Шынок быў пусты. Толькi пласкаступы кельнер Алоiс стаяў за стойкай.

- Як заўсёды? - спытаў ён.

Я згодна кiўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столiк i бяздумна ўтаропiўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькi, што стаялi на палiцах. Чэрыбрэндзi гарэў, як рубiн.

Алоiс паласкаў шклянкi. Гаспадарова кошка сядзела на раялi i муркала. Я павольна палiў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзiўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нiзкi, грубаваты, амаль хрыплы i ўсё ж мяккi.

- Дай мне пагартаць некалькi часопiсаў, Алоiс, - сказаў я.

Зарыпелi дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могiлак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцiлi за нястомнасць. Яна прыйшла выпiць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзiцяцi.

- Прывiтанне, Роберт.

- Прывiтанне, Роза. Як малышка?

- Паглядзiм. Вось - вязу ёй.

Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку i нацiснула ёй на жывот. "Ма-ма", - праквакала лялька. Роза свяцiлася ўся.

- Казачна! - сказаў я.

- Зiрнi! - Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчылiся вочы.

- Нечувана, Роза.

Яна была задаволена i зноў запакавала ляльку.

- Ты ў гэтых справах цямiш, Роберт. З часам будзеш добрым мужам.

- Ну, ну, - сказаў я з сумненнем.

Роза любiла сваё дзiця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзiця не хадзiла, яно жыло з ёй у адным пакоi. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З'яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасiла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзiцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы i ўпускала кавалера. Але ў снежнi малую даводзiлася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзiця прастудзiлася i часта плакала ў прысутнасцi наведнiкаў. Роза мусiла разлучыцца з дачушкай, як нi цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагi дзiцячы прытулак. Там яна лiчылася паважанай удавой. Iнакш - дзiця не прынялi б.

Роза ўстала.

- Ты прыйдзеш у пятнiцу?

Я кiўнуў.

Яна глянула на мяне.

- Ты ж ведаеш, што здарылася.

- Вядома.

Я не меў нiякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як i тое, што да ўсiх дзяўчат тут я звяртаўся на "ты".

- Бывай, Роберт.

- Бывай, Роза.

Я нейкi час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. "Iнтэрнацыяналь" у выхадныя днi быў мне ўтульным домам. Я выпiў рому, пагладзiў кошку i пайшоў.

Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабiць. Нiдзе доўга не затрымлiваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў "кадзiлак". Гэтую старую машыну мы нядаўна купiлi за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралi. Кёстэр наводзiў апошнi "марафет". Мы спадзявалiся добра зарабiць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такiя цяжкiя часы, як цяпер, людзi купляюць малыя машыны, а не такi аўтобус.

- Мы на iм пагарым, Ота, - сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены.

- Гараць на сярэднiх машынах, Робi, - растлумачыў ён. - Купляюць танныя машыны i вельмi дарагiя. Ёсць яшчэ людзi з грашыма. А ёсць, што выдаюць сябе за багатых.

- Дзе Готфрыд? - спытаў я.

- На нейкiм палiтычным сходзе.

- Вар'яцтва! Што яму там трэба?

Кёстэр засмяяўся.

- Сам не ведае. Магчыма, вясна затлумiла яму галаву. Вось i хочацца нечага свежанькага.

- Магчыма, - сказаў я. - Давай дапамагу.

Мы пракорпалiся, пакуль не сцямнела.

- Хопiць, - сказаў Кёстэр.

Мы ўмылiся.

- Ведаеш, што ў мяне ёсць? - спытаў ён i паляпаў па партманеце.

- Што?

- Бiлеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем?

Я вагаўся. Ён здзiўлена паглядзеў на мяне.

- Удзельнiчае Сцiлiнг, - сказаў ён. - Супроць Валькера. Будзе добры бой.

- Вазьмi Готфрыда, - прапанаваў я i сам з сябе пакпiў: чаму не iду? Але не хацелася, не ведаю чаму.

- У цябе планы? - спытаў ён.

- Не.

Ён зiрнуў на мяне.

- Пайду дадому, - сказаў я. - Напiшу пiсьмы, i яшчэ тое-сёе... Таксама трэба.

- Ты захварэў? - спытаў ён занепакоена.

- Ты што, анi блiзка. Магчыма, таксама вясна затлумiла галаву.

- Ну добра. Як хочаш.

Я паплёўся дадому. Але i седзячы ў пакоi, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзiў узад-уперад. Я ўжо не мог уцямiць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калiдор да Георгi. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскi.

- Вось табе i на, - сказала яна. - Вы тут?

- Цяжка не пагадзiцца, - адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем.

Яна пахiтала сiвой галавой.

- Нiкуды не пайшлi? Дзiва, ды i ўсё тут!

Я не доўга затрымаўся ў Георгi. Праз пятнаццаць хвiлiн я вярнуўся. Падумалася, цi не выпiць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна i пачаў пазiраць на вулiцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могiлкамi. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загаралiся лiхтары, але яшчэ было не зусiм цёмна - здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнiгамi паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт... патэлефанаваць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны i дома няма.

Я падышоў да тэлефона, зняў слухаўку i назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай слухаўкi наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькi ў прыхожай фраў Залеўскi, памiж галовамi дзiкоў, пахам тлушчу i кухонным бразгатаннем, раптам цiха i павольна, нiбы ў задуменнi, разважаючы над кожным словам, загучаў нiзкi хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знiкла. Я павесiў слухаўку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такiм змрочным. "Вар'яцтва", - падумаў я i патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў слухаўку i патэлефанаваў Кёстэру.

- Бiлеты яшчэ ў цябе, Ота?

- У мяне.

- Добра. Я iду на бокс.

Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзiлi па начным горадзе. Вулiцы былi свежыя i пустыя. Зiхацелi шыльды. У вiтрынах гарэла святло. У адной з iх стаялi голыя васковыя манекены з размаляванымi тварамi. У iх быў выгляд распусных прывiдаў. Побач мiгцелi ўпрыгожаннi.

Потым мы падышлi да ўнiвермага, якi быў асветлены ярка, як сабор. Вiтрыны пенiлiся стракатым блiскучым шоўкам. Каля кiнатэатра на прыступках сядзелi бледныя, схуднелыя постацi. Побач агнямi пералiвалiся вiтрыны прадуктовай крамы. Металiчнымi вежамi ўзвышалiся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцiлцы ляжалi прывялыя яблыкi, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалi памiж палак сухой каўбасы. Вабiлi жоўтыя i ружовыя букеты вяндлiны i паштэтаў.

Мы селi на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нiбы электрычная лямпачка, вiсеў над дамамi. Ужо даўно перавалiла за поўнач. Непадалёк на вулiцы рабочыя паставiлi палатку. Яны працавалi на трамвайнай лiнii. Шыпелi зварачныя апараты, россыпы iскраў пырскалi над сагнутымi цёмнымi постацямi. Побач з iмi, як палявыя кухнi, дымiлiся катлы з гарачым асфальтам. Мы думалi кожны пра сваё.

- Дзiўная нядзеля, цi не праўда, Ота?

Кёстэр згодна кiўнуў.

- Шчыра кажучы, радуешся, калi яна канчаецца, - сказаў я задумлiва.

Кёстэр пацiснуў плячыма.

- Мусiць, так звыкаешся з працай, што крышку свабоды ўжо перашкаджае.

Я наставiў каўнер.

- Ёсць штосьцi няправiльнае ў нашым жыццi, Ота?

Ён глянуў на мяне i ўсмiхнуўся.

- Было нешта iншае, Робi.

- Праўда, - пагадзiўся я. - Але...

Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт.

Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзiне, здавалася цёплым маленькiм домам.

- Як ты думаеш - закончым "кадзiлак" да аўторка? - спытаў я.

- Павiнны, - сказаў Кёстэр. - А чаму?

- Ды не, проста так...

Мы ўсталi i пайшлi дадому.

- Сёння са мной нешта не так, Ота, - сказаў я.

- З кожным бывае... Дабранач, Робi.

- Дабранач, Ота.

У пакоi я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агiдная, свяцiла занадта ярка, крэслы - пацёртыя, лiнолеум жахлiва бляклы, умывальнiк, ложак, над iм карцiна пра бiтву пад Ватэрлоа - сюды ж нельга запрасiць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросiш. У лепшым разе - прастытутку з "Iнтэрнацыяналя".

III

У аўторак ранiцай мы сядзелi ў двары нашай майстэрнi i снедалi. "Кадзiлак" быў гатовы. Ленц з лiстком паперы ў руцэ пераможна пазiраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу i толькi што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькi што напiсаў. Яна пачынался са слоў: "Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!" Гэта было нешта сярэдняе памiж вершам i гiмнам.

Мы з Кёстэрам хвiлiнку памаўчалi. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлiвай плынi шматфарбнай фантазii. Ленц вырашыў, што пакарыў нас.

- Ёсць i паэзiя, i бляск, праўда? - з гонарам спытаў ён. - У век дзелавiтасцi трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процiлегласцi прыцягваюцца.

- Толькi не ў грашовых справах, - запярэчыў я.

- Аўтамабiлi купляюць не на тое, каб укласцi грошы, хлопчык, - заявiў Готфрыд, не пагаджаючыся. - Iх купляюць, каб пазбавiцца грошай. I вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякiм разе для камерсанта. У большасцi з iх яна нават на тым i канчаецца. Як думаеш, Ота?

- Ты ведаеш... - асцярожна пачаў Кёстэр.

- Што тут доўга гаварыць, - перабiў я яго. - Гэта - рэклама курорта альбо элiксiру прыгажосцi, але не аўтамабiля.

Ленц хацеў нешта сказаць.

- Хвiлiнку. Ты лiчыш, што мы прыдзiраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа!

Юп быў наш адзiны падсобнiк. Гэта быў падлетак пятнаццацi год - накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносiў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацiнневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калi б Юп упаў з самалёта, з iм нiчога не здарылася б. Ён лёгка спусцiўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклiкалi яго. Ленц прачытаў яму рэкламу.

- Ты зацiкавiўся б такой машынай, Юп? - спытаў Кёстэр.

- Машынай? - перапытаў Юп.

Я засмяяўся.

- Вядома, машынай, - буркнуў Готфрыд. - А ты думаў, што конiкам-дзёгцiкам?

- А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кiравання i гiдраўлiчны тормаз? - спытаўся Юп спакойна.

- Авечая галава, гэта ж наш "кадзiлак", - гыркнуў Ленц.

- Не можа быць, - усумнiўся Юп i вышчарыўся на ўвесь рот.

- Бачыш, Готфрыд, - сказаў Кёстэр. - Вось яна - сённяшняя рамантыка.

- Кацiся зноў да сваёй калонкi, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя.

Ленц у сапсаваным настроi знiк у майстэрнi, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласцi, надаць аб'яве крыху тэхнiчнай канкрэтыкi.

Праз некалькi хвiлiн у дзвярах раптам з'явiўся старшы iнспектар Барзiг. Мы сустрэлi яго вельмi пачцiва. Ён быў iнжынер i эксперт страховачнага таварыства "Фенiкс", вельмi ўплывовы чалавек пры атрыманнi заказаў на рамонт. У нас з iм былi выдатныя адносiны. Праўда, як iнжынер ён быў сапраўдны д'ябал, якi нiчога не прапусцiць, але як збiральнiк матылькоў - хоць да раны прыкладай. У яго была вялiкая калекцыя, i мы падаравалi яму аднойчы тоўстага матыля, якi ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калi мы ўручылi яму гэтую жывёлiну, Барзiг збялеў i набыў урачыстасць. Гэта быў матыль "мёртвая галава" - незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыi. Ён нам гэтага нiколi не забываў i забяспечваў нас з той пары рамонтнымi работамi пры першай жа магчымасцi. А мы яму лавiлi ўсялякiх матылёў.

- Чарачку вермуту, пан Барзiг? - спытаў Ленц, якi зноў аказаўся каля нас.

- Днём не п'ю. Жалезны прынцып.

- Прынцыпы трэба парушаць, iнакш ад iх нiякай радасцi, - заявiў Готфрыд i налiў. - За шчаслiвую будучыню "паўлiнавага вока" i "жамчужнiцы"!

Барзiг нейкi час вагаўся.

- Калi вы так просiце, не магу адмовiцца, - сказаў ён i падняў чарку. Але тады вып'ем i за маленькiя "бычыныя вочкi".

Ён сарамлiва заўсмiхаўся, быццам выказаў штосьцi непрыстойнае пра жанчыну.

- Я, каб ведалi, адкрыў новы вiд. Са шчацiнiстымi вусiкамi.

- Хто б мог падумаць! - сказаў Ленц. - Малайцом! Тады вы вынаходца i ваша iмя ўвойдзе ў гiсторыю прыродазнаўства.

Мы выпiлi па чарцы за шчацiнiстыя вусiкi. Барзiг выцер вусы.

- Я да вас з добрай навiной. Можаце забраць "форд". Дырэкцыя зацвердзiла вы робiце рамонт.

- Цудоўна, - сказаў Кёстэр. - Нам гэта вельмi дарэчы. А як справы з нашым каштарысам?

- Таксама зацверджаны.

- Без скарачэнняў?

Барзiг прыплюшчыў вока.

- Паны спачатку не вельмi хацелi. Але ўрэшце...

- За страховачнае таварыства "Фенiкс" - да дна! - сказаў Ленц i налiў.

Барзiг устаў i пачаў развiтвацца.

- Ведаеце, - сказаў ён, адыходзячы, - жанчына, што была ў "фордзе", усё-такi памерла некалькi дзён назад. А ў яе ж былi толькi парэзы. Вiдаць, страцiла шмат крывi.

- Колькi ёй было гадоў? - спытаў Кёстэр.

- Трыццаць чатыры, - адказаў Барзiг. - Цяжарная на чацвёртым месяцы. Застрахаваная на дваццаць тысяч марак.

Мы адразу выехалi забраць машыну. Яна стаяла ў аднаго булачнiка. Гэты чалавек на падпiтку ўрэзаўся ў сцяну. Траўмы атрымала толькi жонка. Ён сам не атрымаў нiводнай драпiны.

Мы сустрэлiся з iм у гаражы, калi ўжо бралi машыну на буксiр. Ён нейкi час глядзеў, набычыўшыся, - мешкаватая постаць з круглай спiнай i кароткай шыяй. У яго быў твар нездаровага шэрага адцення, як i ва ўсiх булачнiкаў. У паўзмроку ён быў падобны да вялiкага сумнага мучнога чарвяка. Ён паволi наблiзiўся да нас.

- Калi будзе гатова машына? - спытаў ён.

- Тыднi праз тры, - адказаў Кёстэр.

Той паказаў на кузаў.

- I гэта таксама?

- З якой ласкi? - спытаў Ота. - Ён жа зусiм не пашкоджаны.

Булачнiк нецярплiва схамянуўся.

- Вядома. Але ж можна неяк выкраiць новы. У вас жа даволi вялiкi заказ. Мы паладзiм, праўда?

- Не, - сказаў Кёстэр.

Ён выдатна зразумеў клiента. Той хацеў бясплатна выцыганiць новы кузаў, за якi страховачнае таварыства не плацiла. Нейкi час мы спрачалiся. Булачнiк пагражаў, што адмовiцца ад усяго i атрымае кампенсацыю ад больш згаворлiвай майстэрнi. Нарэшце Кёстэр здаўся. Ён не саступiў бы, каб у нас не было такой пiльнай патрэбы ў працы.

- Ну вось, адразу б так, - заўважыў булачнiк з крывой усмешкай. - Я забягу неўзабаве, знойдзем матэрыял. Хацелася б пяшчотны колер беж.

Мы паехалi. Ленц паказаў на сядзенне "форда". На iм былi вялiкiя чорныя плямы.

- Кроў нябожчыцы жонкi. А ён вырваў новы кузаў. Пяшчотны колер беж. Маладзец. Я ўпэўнены, што ён выб'е страхоўку за двух нябожчыкаў. Жонка ж была цяжарная.

Кёстэр пацiснуў плячыма.

- Магчыма, ён запэўнiў сябе, што адно з адным не звязана.

- Магчыма, - сказаў Ленц. - Кажуць, што ёсць людзi, якiх такiя справы суцяшаюць у горы. А нам гэта - мiнус пяцьдзесят марак з заробку.

Аполуднi я адпрасiўся дадому. Я дамовiўся з Патрыцыяй Хольман на пяць гадзiн, але ў майстэрнi я пра гэта не сказаў. Не таму, што хацеў утоiць, але мне самому яшчэ не верылася.

Яна прызначыла сустрэчу ў кавярнi, якой я не ведаў. Я ведаў толькi, што гэта маленькi ўтульны шынок. Я спакойна пайшоў туды. Але калi пераступiў парог, жахнуўся. Памяшканне было запоўнена жанчынамi. Я трапiў у тыповую дамскую кавярню.

Мне з цяжкасцю ўдалося захапiць незаняты столiк. Я збянтэжана азiрнуўся па баках. Акрамя мяне тут былi толькi два мужчыны, i тыя мне не спадабалiся.

- Каву, гарбату, шакалад? - спытаў кельнер i змёў сурвэткай крошкi са стала на мой касцюм.

- Вялiкую порцыю каньяку, - адказаў я.

Ён прынёс. Але разам з тым ён прывёў кампанiю аматарак кавы, на чале з атлеткай няпершай спеласцi ў капелюшы з жалобнай стужкай. Кампанiя шукала месца.

- Чатыры месцы, калi ласка! - сказаў кельнер i паказаў на мой столiк.

- Хвiлiнку, - адказаў я. - Столiк не свабодны. Я чакаю.

- Так справа не пойдзе, васпан! - сказаў кельнер. - У гэты час у нас нельга загадзя займаць месцы.

Я зiрнуў на яго. Потым я перавёў погляд на атлетку. Яна стаяла каля самага стала, учапiўшыся ў спiнку крэсла. Я ўбачыў яе твар i адмовiўся ад далейшага супрацiўлення. Нават стрэл з гарматы не пахiснуў бы гэтую даму ў яе рашучасцi захапiць столiк.

- А каньяку вы мне можаце прынесцi яшчэ? - буркнуў я афiцыянту.

- Несумненна, васпан. Зноў двайную?

- Так.

- Калi ласка. - Ён пакланiўся. - Гэта ж столiк на шэсць персон, васпан, сказаў ён, нiбы просячы прабачэння.

- Добра. Прынясiце толькi каньяк.

Атлетка, вiдаць, была членам таварыства барацьбы за цвярозасць. Яна ўтаропiлася на маю чарку, як на пратухлую рыбiну. Каб пазлаваць яе, я заказаў яшчэ раз i ўтаропiўся на яе. Усё гэта мяне раптам насмяшыла. Што мне тут трэба? I што мне трэба ад дзяўчыны? Я нават не ведаў, цi пазнаю яе ўвогуле ў гэтай таўхатнi i балбатнi. Я са злосцю перакулiў у сябе каньяк.

- Прывiтанне! - сказаў нехта за спiной.

Я ўздрыгнуў. Яна стаяла i смяялася.

- Вы пачалi без спазнення!

Я паставiў на стол чарку, якую ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Я раптам разгубiўся. Дзяўчына выглядала зусiм iнакш, чым засталася ў мяне ў памяцi. Сярод гэтых укормленых кабет, якiя жавалi пiрагi, яна была падобная да тоненькай юнай амазонкi - свежай, ззяючай, надзейнай i недатыкальнай. "У нас з ёй нiчога не можа быць", - падумаў я i сказаў:

- Адкуль вы такая, казачная? Я ж увесь час назiраў за дзвярыма.

Яна паказала направа.

- Там ёсць яшчэ адны дзверы. Але я спазнiлася. Вы даўно чакаеце?

- Не, дзве-тры хвiлiны, не болей. Я таксама толькi што прыйшоў.

Аматаркi кавы за маiм сталом прыцiхлi. Я адчуў, як патылiцу свiдруюць пагардлiвыя позiркi чатырох салiдных мацi.

- Застанемся тут? - спытаў я.

Дзяўчына хутка зiрнула на стол. Вусны яе тарганулiся. Яна весела зiрнула на мяне.

- Баюся, што кавярнi ўсюды аднолькавыя.

Я пахiтаў галавой.

- Найлепшыя тыя, дзе нiкога няма. Вось гэтая - нейкая д'ябальская забягалаўка, тут заражаешся комплексам непаўнавартасцi. Найлепш пайсцi куды-небудзь у бар.

- У бар? Няўжо бываюць бары, якiя працуюць сярод белага дня?

- Ёсць адзiн, - сказаў я. - Ва ўсякiм разе там вельмi спакойна. Калi вы не супроць...

- Для разнастайнасцi...

Я зiрнуў на яе. Адразу я не змог зразумець, што яна мае на ўвазе. Я не супроць iронii, але не ў свой адрас. На душы ў мяне было нядобра.

- Тады пайшлi, - сказала яна.

Я паклiкаў кельнера.

- Тры двайных каньякi, - гыркнуў гэты пугач такiм голасам, быццам патрабаваў разлiк з нябожчыка ў магiле. - Тры трыццаць!

Дзяўчына павярнулася да мяне.

- Тры каньякi за тры хвiлiны? Нядрэнны тэмп!

- Два я выпiў учора.

- Якi хлус, - прашаптала атлетка за маёй спiной. Ёй абрыдла маўчаць.

Я павярнўўся i пакланiўся.

- Блаславёных каляд, панны.

Я хутка выйшаў.

- Вы паспрачалiся? - спытала мяне дзяўчына на вулiцы.

- Нiчога асаблiвага. Раблю нядобрае ўражанне на салiдных дам.

- Я таксама, - сказала яна.

Я глянуў на яе. Здавалася, яна з'явiлася з iншага свету. Я нiяк не мог сабе ўявiць, хто яна i як жыве.

У бары я аказаўся ў сваёй стыхii. Калi мы ўвайшлi, Фрэд, бармен, стаяў за стойкай i да бляску цёр вялiкiя чаркi. Ён павiтаўся са мной, як быццам бачыў мяне ўпершыню, а не цягнуў два днi назад на сабе дадому. У яго была выдатная школа i вялiзны вопыт. Толькi адзiн столiк быў заняты. Там сядзеў, як заўсёды, Валянцiн Хаўзер. Я ведаў яго яшчэ з вайны. Мы былi ў адной роце. Праз загараджальны агонь ён прынёс мне аднойчы пiсьмо на перадавую, падумаўшы, што яно ад маёй мацi. Ён ведаў, што я чакаю пiсьма, бо мацi перанесла аперацыю. Але ён памылiўся - гэта быў усяго толькi рэкламны лiсток пра падшлемнiкi з крапiўнай тканiны. Калi ён вяртаўся назад, яго паранiлi ў нагу. Неўзабаве пасля вайны Валянцiн атрымаў спадчыну. З таго часу ён яе прапiваў. Ён сцвярджаў: ён п'е за тое, што ацалеў. Няважна, што ўжо прайшло шмат гадоў. На яго думку, такое свята можа цягнуцца вечна. Ён быў адзiн з тых, у каго вельмi трывалая памяць на вайну. Iншыя шмат пра што забылiся. Ён жа памятаў кожны дзень i кожную гадзiну.

Я заўважыў, што ён ужо шмат выпiў. Цяпер ён з адсутна-задумлiвым позiркам сядзеў у кутку. Я памахаў рукой.

- Салют, Валянцiн.

Ён зiрнуў i кiўнуў.

- Салют, Робi!

Мы селi ў кутку. Падышоў бармен.

- Што вып'ем? - спытаў я дзяўчыну.

- Мусiць, марцiнi, - адказала яна. - Сухога марцiнi.

- У гэтым Фрэд спецыялiст, - сказаў я.

Фрэд дазволiў сабе ўсмешку.

- Мне, як заўсёды, - сказаў я.

У бары панавалi прахалода i паўзмрок. Пахла разлiтым джынам i каньяком. Гэты востры водар напамiнаў пах ядлоўцу i хлеба. Пад столлю вiсеў драўляны макет паруснiка. Сцяну за стойкай упрыгожвала медная чаканка. Няяркае святло люстры стварала на ёй чырвоныя водблескi, як быццам у iм адлюстроўваўся падземны агонь. Гарэлi толькi дзве лямпачкi ў маленькiх каваных бра - адна каля Валянцiна i адна каля нас. На iх былi жоўтыя папяровыя абажуры, зробленыя са старых геаграфiчных карт - вузкiя, асвечаныя часткi свету.

Я быў крыху збянтэжаны i не ведаў, з чаго пачаць размову. Я ж увогуле не ведаў гэтай дзяўчыны i чым больш глядзеў на яе, тым больш чужой яна мне здавалася. Я даўно ўжо нi з кiм так не сядзеў, я страцiў навык. Больш практыкi ў мяне было ў абыходжаннi з мужчынамi. Там, у кавярнi, для мяне было зашмат шуму, а цяпер, тут, раптам здалося занадта цiха. Кожнае слова дзякуючы цiшынi набывала такую важкасць, што цяжка было размаўляць нязмушана. Мне ўжо здавалася, што лепш было б вярнуцца ў кавярню.

Фрэд прынёс чаркi. Мы выпiлi. Ром быў моцны i свежы. У яго быў смак сонца. Гэты было якраз тое, што ўтрымлiвала. Я выпiў чарку i адразу зноў аддаў яе Фрэду.

- Вам тут падабаецца? - спытаў я.

Дзяўчына кiўнула.

- Лепш, чым у той кавярнi?

- Я ненавiджу кавярнi, - сказала яна.

- Чаму ж менавiта там мы павiнны былi сустрэцца? - спытаў я здзiўлена.

- Не ведаю. - Яна зняла шапачку. - Iншае не прыйшло ў галаву.

- Тым лепш, што вам тут падабаецца. Мы часта бываем тут. Вечарам тут амаль што наш дом.

Яна засмяялася.

- Цi не сумна гэта?

- Не, - сказаў я. - Адпавядае часу.

Фрэд прынёс мне другую чарку. Ён паклаў на стол у дадатак зялёную "гавану".

- Ад пана Хаўзера.

Валянцiн кiўнуў са свайго кутка i падняў чарку.

- 31 лiпеня 17-га года, Робi, - сказаў ён, запiнаючыся.

Я кiўнуў яму i падняў чарку ў адказ.

Яму заўсёды хацелася пiць за чыёсьцi здароўе. Бывала, што вечарам я сустракаў яго, калi ён пiў да месяца або да бярозавага куста каля вясковага шынка. А потым ён прыпамiнаў якiсьцi дзень з акопнага жыцця, калi было асаблiва цяжка, i быў удзячны за тое, што выжыў i можа сядзець тут.

- Гэта мой сябра, - сказаў я дзяўчыне. - Таварыш па акопах. Ён - адзiны знаёмы мне чалавек, якi з вялiзнага няшчасця зрабiў сабе маленькае шчасце. Ён не ведае, што рабiць са сваiм жыццём, таму ён проста радуецца, што жывы.

Яна ў задуменнi глянула на мяне. Палоска святла коса перакрэслiла ёй лоб i рот.

- Гэта мне зразумела, - сказала яна.

Я зiрнуў на яе.

- Як вы можаце зразумець? Вы замаладая для гэтага.

Яна засмяялася. Гэта была лёгкая, трапяткая ўсмешка - смяялiся толькi вочы. Твар амаль зусiм не змянiўся, ён толькi пасвятлеў, нiбы засвяцiўся з сярэдзiны.

- Замаладая, - сказала яна. - Што гэта за слова? Мне здаецца, нельга быць замаладым. Заўсёды - занадта стары.

Я хвiлiну памаўчаў.

- Тут ёсць процьма контраргументаў, - запярэчыў я i падаў Фрэду знак прынесцi што-небудзь выпiць.

Дзяўчына была такая ўпэўненая i натуральная. Я адчуваў сябе каля яе бервяном. Мне весцi б лёгкую, гуллiвую размову, такую размову, якая звычайна прыдумваецца толькi потым, калi застаешся адзiн. Гэтак размаўляць умеў Ленц. А я рабiўся ў такiх выпадках няўклюдным i цяжкiм. Готфрыд не без падставы сцвярджаў, што як субяседнiк я недзе на ўзроўнi паштовага сакратара.

На шчасце, Фрэд ведаў сваю справу. Ён прынёс мне замест маленькага напарстка сапраўдны кiлiшак, напоўнены па край. Цяпер яму не трэба будзе бегаць туды-сюды, ды i не так будзе кiдацца ў вочы, колькi я п'ю. Мне неабходна было выпiць, iнакш я не мог пазбавiцца ад гэтай гнятлiвай цяжкасцi.

- Можа, заказаць яшчэ марцiнi? - спытаў я дзяўчыну.

- А што вы п'яце?

- Ром.

Яна зiрнула на мой бакал.

- Тое ж самае вы пiлi i надоечы.

- Так, - адказаў я. - Я звычайна п'ю ром.

Яна пахiтала галавой.

- Не магу ўявiць сабе, што нехта знаходзiць смак.

- Якi ў iм смак, я ўжо даўно забыўся, - сказаў я.

Яна зiрнула на мяне.

- Навошта ж вы тады п'яце?

- Ром, - сказаў я, узрадаваўшыся, што знайшлася тэма гаворкi, - ром п'юць не дзеля смаку. Ён не проста пiтво, ён хутчэй за ўсё - сябра. Сябра, якi аблягчае ўсё. Ён змяняе свет. Вось чаму п'юць... - Я адсунуў ад сябе келiх. Але цi заказаць вам яшчэ марцiнi?

- Лепш рому, - сказала яна. - Мне таксама хочацца пакаштаваць.

- Добра, - адказаў я. - Але не гэтага. Гэты напачатак занадта цяжкi... Прынясi кактэйль "бакардзi", - крыкнуў я Фрэду.

Фрэд прынёс келiхi. Да кактэйля ён падаў салёны мiндаль i смажаныя зярняты кавы.

- Пакiнь тут бутэльку, - сказаў я.

Паступова ўсё набыло адчувальнасць i бляск. Знiкла няўпэўненасць, словы нараджалiся самi, i я больш не звяртаў увагi на тое, што гавару. Я пiў i адчуваў, як мяне накрывае вялiкая мяккая хваля, як пустая шарая гадзiна напаўняецца вобразамi i, нiбы ў казцы, над абыякавымi шэрымi ўчасткамi быцця з'яўляецца бязгучны шэраг летуценняў. Сцены бара расхiнулiся, i ўжо гэта быў не бар, а куток свету, прытулак, паўзмрочны акоп, вакол якога грымела адвечная бiтва хаосу i дзе мы бяспечна сядзелi, прыгнаныя загадкавым ветрам змяркання. Дзяўчына скурчылася ў сваiм крэсле, чужая i таямнiчая, як занесеная сюды з другога жыцця. Я чуў, што нешта гавару, але здавалася, што гавару не я, а нехта iншы, той, кiм я хацеў бы стаць. Словы ўжо не адпавядалi думкам, яны зрушвалiся, яны пранiкалi ў iншыя, больш стракатыя сферы, чым тыя, у якiх адбывалiся дробныя падзеi майго жыцця. Я ведаў, што яны ўжо не былi праўдзiвыя, што яны - выдумка i хлусня, але мне было ўсё роўна - праўда безуцешная i бляклая, i толькi пачуццё i адбiткi мары - жыццё...

На медзi бара адбiвалася святло. Час ад часу Валянцiн падымаў чарку i мармытаў сабе пад нос дату. За сцяной прыглушана шумела вулiца. Гул машын напамiнаў крыкi драпежных птушак. Вулiца ўрывалася ў пакой, калi хто-небудзь адчыняў дзверы. Яна ўскрыквала, як зайздрослiвая сварлiвая старая кабета.

Ужо сцямнела, калi я праводзiў Патрыцыю Хольман дадому. Я паволi вяртаўся. Раптам я адчуў сябе адзiнокiм i пустым. Церусiў дробны дожджык. Я прыпынiўся каля вiтрыны. Цяпер я заўважыў, што выпiў зашмат. Не таму, што я хiстаўся... я адчуваў гэта выразна.

Мне раптам зрабiлася невыносна горача. Я расшпiлiў плашч i ссунуў капялюш на патылiцу. Чорт! Зноў я завёўся. Што я ёй наплёў? Я не адважваўся нават прыпамiнаць. Я ўжо нiчога не памятаў, гэта было горш за ўсё. Тут, аднаму, на халоднай вулiцы, дзе гулi аўтобусы, усё выглядала зусiм iнакш, чым у паўзмроку бара. Я праклiнаў сябе. Зайздроснае ўражанне, пэўна, вынесла ад мяне дзяўчына! Ёй жа, пэўна, кiнулася ў вочы. Сама ж яна амаль нiчога не пiла. На развiтанне яна так дзiўна паглядзела на мяне...

Божа лiтасцiвы! Я павярнуўся i сутыкнуўся з тоўстым нiзенькiм чалавекам.

- Ну! - сказаў я раз'юшана.

- Разуйце свае глядзелкi, вы - казёл набiты! - брахнуў ён.

Я ўтаропiўся ў яго.

- Мусiць, даўно людзей не бачылi, цi што? - гаўкаў ён.

Ён мне трапiў пад гарачую руку.

- Людзей бачыў, - сказаў я, - а вось пiўных бочак на шпацыры - не.

Таўстун не мог апамятацца. Ён стаяў i надзiмаўся.

- Ведаеце што? - зашыпеў ён. - Ваша месца ў звярынцы. Летуценным кенгуру няма чаго рабiць на вулiцы.

Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.

- Кацiся сваёй сцежкай, псiхiчны неданосак, - сказаў я i ўзняў руку для благаславення.

Ён не звярнуў увагi на маю прапанову.

- Каб табе мазгi залiлi бетонам, засохлая малпа! - брахаў ён.

Я адказаў яму "плоскаступнёвым вылюдкам". Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважлiва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымi могiлкамi бiфштэксаў. Яго твар раптам праяснiўся.

- Могiлкi бiфштэксаў - гэта добра, - сказаў ён. - Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! - Ён прыўзняў капялюш, i мы з узаемнай павагай разышлiся.

Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калi я стаў цверазець, яна нават узмацнiлася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручнiком. Але паступова злосць пераходзiла i на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напiўся. Я наставiў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякiм разе адразу зразумела, з кiм мае справу. А як па мне - няхай усё iдзе да д'ябла: што было, тое было. Нiчога не зменiш. Магчыма, нават i лепш.

Я вярнуўся ў бар i набраўся да чорцiкаў...

IV

Надвор'е стала цёплае i вiльготнае, некалькi дзён запар iшоў дождж. Потым праяснiлася, пачало прыпякаць сонца, i калi я ў пятнiцу ранiцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацiльду Штос, якая стаяла з венiкам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзiла.

- Ну, паглядзiце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!

Я спынiўся як зачараваны. Старая слiўка каля заправачнай калонкi за ноч расцвiла.

Яна ўсю зiму стаяла голая, скрыўленая, мы вешалi на яе старыя пакрышкi i надзявалi на голле слоiкi з-пад алею на прасушку. Яна была для нас проста прыдатнай вешалкай на ўсё - ад анучы да капота. Яшчэ некалькi дзён назад на ёй матлялiся вымытыя сiнiя камбiнезоны. Учора яшчэ на ёй нiчога не было бачна - i вось раптам за ноч яна чароўна ператварылася ў мiгатлiвае ружова-белае воблака, у воблака белых кветак, быццам у наш забруджаны двор заляцеў рой матылькоў.

- А пах, - летуценна прамовiла Мацiльда i закацiла вочы, - цудоўны, зусiм як той ром.

Я не адчуваў нiякага паху. Але адразу ж здагадаўся.

- Больш пахне каньяком для клiентаў, - запэўнiў я.

Яна энергiчна запратэставала.

- Пан Локамп, вы, мусiць, прастудзiлiся. Магчыма, у вас у носе палiпы. Сёння палiпы амаль у кожнага. Не, у старой Штос нос як у ганчака, паверце мне, гэта ром... вытрыманы ром...

- Ну добра, Мацiльда.

Я налiў ёй чарку рому i пайшоў да калонкi. Юп ужо сядзеў там. У ржавай бляшанцы з-пад кансерваў перад iм стаяла некалькi галiнак.

- Што гэта такое? - спытаў я здзiўлена.

- Для дам, - растлумачыў Юп. - Калi яны прыязджаюць на запраўку, то атрымлiваюць бясплатна кветку. Дзякуючы гэтаму я прадаў ужо на дзевяноста лiтраў больш. Залатое дрэва, пан Локамп. Каб яго не было, трэба было б зрабiць штучнае.

- Ты дзелавы хлопец.

Ён усмiхнуўся. Сонца прасвечвала яго вушы, i яны былi падобныя да рубiнавых царкоўных акон.

- Мяне ўжо два разы фатаграфавалi, - паведамiў ён. - На фоне дрэва.

- Глядзi, ты яшчэ станеш кiназоркай, - сказаў я i пайшоў да ямы, дзе Ленц ужо корпаўся пад "фордам".

- Робi, - сказаў ён, - у мяне iдэя. Нам трэба было б падумаць пра дзяўчыну Бiндзiнга.

Я ўтаропiўся на яго.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Менавiта тое, што сказаў. Але чаго ты так утаропiўся?

- Я не ўтаропiўся.

- Нават набычыўся. Мiж iншым - а як завуць дзяўчыну. Пат... а далей?

- Не ведаю, - адгукнуўся я.

Ён выпрастаўся.

- Ты не ведаеш? Ты ж запiсваў яе адрас! Я сам бачыў.

- Згубiў паперку.

- Згубiў! - Ён дзвюма рукамi схапiўся за сваю жоўтую чупрыну. - I дзеля гэтага я трымаў Бiндзiнга цэлую гадзiну ў садзе? Згубiў! Дык, можа, Ота ведае?

- Ота таксама не ведае.

Ён зiрнуў на мяне.

- Варты жалю дылетант! Тым горш! Цi ты не ведаеш, якая казачная дзяўчына гэта была? Божа! - Ён узняў вочы небу. - Толькi раз сустрэнецца нешта людскае, а гэты жалобны пень губляе адрас.

- Я не ўбачыў у ёй нiчога асаблiвага.

- Таму што - асёл, - адпарыраваў Ленц. - Дурань, якi нiчога не бачыў, што ўзвышалася б над узроўнем прастытутак з кавярнi "Iнтэрнацыяналь". Ты - тапёр! Я яшчэ раз паўтараю: нам пашэнцiла, вельмi пашэнцiла з гэтай дзяўчынай! Проста ты нiчога не разумееш! Ты бачыў яе вочы! Вядома ж, не. Ты бачыў толькi сваю шклянку...

- Заткнiся, - перабiў я яго, бо, гаворачы пра шклянку, ён закрануў маю больку.

- А рукi, - гаварыў ён, не звяртаючы ўвагi на мяне. - Тонкiя, доўгiя рукi, як у мулаткi, у гэтым Готфрыд знае толк, можаш мне паверыць! Святы Майсей! Нарэшце з'явiлася сапраўдная дзяўчына - прыгожая, натуральная i, што найважней, з атмасферай... - Ён прымоўк. - Ты ўвогуле ведаеш, што гэта такое атмасфера?

- Паветра, што запампоўваецца ў кiхi, - прабурчаў я.

- Вядома, - сказаў ён з жалем i пагардай. - Паветра, канечне. Атмасфера, аўра, выпраменьванне, цеплыня, таямнiчасць - тое, што адушаўляе i ажыўляе прыгажосць. Але што я кажу... твая атмасфера - водар рому...

- Перастань, а то ляпну чым-небудзь па кумпале.

Але Готфрыд гаварыў i гаварыў, i я нiчога не зрабiў яму. Ён жа не снiў не ведаў пра тое, што адбылося, i кожнае ягонае слова балюча ранiла мяне. Асаблiва - пра выпiўку. Я ўжо амаль забыў усё i сумеў суцешыць сябе. А ён цяпер зноў раскалупаў. Ён бясконца хвалiў дзяўчыну, i мне хутка ўявiлася, што я i праўда страцiў нешта незвычайнае i незваротнае.

Расстроены, я ўвечары пайшоў у кавярню "Iнтэрнацыяналь". Тут было маё прыстанiшча. I Ленц пацвердзiў гэта. Калi я ўвайшоў, тут, на маё здзiўленне, было поўна. На стойцы былi выстаўлены тарты i пiрожныя, а пласкаступы Алоiс бег з падносам, якi звiнеў кафейным посудам, у заднi пакой. Я спынiўся. Кава, у збаночках? Тут, мусiць, нейкая кампанiя цалкам валяецца п'яная пад сталамi.

Але гаспадар растлумачыў мне. Сёння ў заднiм пакоi развiтальны вечар сяброўкi Розы - Лiлi. Я стукнуў сябе па лбе. Вядома ж, мяне запрашалi! Нават як адзiнага мужчыну - так са значэннем падкрэслiла Роза... Бо пiдэр Кiкi, якi таксама прысутнiчаў, не лiчыўся за мужчыну. Я хуценька выйшаў, купiў букет, ананас, бразготку i плiтку шакаладу. Роза сустрэла мяне з усмешкай велiкасвецкай дамы. На ёй была чорная сукенка з глыбокiм выразам, а сама яна сядзела на ганаровым месцы за сталом. Яе залатыя зубы блiшчалi. Я пацiкавiўся, як пажывае яе дзiцятка, i перадаў дзяўчынцы цацку i шакалад. Роза цвiла. Кветкi i ананас я ўручыў Лiлi.

- Самыя сардэчныя пажаданнi!

- Ён, як заўжды, сапраўдны кавалер! - сказала Роза. - Хадзем, Робi, сядай памiж намi.

Лiлi была лепшая сяброўка Розы. Яна зрабiла блiскучую кар'еру. Яна дамаглася таго, пра што дарэмна палка марыць кожная простая прастытутка: яна працавала пакаёўкай у гатэлi. Пакаёўка з гатэля не выходзiць на вулiцу на паляванне - яна жыве ў гатэлi i там заводзiць знаёмствы. Большасцi прастытутак гэта недасягальна - у iх не хапае гардэробу ды i грошай, каб дазволiць сабе выбiраць кавалера. Лiлi, праўда, жыла ў правiнцыйных гатэлях. I ўсё ж за гэтыя гады яна сабрала каля чатырох тысяч марак. Цяпер яна думала выйсцi замуж. У яе жанiха была крама газаабсталявання i радыёапаратуры. Ён усё ведаў пра яе, але адносiўся да гэтага спакойна. За будучыню ён мог не турбавацца. Гэтыя дзяўчаты рабiлiся надзейнымi жонкамi. Яны паспыталi, пачым фунт лiха, таму былi верныя.

Лiлi выходзiла замуж у панядзелак. Сёння Роза ў яе гонар давала развiтальную вячэру. Усе прыйшлi, каб апошнi раз пасядзець з Лiлi. Пасля замужжа яна ўжо не прыйдзе сюды.

Роза налiла мне кубачак кавы. Алоiс падбег з вялiзным пiрагом, пасыпаным мiндалём, разынкамi i зялёнымi цукатамi. Роза паклала мне вялiкi кус. Я ведаў, як мне паводзiць сябе. З выглядам знаўцы я адкусiў i паказаў усiм сваiм выглядам вялiзнае захапленне.

- Правалiцца мне ў пекла, упэўнены, што пiрог не з крамы!

- Сама спякла, - сказала Роза, свецячыся ад шчасця. Яна вельмi смачна гатавала, i ёй падабалася, калi гэта заўважалi. Асаблiва добра атрымлiвалiся ў яе гуляшы i пiрагi. Нездарма яна паходзiла з Чэхii.

Я азiрнуўся па баках. Вось яны сядзяць за сталом, працаўнiцы з вiнаграднiкаў пана Бога, непадманныя знаўцы людзей, салдаты кахання - Валi, прыгажуня, у якой нядаўна пад час начной прагулкi на машыне ўкралi гаржэтку з белага пясца; Лiна на драўляным пратэзе, якая ўсё яшчэ знаходзiла кавалераў; Фрыцы, падла, якая любiць пласкаступага Алоiса, хоць даўно ўжо магла мець уласную кватэру i добрага палюбоўнiка, якi ўтрымлiваў бы яе; Чырванашчокая Маргiт, якая заўсёды ходзiць у сукенцы, якую носяць пакаёўкi, i на гэта ловiць элегантных кавалераў; Марыён, самая маладая, усмешлiвая i бестурботная; Кiкi, якога не лiчаць за мужчыну, бо ён носiць жаночае адзенне i фарбуе вусны; саракапяцiгадовая Мiмi, бедалага з хворымi венамi, якой усё цяжэй выходзiць на панель. Было яшчэ некалькi наведнiц бараў i рэстаранаў, незнаёмых мне, i, нарэшце, другi ганаровы госць - маленькая, сiвая, зморшчаная, як печаны яблык, "мамка", суцяшальнiца i апора ўсiх начных бадзяжнiц, "мамка", што прадае гарачыя сасiскi на рагу Нiкалайштрасэ - начны буфет i разменная каса. Акрамя франкфурцкiх сасiсак падпольна прадае яшчэ цыгарэты i прэзерватывы. У яе можна пазычыць i грошай.

Я ведаў, як трэба паводзiць сябе. Нiводнага слова пра справы, нiводнага грубага напамiну - забыць выдатныя здольнасцi Розы, за якiя яна атрымала мянушку Жалезны Конь, забыць размовы Фрыцы з гандляром жывёлай Штэфанам Грыгаляйтам пра любоў, забыць танцы Кiкi вакол каша з салёнымi бублiкамi на досвiтку. Размовам за гэтым столiкам магла б пазайздросцiць любая кампанiя аматарак кавы.

- Усё ўжо падрыхтавана, Лiлi?

Тая сцвярджальна кiўнула.

- Пасаг у мяне ўжо даўно гатовы.

- Цудоўны пасаг, - сказала Роза. - Нават сурвэткi з карункамi не забыла.

- Навошта тыя сурвэткi? - спытаў я.

- Ты што, Робi? - Роза зiрнула на мяне з такiм папрокам, што я хуценька заявiў, што прыпомнiў. Ну пэўна ж, сурвэткi з карункамi... Яны былi сiмвалам мяшчанскай утульнасцi, свяшчэнным сiмвалам сям'i, страчанага раю. Нiводная з дзяўчат не была прастытуткай па тэмпераменце. Яны былi ахвярамi буржуазнага быцця. Яны тайна марылi пра сямейны ложак, а не пра грэх. Але ў гэтым яны нiколi не прызнавалiся.

Я сеў да пiянiна. Роза таго толькi i чакала. Яна любiла музыку, як i ўсе гэтыя дзяўчаты. Я на развiтанне яшчэ раз сыграў усе шлягеры, якiя любiлi Роза i Лiлi. Для пачатку "Малiтву нявiннай дзяўчыны". Назва, праўда, не зусiм пасавала да месца, але гэта была ўсяго толькi бразготная п'еска. Потым прагучалi "Птушыны вечаровы спеў", "Зара ў Альпах", "Калi памiрае каханне", "Мiльёны Арлекiна" i на заканчэнне - "Я хацеў бы на радзiму". Гэтую песню вельмi любiла Роза. Прастытуткi - вельмi жорсткiя, але i вельмi сентыментальныя. Усе пачалi падпяваць. Пiдар Кiкi спяваў другiм голасам.

Лiлi зазбiралася. Ёй трэба было сустрэць свайго жанiха. Роза цалавала яе ад усяго сэрца.

- Бывай, Лiлi. Трымайся!

Яна пайшла, нагружаная падарункамi. Клянуся, што ў яе быў зусiм iншы твар, чым да гэтага. Разгладзiлiся жорсткiя рысы, якiя ўядаюцца ў твар кожнага, хто мае справу з людской подласцю. Твар памякчэў, на iм сапраўды зноў з'явiлiся сляды дзявоцкасцi.

Мы стаялi ў дзвярах i махалi Лiлi рукой. Мiмi раптам загаласiла. Яна сама ўжо пабывала замужам. Яе муж памёр на вайне ад запалення лёгкiх. Калi б ён загiнуў, ёй далi б невялiчкую пенсiю i не давялося б выходзiць на панель.

Роза паляпала яе па спiне.

- Ну, Мiмi, не расслабляйся! Хадзем, вып'ем яшчэ па глытку кавы.

Уся кампанiя вярнулася ў змрочнае памяшканне "Iнтэрнацыяналя", як кучка курэй у куратнiк. Але добры настрой больш не вярнуўся.

- Сыграй нам пад канец яшчэ, Робi! - сказала Роза. - Што-небудзь вясёленькае.

- Добра, - згадзiўся я. - Давайце грымнем "Марш старых сяброў".

Потым я таксама развiтаўся. Роза ўкруцiла мне кавалак пiрага з сабой. Я падараваў яго сыну "мамкi", якi на двары рыхтаваў кацялок варыць вячэрнiя сасiскi.

Я задумаўся, што мне рабiць. Iсцi ў бар зусiм не хацелася. I ў кiно не хацелася. У майстэрню? Я нерашуча глянуў на гадзiннiк. Восем. Зараз павiнен быў вярнуцца Кёстэр. Калi ён там, Ленц не будзе зноў безупынку балбатаць пра дзяўчыну. Я пайшоў.

У памяшканнi гарэла святло. Не толькi ў памяшканнi - увесь двор быў залiты святлом. Кёстэр быў адзiн.

- Што тут робiцца, Ота? - спытаў я. - Можа, ты прадаў "кадзiлак"?

Кёстэр засмяяўся.

- Не. Готфрыд зладзiў невялiчкую iлюмiнацыю.

Гарэлi абедзве фары "кадзiлака". Машыну паставiлi так, што пукi святла праз акно падалi на двор якраз на квiтнеючую слiву. Карцiна была цудоўная: дрэва, пакрытае беллю. Змрок з абодвух бакоў, здавалася, шумеў, як начное мора.

- Выдатна, - сказаў я. - А дзе ж ён?

- Пайшоў прынесцi перакусiць.

- Блiскучая iдэя, - сказаў я. - Мяне крыху хiстае. Але магчыма, што гэта з голаду.

Кёстэр кiўнуў.

- Пад'есцi заўсёды карысна. Асноўны закон усiх старажытных вояў. Я сёння зрабiў таксама нешта хiсткае. Заявiў "Карла" на гонкi.

- Што? - сказаў я. - Няўжо на шостае?

Ён кiўнуў.

- Чорт вазьмi, Ота, там жа ўдзельнiчаюць усялякiя славутасцi.

Ён зноў кiўнуў.

- У класе спартовых машын - Браўмюлер.

Я закасаў рукавы.

- Тады за справу, Ота! Адмыем як след нашага пестунка!

- Стоп! - крыкнуў апошнi рамантык, заходзячы. - Спачатку - падвячорак!

Ён дастаў яду - сыр, хлеб, цвёрдую вэнджаную каўбасу i шпроты. Апетыт у нас быў, як у галодных малацьбiтоў. Мы запiвалi халодным пiвам. Потым мы ўзялiся за "Карла". Мы корпалiся з iм дзве гадзiны, праверылi i змазалi ўсе падшыпнiкi. Потым з Ленцам павячэралi яшчэ раз.

Готфрыд цяпер накiраваў святло i на "форд". Пры сутыкненнi выпадкова адна фара засталася непашкоджанай. Цяпер яна ўзiралася з пагнутага шасi ў неба.

Ленц задаволена павярнуўся да нас.

- Ну, Робi, цягнi бутэлькi. Давайце адзначым свята квiтнеючага дрэва.

Я паставiў на стол каньяк, джын i дзве чаркi.

- А ты?

- Я не буду пiць.

- Што? Чаму?

- Таму што мне ўжо абрыдлi гэтыя папойкi.

Ленц хвiлiну разглядаў мяне.

- Наша дзiця звiхнулася, Ота, - звярнуўся ён да Кёстара.

- Пакiнь яго, раз не хоча, - адказаў Кёстэр.

Ленц налiў сабе поўную чарку.

- Хлапец ужо даўно ненармальны.

- Не самае горшае, што можа быць, - заявiў я.

Месяц, вялiкi i чырвоны, вылез з-за даху фабрыкi насупроць нас. Нейкi час мы сядзелi моўчкi.

- Скажы, Готфрыд, - пачаў я, - ты ж спецыялiст у сардэчных пытаннях, праўда?

- Спецыялiст! Я зубы з'еў на гэтым, - сцiпла адказаў Ленц.

- Цудоўна. Мне, мiж iншым, хацелася б ведаць, цi заўсёды закаханыя паводзяць сябе як дурнi.

- Як гэта - як дурнi?

- Ну, быццам на падпiтку. Балбочуць, нясуць лухту i хлусяць.

Ленц зарагатаў.

- Ах, сынок! Усё - гульня. Чароўная гульня мамы прыроды. Паглядзi на гэтую слiву. Яна таксама падманвае. Робiць сябе прыгажэйшай, чым будзе потым. Было б жахлiва, калi б каханне нечым было звязана з праўдай. Дзякуй богу, усё могуць гэтыя заклятыя маралiсты - але не прымушаць.

Я выпрастаўся.

- Ты думаеш, што без хлуснi ўвогуле немагчыма?

- Немагчыма, дзiцятка.

- Але ж тады можаш выставiць сябе жахлiва смешным.

Ленц заўсмiхаўся.

- Запомнi сабе адно, хлопчык: нiколi, нiколi, нiколi не выставiш сябе смешным перад жанчынай, калi робiш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыi. Рабi што хочаш: стой на галаве, пляцi несусветную лухту, хвалiся, як гусак, спявай пад яе акном, толькi аднаго не рабi: не будзь дзялком. Не будзь разважлiвы!

Я ажывiўся.

- А што скажаш на гэта ты, Ота?

Кёстэр засмяяўся.

- Вiдаць, так яно i ёсць.

Ён устаў i адкрыў капот "Карла". Я прынёс сваю бутэльку з ромам i яшчэ адну чарку i паставiў iх на стол. Ота завёў машыну. Матор гудзеў нiзка i стрымана. Ленц з нагамi залез на падваконнiк i ўзiраўся ў двор. Я падсеў да яго.

- Ты прыходзiў калi-небудзь да жанчыны п'яны?

- Часта, - адказаў ён, не варухнуўшыся.

- I што?

Ён скоса зiрнуў на мяне.

- Ты маеш на ўвазе, калi нешта ўчворыў? Нiколi не прасi прабачэння, дзiця. Нiколi нiчога не гавары. Паслаць кветкi. Без запiскi. Адны кветкi. Яны загладжваюць усё. Нават магiлы.

Я зiрнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы iскрылiся ў водблiску белага святла з вулiцы. Матор усё яшчэ цiха вуркатаў.

- Вiдаць, магу спакойна крыху выпiць, - сказаў я i адкаркаваў бутэльку.

Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.

- Месяц свецiць даволi ясна, каб не згубiць шклянку, Готфрыд. Выключы iлюмiнацыю. У першую чаргу "форда". Жывёлiна напамiнае мне косы пражэктар, напамiнае вайну. Тады было не да смеху, калi яны намацвалi твой самалёт.

Ленц кiўнуў.

- А мне гэта напамiнае... а-а... усё роўна. - Ён устаў i выключыў пражэктары.

Месяц свяцiў над фабрычным дахам. Ён свяцiў усё ярчэй i цяпер, як жоўты папяровы лiхтар, вiсеў памiж галiн слiвы. Галiнкi цiха гойдалiся пад слабым ветрам.

- Дзiўна, - праз хвiлiну сказаў Ленц. - Навошта ўсякiм людзям ставiць помнiкi? Чаму б не паставiць месяцу або квiтнеючаму дрэву?

Я рана пайшоў дамоў. Калi я адчынiў дзверы ў калiдор, пачуў музыку. Iграў грамафон Эрны Бёнiг, сакратаркi. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпалiся прыглушаныя гукi скрыпак i пiчыката на банджа. I зноў голас - настойлiвы, мяккi, нiбы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Цiхая песня жанчыны кранала, асаблiва тут, у цёмным калiдоры, памiж швейнай машынкай фраў Бэндэр i валiзкамi сям'i Хасэ. Я глянуў на дзiкаву галаву над дзвярыма кухнi.

Я чуў, як служанка звiнела посудам.

- ...Як бы я жыла без цябе... - спяваў голас за дзвярыма на адлегласцi некалькiх крокаў.

Я пацiснуў плячыма i пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькi хвiлiн у дзверы да мяне пастукалi. Увайшоў Хасэ.

- Не перашкоджу? - спытаў ён стомлена.

- Анi, - сказаў я. - Вып'еце?

- Не хочацца. Толькi пасяджу.

Ён тупа ўзiраўся перад сабой.

- Вам добра, - сказаў ён. - Вы адзiн...

- Што за глупства, - адказаў я. - Невялiкае шчасце - увесь час сядзець у адзiноце. Можаце мне паверыць...

Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяцiлiся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькi святлом лiхтароў знадворку. Вузкiя, апалыя плечы...

- Жыццё мне ўяўлялася зусiм iнакш, - сказаў ён праз нейкi час.

- Не толькi вам, - адказаў я.

Праз паўгадзiны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькi газет i паўбутэлькi апельсiнавага лiкёру "кюрасаа", што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы - непрыемнае, салодкае пiтво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбiраўся.

Ён выйшаў цiха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за iм дзверы. З калiдора, нiбы стракатая шоўкавая хусцiнка, заляцеў урывак музыкi - скрыпкi, прыглушаныя банджа.

"...як бы я жыла без цябе..."

Я сеў да акна. Могiлкi ляжалi ў сiнiм святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чаплялiся за кроны дрэваў, са змроку мiгцелi надмагiльныя камянi. Яны былi маўклiвыя i не навявалi жаху. Мiма iх праносiлiся, сiгналячы, аўтамашыны, святло фараў слiзгала па выцвiлых надпiсах.

Я сядзеў даволi доўга i шмат перадумаў. Я прыпомнiў, як мы вярнулiся з вайны, маладыя, знявераныя, нiбы гарнякi з засыпанай шахты. Мы хацелi строем выступiць супроць хлуснi, эгаiзму, сквапнасцi, вяласцi душы - супроць усяго, што пакалечыла наша жыццё. Мы ачарсцвелi, нiкому не верылi, акрамя сваiх самых блiзкiх таварышаў. Мы верылi толькi таму, што нас нiколi не падманвала: небу, табацы, дрэву, хлебу i зямлi... Але што з гэтага атрымалася? Усюды запусценне, падман, забыццё. А хто не мог забыць, таму заставалiся бяссiлле, абыякавасць i гарэлка. Час вялiкiх людскiх i мужчынскiх мараў мiнуўся. Верх узялi дзялкi. Карупцыя. Галеча.

"Вам добра, вы - адзiн", - сказаў Хасэ. Усё цудоўна. Хто адзiн, той не можа быць пакiнутым. Але часам, вечарамi, штучны будынак разбiваўся, жыццё ператваралася ў плаксiвую, iмклiвую мелодыю, у вiр дзiкага суму, жадання, песiмiзму i надзеi вырвацца з гэтага атупення, якое не мае нiякага сэнсу, рынуцца абы-куды з гэтага балота вечнай мiтуснi... Ах, гэтае вартае жалю жаданне цеплынi... цi не дастаткова было б дзвюх далоней i схiленага да цябе твару? Цi гэта - таксама падман, адмаўленне i ўцёкi? Цi ёсць што, акрамя адзiноты?

Я зачынiў акно. Не, больш нiчога няма. Пад усё астатняе занадта мала грунту пад нагамi.

Але ранiцай я пайшоў раней з дому, перш чым iсцi ў майстэрню, пастукаў да гаспадара маленькай крамы, дзе прадавалiся кветкi. Я выбраў у яго букет ружаў i папрасiў адаслаць iх зараз жа. Для мяне было крыху нязвыкла пiсаць на паштоўцы: Патрыцыя Хольман.

V

У фiнансавае ўпраўленне Кёстэр паехаў у сваiм старым касцюме. Ён хацеў паспрабаваць знiзiць нашыя падаткi. Мы з Ленцам засталiся ў майстэрнi ўдвух.

- За справу, Готфрыд, - сказаў я. - Бярэмся за тоўсты "кадзiлак"!

Напярэдаднi вечарам з'явiлася наша аб'ява. Сёння мы ўжо маглi чакаць клiентаў - калi ўвогуле хтосьцi прыйдзе. Трэба было падрыхтаваць машыну.

Спачатку мы пакрылi лак палiтурай. Дзякуючы гэтаму машына адмыслова заблiшчала i, здавалася, падаражэла на сотню марак. Потым заправiлi машыну самым лепшым маслам, якое мелi. Поршнi былi не лепшай якасцi i крыху стукалi. Мы знялi гэты шум, густа змазалi iх маслам, i машына запрацавала зусiм цiха. Мы густа змазалi яшчэ механiзм перадачы i ў дыферэнцыял, каб цалкам зняць шум.

Потым выехалi. Непадалёк пачаўся ўчастак вельмi пабiтай дарогi. Яго мы праехалi з хуткасцю 50 кiламетраў. Верх барабанiў. Мы спусцiлi з кiхаў чвэрць атмасферы i паспрабавалi яшчэ раз. Цяпер было лепей. Выпусцiлi яшчэ чвэрць. Цяпер нiчога не варухнулася.

Вярнулiся, змазалi скрыпучы капот, зрабiлi гумавыя пракладкi, залiлi ў радыятар гарачай вады, каб матор адразу схапiўся, абмылi машыну з распырсквальнiка знiзу, каб яна блiшчала i там. Потым Готфрыд падняў рукi да неба.

- Прыходзь жа, блаславёны пакупнiк. Прыходзь, дарагi ўладальнiк кашалька! Мы палка чакаем цябе, як жанiх чакае маладую!

Маладая затрымлiвалася. Таму мы загналi пекаравага каня на яму i пачалi здымаць пярэднюю вось. Гадзiны дзве мы працавалi моўчкi. Потым я пачуў, як каля калонкi Юп засвiстаў мелодыю песнi: "Слухай, што iдзе знадворку..."

Я вылез з ямы i зiрнуў у акно. Маленькi прысадзiсты чалавек хадзiў вакол "кадзiлака". Ён здаваўся дабрадзейным i салiдным буржуа.

- Зiрнi, Готфрыд, - шапнуў я. - Цi не маладая прыйшла?

- А хто ж, - вызначыў Ленц з першага погляду. - Глянь на твар. Ён ужо недаверлiвы, пакуль няма нiкога. Давай! Я застануся тут у рэзерве. Прыйду на дапамогу, калi адзiн не справiшся. Помнi мае прыёмы!

- Добра!

Я вылез.

Чалавек сустрэў мяне позiркам разумных чорных вачэй.

Я прадставiўся:

- Локамп.

- Блюменталь.

Гэта быў першы прыём: прадставiцца. Ленц сцвярджаў, што гэта стварае адразу больш iнтымную атмасферу. Другi прыём: пачынаць вельмi стрымана i выслухаць клiента, каб ударыць у адпаведны час.

- Вы наконт "кадзiлака", пан Блюменталь? - спытаў я.

Блюменталь кiўнуў.

- Вось ён, - сказаў я i паказаў на машыну.

- Я бачу, - адказаў Блюменталь.

Я хутка зiрнуў на яго. "Увага, - падумаў я. - Хiтрун".

Мы пайшлi праз двор. Я адкрыў дзверцы машыны i завёў матор. Потым памаўчаў, каб даць Блюменталю час на агледзiны. Ён, пэўна, знойдзе, што пакрытыкаваць. Тады i я пачну.

Але Блюменталь не аглядаў машыны. Ён не крытыкаваў. Ён увесь час маўчаў, стоячы як iдал. Мне нiчога не заставалася, як самому пачынаць наўгад.

Я пачаў паволi i сiстэматычна расказваць пра "кадзiлак", як мацi пра роднае дзiця, стараючыся заўважыць, цi цямiць той што-небудзь. Калi ён спецыялiст, тады трэба было б больш падрабязна спынiцца на маторы i шасi. Калi ён не разбiраецца ў машыне - на камфорце i розных дробязях.

Але ён i цяпер не выдаў сябе. Ён даваў мне выгаварыцца, пакуль я сам сабе не здаўся надзьмутым шарыкам.

- Навошта вам машына? Для язды ў горадзе цi для дальнiх вандровак? спытаў я нарэшце, каб знайсцi нейкi пункт апоры.

- Для самых розных патрэб, - адказаў Блюменталь.

- Зразумела! А вы самi будзеце вадзiць цi шафёр?

- Як калi.

Як калi... Чалавек выдаваў адказы, як папугай. Здавалася, што ён належаў да нейкага Ордэна маўчальнiкаў.

Каб узбадзёрыць яго, я прапанаваў яму праверыць тое-сёе ў машыне. Звычайна гэта аблягчала кантакт з клiентам. Я баяўся, што ён засне.

- Верх адкрываецца i падымаецца надзвычай лёгка для такой аграмадзiны, сказаў я. - Паспрабуйце самi. Вы справiцеся адной рукой.

Але Блюменталь адмовiўся спрабаваць. Ён бачыць i так. Я з шумам ляпнуў дзверцамi i пацягаў за ручкi...

- Вось бачыце, ўсё як мае быць. Жалезна. Паспрабуйце самi.

Блюменталь не захацеў. Ён лiчыў, што так i павiнна быць. Надзвычай цвёрды арэшак!

Я паказаў яму шыбы.

- Вельмi лёгка падымаюцца i апускаюцца. На любым узроўнi сядзяць мёртва.

Ён брывом не варухнуў.

- Да таго ж шкло не б'ецца, - працягваў я, ужо ў лёгкiм адчаi. - Перавага, якую нельга пераацанiць. У нашай майстэрнi стаiць "форд"... - Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасiўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзiця.

Думкi i пачуццi Блюменталя былi замкнёныя ў сталёвы сейф.

- Шкло, якое не б'ецца, стаiць ва ўсiх машынах, - перабiў ён мяне. - Тут нiчога незвычайнага.

- Такое шкло не з'яўляецца серыйным абсталяваннем нiводнай машыны, запярэчыў я мякка, але настойлiва. - У некаторых марак толькi пярэдняе шкло такое. Але толькi не вялiкiя бакавыя.

Я пасiгналiў i перайшоў да апiсання ўнутраных выгод - скрынак, сядзенняў, кiшэняў, шчытка кiравання, - я закрануў самыя дробныя дэталi, я нават працягнуў Блюменталю запальнiчку i выкарыстаў магчымасць прапанаваць яму цыгарэту, каб неяк перамянiць яго настрой. Але ён адмовiўся.

- Не куру, дзякуй, - сказаў ён i паглядзеў на мяне з такiм сумам, што ў мяне раптам закралася жудаснае падазрэнне: магчыма, ён iшоў зусiм не да нас, магчыма, ён памылiўся - хацеў купiць нешта iншае, машыну, каб абстрочваць петлi, цi радыёпрыёмнiк, а цяпер нерашуча стаяў тут, перш чым пайсцi.

- Давайце пракоцiмся на пробу, пан Блюменталь, - нарэшце прапанаваў я, ужо зняможаны.

- Пракоцiмся? - здзiвiўся ён, быццам я сказаў нейкую лухту.

- Праедземся. Вам жа трэба паглядзець, на што здольная гэтая машына. Яна проста сцелецца па дарозе, iдзе, як па рэйках. А матор цягне, быццам гэты цяжкi кузаў лягчэй пушынкi.

- Што ездзiць, - ён махнуў рукой, адмаўляючыся. - Едучы, нiчога не ўбачыш. Недахопы машыны заўсёды заўважаеш толькi потым.

"А няўжо ж, д'ябал ты чыгунны, - падумаў я са злосцю. - Цi ты думаў, што я цябе буду носам тыцкаць у iх?"

- Ну, добра, не дык не, - сказаў я, страцiўшы надзею. Чалавек не думаў купляць, усё было зразумела.

Але раптам ён павярнуўся, паглядзеў мне адкрыта ў вочы i сказаў цiха i рэзка i вельмi хутка:

- Колькi машына каштуе?

- Сем тысяч марак, - адказаў я не мiргнуўшы, як выстралiў з пiсталета. Ён не павiнен быў заўважыць, што я хоць на момант задумаўся. Кожная секунда няўпэўненасцi магла каштаваць тысячу марак, якiя ён вытаргаваў бы. - Сем тысяч чыстымi, - паўтарыў я цвёрда i падумаў: "Калi дасi пяць, то i забiрай!"

Але Блюменталь не даваў нiчога.

Ён коратка засоп.

- Задорага!

- Вядома! - сказаў я, канчаткова здаючыся.

- Як гэта - вядома? - спытаў Блюменталь раптам даволi па-людску.

- Пан Блюменталь, - адказаў я, - вы сёння сустракалi хоць аднаго дзiвака, каб, пачуўшы цану, сказаў нешта iншае?

Ён уважлiва прыгледзеўся да мяне.

Потым на яго твары прамiльгнула нешта падобнае да ўсмешкi.

- Так. Але машына сапраўды занадта дарагая.

Я не паверыў сваiм вушам. Нарэшце з'явiўся доўгачаканы нармальны тон. Тон зацiкаўленага чалавека. Цi нейкi новы закляты падвох?

У гэты момант у двары з'явiўся элегантны франт. Ён дастаў з кiшэнi газету, яшчэ раз праверыў нумар дома i накiраваўся да мяне.

- Тут прадаецца "кадзiлак"?

Я кiўнуў i моўчкi глянуў на жоўтую бамбукавую палачку i скураныя пальчаткi.

- Можна паглядзець? - зноў спытаў ён без анiякага выразу на твары.

- Вось ён, - сказаў я. - Але, можа, вы пачакаеце хвiлiнку, пакуль што я заняты. Пасядзiце там, калi ласка.

Франт на хвiлiнку прыслухаўся да шуму матора, твар яго спачатку выявiў крытыку, а потым адабрэнне, i мы зайшлi з iм у майстэрню.

- Iдыёт, - буркнуў я яму i хутка вярнуўся да Блюменталя.

- Калi вы паездзiце на машыне, дык зменiце сваю думку пра цану, - сказаў я. - Вы можаце абкатваць яе столькi, колькi вам захочацца. Можа, мне вечарам заехаць па вас, каб зрабiць пробную ездку, калi гэта вам лепш падыходзiць.

Але часовы парыў ужо знiк. Блюменталь зноў стаяў як гранiтны прэзiдэнт харавога таварыства.

- Не варта, - сказаў ён. - Мне трэба iсцi. Калi я захачу зрабiць пробную ездку, то магу патэлефанаваць вам.

Я ўбачыў, што ўжо цяпер нiчога не зробiш. Гэтага чалавека не пераканаеш.

- Ну добра, - пагадзiўся я. - Але, магчыма, вы далi б мне свой нумар тэлефона, каб я паведамiў вам пра з'яўленне яшчэ якой зацiкаўленай асобы?

Блюменталь неяк дзiўна глянуў на мяне.

- Зацiкаўленая асоба - яшчэ не пакупнiк.

Ён дастаў цыгары i прапанаваў мне. Ён запалiў. "Карона"! Вiдаць, грошай у яго было як вошай. Але мне ўжо было ўсё роўна. Я ўзяў цыгару.

Ён зычлiва падаў мне руку i пайшоў. Я глядзеў яму ўслед i цiха, але грунтоўна праклiнаў яго. Потым вярнуўся ў майстэрню.

- Ну? - павiтаў мяне франт Готфрыд Ленц. - Здорава я прыдумаў? Убачыў, як ты пакутуеш, i вырашыў дапамагчы. Пашанцавала, што Ота, ад'язджаючы, пераапрануўся. Я, як убачыў, што вiсiць добры касцюм, галопам памчаўся, залез праз акно туды i назад i з'явiўся пад выглядам сур'ёзнага пакупнiка! Выдатна, цi не праўда?

- Па-iдыёцку, - адказаў я. - Чалавек той хiтрэйшы за нас абодвух, разам узятых. Паглядзi на цыгару! Марка пяцьдзесят за штуку. Ты мне адпудзiў мiлiярдэра.

Готфрыд забраў з рук у мяне цыгару, панюхаў яе i прыпалiў.

- Я спудзiў жулiка. Мiлiярдэры такiх цыгар не кураць. Яны кураць танныя, грош - штука.

- Глупства, - адказаў я. - Жулiкi Блюменталямi сябе не называюць. Яны называюць сябе граф Блюменаў цi неяк падобна.

- Ён яшчэ вернецца, - прадказаў Ленц, самаўпэўнены, як заўсёды, i выпусцiў цыгарны дым мне ў твар.

- Гэты не прыйдзе, - сказаў я пераканана. - Але адкуль у цябе бамбукавая палка i пальчаткi?

- Пазычыў. У краме Бэн i К°. У мяне там знаёмая прадаўшчыца. Магчыма, што я нават пакiну сабе гэтую палку. Яна мне падабаецца.

Ён самазадаволена пакруцiў у паветры тоўстай палкай.

- Готфрыд, - сказаў я, - тут марна гiне твой талент. Ведаеш што? Iдзi ў вар'етэ. Там тваё месца.

- Вам тэлефанавалi, - сказала Фрыда, касавокая служанка фраў Залеўскi, калi я аполуднi на хвiлiнку заскочыў дадому. Я павярнуўся.

- Калi?

- Паўгадзiны назад. Жанчына.

- Што яна сказала?

- Яна патэлефануе ўвечары яшчэ раз. Але я ёй адразу сказала, што не мае сэнсу. Вас увечары нiколi дома не бывае.

Я ўтаропiўся на яе.

- Што? Вы так сказалi? Божа мiлы, калi ўжо вас хто навучыць размаўляць па тэлефоне?

- Я ўмею размаўляць, - нахабна заявiла Фрыда. - А ўвечары дома вас амаль нiколi няма.

- Гэта вас зусiм не датычыцца, - лаяўся я. - Наступным разам раскажыце, цi ёсць у мяне дзiрка ў шкарпэтках.

- Можна, - адказала Фрыда i з'едлiва паглядзела на мяне чырвонымi запаленымi вачыма. Мы былi застарэлыя ворагi.

Лепш за ўсё я тыркнуў бы яе галавой у рондаль з супам, але я авалодаў сабой, выцягнуў з кiшэнi марку i ўцiснуў ёй у руку, мiралюбна пытаючыся:

- Жанчына не назвала свайго iмя?

- Не, - сказала Фрыда.

- А якi ў яе быў голас? Крыху прыглушаны i нiзкi i як быццам хрыплаваты?

- Не ведаю, - адказала Фрыда так флегматычна, быццам я i не даваў ёй маркi.

- Цудоўны пярсцёнак у вас на пальцы, сапраўды прыгожы, - сказаў я. - Ну, падумайце добра, цi не прыпомнiце...

- Не, - адказала Фрыда. Зласлiвасць адбiвалася на яе твары.

- Каб ты павесiлася, чортаў венiк, - вылаяўся я i пайшоў.

Роўна ў шэсць гадзiн вечара я быў дома. Калi я адчынiў дзверы, я ўбачыў нязвыклую сцэнку. У калiдоры стаяла медсястра фраў Бэндэр у акружэннi ўсiх жанчын пансiёна.

- Падыдзiце да нас, - сказала фраў Залеўскi.

Прычынай сходу было ўпрыгожанае банцiкамi немаўля, якому было не больш за паўгода. Фраў Бэндэр прывезла дзiця са свайго прыюта ў дзiцячым вазку. Гэта было нармальнае дзiця. Але жанчыны нахiлялiся над iм у такiм вар'яцкiм захапленнi, быццам гэта было першае немаўля на свеце. Яны булькалi, пстрыкалi пальцамi перад вочкамi маленькай iстоты i складвалi вусны ў трубачку. Нават Эрна Бёнiг у кiмано з драконамi ўдзельнiчала ў гэтай оргii платанiчнага мацярынства.

- Прывабнае стварэнне? - пыталася фраў Залеўскi, паглядаючы з замiлаваннем.

- Пра гэта можна будзе сказаць дакладна праз гадоў дваццаць - трыццаць, выказаў я меркаванне, скоса пазiраючы на тэлефон. Я спадзяваўся, што ён не зазвонiць зараз, калi тут усе ў зборы.

- Вы паўзiрайцеся на яго як след, - прапанавала мне фраў Хасэ.

Я паглядзеў. Немаўля як немаўля. Што там можна было заўважыць асаблiвага? У крайнiм выпадку - надзвычай маленькiя ручкi. Няўжо i я быў калiсьцi такi?

- Бедны чарвячок, - сказаў я. - Ён i не ўяўляе, што яго чакае. Хацелася б ведаць, на якую вайну ён якраз паспее...

- Грубы чалавек, - запратэставала фраў Залеўскi. - Няўжо ў вас няма сэрца?

- Яшчэ якое, - адказаў я. - Iнакш бы ў мяне не з'явiлiся такiя думкi.

Я падаўся ў свой пакой.

Праз дзесяць хвiлiн зазванiў тэлефон. Я пачуў сваё прозвiшча i выйшаў. Канечне, уся кампанiя была яшчэ тут. Яна не адступiла i тады, калi я паднёс да вуха слухаўку i пачуў голас Патрыцыi Хольман, якая дзякавала за кветкi.

А дзiця, якое, вiдаць, было самае разумнае з усiх прысутных i якому абрыдла гэтае крыўлянне, раптам зараўло.

- Прабачце, - сказаў я з адчаем у слухаўку. - Я вас не разумею, тут раз'юшана крычыць дзiця. Але яно не маё.

Дамы зашыпелi, як гняздо гадзюк, каб супакоiць дзiця. Яны дамаглiся толькi таго, што яно раз'юшылася яшчэ больш. Толькi цяпер я заўважыў, што гэта сапраўды было незвычайнае немаўля. Вiдаць, яго лёгкiя даставалi аж да ног, iнакш чым можна было растлумачыць яго грымучы голас? Я трапiў у цяжкае становiшча. Вачыма я злосна пазiраў на кола мацярок перада мной, а ў слухаўку стараўся вымаўляць зычлiвыя словы. Ад галавы да пят ува мне бушавала бура, ад носа да падбародка - сонечны вясеннi пейзаж. Заставалася загадкай, як насуперак усяму я змог дамовiцца на сустрэчу назаўтра ўвечары.

- Вам трэба ўстанавiць гукаiзаляваную тэлефонную будку, - сказаў я фраў Залеўскi.

Яна таксама за словам у кiшэнь не лазiла.

- Навошта? - спытала яна з iскрамi ўваччу. - У вас столькi сакрэтаў?

Я замаўчаў i адступiў. Нельга пачынаць спрэчку з чалавекам, якi расхваляваны ад мацярынскага пачуцця. На яго баку мараль усяго свету.

Мы дамовiлiся сустрэцца вечарам у Готфрыда. Я павячэраў у маленькiм шынку i пайшоў да яго. Каб адзначыць гэты дзень, па дарозе ў краме мужчынскага моднага адзення я купiў шыкоўны гальштук. Я ўсё яшчэ дзiвiўся, як гладка ўсё атрымалася, i даў сабе зарок быць заўтра сур'ёзным, як генеральны дырэктар iнстытута пахавальных спраў.

Каморка Готфрыда была славутасцю. Яна ўся была завешана сувенiрамi, якiх ён навёз з Паўднёвай Амерыкi. Стракатыя цыноўкi на сценах, некалькi масак, засушаны чалавечы чэрап, незвычайныя глiняныя збаны, дзiды, а галоўнае выдатная калекцыя фатаграфiй, якая займала ўсю сцяну: дзяўчаты - iндыянкi i крэолкi, прыгожыя, смуглявыя, гнуткiя iстоты выключнай прывабнасцi i пяшчоты.

Акрамя Ленца i Кёстэра былi яшчэ Браўмюлер i Граў. Тэа Браўмюлер з загарэлай, чырвонай, як медзь, лысiнай прыладзiўся на валiк канапы i з захапленнем разглядаў фотакалекцыю Готфрыда. Ён быў гоншчыкам-выпрабавальнiкам аўтазавода i даўно сябраваў з Кёстэрам. Шостага ён удзельнiчаў у гонках, на якiя Ота заявiў "Карла".

Фердынанд Граў, ужо на падпiтку, сядзеў за сталом - масiўны i азызлы. Калi ён убачыў мяне, шырокай лапай падцягнуў да сябе.

- Робi, - сказаў ён, запiнаючыся. - Што табе трэба тут сярод страчаных людзей? Табе тут няма чаго рабiць. Iдзi адсюль. Ратуйся. Ты яшчэ можаш уратавацца.

Я зiрнуў на Ленца. Ён падмiргнуў мне.

- Фердынанд у лепшай форме. Ён ужо два днi прапiвае дарагую нябожчыцу. Прадаў партрэт i адразу атрымаў грошы.

Фердынанд Граў быў мастак. Але ён даўно памёр бы з голаду, калi б не знайшоў сабе спецыялiзацыi. Ён па фатаграфiях маляваў вельмi жывыя партрэты памерлых. З гэтага ён жыў, нават вельмi добра. Яго выдатных пейзажаў нiхто не купляў. Гэта надавала яго выказванням крыху песiмiстычнае адценне...

- На гэты раз я атрымаў заказ ад шынкара, Робi, - сказаў ён. - У шынкара памерла цётка, якая гандлявала воцатам i алеем. - Ён здрыгануўся. - Жахлiва.

- Слухай, Фердынанд, - запярэчыў Ленц. - Не варта ўжываць такiя рэзкiя выразы. Ты ж жывеш з аднаго з выдатнейшых чалавечых пачуццяў - з жалобы.

- Лухта, - заявiў Граў. - Я жыву з пачуцця абавязку. Жалоба - гэта не што iншае, як пачуццё абавязку. Людзi хочуць апраўдацца за тое, чаго яны жадалi i што яны прычынiлi нябожчыкам пры жыццi. - Ён паволi правёў рукой па полымнай лысiне. - Як ты думаеш, колькi разоў мой шынкар жадаў смерцi сваёй цёцi - а за гэта ён заказвае яе лiрычны партрэт i вешае яго над канапай. Так яна яму падабаецца больш. Жалоба! Чалавек прыпамiнае пра свае нешматлiкiя добрыя якасцi толькi тады, калi ўжо позна. Тады ён крануты думкай, якi высакародны мог бы ён быць, i лiчыць сябе дабрадзейным. Зычлiвасць, дабрыня, высакародства, - ён махнуў сваёй магутнай лапай, - гэтыя рысы пажадана бачыць у iншых, каб узяць верх над iмi.

Ленц з'едлiва ўсмiхнуўся.

- Ты падрываеш асновы чалавечага грамадства, Фердынанд!

- Асновы чалавечага грамадства - сквапнасць, страх i карупцыя, - адказаў Граў. - Чалавек - злосны, але ён любiць дабрыню, калi ёй надзелены iншы.

Ён падставiў Ленцу сваю чарку.

- Вось так, а цяпер налi мне i не балбачы ўвесь вечар... дай i iншым слова сказаць.

Я пералез да Кёстэра. Мне раптам прыйшла iдэя.

- Ота, зрабi ласку. Заўтра вечарам мне патрэбны "кадзiлак".

Браўмюлер перапынiў уважлiвае вывучэнне амаль голай крэолкi-танцоўшчыцы.

- А ты ўжо ўмееш рабiць паварот? - пацiкавiўся ён. - Да гэтага часу я думаў, што ты ўмееш ездзiць толькi па прамой, калi хто iншы сядзiць за рулём.

- Супакойся, Тэа, - адказаў я. - Шостага на гонках мы зробiм з цябе шашлык.

Браўмюлер булькнуў, засмяяўшыся.

- Ну дык як, Ота? - спытаў я нецярплiва.

- Машына не застрахаваная, Робi, - сказаў Кёстэр.

- Я буду паўзцi, як чарапаха, i сiгналiць, як гарадскi аўтобус. Мне трэба праехаць толькi некалькi кiламетраў па горадзе.

Ота прыжмурыў вочы i ўсмiхнуўся.

- Добра, Робi, я не супроць.

- Табе, вiдаць, не хапае машыны да новага гальштука? - спытаў Ленц, падышоўшы.

- Заткнiся, - сказаў я i адштурхнуў яго ўбок.

Але ён не адступаўся.

- Пакажы, пакажы, хлопец! - Ён памацаў шоўк. - Цудоўна. Наша дзiця робiцца пiжонам. Мне здаецца, што ты адпраўляешся на агледзiны.

- Сёння ты мяне не можаш пакрыўдзiць, ты - майстар пераўвасаблення, адказаў я.

- Агледзiны? - Фердынанд Граў падняў галаву. - А чаму б i не? - Ён ажывiўся i павярнуўся да мяне. - Не слухай яго, Робi. У цябе для гэтага яшчэ ўсё ёсць. Для кахання патрэбна пэўная праставатасць. У цябе яна ёсць. Зберажы яе. Яна - божы дар. Страцiш - больш не знойдзеш.

- Не бяры блiзка да сэрца, - пасмiхваўся Ленц. - Нарадзiцца дурнем - не ганьба. Ганьба памерцi дурнем.

- Маўчы, Готфрыд. - Граў адмёў яго адным рухам сваёй магутнай лапы. - Пра цябе гаворка не iдзе, абозны рамантык. Цябе не шкада.

- Выгаварыся спакойна, Фердынанд, - сказаў Ленц. - Як выгаварышся, заўсёды лягчэй на душы.

- Ты - сiмулянт, - заявiў Граў. - Высакапарны сiмулянт.

- Усе мы такiя, - усмiхнуўся Ленц. - Мы жывём толькi iлюзiямi i крэдытамi.

- Так i ёсць, - сказаў Граў i па чарзе зiрнуў на кожнага з нас з-пад кусцiстых броваў. - Iлюзiямi мiнулага i крэдытамi на будучыню. - Потым ён зноў звярнуўся да мяне: - Я сказаў: праставатасць, Робi. Тодькi зайздроснiкi называюць яе дурасцю. Не крыўдзiся на iх. Гэта не недахоп, а - талент.

Ленц хацеў запярэчыць. Але Фердынанд працягваў гаварыць.

- Ты ведаеш, што я маю на ўвазе. Просты настрой, яшчэ не з'едзены скепсiсам i занадта вялiкiм розумам. Парцыфаль быў дурны. Калi б ён быў разумны, ён нiколi не захоплiваў бы кубак святога Граля. Толькi дурнi перамагаюць у жыццi. Iншы ж бачыць зашмат перашкод i няўпэўнены, цi варта пачынаць. У цяжкiя часы праставатасць - дарагi скарб, чароўны плашч, якi хавае небяспеку, на якую разумнiк бяжыць як загiпнатызаваны.

Ён пацягнуў глыток i паглядзеў на мянё вялiзнымi сiнiмi вачыма, якiя свяцiлiся на зморшчаным твары, як кавалачак неба.

- Не старайся ведаць занадта шмат, Робi! Чым менш ведаеш, тым прасцей жыць. Веды прыносяць волю - але i няшчасце. Хадзем, вып'ем са мной за праставатасць, дурасць i ўсё, што звязана з ёй - за каханне, веру ў будучыню, мары аб шчасцi... за цудоўную дурасць, страчаны рай...

Ён сядзеў важка i масiўна, раптам пагрузiўшыся ў свае думкi i свой хмель, як адзiнокi курган недатыкальнай жалобы. Яго жыццё было разбiта, i ён ведаў, што ўжо не выкараскаецца. Ён жыў у сваёй вялiкай майстэрнi i быў блiзкi са сваёй эканомкай. Жанчына была ўстойлiвая i грубая, а Граў, наадварот, нягледзячы на сваё магутнае цела, адчувальны i бездапаможны. Ён не мог пакiнуць яе, i яму, вiдаць, было ўжо ўсё роўна. Яму было сорак два гады.

Хоць я ведаў, што гэта хмель, але, гледзячы на яго такога, я адчуваў нейкi цiхi, незразумелы жах. Ён рэдка прыходзiў да нас i пiў амаль заўсёды адзiн у сваёй майстэрнi. Гэтак чалавек хутка ламаўся.

Усмешка мiльганула на яго твары. Ён усунуў мне ў руку чарку.

- Выпi, Робi. I ратуйся. Памятай, пра што я табе гаварыў.

- Добра, Фердынанд.

Ленц завёў грамафон. У яго была процьма пласцiнак з мурынскiмi песнямi. Некалькi з iх прагучала цяпер - пра Мiсiпiсi, пра збор бавоўны i пра душныя ночы на сiнiх трапiчных рэках.

VI

Патрыцыя Хольман жыла ў вялiкiм жоўтым шматпавярховым доме, якi быў адгароджаны ад вулiцы вузкай палоскай газона. Перад уваходам стаяў лiхтар. Свой "кадзiлак" я прыпаркаваў пад iм. У рухомым святле ён быў падобны да магутнага слана, якi пералiваўся чорным бляскам.

Я дапоўнiў свой гардэроб. Да гальштука прыкупiў новы капялюш i пальчаткi. Акрамя таго, я апрануў палiто Ленца, выдатную шэрую апратку з шатландскай шэрсцi. Такiм чынам я хацеў цалкам сцерцi тое першае забулдыжнае ўражанне, якое я пакiнуў.

Я пасiгналiў. Адразу ж успыхнула, як ракета, лесвiчнае асвятленне ў пяцi вокнах па вертыкалi. Загудзеў лiфт. Я ўбачыў, як ён апускаўся, нiбы касмiчная шахтная клетка. Патрыцыя Хольман адчынiла дзверцы i хуценька сышла ўнiз па лесвiцы. Яна была ў кароткай карычневай футравай куртачцы i ў вузкай карычневай спаднiцы.

- Прывiтанне! - Яна падала мне руку. - Я рада, што магу выйсцi. Увесь дзень праседзела дома.

Мне спадабалася, як яна падала руку, пацiскаючы мацней, чым можна было чакаць. Я ненавiдзеў людзей, якiя падавалi руку вяла, нiбы здохлую рыбiну.

- Чаму ж вы мне раней не сказалi? - адказаў я. - Я заехаў бы да вас аполуднi.

- У вас так шмат часу?

- Ды не. Але неяк збег бы.

Яна глыбока ўздыхнула.

- Цудоўнае паветра! Пахне вясной.

- Калi ў вас ёсць жаданне, можам пакатацца, колькi вам захочацца, - сказаў я. - Можам выехаць за горад, у лес - я на машыне. - Я абыякава паказаў на "кадзiлак", як быццам гэта быў стары "форд".

- "Кадзiлак"? - Яна ў недаўменнi глянула на мяне. - Гэта ваш?

- Сёння на вечар мой. А ўвогуле - уласнасць нашай майстэрнi. Мы яго адрамантавалi i хочам пачаць з яго бiзнес нашага жыцця. - Я адчынiў дзверцы. Можа, спачатку паедзем у "Лазу" i павячэраем? Як вы?

- Павячэраць можна, але чаму менавiта ў "Лазе"?

Я разгубiўся. "Лаза" была адзiным прыстойным рэстаранам, якi я ведаў.

- Шчыра кажучы, - прызнаўся я, - я больш нiчога не ведаю. Мне здаецца, што "кадзiлак" нас да нечага абавязвае.

Яна засмяялася.

- У "Лазе", напэўна, занадта важная i сумная публiка. Давайце паедзем у iншае месца.

Я быў бездапаможны. Мае сур'ёзныя намеры рассейвалiся, як дым.

- Тады прапануйце вы, - сказаў я. - Месцы, якiя вядомы мне, занадта прасцяцкiя. Яны, здаецца, не для вас.

- Чаму вы думаеце так?

- Ну, так мне здаецца...

Яна хутка зiрнула на мяне.

- Можна паспрабаваць.

- Добра. - Я рашуча перакрэслiў усю праграму. - Тады я ведаю, што рабiць. Калi вы не баязлiвая. Мы пойдзем да Альфонса.

- Альфонс... гучыць выдатна, - адказала яна. - Сёння вечарам я не баязлiвая.

- Альфонс - шынкар, - сказаў я. - Лепшы сябра Ленца.

Яна засмяялася.

- У Ленца, вiдаць, усюды сябры.

Я кiўнуў.

- Ён лёгка зблiжаецца. Вы ж бачылi гэта на прыкладзе Бiндзiнга.

- Так, бог сведка, - адказала яна. - Гэта здарылася маланкава.

Мы паехалi.

Альфонс быў мажны, спакойны чалавек. Пашчэнкi выпiралi. Маленькiя вочкi. Закасаныя рукавы. Рукi доўгiя, як у гарылы. Усякага, хто быў непажаданы ў яго шынку, ён выкiдваў сам. Нават членаў спартовага таварыства "Адданасць радзiме". Для вельмi дужых клiентаў у яго пад стойкай ляжаў молат. Шынок быў размешчаны ўдала: побач з бальнiцай. Альфонс эканомiў на транспартных выдатках.

Валасатай рукой ён выцер светлы яловы стол.

- Пiва? - спытаў ён.

- Гарэлкi i закусiць.

- А даме?

- Дама таксама хоча гарэлкi, - сказала Патрыцыя Хольман.

- Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс. - Ёсць свiныя скабкi з квашанай капустай.

- Сам закалоў свiнню? - спытаў я.

- Вядома.

- Але дама, напэўна, з'ела б нешта лягчэйшае, Альфонс.

- Вы, вiдаць, жартуеце... Спачатку гляньце на скабкi.

Ён паклiкаў кельнера, каб той паказаў порцыю.

- Была шыкоўная свiння, - сказаў ён. - Лаўрэатка. Дзве першыя прэмii.

- Ну, гэтага нiхто не зразумее, - адказала яму Патрыцыя Хольман, на маё здзiўленне, з такой упэўненасцю, быццам яна ўжо гадамi наведвае гэты шынок.

Альфонс падмiргнуў.

- Дык дзве порцыi?

Яна кiўнула.

- Выдатна! Сам выберу.

Ён пайшоў на кухню.

- Бяру назад свае сумненнi, цi туды мы трапiлi, - сказаў я. - Вы Альфонса паланiлi iмгненна. Ён сам выбiрае толькi заўсёдным клiентам.

Альфонс вярнуўся.

- Дадаў вам яшчэ свежай каўбаскi.

- Нядрэнная iдэя, - сказаў я.

Альфонс паглядзеў на нас зычлiва. Прынеслi гарэлку. Тры чаркi. Трэцюю Альфонсу.

- Што ж, на здароўе, - сказаў ён. - За тое, каб у нашых дзяцей былi багатыя бацькi.

Мы выпiлi. Дзяўчына таксама выпiла да дна.

- Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс i вярнуўся за стойку.

- Смачная гарэлка? - спытаў я.

Яна здрыганулася.

- Моцная. Але ж я не магла зняславiцца перад Альфонсам.

Свiныя скабкi былi на славу. Я з'еў дзве вялiкiя порцыi, ды i Патрыцыя Хольман ела больш, чым можна было чакаць. На маю думку, яна цудоўна стасавалася з маiм настроем i не вылучалася ў гэтым шынку. Яна без крыўляння выпiла з Альфонсам яшчэ адну чарку.

Ён неўпрыкмет падмiргнуў мне: усё нармальна. А Альфонс ведаў толк. Магчыма, не ў тым, што датычыла прыгажосцi i культуры, але ў тым, што да сутнасцi i зместу.

- Калi вам пашанцуе, вы ўбачыце i чалавечыя слабасцi Альфонса, - сказаў я.

- Цiкава, - адказала яна. - Мне здалося, што ў яго iх няма.

- Ёсць. - Я паказаў на стол побач са стойкай. - Вунь...

- Што? Грамафон?

- Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класiчная музыка, толькi хоры: мужчынскiя, змешаныя хоры, на ўсiх пласцiнках, якiя вы бачыце, - толькi хоры. Вось гляньце, ён iдзе.

- Смачна? - спытаў Альфонс.

- Як у роднай мацi, - адказаў я.

- А даме?

- Лепшых свiных скабак з роду не каштавала, - адважна заявiла дама.

Альфонс задаволена кiўнуў галавой.

- Зараз пастаўлю новую пласцiнку. Вам на здзiўленне.

Ён падышоў да грамафона. Зашыпела iголка, потым магутна загучаў мужчынскi хор, якi моцнымi галасамi спяваў "Маўчанне ў лесе". Гэта было надзвычай гучнае маўчанне.

З першых тактаў у шынку зрабiлася цiха. Альфонс рабiўся небяспечным, калi хто непачцiва паводзiў сябе. Ён стаяў за стойкай, абапёршыся на яе валасатымi рукамi. Яго твар мяняўся пад уздзеяннем музыкi. Ён задумаўся - так, як можа задумацца гарыла. Харавы спеў меў над iм незвычайную ўладу. Ён рабiўся пяшчотны, як маладзенькая лань. Ён мог улезцi ў крывавую бойку, але як толькi харавы спеў кранаў яго слых, ён нiбы зачараваны кiдаў усё, прыслухоўваўся i быў гатовы памiрыцца. Раней, калi ён быў больш запальчывы, пад рукой жонкi заўседы напагатове ляжалi яго любiмыя пласцiнкi. Калi рабiлася небяспечна i ён з молатам у руках выходзiў з-за стойкi, яна хуценька апускала iголку, i Альфонс апускаў молат, слухаў i супакойваўся. З часам такой патрэбы не стала: жонка памерла, яе партрэт, падарунак Фердынанда Граў, якому ў знак удзячнасцi заўсёды быў вольны столiк, вiсеў над стойкай, ды i Альфонс пастарэў i астыў.

Пласцiнка закончылася. Альфонс падышоў да нас.

- Чароўна, - сказаў я.

- Асаблiва першы тэнар, - дадала Патрыцыя Хольман.

- Правiльна, - пацвердзiў Альфонс i ўпершыню ажывiўся. - Вы разбiраецеся! Першы тэнар - высокi клас!

Мы развiталiся з iм.

- Прывiтанне Готфрыду, - сказаў ён. - Няхай заходзiць.

Мы стаялi на вулiцы. Лiхтары перад дамамi адкiдвалi неспакойныя водблiскi i ценi ўверх, у галлё старога дрэва. На галiнках ужо быў лёгкi зялёны бляск, i дзякуючы мiгатлiваму невыразнаму святлу знiзу дрэва здавалася больш магутным i высокiм. Здавалася, што крона губляецца ў змроку, як вялiзная рука з растапыранымi пальцамi, якая з надзвычайнай жалобай учапiлася ў неба.

Патрыцыя Хольман зябка ўздыхнула.

- Вам холадна?

Яна ўзняла плечы i схавала рукi ў рукавы курткi.

- Толькi спачатку. Там было даволi цёпла.

- Вы занадта лёгка апранулiся, - сказаў я. - Вечарам холадна.

Яна адмоўна пахiтала галавой.

- Я не люблю цяжкай вопраткi. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асаблiва ў горадзе.

- У "кадзiлаку" цёпла, - сказаў я. - На ўсякi выпадак я ўзяў плед.

Я дапамог ёй сесцi ў машыну i накрыў каленi пледам. Яна падцягнула яго вышэй.

- Цудоўна! Вось так - выдатна! Холад наводзiць сум.

- Не толькi холад. - Я сеў за руль. - Пакатаемся крыху?

Яна кiўнула.

- Ахвотна.

- Куды?

- Проста паедзем паволi па вулiцах. Усё роўна куды.

- Добра.

Я завёў машыну, i мы паволi i без мэты паехалi па горадзе. Быў час пiк. Мы неслiся амаль бязгучна, так цiха працаваў матор. Здавалася, што машына карабель, якi нячутна iмчыцца па стракатых каналах жыцця. Вулiцы праносiлiся мiма, светлыя парталы, агнi, рады лiхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мiтусня быцця, мяккая лiхаманка асветленай ночы, а над усiм, памiж краямi дахаў жалезна-шэрае, вялiкае неба, якое адкiдвае сваё святло на горад.

Дзяўчына моўчкi сядзела побач са мной; святло i ценi прабягалi з акна па яе твары. Я час ад часу пазiраў на яе. Яна зноў напомнiла мне пра вечар, калi я ўбачыў яе ўпершыню. Яе твар пасур'ёзнеў, ён здаваўся больш адчужаным, чым раней, але вельмi прыгожым. Гэта быў твар, якi паланiў мяне тады i не адпусцiў. Мне здавалася, што ў iм было нешта ад таямнiчасцi цiшынi, характэрнай для рэчаў, блiзкiх да прыроды - дрэў, воблакаў, жывёлiн, а часам для жанчын.

Мы выехалi на цiхiя прыгарадныя вулiцы. Вецер памацнеў. Здавалася, ён гнаў ноч перад сабой. На вялiкай плошчы, вакол якой спалi маленькiя домiкi, акружаныя садамi, я спынiў машыну.

Патрыцыя Хольман страпянулася, быццам спала.

- Прыгожа, - сказала яна праз хвiлiну. - Калi б у мяне была машына, я вось так цiха каталася б кожны вечар. У гэтым ёсць нешта казачнае - вось так бясшумна ехаць, дзе хочаш. Быццам i не спiш, але ў той самы час снiш штосьцi. Мне здаецца, тады i людзi не патрэбны табе вечарам.

Я дастаў з кiшэнi пачак з цыгарэтамi.

- А ўвогуле хочацца, каб вечарам нехта быў побач...

Яна кiўнула.

- Хочацца. Калi цямнее, на душы робiцца нiякавата.

Я разарваў пачак.

- Амерыканскiя. Вам падабаюцца?

- Так. Нават больш, чым нейкiя iншыя.

Я даў ёй прыпалiць. На iмгненне блiзкае цёплае святло запалкi асвятлiла яе твар i мае рукi, i ў мяне раптам з'явiлася вар'яцкая думка, што мы ўжо даўно блiзкiя. Я апусцiў шыбу, каб даць выйсцi дыму.

- Вы хочаце павесцi машыну? - спытаў я. - Вам, пэўна, было б прыемна.

Яна павярнулася да мяне.

- Хацелася б. Але не ўмею.

- Сапраўды?

- Не ўмею. Нiколi не вучылася.

Тут я вырашыў скарыстаць выпадак.

- Бiндзiнг жа даўно мог навучыць вас, - сказаў я.

Яна засмяялася.

- Бiндзiнг занадта закаханы ў сваю машыну. Ён нiкога не падпускае да руля.

- Гэта неразумна, - заявiў я, задаволены, што магу ўпiкнуць таўстуна. - Я даю вам праехаць без усялякiх ваганняў. Садзiцеся.

Я насуперак усiм папярэджанням Кёстэра вылез, каб памяняцца месцамi. Яна захвалявалася.

- Але ж я сапраўды не ўмею кiраваць.

- Умееце, - запярэчыў я. - Вы ўсё ўмееце. Толькi не ведаеце пра гэта. - Я паказаў ёй пераключэннi.

- Вось, - сказаў я. - А цяпер - наперад!

- Хвiлiнку! - Яна паказала на аўтобус, якi адзiнока кацiўся па вулiцы. Можа, прапусцiм яго спачатку?

-Нi ў якiм разе!

Я iмгненна ўключыў хуткасць i адпусцiў педалю счаплення. Яна сутаргава ўхапiлася за руль, напружана ўзiраючыся ў вулiцу.

- О божа, мы едзем занадта хутка.

Я зiрнуў на спiдометр.

- Зараз вы едзеце з хуткасцю 25 кiламетраў у гадзiну. На самай справе гэта толькi дваццаць. Нармальная хуткасць для марафонца.

- А мне здаецца, што восемдзесят.

Праз некалькi хвiлiн першы страх знiк. Мы ехалi ўнiз па шырокай роўнай вулiцы. "Кадзiлак" крыху вадзiла ў бакi, як быццам ён быў запраўлены не бензiнам, каньяком. Часам ён праходзiў падазрона блiзка ад бардзюра, але паступова справа наладзiлася, i ўсё атрымлiвалася так, як я i думаў: я атрымаў перавагу, бо мы раптам сталi настаўнiкам i вучанiцай, i я гэта выкарыстаў.

- Увага, - сказаў я. - Там стаiць палiцэйскi.

- Спазнiлiся. А што будзе, калi ён мяне заловiць? У мяне ж няма правоў.

- Мы ўдваiх трапiм у турму.

- О святы божа! - Яна спуджана пачала нагой шукаць тормаз.

- Газу! - крыкнуў я ёй. - Газу! Мацней нацiснуць. Нам трэба праскочыць горда i хутка. Найлепшы сродак супроць закона - нахабства.

Палiцэйскi не звярнуў на нас нiякай увагi. Дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.

- А я i не ведала, што палiцэйскiя могуць быць падобны да вогненных драконаў, - сказала яна, калi мы аддалiлiся на некалькi сотняў метраў.

- Яны плююцца агнём толькi тады, калi на iх наедзеш. - Я паволi прытармазiў. - Вось тут у нас шыкоўная пустая бакавая вулiца. Тут мы i павучымся як след. Спачатку зрушваць з месца i спыняцца.

У Патрыцыi некалькi разоў глух матор. Яна расшпiлiла куртку.

- Мне горача. Але я навучуся! - Седзячы за рулём, яна старанна i ўважлiва сачыла, што я паказваю. Потым, усхвалявана коратка ўскрыкваючы, яна рабiла першыя павароты i, як д'ябла, баялася сустрэчных фараў, але i вельмi ганарылася, калi машыны ўдала раз'язджалiся. Неўзабаве ў невялiчкай кабiне, слаба асветленай лямпачкай шчытка, з'явiлася пачуццё таварыскасцi, якое ўсталёўваецца пры занятках тэхнiкай альбо камерцыяй. I калi мы праз паўгадзiны зноў селi на свае месцы, i я павярнуў назад, мы больш ведалi адно пра аднаго, чым калi б мы падрабязна расказалi свае аўтабiяграфii.

Непадалёк ад Нiкалайштрасэ я зноў спынiў машыну. Мы стаялi якраз пад чырвоным святлом кiнарэкламы. Асфальт мiгцеў матавым святлом, як выцвiлая пурпурная тканiна. Каля бардзюра блiшчала вялiкая чорная масляная пляма.

-Так, цяпер мы законна зарабiлi чарку. Дзе мы яе перакулiм?

Патрыцыя Хольман на хвiлiнку задумалася.

- Давайце зноў пойдзем у сiмпатычны бар з паруснiкамi, - прапанавала яна.

Я адразу занепакоiўся. У бары цяпер, напэўна, сядзеў апошнi рамантык. Я ўжо нiбы бачыў яго твар...

- Ах, - паспешна прамовiў я, - што там асаблiвага. Ёсць больш прыстойныя месцы.

- Я не ведаю... там мне здалося тады вельмi прыстойна.

- Праўда? - спытаў я збянтэжана. - Бар вам здаўся прыстойным?

- Сапраўды, - адказала яна са смехам. - Нават вельмi...

"Вось як! - падумаў я. - А я так дакараў сябе!"

- Толькi мне здаецца, што ў гэты час там перапоўнена, - зрабiў я яшчэ адну спробу.

- Можна ж паглядзець.

- Вядома, можна. - Я задумаўся, што рабiць.

Калi мы пад'ехалi, я iмклiва выскачыў з машыны.

- Я хуценька зазiрну. Зараз вярнуся.

Там не было нiводнага знаёмага, акрамя Валянцiна.

- Скажы, - спытаў я. - Готфрыд быў ужо тут?

Валянцiн кiўнуў.

- З Ота. Пайшлi з паўгадзiны назад.

- Шкада, - сказаў я, уздыхнуўшы з палёгкай. - З радасцю пабачыў бы iх.

Я вярнуўся да машыны.

- Можна рызыкнуць, - заявiў я. - Выпадкова сёння тут не так i цесна. - Але з перасцярогi я пакiнуў "кадзiлак" у ценi за рогам.

Але не праседзелi мы i дзесяцi хвiлiн, як перад стойкай з'явiлася саламяная галава Ленца. "Д'ябальшчына! - падумаў я. - Нарваўся. Няхай бы лепш гэта здарылася цераз пару тыдняў".

Здавалася, што ў Готфрыда не было намеру заставацца. Ужо мне здалося, што выратаваны, але тут я заўважыў, што Валянцiн паказвае яму на мяне. Гэта была адплата за хлусню. Твар Готфрыда, якi ўбачыў нас, мог бы паслужыць цудоўным узорам для кiнаакцёра-пачаткоўца. Вочы ў яго выкацiлiся i зрабiлiся падобнымi да яечнi, i я ўжо спужаўся, што ў яго адвалiцца скiвiца. Шкада, што ў гэты час у бары не было рэжысёра. Я цвёрда ўпэўнены, што Ленца адразу запрасiлi б у кiно. Напрыклад, на такiя ролi, дзе перад матросам, якi пацярпеў крушэнне, раптам з рыкам з'яўляецца марскi гад.

Готфрыд хутка зноў узяў сябе ў рукi. Я кiнуў на яго позiрк, якi малiў знiкнуць. Ён адказаў на яго мярзотнай усмешкай, абцягнуў пiнжак i падышоў да нас.

Я ўжо ведаў, што будзе, i таму паспрабаваў захапiць iнiцыятыву.

- Ты ўжо праводзiў дадому фройляйн Бомблят? - спытаў я, каб адразу нейтралiзаваць яго.

- Праводзiў, - адказаў ён, вокам не мiргнуўшы, хоць да апошняй секунды ён пра фройляйн Бомблят не чуў - не ведаў.

- Яна перадала табе прывiтанне i прасiла, каб зранку адразу патэлефанаваў ёй.

Гэта быў моцны контрудар. Я кiўнуў.

- Патэлефаную. Спадзяюся, яна купiць машыну.

У Ленца зноў разявiўся рот. Я штурхнуў яго ў нагу i зiрнуў так, што ён замоўк, усмiхаючыся.

Мы выпiлi па некалькi чарак. Я пiў толькi кактэйль з лiмонам, каб зноў не зляцець з тармазоў.

Готфрыд быў у цудоўным настроi.

- Толькi што я заходзiў да цябе, - сказаў ён. - Хацеў забраць цябе. А потым я быў на плошчы. Там паставiлi выдатную новую каруселю. Сходзiм туды? Ён зiрнуў на Патрыцыю Хольман.

- Неадкладна! - падтрымала яна. - Больш за ўсё на свеце я люблю каруселi.

- Тады пайшлi! - сказаў я, рады, што выходзiм адсюль. На волi будзе прасцей.

Катрыншчыкi - фарпосты луна-парку. Меланхалiчна-салодкае гудзенне. На старых аксамiтных накiдках катрынак - часам папугай цi замерзлая маленькая малпачка ў чырвонай суконнай куртачцы. Потым рэзкiя галасы гандляроў, якiя прадаюць клей для фарфору, алмазы на нарэзку шкла, турэцкi мёд, паветраныя шары i адрэзы на касцюмы. Халоднае сiняе паветра i пах ад карбiдных лямп. Варажбiткi, астролагi, палаткi з пiрагамi, арэлi-лодка, будкi з атракцыёнамi i, нарэшце, аглушальная музыка, стракаты бляск - асветленыя, як палац, вежы каруселяў.

- Наперад, сябры! - Ленц з чупрынай, што раскудлацiлася на ветры, кiнуўся да амерыканскiх горак. Там iграў самы вялiкi аркестр. З кожнай з пазалочаных нiш выходзiлi шэсць трубачоў, яны паварочвалiся на ўсе бакi, ускiдвалi, потым апускалi свае iнструменты i вярталiся назад. Гэта выглядала велiчна.

Мы селi ў гандолу ў форме лебедзя i загайдалiся. Свет праплываў у пералiвах агню, ён уздымаўся ўверх i зноў падаў у чорны тунель, праз якi мы iмчалi пад барабанны грукат, а потым нас зноў сустракалi бляск i фанфары.

- Далей! - Готфрыд накiраваўся да лётаючай каруселi з дырыжаблямi i самалётамi. Мы залезлi ў цэпелiн i зрабiлi тры кругi.

Крыху задыхаючыся, мы зноў стаялi ўнiзе.

- А цяпер на чортава кола! - заявiў Ленц.

Гэта быў вялiкi гладкi круглы дыск з невялiчкiм узвышэннем пасярэдзiне, якi кружыўся ўсё хутчэй i на якiм трэба было ўтрымацца. Сярод iншых дваццацi чалавек на дыск стаў Готфрыд. Ён як ашалелы вытанцоўваў i атрымаў апладысменты. Нарэшце ён застаўся на дыску з нейкай кухаркай. Заднiца ў яе была як у ламавiка. Яна схiтрыла: калi ўжо зусiм стала нявыкрутка, яна проста села ў цэнтры шайбы, а Готфрыд скакаў перад ёй. Астатнiх усiх ужо знесла. Нарэшце лёс напаткаў i апошняга рамантыка. Ён упаў у абдымкi кухаркi, i яны, абняўшыся, скацiлiся з дыска. Яны падышлi да нас пад ручку. Ён зваў яе проста Лiна. Лiна сарамлiва ўсмiхалася. Ён спытаў, чым яе пачаставаць. Лiна заявiла, што пiва добра наталяе смагу. Яны знiклi ў палатцы.

- А мы? Куды пойдзем цяпер? - спытала Патрыцыя Хольман. Вочы ў яе блiшчалi.

- У лабiрынт прывiдаў, - сказаў я i паказаў на вялiкую будку.

Лабiрынт быў поўны нечаканасцяў. Ужо з першых крокаў зямля пад намi захiсталася, мы натыкнулiся ў цемры на нечыя рукi, з цёмных куткоў з'яўлялiся страшэнныя пысы, галасiлi прывiды... Мы смяялiся, але раптам дзяўчына спужалася i адхiснулася - перад ёй з'явiўся асветлены чэрап зялёнага колеру. На адно iмгненне яна апынулася ў маiх абдымках, я адчуў на твары яе дыханне, зусiм блiзка каля вуснаў былi яе валасы. Яна тут жа засмяялася, i я выпусцiў яе.

Я выпусцiў яе, але нейкай часцiнкай сваёй iстоты я ўтрымлiваў яе. Калi мы ўжо былi на волi, я ўсё яшчэ адчуваў яе плечы, яе мяккiя валасы, лёгкi персiкавы пах яе скуры... Я баяўся зiрнуць на яе. Яна раптам стала для мяне iнакшай.

Ленц ужо чакаў нас. Ён быў адзiн.

- А дзе Лiна? - спытаў я.

- П'е, - адказаў ён i паказаў галавой на палатку. - З нейкiм кавалём.

- Спачуваю, - сказаў я.

- Глупства, - адказаў Готфрыд. - Давай лепш зоймемся сапраўднай мужчынскай справай.

Мы падышлi да будкi, дзе накiдвалi гумавыя колцы на крукi. Былi прызначаны розныя прызы.

- Так, - звярнуўся Ленц да Патрыцыi Хольман i збiў свой капялюш на патылiцу. - Зараз мы выйграем вам пасаг.

Ён кiнуў першы i выйграў будзiльнiк. Я кiнуў за iм, i мне дастаўся мядзведзь. Гаспадар атракцыёна, аддаючы нам выйгрышы, нарабiў з гэтага шмат шуму, каб прывабiць паболей клiентаў.

- Зараз ты супакоiшся, - зласлiва ўсмiхнуўся Готфрыд i выйграў патэльню. Я - яшчэ аднаго мiшку.

- Глядзi ты, як шанцуе, - толькi i сказаў гаспадар i аддаў нам рэчы.

Чалавек не здагадваўся, што яго чакае. Ленц лепш за ўсiх у роце кiдаў гранаты, а зiмой, калi рабiць амаль што не было чаго, мы цэлымi месяцамi практыкавалiся, закiдваючы капелюшы на ўсялякiя крукi. Гэтыя колцы былi проста дзiцячай забавай. У наступны заход Готфрыд лёгка забраў сабе крышталёвую вазу. Я - паўтузiна грамафонных пласцiнак. Гаспадар моўчкi сунуў iх нам, а потым праверыў крукi. Ленц прыцэлiўся, кiнуў i выйграў кафейны сервiз - другi прыз. Сабралася процьма "балельшчыкаў". Я кiнуў тры колцы запар на адзiн крук. Вынiк - святая Магдалiна ў залатой рамцы.

Гаспадар скрывiўся, як ад зубнога болю, i сказаў, што хопiць. Мы гатовы былi спынiцца. Але ўзнялi шум гледачы. Яны запатрабавалi, каб ён даў нам пагуляць яшчэ. Iм хацелася бачыць, як яго раздзяваюць. Больш за ўсiх шумела Лiна, якая раптам з'явiлася тут са сваiм кавалём.

- Прамахвацца можна, - хрыпата крычала яна, - а трапляць - не? - Каваль штось гугнiў у падтрымку.

- Добра, - вырашыў Ленц. - Яшчэ па разе.

Я кiнуў першы. Тазiк, кубак i мыльнiца. Затым падышоў Ленц. Ён узяў пяць колцаў. Чатыры ён кiнуў запар на адзiн крук. Перад пятым ён зрабiў штучную паўзу i дастаў цыгарэту. Тры чалавекi падалi яму прыпалiць. Каваль паляпаў яго па плячы. Лiна ад хвалявання кусала хусцiнку. Потым Готфрыд прыцэлiўся i лёгка, каб апошняе колца не адскочыла, накiнуў яго на чатыры першыя. Колца павiсла. Усе бурлiва зашумелi. Ён адхапiў галоўны прыз - дзiцячы вазок з ружовай коўдрай i падушачкамi.

Гаспадар, лаючыся, выкацiў яго. Мы ўсё ўпакавалi i паехалi да наступнай будкi. Лiна штурхала вазок. Каваль адпускаў такiя жарты, што я з Патрыцыяй Хольман вырашыў крыху адстаць. Каля наступнай будкi колцы накiдвалiся на рылцы бутэлек. Той, хто трапляў, забiраў бутэльку. Мы выйгралi шэсць бутэлек. Ленц паглядзеў на этыкеткi i аддаў бутэлькi кавалю.

Была яшчэ адна будка такога тыпу. Але гаспадар ужо пранюхаў пра нас i, калi мы падышлi, заявiў, што яна закрыта. Каваль хацеў узняць вэрхал, бо ён убачыў, што прызы тут - бутэлькi з пiвам. Але мы ўтрымалi яго. Гаспадар будкi быў аднарукi.

У суправаджэннi вялiзнага натоўпу мы вярнулiся да "кадзiлака".

- Што цяпер? - спытаў Ленц i пачухаў патылiцу. - Найлепш - прывязаць вазок ззаду да машыны.

- Выдатна, - сказаў я. - Але ты сядзеш у яго i будзеш кiраваць, каб не перакулiўся.

Патрыцыя Хольман запратэставала. Яна збаялася, што Ленц так i зробiць.

- Цудоўна, - выказаўся Готфрыд. - Давайце тады разбяромся. Двух мiшак вам абавязкова трэба пакiнуць сабе. Грамафонныя пласцiнкi таксама. Як наконт патэльнi?

Дзяўчына пахiтала галавой.

- Тады пераходзiць ва ўласнасць майстэрнi, - заявiў Готфрыд. - Вазьмi яе, Робi, стары майстра яечнi. Кафейны сервiз?

Дзяўчына кiўнула на Лiну. Кухарка зачырванелася. Готфрыд перадаў ёй прадметы, нiбы ўручаючы прыз. Потым ён дастаў тазiк.

- Гэтую ўмывальную прыладу? Пану суседу, цi не так? Прыгадзiцца ў рабоце. Будзiльнiк таксама. Кавалi спяць моцна.

Я перадаў Готфрыду вазу. Ён уручыў яе Лiне. Яна, запiнаючыся, адмаўлялася. Яе вочы неадрыўна глядзелi на Магдалiну, якая каялася. Ёй здавалася: калi яна возьме вазу, то кавалю аддадуць карцiну.

- Я захапляюся мастацтвам, - вымавiла яна. Яна стаяла, хвалюючыся ад жадання, i кусала чырвоныя пальцы.

- Шаноўная паненка, - сказаў Ленц з велiкадушным жэстам i павярнуўся да нас, - як ваша думка?

Патрыцыя Хольман узяла карцiну i аддала яе кухарцы.

- Гэта вельмi прыгожая карцiна, Лiна, - сказала яна з усмешкай.

- Павесь яе над ложкам i помнi, - дадаў Ленц.

Лiна забрала яе са слязьмi на вачах. Ад удзячнасцi яна аж заiкала.

- А цяпер цябе, - у роздуме сказаў Ленц, звяртаючыся да дзiцячага вазка. Вочы Лiны, нягледзячы на шчасце ад валодання Магдалiнай, зноў загарэлiся прагным агнём. Каваль сказаў, што нiколi не ведаеш, калi такая рэч можа спатрэбiцца, i засмяяўся так, што ўпусцiў бутэльку з вiном. Але Ленц не аддаў iм вазок.

- Хвiлiнку, я там нешта ўбачыў, - сказаў ён i знiк.

Праз некалькi хвiлiн ён узяў вазок i пацягнуў яго некуды.

- Усё ў парадку, - сказаў ён, вярнуўшыся без яго. Мы селi ў "кадзiлак".

- Як на каляды, - шчаслiва сказала Лiна, трымаючы падарункi i падаючы нам чырвоную лапу на развiтанне. Каваль адвёў нас яшчэ на хвiлiнку ўбок.

- Слухайце, - сказаў ён. - Калi вам спатрэбiцца каго адлупцаваць- я жыву на Лейбнiцштрасэ, 16, заднi двор, на другiм паверсе справа. Калi iх, магчыма, будзе некалькi чалавек, я збяру сваю кампанiю.

- Дамовiлiся, - адказалi мы i паехалi.

Калi мы ад'ехалi ад плошчы, Готфрыд паказаў у акно. Мы ўбачылi свой дзiцячы вазок, сапраўднае жывое дзiця ў iм, а побач бледную расстроеную жанчыну, якая разглядала вазок.

- Добра, праўда? - спытаў Готфрыд.

- Занясiце ёй яшчэ i мiшак, - усклiкнула Патрыцыя Хольман. - Яны там будуць дарэчы.

- Можа, аднаго, - сказаў Ленц. - Аднаго пакiнем сабе.

- Не, абодвух.

- Добра. - Ленц выскачыў з машыны, кiнуў плюшавых лялек жанчыне ў ахапак i, не даўшы ёй вымавiць нi слова, быццам наўцёкi, заспяшаўся да машыны. - Так, - сказаў ён, уздыхнуўшы з палёгкай. - Цяпер мне ад майго высакародства аж дрэнна зрабiлася. Высадзiце мяне каля "Iнтэрнацыяналя". Мне абавязкова трэба выпiць чарку каньяку.

Ён вылез, а я павёз дзяўчыну дадому. Сёння было не так, як мiнулы раз. Яна стаяла ў дзвярах, i лiхтар кiдаў водблiскi на яе твар. Яна выглядала выдатна. Мне вельмi хацелася пайсцi з ёй.

- Дабранач, - сказаў я. - Спакойнага сну.

- Дабранач.

Я пазiраў ёй услед, пакуль не пагасла святло. Потым я паехаў. У мяне было дзiўнае пачуццё. Я адчуваў сябе не так, як звычайна, калi вечарам захочацца дзяўчыны. Было куды больш пяшчоты. Пяшчоты i жадання пазбавiцца нечага ў самiм сабе. Пусцiць, каб паляцела, няведама куды.

Я паехаў да Ленца ў "Iнтэрнацыяналь". Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваiм сябрам, кельнерам Алоiсам. Яны спрачалiся. Готфрыд сядзеў з Мiмi i Валi на канапе каля стойкi. Ён быў далiкатны, не пакiдаў без увагi нават Мiмi, бедную старую кабету.

Дзяўчаты неўзабаве пайшлi. Iм трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мiмi вохала i ўздыхала - балелi ногi. Я падсеў да Готфрыда.

- Ну, выказвайся! - сказаў я.

- Навошта, хлопец, - адказаў ён на маё здзiўленне. - Усё правiльна, так i дзейнiчай.

Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.

- Мог бы i раней добрае слова сказаць, - сказаў я.

Ён махнуў рукой.

- Глупства.

Я заказаў рому.

- Ты ведаеш, - сказаў я потым. - У мяне нiякага ўяўлення, хто яна i што. Не ведаю, што ў яе з Бiндзiнгам. Цi гаварыў ён табе тады што-небудзь?

Ён зiрнуў на мяне.

- Цябе гэта трывожыць?

- Не.

- Я так i думаў. Мiж iншым, палiто табе добра пасуе.

Я пачырванеў.

- Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб i ў мяне так было.

Я хвiлiну памаўчаў.

- Чаму, Готфрыд? - спытаў я нарэшце.

Ён глянуў на мяне.

- Таму што ўсё астатняе - дзярмо, Робi. Таму што сёння няма нiчога, што мела б вартасць. Прыпомнi, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, якi малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкi ды сыграй некалькi старых салдацкiх песень.

Я сыграў "Тры лiлеi" i "Аргонскi лес". У пустым шынку песнi прагучалi прывiдна, калi мець на ўвазе той час, у якi мы iх спявалi...

VII

Праз два днi Кёстэр паспешлiва выбег з майстэрнi.

- Робi, тэлефанаваў твой Блюменталь. Прасiў цябе прыехаць у адзiнаццаць на "кадзiлаку". Ён хоча зрабiць пробную паездку.

Я шпурнуў адвёртку i гаечны ключ.

- Браце, Ота... Няўжо нешта будзе?

- А што я вам казаў! - пачуўся голас Ленца з ямы пад "фордам". - Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!

- Прытрымай язык, становiшча сур'ёзнае, - крыкнуў я ўнiз.

- Ота, наколькi можна збавiць цану?

- У крайнiм выпадку саступi дзве тысячы. У самым крайнiм - дзве дзвесце. Калi ўжо iншага выйсця не будзе - дзве пяцьсот. Калi ўбачыш, што перад табой вар'ят - дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклiнаць.

- Добра.

Мы адцёрлi машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.

- Робi, памятай, што ты быў салдатам i рабiў i не такое. Абаранi гонар нашай майстэрнi, не шкадуючы крывi. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.

- Дамовiлiся, - усмiхнуўся я.

Ленц выцягнуў з кiшэнi нейкi медаль i паднёс яго мне да твару.

- Дакранiся да майго амулета, Робi!

- Давай. - Я дакрануўся.

- Абракадабра, вялiкi Шыва, - заклiнаў Готфрыд. - Дай гэтаму баязлiўцу мужнасцi i сiлы. Стой! Лепш за ўсё вазьмi яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.

- Парадак, - сказаў я, плюнуў яму пад ногi i паехаў мiма Юпа, якi ўсхвалявана вiтаў мяне, узняўшы ўгору шланг.

Па дарозе я купiў некалькi гваздзiкоў i ўпрыгожыў iмi машыну. Я разлiчваў зрабiць уплыў на фраў Блюменталь.

На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвiлiн пятнаццаць чакаць. "Даражэнькi, - падумаў я, - гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб'еш з каляiны". У пачакальнi я як след распытаў сiмпатычную машынiстку пра фiрму, падкупiўшы яе гваздзiком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнiкаў, цiхi кампаньён, зацятая канкурэнцыя з "Маерам i Сынам", сын Маера ездзiць у чырвоным двухмесным "эсексе" - вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасiў Блюменталь.

Ён адразу гахнуў з цяжкой артылерыi.

- Малады чалавек, - сказаў ён. - У мяне мала часу. Мiнулы раз вы назвалi цану, пра якую вы можаце толькi марыць. Але руку на сэрца - колькi каштуе машына?

- Сем тысяч марак, - адказаў я.

Ён рэзка адвярнуўся ад мяне.

- Тады няма размовы.

- Пан Блюменталь, - сказаў я, - паглядзiце машыну яшчэ раз.

- Няма патрэбы, - перабiў ён мяне. - Я ўжо паглядзеў.

- Можна па-рознаму глядзець, - заявiў я. - Трэба паглядзець дэталёва. Лак высокага гатунку, ад "Фоля i Рурбэка", кошт - 250 марак, шыны новыя, цана 600 марак, ужо 850. Абiўка сядзенняў, тонкi корд...

Ён адмахнуўся. Я пачаў спачатку. Я запрашаў яго паглядзець. Шыкоўны набор iнструментаў, выдатны скураны верх, храмiраваны радыятар, сучасныя бамперы шэсцьдзесят марак пара. Я iмкнуўся вярнуцца да машыны, як дзiця да мацi, угаворваючы Блюменталя спусцiцца ўнiз. Я ведаў, што зямля надасць мне, як Антэю, новых сiл. Калi ёсць што паказаць, цэны перастаюць выклiкаць абстрактны жах.

Але i Блюменталь ведаў, што пiсьмовы стол - яго апора. Ён зняў акуляры i ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Мы змагалiся, як тыгр з пiтонам. Блюменталь быў пiтон. Не паспеў я азiрнуцца, як ён ужо вытаргаваў у мяне паўтары тысячы марак.

Я спужаўся. Я палез у кiшэнь i моцна сцiснуў у руцэ Готфрыдаў амулет.

- Пан Блюменталь, - сказаў я, трацячы сiлы, - ужо гадзiна дня. Вам, пэўна, пара палуднаваць. - Любой цаной я хацеў вырвацца з памяшкання, дзе цэны раставалi, як снег.

- Я ем толькi ў дзве гадзiны, - заявiў Блюменталь непарушна. - Але ведаеце што? Мы можам зрабiць зараз пробную паездку.

Я з палёгкай уздыхнуў.

- Потым мы яшчэ пагаворым, - дадаў ён. У мяне зноў заняло дыханне.

Мы паехалi да яго дома. На маё здзiўленне, у машыне яго як падмянiлi. Ён зычлiва расказаў стары, даўно вядомы мне анекдот пра кайзера Франца Ёзэфа. Я адплацiў яму анекдотам пра трамвайнага кандуктара. Ён мне - пра саксонца, якi заблудзiў. Я адразу ж - пра саксонскую пару закаханых... Толькi перад домам мы загаварылi зноў сур'ёзна. Ён папрасiў мяне пачакаць i пайшоў па жонку.

- Мой любiмы таўстун-"кадзiлак", - сказаў я i паляпаў машыну па радыятары. - За гэтымi анекдотамi, напэўна, хаваецца нейкая д'ябальшчына. Але будзь спакойны: мы знойдзем табе прытулак. Ён купiць цябе, будзь упэўнены - калi жыд вяртаецца, то купляе. Калi вяртаецца хрысцiянiн, то гэта не значыць, што ён купiць. Ён робiць з паўдзесятка пробных паездак, каб зэканомiць на таксi, а потым ён раптам прыпамiнае, што яму патрэбна не машына, а абсталяванне для кухнi. Не, не, жыды талковыя людзi, яны ведаюць, чаго хочуць. Але я клянуся табе, дарагi таўстун: калi я ўступлю гэтаму непасрэднаму нашчадку ўпартага Юды Макавея яшчэ хоць адну сотню марак, я да скону не вып'ю нi чаркi гарэлкi.

З'явiлася фраў Блюменталь. Я прыпомнiў усе парады Ленца i з байца ператварыўся ў кавалера.

Блюменталь толькi подленька ўсмiхаўся з гэтага. Гэта быў жалезны чалавек. Яму трэба было б прадаваць лакаматывы, а не трыкатаж.

Я паклапацiўся пра тое, каб ён сеў ззаду, а яго жонка - побач са мной.

- Куды вас павезцi, шаноўная панi? - спытаў я саладжавым голасам.

- Куды хочаце, - адказала яна, усмiхаючыся мне па-мацярынску.

Я пачаў размову. Якая асалода размаўляць з такiм нявiнным чалавекам! Я гаварыў так цiха, каб Блюменталь нiчога не чуў. Так мне было лягчэй. Хапала i таго, што ён сядзеў ззаду.

Мы спынiлiся. Я вылез i цвёрда зiрнуў на майго непрыяцеля.

- Усё-такi вы павiнны пагадзiцца, што машына бяжыць бездакорна, пан Блюменталь.

- Якая радасць з той бездакорнасцi, малады чалавек, - запярэчыў ён мне надзвычай ветлiва, - калi падаткi паглынаюць цябе. Падаткi на машыну занадта высокiя. Гэта я вам кажу.

- Пан Блюменталь, - сказаў я, iмкнучыся не змякчыць тон, - вы дзелавы чалавек, з вамi можна гаварыць шчыра. Гэта - не падаткi, а выдаткi. Скажыце самi, чаго сёння патрабуе камерцыя? Вам гэта добра вядома: не капiталу, як раней, - патрэбны крэдыт! А як атрымаць крэдыт? Толькi праз уменне паказаць сябе. "Кадзiлак" - машына салiдная i хуткая, утульная, але не старамодная. Здаровы буржуазны лад жыцця - жывая рэклама вашай фiрмы.

Блюменталь весела павярнуўся да сваёй жонкi.

- У яго жыдоўскiя мазгi, праўда? Малады чалавек, - сказаў ён потым тым жа самым фамiльярным тонам, - самая лепшая рэклама салiднасцi сёння - паношаны касцюм i паездка на аўтобусе. Калi б у нас з вамi былi тыя грошы, якiя яшчэ не выплачаны за элегантныя машыны, што пралятаюць мiма, мы маглi б спакойна сядзець, нiчога не робячы. Гэта я вам кажу. З даверам.

Я з недаверам зiрнуў на яго. Што азначае гэтая зычлiвасць? Што ён задумаў? Цi прысутнасць жонкi прытупiла яго баявiтасць? Я вырашыў стрэлiць з пiсталета.

- "Кадзiлак" - гэта не "эсекс", цi не так, шаноўная панi? Сын Маера ездзiць на "эсексе", але ён мне i дарма не патрэбны... гэтыя чырвоныя, яркiя санi...

Я пачуў, як засоп Блюменталь, а сам хутка працягваў:

- Колер абiўкi вельмi вам да твару, шаноўная панi, - прыглушаны сiнi кобальт для бландзiнкi...

Раптам Блюменталь заўсмiхаўся - здавалася, я ўбачыў лес, поўны вясёлых малпаў.

- Маер i сын - здорава, здорава... - аж застагнаў ён, - а цяпер яшчэ гэтыя тары-бары... тары-бары!

Я зiрнуў на яго. Я не паверыў сваiм вачам. Ён смяяўся непадробна.

Я адразу ж ударыў па тых самых струнах.

- Пан Блюменталь, дазвольце мне растлумачыць. У размове з жанчынай тары-бары - не тары-бары. Гэта камплiменты, якiя ўсё радзей пачуеш у наш варты жалю час. Жанчына - не металiчная мэбля. Яна - кветка! Ёй непатрэбна дзелавiтасць. Ёй патрэбна стракатае сонца слоў. Лепш гаварыць ёй кожны дзень штосьцi прыгожае, чым з бычынай настойлiвасцю працаваць на яе. Гэта я вам скажу. Шчыра. А акрамя таго, я не разводзiў тары-бары, а выкарыстаў фiзiчны закон. Сiнi колер добра пасуе бландзiнкам.

- Добра спяваеш, пташка, - сказаў Блюменталь, ззяючы. - Паслухайце, пан Локамп... Я ведаю, што магу збiць яшчэ тысячу марак...

Я адступiў на крок.

"Вераломны сатана, - падумаў я, - гэта той удар, якога я чакаў". Я ўжо ўявiў сваё жыццё без адзiнай чаркi алкаголю i, як зацкаванае аляня, зiрнуў на фраў Блюменталь.

- Але, бацька... - сказала яна.

- Пакiнь, мацi, - адказаў ён. - Дык вось: я мог бы зрабiць гэта, але не раблю. Мне, камерсанту, ваша праца прынесла задавальненне. Крыху зашмат фантазii, але ўсё ж ваш аргумент наконт Маера i сына быў удалы. У вас мацi жыдоўка?

- Не.

- Вы працавалi ў краме гатовага адзення?

- Так.

- Вось бачыце, стыль адтуль. У якiм аддзеле?

- У аддзеле "Душа", - адказаў я. - Я хацеў стаць настаўнiкам.

- Пан Локамп, - сказаў Блюменталь. - Вы - малайчына! Калi страцiце месца, тэлефануйце мне.

Ён выпiсаў чэк i аддаў яго мне. Я не паверыў сваiм вачам. Задатак - дзiва!

- Пан Блюменталь, - узрушана сказаў я, - дазвольце мне дадаць да машыны дзве крышталёвыя попельнiчкi i першакласны гумавы дыванок пад ногi.

- Выдатна, - сказаў ён. - Вось i старому Блюменталю перапаў падарунак...

Затым ён запрасiў мяне назаўтра павячэраць. Фраў Блюменталь па-мацярынску ўсмiхнулася мне.

- Будзе фаршыраваны шчупак, - мякка вымавiла яна.

- Далiкатэс, - заявiў я. - Тады заўтра ж прыганю вам машыну. Зранку мы яе зарэгiструем.

У майстэрню я вяртаўся як на крылах. Але Ленц i Кёстэр пайшлi палуднаваць. Я вымушаны быў пакуль што стрымаць сваю радасць. Быў толькi Юп.

- Прадалi? - спытаў ён.

- I табе трэба ведаць, ты - жэўжык, - сказаў я. - Вось табе талер. Пабудуй сабе на яго самалёт.

- Значыць, прадалi, - заўсмiхаўся Юп.

- Я паеду палуднаваць, - сказаў я. - Але глядзi, нiкому нi слова пра маё вяртанне.

- Пан Локамп, - заверыў ён i падкiнуў манету ў паветра, - магiла.

- Можна паверыць, - сказаў я i нацiснуў на газ.

Калi я вярнуўся, Юп падаў мне знак.

- Што здарылася? - спытаў я. - Не ўтрымаў язык за зубамi?

- Пан Локамп! Жалезна! - Ён выскалiўся. - Але "фордаў" дзядзька прыйшоў.

Я пакiнуў "кадзiлак" у двары i пайшоў у майстэрню. Булачнiк быў тут. Ён якраз схiлiўся над каталогам колераў. На iм было палiто ў клетку з поясам i шырокай жалобнай стужкай на рукаве. Побач з iм стаяла сiмпатычная iстота з чорнымi гарэзлiвымi вачыма, у расшпiленым палiтончыку з аблямоўкай з вылiнялага зайца i ў вельмi маленькiх лакiрках. Чарнявая iстота настойвала на яркiм сурыку, але булачнiк устрымлiваўся ад чырвонага колеру, бо быў у жалобе. Ён выступаў за бляклы жоўта-шэры колер.

- Глупства, - бурчала чарнявая. - "Форд" павiнен быць яркi. Iнакш нiякага фасону.

Заклiнаючы, яна зыркала на нас, пацiскала плячыма, калi булачнiк схiляўся над каталогам, крывiла рот i падмiргвала нам. Вясёлае дзiця! Нарэшце яны сышлiся на зеленаватым колеры. Дзяўчыне хацелася, каб быў светлы верх. Але тут булачнiк упёрся: недзе павiнна быць жалоба. Ён адстаяў чорны скураны верх. Ён i на гэтым выйграў: верх жа ён атрымлiваў бясплатна, а скура даражэйшая за тканiну.

Яны пайшлi. Але iдучы праз двор, спынiлiся. Як толькi чарнявая ўбачыла "кадзiлак", яна кiнулася да яго.

- Паглядзi, пупсiк, вось дык машына! Як з казкi! Яна мне вельмi падабаецца!

У наступны момант яна ўжо адчынiла дзверцы i ўселася, у захапленнi страляючы вачыма.

- Вось гэта сядзеннi! Каласальна! Крэслы, як у клубе! Не тое, што наш "форд"!

- Ну, пайшлi, - незадаволена сказаў пупсiк.

Ленц падштурхнуў мяне: я мусiў выйсцi на арэну i навязаць машыну булачнiку. Я глянуў на Готфрыда, але не сказаў нi слова. Ён штурхануў мяне мацней. Я штурхануў яго i адвярнуўся.

Булачнiк з цяжкасцю выцягнуў з машыны свой чарнявы скарб i, крыху прыгнуўшыся, у моцным расстройстве падаўся з двара.

Мы пазiралi парачцы ўслед.

- Рашучы чалавек! - сказаў я. - Адрамантаваў машыну, ажанiўся - малайчына!

- I праўда, - сказаў Кёстэр. - Ён яшчэ парадуецца з яе.

Толькi яны завярнулi за рог, як Готфрыд раз'юшыўся.

- Ты што, Робi, зусiм звiхнуўся? Праваронiць такую магчымасць! Гэта ж была задача для першакласнiка!

- Унтэр-афiцэр Ленц! - адказаў я. - Падцягнiце жывот, калi размаўляеце са старшым! Што я - прыхiльнiк дваяжонства, каб аддаваць машыну замуж двойчы?

Трэба было бачыць, як аслупянеў Готфрыд. Вочы ў яго сталi па талеры кожнае.

- Не жартуй са святынямi, - прамямлiў ён.

Не звяртаючы на яго ўвагi, я загаварыў з Кёстэрам.

- Ота, развiтвайся з нашым дзiцем - "кадзiлакам". Ён ужо не наш. З гэтага часу ён будзе надаваць бляску аддзелу, дзе прадаюцца споднiкi. Будзем спадзявацца, што яго там чакае шчаслiвая доля. Не такая гераiчная, як у нас, затое - больш надзейная.

Я дастаў чэк. Ленц як не развалiўся на часткi.

- Не можа быць! I ўжо аплочаны? - хрыпата прашаптаў ён.

- А як вы думалi, жаўтароцiкi? - спытаў я i памахаў чэкам. - Гадайце колькi.

- Чатыры! - крыкнуў Ленц, заплюшчыўшы вочы.

- Чатыры з паловай, - сказаў Кёстэр.

- Пяць! - крыкнуў ад калонкi Юп.

- Пяць з паловай, - адрэзаў я.

Ленц выхапiў чэк у мяне з рук.

- Немагчыма! Пэўна, не аплоцiць!

- Пан Ленц, - сказаў я з пачуццём годнасцi, - чэк настолькi надзейны, наколькi ненадзейны вы. У майго сябра Блюменталя хопiць грошай на дваццаць такiх чэкаў. Гэта мой сябра - вы разумееце? Заўтра ўвечары я буду есцi ў яго фаршыраванага шчупака. Бярыце прыклад! Пасябраваць, атрымаць задатак i быць запрошаным на вячэру! Вось як трэба прадаваць! Так, цяпер вольна! - Готфрыд з цяжкасцю прыходзiў да памяцi. Але ён не здаваўся.

- Дапамаглi мая аб'ява i амулет!

Я падаў яму яго медаль.

- Забяры сваю сабачую бiрку. Я пра яе i забыўся.

- Ты прадаў выдатна, Робi, - сказаў Кёстэр. - Дзякуй богу, што мы пазбавiлiся ад гэтых саняў. А грошы нам вельмi спатрэбяцца.

- Дай мне пяцьдзесят марак авансу, - папрасiў я.

- Сто. Ты зарабiў.

- Можа, даць табе яшчэ i маё шэрае палiто ў дадатак? - спытаў Готфрыд, падмiргнуўшы.

- А ты ў бальнiцу не хочаш, варты жалю балбатун-байструк? - спытаў я ў сваю чаргу.

- Хлопцы, на сёння ўсё! - прапанаваў Кёстэр. - За дзень зарабiлi дастаткова. Нельга дражнiць бога. Давайце выедзем на "Карле" i патрэнiруемся перад гонкамi.

Юп ужо пакiнуў калонку без прыгляду. Ён усхвалявана выцiраў рукi.

- Пан Кёстэр, тады пакуль што тут камандаваць буду я, добра?

- Не, Юп, - са смехам адказаў Ота. - Едзем з намi!

Мы спачатку паехалi ў банк i абмянялi чэк. Ленц нiяк не мог супакоiцца, пакуль не ўпэўнiўся, што ўсё ў парадку. Потым мы панеслiся так, што аж iскры пасыпалiся з вачэй.

VIII

Я стаяў насупраць сваёй гаспадынi.

- Дзе гарыць? - спытала фраў Залеўскi.

- Нiдзе, - адказаў я. - Я проста хачу заплацiць за кватэру.

Да тэрмiну было яшчэ тры днi, i фраў Залеўскi ледзь не звалiлася з ног.

- Тут нешта не тое, - з падазрэннем вымавiла яна.

- Не бойцеся, - адказаў я. - Дазвольце мне сёння ўвечары ўзяць два крэслы з вашай гасцёўнi.

Гатовая рынуцца ў бой, яна ўпёрла рукi ў магутныя сцёгны.

- Вось табе i маеш! Вам ужо не падабаецца ваш пакой?

- Падабаецца. А яшчэ больш - крэслы з вашай гасцёўнi.

Я растлумачыў ёй, што, магчыма, да мяне ў госцi прыйдзе кузiна, а таму хацелася б зрабiць пакой больш утульным. Яна засмяялася, аж грудзi закалыхалiся.

- Кузiна, - паўтарыла яна з пагардай. - А калi ж тая кузiна з'явiцца?

- Гэта яшчэ не дакладна, - сказаў я. - Але калi прыйдзе, то не позна, на вячэру... Чаму вы не верыце, што гэта кузiна, фраў Залеўскi?

- Няхай сабе, - адказала яна. - Але кузiнам не пазычаюць крэслаў.

- А я пазычаю, - настойваў я. - Ведаеце, я вельмi шаную сваяцкiя адносiны.

- Вiдаць па вас! Ветрагоны вы ўсе! Вазьмiце крэслы. У гасцёўню пастаўце пакуль што чырвоныя плюшавыя.

- Вялiкi дзякуй! Заўтра ўсё прынясу назад. I дыван таксама.

- Дыван? - Яна павярнулася да мяне. - Хто тут хоць слова гаварыў пра дыван?

- Я. I вы таксама. Толькi што.

Яна глядзела на мяне бездапаможна.

- Гэта ж як камплект, - сказаў я. - Крэслы ж стаяць на дыване.

- Пан Локамп, - велiчна заявiла фраў Залеўскi, - не перабiрайце цераз край. Мера ва ўсiм - так гаварыў нябожчык Залеўскi. Нялiшне было б засвоiць i вам.

Мне было вядома, што нябожчык Залеўскi, нягледзячы на гэтае правiльнае выслоўе, памёр ад перапою. Яго жонка сама пры iншых абставiнах даволi часта расказвала мне пра гэта. Тым не менш яна карысталася сваiм мужам, як iншыя Бiблiяй: каб цытаваць. I чым больш часу мiнала пасля яго смерцi, тым больш яна прыпiсвала яму. Ён быў прыгодны цяпер да любога выпадку - як i Бiблiя.

Я ўзяўся прыбiраць сваю каморку. Паполуднi я патэлефанаваў Патрыцыi Хольман. Яна хварэла, i я не бачыў яе цэлы тыдзень. Цяпер мы дамовiлiся сустрэцца ў восем гадзiн, i я прапанаваў ёй павячэраць у мяне, а потым пайсцi ў кiно.

Крэслы i дыван мелi шыкоўны выгляд. Але асвятленне страшэнна не пасавала да iх. Таму я пастукаўся ў суседнi пакой да сям'i Хасэ, каб пазычыць настольнай лямпы. Фраў Хасэ, змораная, сядзела каля акна. Муж яшчэ не прыйшоў. Ён кожны дзень адну-дзве гадзiны працаваў звышурочна, толькi каб не звольнiлi. Фраў Хасэ была падобная да падбiтай птушкi. У яе невыразных старэючых рысах усё яшчэ можна было ўбачыць вузкi твар дзiцяцi - расчараванага, сумнага дзiцяцi.

Я сказаў, чаго прыйшоў. Яна ажывiлася i прынесла мне лямпу.

- Дарэчы, - сказала яна, уздыхаючы. - Калi пачынаеш прыпамiнаць, раней...

Гiсторыя была не новая. Гаворка iшла пра перспектывы яе жыцця, калi б яна не пайшла за Хасэ. Гэтая гiсторыя была вядомая мне i ў iншым варыянце: як яе расказваў Хасэ. Тут гаворка iшла пра перспектывы яго жыцця, калi б ён застаўся халасцяком. Гэта, вiдаць, была самая тыповая гiсторыя ва ўсiм свеце. I самая бесперспектыўная.

Я хвiлiнку паслухаў, падаў некалькi нязначных рэплiк i падаўся да Эрны Бёнiг, каб узяць грамафон.

Фраў Хасэ пра Эрну гаварыла толькi як пра жанчыну, "што жыве па суседстве". Яна пагарджала ёй, бо зайздросцiла. А мне яна падабалася. Яна цвяроза ставiлася да жыцця i ведала, што трэба ўстойлiва стаяць на нагах, каб урваць кавалачак таго, што называецца шчасцем. Яна ведала таксама, што за яго трэба плацiць падвойную i патройную цану. Шчасце - самая ненадзейная i самая дарагая па цане рэч у свеце.

Эрна ўкленчыла каля сваёй валiзкi, выбiраючы мне пласцiнкi.

- Хочаце факстроты? - спытала яна.

- Не, - адказаў я. - Я не ўмею танцаваць.

Яна здзiўлена зiрнула на мяне.

- Не ўмееце танцаваць? Дык а што вы робiце ў вольны час?

- Я танцую глоткай. Нядрэнна атрымлiваецца.

Яна пахiтала галавой.

- З мужчынам, якi не ўмее танцаваць, у мяне не было б нiякiх варункаў.

- У вас строгiя прынцыпы, - адказаў я. - Але ж ёсць i iншыя пласцiнкi. Нядаўна вы iгралi вельмi прывабную... гэта быў жаночы голас пад гавайскую музыку цi нешта такое...

- Ах, тая пласцiнка - чароўная. "Як бы я жыла без цябе..." - гэтая?

- Правiльна! Чаго толькi не прыйдзе ў галаву паэтам-песеннiкам. Мне здаецца, што толькi яны рамантыкi, якiя засталiся.

Яна засмяялася.

- А чаму i не? Вось такi грамафон - таксама свайго роду кнiга для запiсаў. Даўней вершы запiсвалi ў альбом, сёння дораць грамафонныя пласцiнкi. Калi мне хочацца пра нешта ўспомнiць, мне варта толькi зайграць пласцiнку таго часу, i зноў усё ажывае.

Я паглядзеў на стосы пласцiнак, што ляжалi на падлозе.

- Калi судзiць па пласцiнках, Эрна, то ў вас процьма ўспамiнаў.

Яна ўстала i адкiнула рыжаватыя валасы.

- Так, - сказала яна, адсунуўшы пласцiнкi нагой, - але мне хацелася б нечага сапраўднага...

Я распакаваў усё, што купiў на вячэру, i расставiў на стале як змог. З кухнi дапамогi чакаць не выпадала - занадта дрэнныя адносiны былi ў нас з Фрыдай. Яна магла б толькi нашкодзiць мне. Але добра было i так, i неўзабаве мая старая каморка заблiшчала да непазнавальнасцi. Крэслы, лямпа, накрыты стол... я адчуваў, як ува мне расце трывожнае чаканне. Я адправiўся на сустрэчу, хоць у мяне было яшчэ больш за гадзiну часу. На дварэ дзьмуў вецер, моцнымi парывамi вылятаючы з-за вуглоў дамоў. Лiхары ўжо свяцiлi. Змярканне памiж дамамi сiнела, як мора. "Iнтэрнацыяналь" плыў у iм, як ваенны карабель з прыбранымi ветразямi.

Я заскочыў у яго.

- Гоп-ля, Роберт, - сказала Роза.

- Што ты тут робiш? - сказаў я. - Чаму не выходзiш?

- Яшчэ ранавата.

Бясшумна падышоў Алоiс.

- Аднапавярховы? - спытаў ён.

- Трохпавярховы, - адказаў я.

- Пачынаеш магутна, - выказала думку Роза.

- Для смеласцi, - сказаў я i выпiў ром.

- Можа, сыграеш? - спытала Роза.

Я пахiтаў галавой.

- Няма ахвоты сёння. Занадта ветрана сёння, Роза. Як пажывае малая?

Яна заўсмiхалася на ўсе свае залатыя зубы.

- Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыднi добра зарабiла. Старыя казлы адчулi ўжо вясну. Завязу ёй новае палiто. Шарсцяное, чырвонага колеру.

- Апошнi крык моды, - сказаў я.

Роза заззяла.

- Ты - джэнтльмен, Робi.

- Каб ты толькi не памылiлася, - сказаў я. - Давай вып'ем разам. Анiсаўкi, цi што?

Яна згодна кiўнула. Мы чокнулiся.

- Скажы, Роза, як ты адносiшся да кахання? - спытаў я. - Ты ж разбiраешся ў гэтай справе.

Яна гучна зарагатала.

- Кiнь ты, - сказала яна. - Каханне! Ах, мой Артур... калi я думаю пра нягоднiка, я i цяпер адчуваю слабасць у каленках. Я табе скажу, Робi, сур'ёзна: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Проста занадта доўгае. Гэта мне даказаў мой Артур, калi змыўся. I гэта так. Каханне - гэта цудоўна. Але бывае, аднаму здаецца, што яно зацягнулася. А другi сядзiць i ўпарта чакае. Чакае, як вар'ят.

- Зразумела, - сказаў я. - Але ж i без кахання ты як нябожчык на адпачынку.

- Бяры прыклад з мяне, - адказала Роза. - Нажывi дзiця. У цябе будзе каго любiць, i ты супакоiшся.

- Разумна, - сказаў я. - Толькi гэтага мне i не хапала.

Роза задумлiва захiтала галавой.

- Якой лупцоўкi я паспытала ад свайго Артура... i ўсё роўна, калi б ён зараз увайшоў... капялюш на патылiцы... Дарагi мой! Толькi ад думкi пра яго я дрыжу ўся.

- Вып'ем за здароўе Артура! - сказаў я.

Роза засмяялася.

- Няхай жыве блядун! Будзь здароў!

Мы выпiлi.

- Да пабачэння, Роза. Жадаю поспеху ўвечары.

- Дзякуй! Да пабачэння, Робi!

Стукнулi дзверы ў калiдоры.

- Прывiтанне, - сказала Патрыцыя Хольман. - Так глыбока задумаўся?

- Ды не. Але... як пажываеце? Паправiлiся? А што балела?

- А-а, нiчога асаблiвага. Прастудзiлася, паднялася тэмпература.

Яна не выглядала хворай i зняможанай. Наадварот, яе вочы, здавалася, яшчэ нiколi не былi такiя вялiкiя i ззяючыя. Твар крыху расчырванеўся, а рухi былi плаўныя, як у маладога прыгожага звярка.

- У вас цудоўны выгляд, - сказаў я. - Зусiм здаровы! Мы можам зрабiць процьму цiкавых спраў.

- Гэта было б выдатна, - адказала яна. - Але не сёння. Сёння я не магу.

Я ўтаропiўся на яе, не разумеючы.

- Вы не можаце?

Яна адмоўна пахiтала галавой.

- На жаль, не магу.

Я ўсё яшчэ не разумеў. Мне здалося, што ёй не падабаецца мая каморка i таму яна вырашыла павячэраць у iншым месцы.

- Я ўжо тэлефанавала вам, - сказала яна, - каб вы дарма не прыходзiлi. Але вас ужо не было.

Нарэшце я зразумеў.

- Вы сапраўды не можаце? На ўвесь вечар? - спытаў я.

- Сёння не магу. Мне трэба пайсцi ў iншае месца. На жаль, я даведалася пра гэта толькi паўгадзiны назад.

- I нельга перанесцi?

- Не, нiяк. - Яна ўсмiхнулася. - Нешта накшталт дзелавога спаткання.

Мяне нiбы абухом аглушылi. Я разлiчваў на ўсё, толькi не на гэта. Я не верыў нiводнаму яе слову. Дзелавое спатканне - яна не была падобна да "дзелавой"! Магчыма, гэта толькi адгаворка. Нават напэўна. Якiя дзелавыя перагаворы вядуцца ўвечары? Такiя справы робяцца зранку. I пра iх не даведваюцца за паўгадзiны. Яна проста не хацела, i ўсё!

Я быў пакрыўджаны, як малое дзiця. Толькi цяпер я ўсвядомiў сабе, з якой радасцю я чакаў вечара. Я злаваўся на сябе, што так пакрыўдзiўся, але не хацеў, каб яна заўважыла гэта.

- Ну добра, - сказаў я. - Нiчога не зробiш. Да пабачэння.

Яна пранiклiва зiрнула на мяне.

- Я не спяшаюся. Я дамовiлася на дзевяць. Мы можам яшчэ прагуляцца. Цэлы тыдзень я не была на свежым паветры.

- Добра, - сказаў я з пачуццём нязгоды. Я раптам адчуў сябе змораным i спустошаным.

Мы пайшлi па вулiцы. Вечар праяснiўся, памiж дахамi мiгцелi зоркi. Мы праходзiлi мiма садка, дзе ў ценi было некалькi кустарнiкаў. Патрыцыя Хольман спынiлася.

- Бэз, - сказала яна. - Пахне бэзам. Але ж не можа быць, яшчэ не пара.

- Я не адчуваю нiякага паху, - адказаў я.

- Няўжо?

Яна перагнулася праз агароджу.

- Гэта "дафна iндзiка", шаноўная панi, - пачуўся грубы голас са змроку.

У садзе, прыхiлiўшыся да дрэва, стаяў садоўнiк у шапцы з латуннай бляхай. Ён падышоў, крыху хiстаючыся. З кiшэнi паблiсквала рыльца бутэлькi.

- Мы сёння пасадзiлi яе, - заявiў ён i зрабiў магутны глыток. - Вось яна i пахне.

- Вялiкi дзякуй, - сказала Патрыцыя Хольман i павярнулася да мяне. - I цяпер не адчуваеце?

- Цяпер пачуў, - адказаў я з неахвотай. - Пах добрай старой хлебнай гарэлкi.

- Адгадаў! - Чалавек у цянi па-маладзецку адрыгнуў.

Я выдатна адчуваў саладжавы водар - пах, якi плыў у мяккiм змроку. Але прызнавацца ў тым мне не хацелася нiзашто на свеце. Дзяўчына засмяялася i пацягнулася.

- Як цудоўна - пасля працяглага палону ў пакоi! Вельмi шкада, што мне трэба iсцi. Гэты Бiндзiнг заўсёды ў спешцы, заўсёды ў апошнi момант... ён сапраўды мог бы адкласцi справу на заўтра.

- Бiндзiнг? - спытаў я. - Вы дамовiлiся з Бiндзiнгам?

Яна кiўнула.

- З Бiндзiнгам i яшчэ з некiм. З гэтым некiм усё i звязана. Важная справа. Можаце зразумець?

- Не, - адказаў я. - Гэтага я зразумець не магу.

Яна засмяялася, працягваючы гаварыць. Але я не слухаў. Бiндзiнг - гэта прозвiшча было для мяне як гром з яснага неба. Я не думаў пра тое, што яго яна ведае даўней, чым мяне, я толькi бачыў яго агромнiсты блiскучы "б'юiк", дарагi касцюм i кашалёк. Мая бедная, адважная, упрыгожаная каморка! Што я ўявiў сабе! Лямпа ад Хасэ, крэслы ад Залеўскi! Дзяўчына ўвогуле была мне не пара! Хто я такi? Пешаход, якi пазычыў аднойчы "кадзiлак", варты жалю п'янiца, больш нiчога! Такiх процьма на кожным рагу! Я ўжо бачыў, як швейцар у "Лазе" аддае чэсць Бiндзiнгу, я бачыў светлыя, цёплыя, дагледжаныя пакоi, дым цыгарэт i элегантных мужчын, я чуў музыку i смех з мяне. Назад, хутчэй назад! Прадчуванне, надзея... чаго яны вартыя? Неразумна было на штосьцi разлiчваць. Толькi назад!

- Калi хочаце, мы можам сустрэцца заўтра ўвечары, - сказала Патрыцыя Хольман.

- Заўтра ў мяне не будзе часу, - адказаў я.

- Альбо паслязаўтра, цi ў любы дзень тыдня. У наступныя днi я вольная.

- Цяжка абяцаць, - сказаў я. - Мы сёння атрымалi заказ, вiдаць, прыйдзецца працаваць увесь тыдзень да позняй ночы.

Я хлусiў, але iнакш не мог. Раптам я адчуў у сабе незвычайную злосць i ганьбу.

Мы перайшлi плошчу i пайшлi па вулiцы каля могiлак. Я ўбачыў Розу, якая iшла ад "Iнтэрнацыяналя". Яе высокiя боты блiшчалi. Я мог бы звярнуць некуды ўбок i пры звычайных абставiнах так i зрабiў бы. Але цяпер я пайшоў ёй насустрач. Роза глядзела мiма мяне, быццам мы незнаёмыя. Гэта зразумела. Нiводная з гэтых дзяўчат не пазнае цябе на вулiцы, калi ты не адзiн.

- Прывiтанне, Роза, - сказаў я.

Яна спачатку разгублена глянула на мяне, потым на Патрыцыю, потым паспешлiва кiўнула галавой i ў неўразуменнi пайшла далей. Праз некалькi крокаў iшла Фрыцы, памахваючы сумачкай. Чырвоныя вусны гарэлi, сцёгны вiхлялiся. Яна абыякава зiрнула праз мяне, як праз шкляную шыбiну.

- Дзень добры, Фрыцы, - сказаў я.

Яна, нiбы каралева, нахiлiла галаву i нiчым не выдала свайго здзiўлення. Але калi мы размiнулiся, я пачуў, што яна наддала хады, каб абмеркаваць з Розай. Я ўсё яшчэ мог звярнуць у бакавую вулiцу, бо я ведаў, што пойдуць i астатнiя - была пара першага абходу. Але заўпарцiўшыся, я iшоў напрасткi. Чаму я павiнен пазбягаць iх? Я iх ведаў куды лепш, чым гэтую дзяўчыну побач, з яе Бiндзiнгам i з яго "б'юiкам". Няхай яна бачыць, няхай разгледзiць усiх грунтоўна.

Усе яны iшлi адна за адной, асветленыя лiхтарамi: прыгажуня Валi бледная, танклявая, элегантная; Лiна на драўлянай назе, прысадзiстая Эрна, кураня Марыён, чырванашчокая Марго, падобны да жанчыны Кiкi ў трусiным палiтоне i нарэшце - Мiмi, бабуля з хворымi нагамi, падобная да абшчыпанай савы. Я вiтаўся з усiмi, а калi мы потым праходзiлi мiма "мамкi" з сасiскамi, я ад усяго сэрца пацiснуў ёй руку.

- У вас тут шмат знаёмых, - сказала Патрыцыя Хольман праз нейкi час.

- Такiх хапае, - адказаў я ўпарта.

Я заўважыў, што яна зiрнула на мяне.

- Мне здаецца, што нам час вяртацца, - сказала яна праз хвiлiну.

- Так, - адказаў я. - I мне здаецца.

Мы спынiлiся каля дзвярэй дома.

- Усяго вам добрага, - сказаў я. - I шмат радасцi.

Яна не адказала. З цяжкасцю я перавёў позiрк з кнопкi званка на яе. I сапраўды: я не паверыў сваiм вачам, яна стаяла, i замест крыўды ў вачах у яе гарэлi агеньчыкi, рот крывiўся ва ўсмешцы, а потым яна засмяялася шчыра i бестурботна, яна проста засмяялася з мяне.

- Вы - малое дзiця, - сказала яна, - божа мой, якое вы малое дзiця!

Я ўтаропiўся на яе.

- Ну добра, - сказаў я, - як бы то нi было... - i раптам зразумеў сiтуацыю. - Вы, мусiць, лiчыце, што я паводжу сябе як iдыёт?

Яна засмяялася. Я хутка зрабiў крок наперад i моцна прыцягнуў яе да сябе. Няхай думае, што хоча. Яе валасы дакранулiся да маёй шчакi, яе твар быў побач з маiм, я адчуў слабы персiкавы пах яе скуры. Потым яе вочы наблiзiлiся, i я адчуў слодыч яе вуснаў...

Яна пабегла, не даўшы мне апамятацца.

Я вяртаўся мiма "мамкi" з сасiскамi.

- Дай мне добрую порцыю, - сказаў я, ззяючы.

- З гарчыцай?

Я, стоячы, з вялiкай асалодай з'еў сасiску. Алоiс прынёс мне з "Iнтэрнацыяналя" куфаль пiва.

- Чалавек - смешнае стварэнне, праўда, мамка? - сказаў я.

- Ты, вiдаць, маеш рацыю, - ахвотна адказала яна. - Учора падыходзiць пан, з'ядае дзве венскiя сасiскi з гарчыцай, а потым не мае чым заплацiць. I вось, ужо позна, нiводнага чалавека паблiзу, што тут зробiш, вядома, я яго ўпусцiла. I ўявi, сёння ён з'яўляецца зноў, плацiць за ўчарашнiя сасiскi i дае мне яшчэ гасцiнца.

- Даваенная натура, мамка. А ўвогуле - як iдуць справы?

- Дрэнна! Учора сем пар венскiх сасiсак i дзевяць сардэлек. Ты ведаеш, каб не мае дзяўчаты, я даўно скапыцiлася б. - Яна мела на ўвазе прастытутак, якiя падтрымлiвалi "мамку", як толькi маглi. Калi яны падчэплiвалi кавалера, то пры магчымасцi праводзiлi яго каля кацялка "мамкi", каб перад "справай" з'есцi сардэльку i даць крыху зарабiць старой.

- Неўзабаве пацяплее, - працягвала мамка, - а вось зiмой, на золi i ў холадзе... як нi апранайся, усё роўна не ўберажэшся.

- Дай мне яшчэ сардэльку, - сказаў я. - Так прыемна жыць. А як справы дома?

Яна зiрнула на мяне сваiмi маленькiмi празрыстымi вочкамi.

- Тое ж самае. Надоечы прадаў ложак.

"Мамка" была замужам. Дзесяць год назад яе муж трапiў пад электрычку, калi хацеў ускочыць на хаду. Яму ампутавалi абедзве нагi. Няшчасце дзiўным чынам адбiлася на iм. Ён так саромеўся перад жонкай свайго калецтва, што перастаў з ёй спаць. Акрамя таго, у бальнiцы ён прызвычаiўся да морфiю. Гэта хутка даканала яго, ён трапiў у кампанiю гомасексуалiстаў, i скора мужчына, якi пяцьдзесят гадоў быў нармальны, нiкога не прызнаваў, акрамя хлопчыкаў. Iх ён не саромеўся, бо яны былi мужчыны. Для жанчын ён быў калека, якому здавалася, што ён выклiкае агiду i спачуванне, а гэтага ён вытрымаць не мог. Для мужчын ён быў усяго толькi няшчасны. Каб мець грошы на хлопчыкаў i морфiй, ён забiраў у "мамкi" ўсё, што знаходзiў, i прадаваў усё, што можна было прадаць. Але "мамка" не кiдала яго, хоць ён часта яе лупцаваў. Яна разам з сынам стаяла каля свайго кацялка кожную ноч да чатырох гадзiн. Удзень яна мыла бялiзну i прыбiрала лесвiцы. У яе ўжо даўно балеў страўнiк, але нiхто нiколi не бачыў яе ў дрэнным настроi. Яна лiчыла, што ёй жывецца нядрэнна. Часам да яе прыходзiў муж, калi адчуваў сябе асаблiва мярзотна, i плакаў. Гэта былi лепшыя хвiлiны яе жыцця.

- Ты ўсё яшчэ на сваiм добрым месцы? - спытала яна мяне.

Я кiўнуў.

- Так, мамка. Я добра зарабляю.

- Глядзi ж, трымайся за месца.

- Пастараюся, мамка.

Я прыйшоў дамоў. Каля пад'езда стаяла, нiбы з неба звалiлася, служанка Фрыда.

- Вы чароўнае дзiця, - сказаў я, адчуваючы патрэбу зрабiць нешта добрае.

Яна скрывiла твар, быццам воцату каўтнула.

- Сур'ёзна! -працягваў я. - Якi сэнс вечна сварыцца! Жыццё занадта кароткае, Фрыда, яно поўнае выпадковасцей i небяспекi. Сёння трэба жыць дружна. Дамовiлiся?

Яна не заўважыла маёй працягнутай рукi, прамармытала нешта пра заклятых п'янiц i, грукнуўшы дзвярыма, знiкла.

Я пастукаў у дзверы да Георгi Блока. Праз шчылiну пад дзвярыма пранiкала святло. Ён зубрыў.

- Пайшлi, Георгi, кусанём, - сказаў я.

Ён зiрнуў на мяне. Яго бледны твар зачырванеўся.

- Я не хачу есцi.

Ён падумаў, што я клiчу яго ад спачування. Таму i не хацеў.

- Спачатку паглядзi, - сказаў я. - А то потым пашкадуеш. Зрабi мне ласку.

Калi мы iшлi праз калiдор, я заўважыў, што дзверы ў Эрны Бёнiг зачынены не шчыльна. За дзвярыма чулася цiхае дыханне. "Ага", - падумаў я i пачуў, як у Хасэ вельмi асцярожна шчоўкнулi замком, i дзверы таксама прачынiлiся на сантыметр. Увесь пансiянат, вiдаць, напружана чакаў маёй кузiны.

Пад зыркiм святлом верхнiх лямпаў стаялi парчовыя крэслы ад фраў Залеўскi. Ярка свяцiла лямпа ад Хасэ, асвятляючы ананасы, дарагую пячоначную каўбасу, скрылькi судака, бутэльку чэры. Калi мы з анямелым Георгi пачалi ўплятаць яду, у дзверы пастукалi. Я ведаў, што будзе.

- Увага, Георгi, - прашаптаў я i крыкнуў: - Заходзьце!

Дзверы адчынiлiся, i, згараючы ад цiкаўнасцi, увайшла фраў Залеўскi. Першы раз у жыццi яна сама асабiста прынесла мне пошту: нейкую рэкламу, якая тэрмiнова заклiкала мяне харчавацца сырымi прадуктамi. Яна прыбралася, як фея на баль, велiкасвецкая дама з былых лепшых часоў - карункавая сукенка, шаль з махрамi i брошка з партрэтам нябожчыка Залеўскi. Саладжавая ўсмешка застыла раптам на яе твары, расчаравана яна ўзiралася на Георгi, якi засаромеўся. Я бессардэчна зарагатаў. Яна хутка ўзяла сябе ў рукi.

- Ага, адстаўка, - сказала яна з'едлiва.

- Так i ёсць, - пагадзiўся я, усё яшчэ любуючыся ёй. - Якое шчасце, што з майго запрашэння нiчога не атрымалася!

Фраў Залеўскi нядобра глянула на мяне.

- I вы яшчэ смяецеся? Я ж заўсёды гаварыла: у вас замест сэрца бутэлька з гарэлкай.

- Моцна сказана, - адказаў я. - Можа, зробiце нам ласку, далучыцеся, шаноўная панi?

Яна вагалася. Але потым цiкаўнасць перамагла, хацелася нешта даведацца. Я адкаркаваў бутэльку чэры.

Позна, калi ўсё зацiхла, я ўзяў палiто i коўдру i праз калiдор пракраўся да тэлефона. Я ўкленчыў перад сталом, на якiм стаяў апарат, накрыўся коўдрай i палiто, зняў слухаўку, прытрымлiваючы з-пад нiзу левай рукой палiто. Я быў упэўнены, што так мяне нiхто не падслухае. У пансiяната былi надзвычай доўгiя, цiкаўныя вушы. Мне пашанцавала. Патрыцыя Хольман была дома.

- Вы даўно вярнулiся са сваёй таямнiчай нарады? - спытаў я.

- Амаль гадзiну назад.

- Шкада. Каб я ведаў...

Яна засмяялася.

- Не, нiчога не выйшла б. Я ляжу ў пасцелi, у мяне зноў паднялася тэмпература. Вельмi добра, што я ў час прыйшла дахаты.

- Тэмпература? Што гэта за тэмпература?

- А, нiчога страшнага. А што вы рабiлi сёння?

- Абмяркоўваў з гаспадыняй мiжнароднае становiшча. А вы? Уладкавалi свае справы?

- Здаецца, усё ў парадку.

Пад маiм покрывам стала горача, як у тропiках. Таму, як толькi пачынала гаварыць дзяўчына, я рабiў вентыляцыю, паспешлiва ўдыхаў свежае паветра i зноў накрываўся, калi трэба было гаварыць самому.

- У вас няма знаёмага, якога завуць Роберт? - спытаў я.

Яна засмяялася.

- Здаецца, няма.

- Шкада. Мне вельмi хацелася б пачуць, як вы вымаўляеце гэтае iмя. А можа, усё ж такi паспрабуеце?

Яна зноў засмяялася.

- Так проста, для смеху, - сказаў я. - Напрыклад: Роберт - асёл.

- Роберт - малое дзiця...

- У вас выдатнае вымаўленне, - сказаў я. - А цяпер паспрабуем: Робi. Давайце: Робi...

- Робi - п'янiца... - вымавiў далёкi голас павольна. - А цяпер мне трэба спаць. Я прыняла снатворнае, галава ўжо гудзiць.

- Добра, дабранач, спакойнага сну.

Я паклаў слухаўку i скiнуў палiто i коўдру. Потым я ўстаў на ногi i аслупянеў. На крок ад мяне за спiной, як прывiд, стаяў пенсiянер-скарбнiк, якi жыў у пакоi каля кухнi. Я нешта злосна прамармытаў.

- Тсс! - зашыпеў ён i выскалiўся.

- Тсс! - зрабiў я ў адказ, узычыўшы яму пекла.

Ён узняў палец.

- Я не выдам... палiтыка, так?

- Што? - здзiвiўся я.

Ён падмiргнуў.

- Не бойцеся: я сам - крайне правы. Сакрэтная палiтычная размова, праўда?

Я зразумеў.

- Самая найпалiтычнейшая, - сказаў я i выскалiўся таксама.

Ён кiўнуў i прашаптаў:

- Няхай жыве Яго Вялiкасць!

- Ура! Ура! Ура! - адказаў я. - А цяпер iншае пытанне: вы ведаеце, хто вынаходнiк тэлефона?

Ён у здзiўленнi пахiтаў лысым чэрапам.

- I я не ведаю, - сказаў я. - Але гэта быў, напэўна, цудоўны хлопец...

IX

Нядзеля. Дзень гонак. Апошнi тыдзень Кёстэр трэнiраваўся кожны дзень. Вечарамi мы да позняй ночы правяралi i змазвалi "Карла" да апошняга вiнцiка, прывялi яго ў парадак. Цяпер мы сядзелi каля склада запасных частак i чакалi Кёстэра, якi пайшоў на месца старту.

Сабралiся ўсе: Граў, Валянцiн, Ленц, Патрыцыя Хольман, а перш за ўсiх Юп у камбiнезоне i ў гоначным шлеме з акулярамi. Ён ехаў з Кёстэрам асiстэнтам, бо быў найлягчэйшы. Праўда, Ленц сумняваўся. Ён сцвярджаў, што Юпавы вялiзныя вушы, якiя стаялi тарчаком, будуць рабiць занадта вялiкае супрацiўленне, таму адно з двух: або машына страцiць дваццаць кiламетраў хуткасцi, альбо яна ператворыцца ў самалёт.

- Дарэчы, як вы атрымалi ангельскае iмя? - спытаў Готфрыд у Патрыцыi Хольман, якая сядзела побач з iм.

- Мая мацi была ангелька. Яе звалi, як i мяне, - Пат.

- А-а, Пат, гэта зусiм iншая справа. Гэта вымаўляецца куды лягчэй.

Ён прынёс шклянку i бутэльку.

- Ну, тады за добрую дружбу, Пат. Мяне завуць Готфрыд.

Я ўтаропiўся на яго. У той час, калi я ўсё яшчэ пакутаваў, не ведаючы, як да яе звяртацца, ён бесцырымонна вырашыў гэтую задачу тут, сярод белага дня. I яна засмяялася i сапраўды пачала называць яго Готфрыдам.

Але гэта яшчэ нiчога ў параўнаннi з паводзiнамi Граў. Ён быццам зусiм з'ехаў з глузду i не адрываў ад яе вачэй. Ён грымотна дэкламаваў ёй вершы, а потым заявiў, што павiнен намаляваць яе. I сапраўды, ён прысеў на скрынку i пачаў маляваць.

- Слухай, Фердынанд, старое пудзiла, - сказаў я i забраў у яго блакнот. Не траць свой талент на жывых. Малюй нябожчыкаў. I больш размаўляй на агульныя тэмы. Я за дзяўчыну перажываю.

- Вы прап'яце потым са мной рэшткi багатай цёткi майго гаспадара?

- Наконт усiх рэшткаў - не ведаю. Але нагу - абавязкова.

- Добра. Тады я цябе пашкадую, хлопчык.

Ляск матораў, нiбы кулямётная стралянiна, разнёсся ўздоўж шашы. Пахла паленым маслам, бензiнам i рыцынай. Цудоўны ўзбуджальны пах, цудоўны ўзбуджальны вiхор матораў! Побач, у добра абсталяваных боксах, шумелi механiкi. Мы былi аснашчаны даволi сцiпла. Такiя-сякiя iнструменты, свечы запальвання, два колы з запаснымi кiхамi, якiя мы задарма атрымалi ад нейкай фабрыкi, некалькi дробных запасных частак - вось i ўсё. Завод не фiнансаваў Кёстэра. Мы мусiлi ўсё аплачваць самi. Таму i мелi не шмат.

Прыйшоў Ота, за iм Браўмюлер, ужо апрануты для гонкi.

- Ну, Ота, - сказаў ён, - калi сёння мае свечы вытрымаюць, ты прапаў. Але яны не вытрымаюць.

- Паглядзiм, - адказаў Кёстэр.

Браўмюлер пагразiў "Карлу".

- Сцеражыся майго "Шчаўкунчыка"!

"Шчаўкунчыкам" Браўмюлер называў сваю новую, вельмi цяжкую машыну. Яна лiчылася фаварытам.

- "Карл" уставiць табе ногi, Тэа! - крыкнуў яму Ленц. Браўмюлер хацеў адказаць на салдацкай мове гонару, але прыкусiў язык, калi заўважыў памiж нас Патрыцыю Хольман. Ён вылупiў вочы, няёмка ўсмiхнуўся няведама чаму i падаўся прэч.

- Поўны поспех, - з задавальненнем сказаў Ленц.

Над шашой разнёсся брэх матораў. Кёстэру пара было рыхтавацца. "Карл" быў заяўлены ў класе спартовых машын.

- Шмат мы табе не дапаможам, Ота, - сказаў я i паглядзеў на iнструменты.

Ён адмахнуўся.

- I не трэба. Калi "Карл" паламаецца, тады не дапаможа нават цэлая майстэрня.

- Цi выставiць табе шыльды, каб ты бачыў, як iдзеш?

Кёстэр пахiтаў галавой.

- Старт будзе агульны. Сам убачу. Ды i Юп будзе сачыць.

Юп старанна закiваў галавой. Ад хвалявання яго бiла лiхаманка. Ён бесперапынна жаваў шакалад. Але гэта пакуль што. Як толькi прагучыць стрэл на старт, ён зробiцца спакойны, як чарапаха.

- Што ж, наперад, з богам!

Мы выпiхнулi "Карла".

- Толькi не затрымайся на старце, любая мая здыхляцiна, - сказаў Ленц, гладзячы радыятар. - Не расчаруй свайго старога тату, "Карл"!

"Карл" сарваўся з месца. Мы глядзелi яму ўслед.

- Зiрнi на смешную ламачыну, - раптам сказаў нехта побач з намi. - Ззаду цюцелька ў цюцельку страўс.

Ленц горда выпрастаўся.

- Вы маеце на ўвазе белую машыну? - спытаў ён, пачырванелы, але спакойны.

- Менавiта, - пагардлiва адказаў яму даўгалыгi механiк з суседняга бокса, не паварочваючы галавы, i падаў свайму суседу бутэльку з пiвам. Ленц пачаў заiкацца ад злосцi i намерыўся пераскочыць праз нiзкую дашчаную загародку. Дзякаваць богу, ён яшчэ не пачаў абражаць. Я адцягнуў яго назад.

- Кiнь глупства, - лаяўся я. - Ты патрэбны нам тут. Навошта табе загадзя лезцi ў бальнiцу?

Ён вырываўся з аслiнай упартасцю. Ён не трываў нiводнага слова супроць "Карла".

- Бачыце, - сказаў я Патрыцыi Хольман, - вось вам i апошнi рамантык, гэты звар'яцелы баран! Няўжо вы паверыце, што ён калiсьцi пiсаў вершы?

Словы падзейнiчалi iмгненна. Я закрануў яго больку.

- Задоўга да вайны, - папрасiў прабачэння Готфрыд. - Акрамя таго, дзiця, звар'яцець на гонках - не ганьба. Так, Пат?

- Быць вар'ятам увогуле не ганьба.

Готфрыд аддаў чэсць.

- Мудра сказана!

Шум матораў заглушыў усё астатняе. Паветра скаланулася. Скаланулiся зямля i неба. Поле праiмчалася мiма.

- Перадапошнi, - прабурчаў Ленц. - Жывёлiна спатыкнулася ўсё ж на старце.

- Нiчога, - сказаў я. - Старт - слабае месца "Карла". Ён бярэ разгон паволi, затое потым яго ўжо не спынiць.

У зацiхаючы гул матораў усвiдравалiся гукi гучнагаварыцеляў. Мы не паверылi сваiм вушам: Бургер, небяспечны канкурэнт, застаўся на старце.

Машыны, выючы, наблiжалiся. Яны падскоквалi ўдалечынi, як конiкi-дзёгцiкi на дарозе, павялiчвалiся, а потым праiмчалiся на процiлеглым баку трыбуны, робячы вялiкi вiраж. Iх пакуль што было шасцёра. Кёстэр, як i раней - на перадапошнiм месцы. Мы былi напагатове. То мацней, то слабей у паветры чуўся рык матораў i рэха. Потым зграя вырвалася на прамую. Адзiн наперадзе... другi i трэцi шчыльна за iм, потым - Кёстэр. На павароце ён выйграў i цяпер iшоў чацвёрты.

З-за воблакаў паказалася сонца. Шырокiя светлыя i шэрыя палосы павiслi над шашой, пакрытай, як тыгр, плямамi святла i ценю. Па людскiм натоўпе на трыбунах плылi ценi ад воблакаў. Шум матораў, як д'ябальская музыка, хваляваў нашу кроў. Ленц таптаўся на месцы, пакутуючы, я дашчэнту разжаваў сваю цыгарэту, а Патрыцыя Хольман прынюхвалася да наваколля, як маладое жарабя ўранку. Толькi Валянцiн i Граў спакойна сядзелi i грэлiся на сонейку.

Зноў загрукала неверагоднае сэрцабiццё машын, якiя наблiжалiся, праляталi мiма трыбун. Мы ўпiлiся позiркамi ў Кёстэра. Ён пахiтаў галавой, кiхi мяняць не трэба было. На наступным крузе ён ужо дагнаў трэцюю машыну i сядзеў у яе на хвасце. Так яны вырвалiся на бясконцую прамую.

- Чорт вазьмi! - Ленц зрабiў глыток з бутэлькi.

- Ён трэнiраваўся, - сказаў я Патрыцыi Хольман. - Вiражы - яго стыхiя.

- Можа, глытняце з пляшкi, Пат? - спытаў Ленц.

Я злосна глянуў на яго. Ён вытрымаў мой позiрк не мiргнуўшы.

- Лепш са шклянкi, - сказала яна. - Пiць з бутэлькi я яшчэ не навучылася.

- Вось як! - Готфрыд дастаў шклянку. - Гэта - недахопы сучаснага выхавання.

На наступных кругах удзельнiкi расцягнулiся. Лiдыраваў Браўмюлер. Першыя тры машыны паступова вырвалiся метраў на трыста. Кёстэр, шчыльна параўняўшыся з трэцяй машынай, знiк за трыбунамi. Потым машыны зноў з'явiлiся. Мы паўскоквалi. А дзе ж трэцяя? Ота iмчаўся адзiн, за дзвюма першымi. А вось, вуркочучы, з'явiлася i трэцяя машына. Заднiя шыны разляцелiся на шматкi. Ленц зласлiва ўсмiхаўся. Машына спынiлася каля суседняга бокса. Даўгалыгi механiк лаяўся. Праз хвiлiну машына зноў была гатова.

Наступныя кругi нiчога не змянiлi. Ленц адклаў хранометр i пачаў падлiчваць.

- У "Карла" яшчэ ёсць рэзервы, - аб'явiў ён.

- Баюся, што ў астатнiх таксама, - сказаў я.

- Малавер! - Ён кiнуў на мяне знiшчальны позiрк.

I на перадапошнiм крузе Кёстэр пахiтаў галавой. Ён вырашыў рызыкнуць - не мяняць кiхi. Яшчэ не было так спякотна, каб яны не вытрымалi.

Празрыстай iстотай павiсла напружанне над шырокай плошчай i трыбунамi, калi машыны пайшлi на апошнi круг.

- Вазьмiцеся ўсе за дрэва, - сказаў я i ўчапiўся ў ручку малатка. Ленц паклаў мне руку на патылiцу. Я адпiхнуў яго. Ён усмiхнуўся i ўхапiўся за бар'ер.

Гул нарастаў да выцця, выццё - да рыку, рык - да грому, да высокага з прысвiстам спеву машын, што iмчалi, намагаючыся з апошняе сiлы. Браўмюлер уляцеў у вiраж. За iм неслася другая машына. Яе заднiя колы скрыгаталi i шыпелi. Яна iшла нiжэй, чым першая, больш крута. Гоншчык, вiдаць, хацеў выйграць такiм чынам.

- Памылка! - крыкнуў Ленц. А тут якраз з'явiўся i Кёстэр, яго машына з разгону вылецела аж за знешнi край. Мы на iмгненне анямелi: здавалася, што ён зараз вылецiць за паварот, але матор зароў, i машына ўтрымалася.

- Ён упiсаўся на поўным газе! - крыкнуў я.

Ленц кiўнуў.

- Вар'яцтва!

Мы перавесiлiся праз бар'ер. Ад хвалявання нас бiла лiхаманка: цi пашанцуе? Я падняў Патрыцыю Хольман на скрынку з iнструментам.

- Так будзе лепш вiдаць! Абапрыцеся на маё плячо. Глядзiце ўважлiва, ён i гэтага абставiць на павароце.

- Абставiў! - крыкнула яна. - Ужо перагнаў.

- Ён даганяе Браўмюлера. О божа, святы Майсей! - закрычаў Ленц. - Ён сапраўды ўжо перагнаў таго i наблiжаецца да Браўмюлера.

У воблаку ўзнятай буры тры машыны то з'яўлялiся, то знiкалi, мы крычалi як звар'яцелыя, да нас падключылiся Валянцiн i Граў са сваiм неверагодным басам. Кёстэру ўдалася яго шалёная задума, ён перагнаў другую машыну на павароце зверху, таму што той памылiўся i на крутым вiражы страцiў хуткасць. Цяпер Ота, як каршун, кiнуўся за Браўмюлерам, якi раптам аказаўся метраў за дваццаць ад яго. Вiдаць, у таго нешта здарылася з запальваннем.

- Дай яму, Ота! Дай яму! З'еш "Шчаўкунчыка"! - зараўлi мы i замахалi рукамi.

Машыны схавалiся на апошнiм павароце. Ленц гучна малiўся ўсiм багам Азii i Паўднёвай Амерыкi, каб тыя дапамаглi. Ён махаў сваiм амулетам. Патрыцыя Хольман, абапiраючыся на маё плячо, напружана ўглядалася ў далячынь, выцягнуўшы твар, якi напамiнаў скульптурку на носе галеры.

I вось яны з'явiлiся. Матор Браўмюлера ўсё яшчэ чмыхаў, увесь час чулiся перабоi. Я заплюшчыў вочы. Ленц адвярнуўся да дарогi спiной - мы хацелi ўлешчыць лёс. Нечы крык прымусiў нас павярнуць твары. Мы яшчэ паспелi ўбачыць, як Кёстэр першы перасек фiнiшную лiнiю, на два метры адарваўшыся ад супернiка.

Ленц як звар'яцеў. Ён шпурнуў iнструмент на зямлю i зрабiў стойку на руках на шынах.

- Што вы нядаўна сказалi? - закрычаў ён, стаўшы на ногi i звяртаючыся да механiка-Геркулеса. - Ламачына?

- Ат, слухай, не квакай над вухам, - незадаволена адказаў механiк.

I ўпершыню за ўвесь час, колькi я яго ведаю, апошнi рамантык не раз'юшыўся ад знявагi, а дзiка затросся ад рогату.

Мы чакалi Ота. Ён затрымаўся каля арганiзатараў гонак.

- Готфрыд! - пачуўся раптам хрыплаваты голас у нас за спiной. Мы азiрнулiся. Мы ўбачылi чалавека-гару ў занадта вузкiх паласатых штанах, у неверагодна цесным пiнжаку колеру марэнга i ў чорным капелюшы.

- Альфонс! - усклiкнула Патрыцыя Хольман.

- Уласнай персонай, - пацвердзiў ён.

- Мы перамаглi, Альфонс! - крыкнула яна.

- Моцна, моцна. Дык я, вiдаць, спазнiўся, га?

- Ты нiколi не спазняешся, Альфонс, - сказаў Ленц.

- Вырашыў прынесцi вам сёе-тое перакусiць. Халоднай смажанiны, салёных скабак. Усё парэзана.

- Давай сюды i садзiся, золатка наша! - крыкнуў Готфрыд. - Зараз навалiмся.

Ён разгарнуў пакет.

- Божа мой, - сказала Патрыцыя Хольман. - Тут жа на цэлы полк.

- Потым будзе вiдаць, - разважыў Альфонс. - Мiж iншым, ёсць кмiнная гарэлка... халодненькая.

Ён дастаў дзве бутэлькi.

- Ужо адкаркаваныя.

- Моцна, моцна, - сказала Патрыцыя Хольман. Ён зычлiва падмiргнуў ёй.

З ляскатам падкацiў "Карл". На зямлю саскочылi Кёстэр i Юп. Юп быў падобны на маладога Напалеона. Вушы ў яго свяцiлiся, як царкоўныя вокны. Ён у абдымках трымаў жудасна безгустоўны вялiзны срэбны кубак.

- Сёмы, - са смехам сказаў Кёстэр. - Iншага нiчога людзям i ў галаву не прыйдзе.

- Толькi гэты збан? - дзелавiта спытаў Альфонс. - I нiколечкi грошай?

- Ёсць, - супакоiў яго Ота. - Ёсць i грошы.

- Ну, тады мы зараз засыпемся грашыма, - сказаў Граў.

- Можна, вiдаць, прыемна правесцi вечар.

- У мяне? - спытаў Альфонс.

- Справа гонару, - адказаў Ленц.

- Гарохавы суп са свiнымi вантробамi, ножкамi i вушамi, - сказаў Альфонс, i нават на твары Патрыцыi Хольман адбiлася пачцiвасць. - Вядома, бясплатна, дадаў ён.

Падышоў Браўмюлер, праклiнаючы сваю няўдачу, з поўнай жменяй свечаў запальвання, запырсканых маслам.

- Супакойся, Тэа, - крыкнуў Ленц. - Першы прыз у наступных гонках дзiцячых вазкоў - безумоўна, твой.

- Можна ўзяць рэванш хоць на каньяку? - спытаў Браўмюлер.

- Пi хоць пiўнымi куфлямi, - сказаў Граў.

- Тут вашы шанцы слабыя, пан Браўмюлер, - заявiў Альфонс як спецыялiст. Нi разу яшчэ не бачыў, каб Кёстэр напiўся п'яны.

- Я яшчэ нi разу не бачыў, каб "Карл" пераганяў мяне, - сказаў Браўмюлер. - Акрамя сённяшняга дня.

- Не траць адвагi, - сказаў Граў. - Вось табе шклянка. Вып'ем за машыну знiшчальнiцу культуры.

Калi мы сабралiся ад'язджаць, мы хацелi забраць з сабой рэшту прадуктаў, прынесеных Альфонсам. Iх хапiла б, каб накармiць некалькi чалавек. Але мы знайшлi толькi паперу, на якой яны ляжалi.

- Што за д'ябал, - сказаў Ленц. - А! - Ён паказаў на Юпа, якi сарамлiва ўсмiхаўся. У яго яшчэ былi поўныя жменi, а жывот напяўся, як бубен.

- Таксама рэкорд!

Пасля абеду ў Альфонса мне здалося, што Патрыцыя Хольман карыстаецца занадта вялiкiм поспехам. Я выпадкова пачуў, што Граў зноў прапанаваў намаляваць яе. Яна засмяялася i сказала, што ў яе не хопiць цярпення. Лепш сфатаграфавацца.

- Гэта яму якраз больш падыходзiць, - пакпiў я. - Магчыма, ён намалюе вас з фатаграфii.

- Спакойна, Робi, - адказаў Фердынанд упэўнена i ўтаропiўся на Пат сваiмi вялiзнымi блакiтнымi, як у дзiцяцi, вачыма. - Гарэлка робiць цябе злосным, мяне - чалавечным. Вось у чым рознiца памiж нашымi пакаленнямi.

- Ён гадоў на дзесяць старэйшы за мяне, - сказаў я.

- Сёння гэта рознiца на цэлае пакаленне, - працягваў Фердынанд. - Рознiца на цэлае жыццё. Рознiца на тысячагоддзе. Што вы, хлопцы, ведаеце пра жыццё? Вы ж баiцеся сваiх пачуццяў. Вы не пiшаце лiстоў, а тэлефануеце. Вы больш не марыце, замест гэтага выязджаеце на выхадны за горад. Вы разважлiвыя ў каханнi i неразважлiвыя ў палiтыцы - пакаленне, вартае жалю!

Я слухаў яго толькi адным вухам. Другiм я слухаў Браўмюлера. Ён, ужо хiстаючыся, даводзiў Патрыцыi Хольман, што яна абавязкова павiнна браць у яго ўрокi язды на машыне. Ён пакажа ёй усё, што ўмее.

Пры першай магчымасцi я адвёў яго ўбок.

- Вельмi шкодна для здароўя, Тэа, асаблiва спартсмену, калi ён зашмат завiхаецца каля жанчыны.

- Толькi не мне, - адказаў Браўмюлер. - У мяне здароўе - надзiва!

- Цудоўна. Тады я скажу пра тое, што шкодна i табе: атрымаць вось гэтай бутэлькай па галаве.

Ён крыва ўсмiхнуўся.

- Схавай свой меч, хлапчук. Ты ведаеш, па чым пазнаюць кавалера? Па прыстойных паводзiнах, калi ён нап'ецца. А ты ведаеш, хто я?

- Хвалько!

Я не баяўся, што нехта з iх сапраўды паспрабуе адбiць яе. Такога ў нас не было. Але я не быў упэўнены, як павядзе сябе дзяўчына. Магло ж так здарыцца, што нехта з iх спадабаецца ёй. Мы занадта мала ведалi адно аднаго, каб быць упэўненымi. А цi была яна - упэўненасць - увогуле?

- Цi не знiкнуць нам непрыкметна? - спытаў я.

Яна згодна кiўнула.

Мы хадзiлi па вулiцах. Зрабiлася сыра. Туманы паволi апускалiся на горад, зялёныя i срабрыстыя туманы. Я ўзяў руку Пат i схаваў яе ў кiшэнi свайго палiто. Так мы блукалi доўга.

- Змарылася? - спытаў я.

Яна пахiтала галавой i заўсмiхалася. Я паказваў ёй на кавярнi, мiма якiх мы праходзiлi.

- Зойдзем куды-небудзь?

- Не. Больш туды не хачу.

Мы пайшлi далей i падышлi да могiлак. Яны напамiналi цiхi востраў сярод каменнай плынi дамоў. Дрэвы шумелi. Iх кроны патаналi ў змроку. Мы знайшлi свабодную лаўку i селi.

Лiхтары перад намi каля вулiцы былi акружаны мiгатлiвымi аранжавымi нiмбамi. У тумане, якi ўсё гусцеў, святло вытварала казачныя цуды. Хрушчы ап'янела выляталi з лiп, кружылiся вакол лiхтароў i цяжка бiлiся аб вiльготныя плафоны. Туман ператварыў усё, ён падымаў прадметы i вызваляў iх. Гатэль насупраць ужо плыў, як акiянскi карабель з асветленымi каютамi, над чорным люстэркам асфальту, шэры цень царквы ператварыўся ў прывiдны паруснiк з высокiмi мачтамi, якiя гублялiся ў чырвона-шэрым святле, i ўжо паплылi караваны дамоў.

Мы моўчкi сядзелi поплеч. Туман усё зрабiў нерэальным... i нас таксама. Я зiрнуў на дзяўчыну: у яе шырокiх вачах адбiваўся бляск лiхтароў.

- Падсунься, - сказаў я, - iдзi блiжэй да мяне, а то цябе знясе туман...

Яна павярнулася да мяне тварам. Яна ўсмiхалася, рот у яе быў крыху адкрыты, блiшчалi зубы, яе вочы адкрыта глядзелi на мяне, але мне здавалася, быццам яна не бачыць мяне, быццам яна ўсмiхаецца не мне, а проста ў шэра-срабрыстую плынь, быццам яе ўсхвалявалi казачныя павевы ў кронах, кроплi, якiя сцякалi па ствалах, быццам яна прыслухоўвалася да цёмнага, нячутнага поклiчу за дрэвамi, па-за светам, быццам ёй трэба будзе зараз устаць i пайсцi, праз туман, без мэты, з упэўненасцю, што трэба падпарадкавацца гэтаму цёмнаму, таямнiчаму поклiчу зямлi i жыцця.

Нiколi не забуду гэты твар, нiколi не забуду, як ён потым нахiлiўся да мяне, як ён ажыў, як маўклiва напоўнiўся ласкай i пяшчотай, светлай цiшынёй, нiбы расцвiў, нiколi не забуду, як яе вусны знайшлi мае, як яе вочы наблiзiлiся да маiх, як яны былi блiзка ад мяне, гледзячы на мяне запытальна, сур'ёзна, адкрыта, iскрыста... i як яны потым паволi заплюшчылiся, быццам аддаючыся на маю волю...

Туман плыў i плыў. Надмагiльныя крыжы невыразна тырчалi з яго палосаў. Я накiнуў на нас палiто. Горад патануў. Час памёр...

Мы так праседзелi доўга. Паступова вецер мацнеў. Ценi хiсталiся ў шэрым паветры перад намi. Я пачуў шоргат крокаў i цiхае мармытанне. Потым прыглушаны звон гiтар. Я ўзняў галаву. Ценi наблiжалiся, ператваралiся ў цёмныя постацi. Яны ўтварылi кола. Цiшыня. I раптам - гучны спеў: "Бог шукае i цябе..."

Я ўскочыў i прыслухаўся. Што здарылася? Цi мы на месяцы? Гэта ж быў сапраўдны хор, двухгалосы жаночы хор...

"Грэшнiк, дух свой разагнi..." - грымнула над могiлкамi ў рытме вайсковага марша.

Я паглядзеў на Пат.

- Нiчога не разумею, - сказаў я.

"Спавядайся ў журбе..." - зноў пачулася ў бадзёрым тэмпе.

Раптам да мяне дайшло.

- Божа мой! Ды гэта ж Армiя выратавання.

"Прэч грахi з душы ганi!" - заклiкалi ценi зноў. Спеў мацнеў.

Карыя вочы Пат заiскрылiся. Яе губы i плечы ўздрыгнулi.

Над могiлкамi грымела ўсё гучней:

У агонь пякельны ты

Трапiш за свае грахi...

Чуеш: клiча Бог святы?

Дык бяжы, не будзь глухi...

- Цiха! Каб на вас пярун! - даляцеў раптам злосны голас з туману.

На момант наступiла разгубленая цiшыня. Але Армiя выратавання звыклася з нягодамi. Хор падхапiў песню яшчэ дружней.

"Ты чаго прыйшоў сюды?" - жалобна спытаў ён ва ўнiсон.

- Каб пацiскацца, д'ябал вас забяры, - прагрымеў злосны голас. - Няўжо i тут няма спакою...

"Вабiць сатана цябе..." - з сiлай кiнулi яму ў адказ.

- Вы, старыя порхаўкi, мяне ўжо нiяк не забавiце, - парыраваў голас з туману.

Я пырснуў. Пат таксама не магла ўжо стрымацца.

Мы як не лопалiся ад смеху з гэтай дуэлi на могiлках. Армiя выратавання ведала, што лаўкi тут былi прытулкам для парачак, якiм больш не было куды схавацца ад гарадскога тлуму. Вось чаму Армiя i пайшла ў грандыёзнае наступленне. Яна арганiзавала нядзельную аблаву па выратаваннi душ. Непастаўленыя галасы набожна i гучна выгуквалi словы песнi. "Дрынь-брынь", старанна падтаквалi гiтары.

Могiлкi ажывiлiся. Смех i рэплiкi пачулiся з туману. Вiдаць, усе лаўкi былi занятыя. Адзiнокi змагар за каханне атрымаў магутную падтрымку аднадумцаў. Утварыўся хор пратэсту. У iм, вiдаць, было нямала былых вайскоўцаў, якiх растрывожыла маршавая музыка. Бо неўзабаве магутна грымнула бессмяротная песня:

Я паехала ў Гамбург аднойчы...

Я, дзяўчына, што шчасце лаўлю...

"Грэх прыводзiць да бяды..." - рэзка прагучаў хор святош яшчэ раз, i чуваць было, што Армiя выратавання ў вялiкай трывозе.

Але зло перамагло.

Маё iмя згубiлася ў ночы,

Бо я толькi за грошы люблю,

грымнула з грубых глотак.

- Пара даваць драла, - сказаў я Пат. - Я гэтую песню ведаю. У ёй некалькi куплетаў гучаць даволi моцна. Прэч адсюль.

Мы зноў аказалiся ў горадзе, напоўненым гудкамi машын i шоргатам колаў. Але сам горад як хто зачараваў. Туман ператварыў аўтобусы ў казачных жывёлiн, машыны сталi кошкамi, што з блiскучымi вачыма крадуцца да сваёй ахвяры, а вiтрыны - заваблiвымi стракатымi пячорамi.

Мы пайшлi па вулiцы мiма могiлак i перасеклi кiрмашовую плошчу. Каруселi ўзвышалiся ў вiльготным паветры, як шумныя вежы, напоўненыя музыкай i бляскам, чортава кола iскрылася пурпурам, золатам i смехам, а лабiрынт мiргаў блакiтнымi агнямi.

- Блаславёны лабiрынт! - сказаў я.

- Чаму? - спытала Пат.

- Мы ж аднойчы былi тут разам.

Яна пацвердзiла, кiўнуўшы галавой.

- У мяне такое пачуццё, быццам гэта было бясконца даўно.

- Можа, зноў зойдзем?

- Не, - сказаў я. - Больш не хачу, Пат. Ты хочаш выпiць?

Яна адмоўна пахiтала галавой. Яна выглядала чароўна прыгожай. У тумане, якi ахiнаў яе лёгкiм покрывам, яна выглядала яшчэ больш блiскуча.

- Ты не змарылася? - спытаў я.

- Яшчэ не.

Мы праходзiлi мiма атракцыёнаў, дзе надоечы накiдвалi колцы на кручкi. Тут вiселi лямпы, якiя свяцiлiся бела-iскрыстым карбiдным святлом. Пат зiрнула на мяне.

- Не, - сказаў я. - Сёння не гуляю. Не кiну нiводнага колца. Калi б нават была магчымасць выйграць вiнны склеп Аляксандра Македонскага.

Мы пайшлi далей па плошчы i праз парк.

- Недзе тут павiнен быць бэз, - сказала Пат.

- Так. Ён пахне ўжо здалёку. Вельмi моцна. Праўда?

Яна зiрнула на мяне.

- Праўда, - сказала яна.

- Пэўна, ужо распусцiўся. Бэзам пахне цяпер увесь горад.

Я неўпрыкмет зiрнуў направа-налева: цi няма дзе вольнай лаўкi? Але цi бэз быў вiнаваты, цi нядзеля, цi мы - не было нiводнай. Усе былi занятыя. Я зiрнуў на гадзiннiк. Ужо пайшла першая гадзiна ночы.

- Давай, - сказаў я, - пойдзем да мяне. Там мы пабудзем удваiх.

Яна не адказала, але мы вярнулiся. Каля могiлак мы ўбачылi штосьцi нечаканае. Армiя выратавання атрымала падмогу. Цяпер хор стаяў у чатыры рады. З'явiлiся не толькi сёстры, але i дзве шарэнгi братоў у форме. Спеў ужо гучаў не ў два галасы, а ў чатыры - як арган. У рытме вальса над магiльнымi помнiкамi лунала: "Святы Ерусалiм"...

Апазiцыi больш не было чутна. Яе змялi. "Настойлiвасць, - часцяком гаварыў дырэктар маёй гiмназii Хiлерман, - настойлiвасць i стараннасць - лепш, чым распуста i генiяльнасць..."

Я адчынiў дзверы. На момант засумняваўся, а потым уключыў святло. Калiдор зеўраў перад намi, як жоўтая агiдная кiшка.

- Заплюшчы вочы, - цiха сказаў я Пат. - Вiдовiшча - не на слабыя нервы.

Я рыўком падняў яе на рукi i паволi пайшоў звычайным крокам, быццам я адзiн - мiма скрынь i газавых плiт да сваiх дзвярэй.

- Жудасна, праўда? - сказаў я сарамлiва i ўтаропiўся на плюшавы гарнiтур перад намi. Так, цяпер мне не хапала парчовых крэслаў фраў Залеўскi. Не хапала дывана, лямпы ад Хасэ...

- Зусiм не жудасна, - сказала Пат.

- Жудасна, жудасна, - не пагадзiўся я i падышоў да акна. - Праўда, вiд прыгожы. Можа, падсунем крэслы да акна?

Пат хадзiла па пакоi.

- Зусiм не дрэнна. Галоўнае - казачна цёпла.

- Табе холадна?

- Я люблю, калi цёпла, - сказала яна i прыўзняла плечы. - Не люблю холаду i дажджу. Не магу iх трываць.

- Божа мой... а мы праседзелi столькi часу ў тумане.

- Тым утульней цяпер тут.

Яна пацягнулася i зноў пачала хадзiць сваёй прыгожай хадой па пакоi. Я вельмi разгубiўся i хуценька азiрнуўся вакол сябе. Дзякаваць богу, рэчы былi не вельмi параскiданыя. Растаптаныя хатнiя пантофлi я адным ударам зафутболiў пад ложак.

Пат стаяла перад шафай i глядзела ўверх. Наверсе ляжаў стары чамадан, падараваны мне Ленцам. Ён увесь быў абклеены этыкеткамi - сведкамi яго далёкiх вандровак.

- Рыа-дэ-Жанейра, - чытала яна, - Манаас, Сант'яга, Буэнас-Айрэс, Лас-Пальмас...

Яна адсунула назад чамадан i падышла да мяне.

- I ты ўжо ўсюды пабываў?

Я нешта прамармытаў. Яна ўзяла мяне пад руку.

- Давай, раскажы мне пра ўсё, раскажы пра тыя гарады - гэта ж, вiдаць, так цудоўна, пабываць так далёка...

А я? Я бачыў яе перад сабой, прыгожую, маладую, поўную нецярплiвасцi, матылька, якi па шчаслiвай выпадковасцi заляцеў у мой варты жалю, недагледжаны пакой, у маё нiчога не вартае, бязмэтнае жыццё. Гэты матылёк быў са мной i ўсё ж не са мной - адзiн толькi подых, i ён мог пырхнуць i зноў паляцець... лайце мяне, праклiнайце мяне, але я не мог... не мог не пацвердзiць, не мог сказаць, што я там нiколi не быў... цяпер не мог...

Мы стаялi каля акна, туман клубiўся i наплываў на шыбы, а я адчуваў: за iм зноў чакала мяне ўтоенае, схаванае, мiнулае, сырыя шэрыя днi, пустэча, бруд, шматкi гiблага iснавання, бездапаможнасць, нiкчэмнае выхваленне бязмэтна адбарабаненага жыцця - але тут, у цянi перада мной, неверагодна блiзка, цiхае дыханне, недатыкальная прысутнасць, цеплыня, выразнае жыццё... я павiнны быў утрымаць яго, зрабiць яго сваiм.

- Рыа... - сказаў я. - Рыа-дэ-Жанейра - порт, нiбы казка... Мора ўпiсваецца ў бухту, утвараючы сем дуг, а над iмi ўздымаецца белы зiхоткi горад...

Я пачаў расказваць пра спякотныя гарады i бясконцыя раўнiны, пра жоўтыя плынi рэк, пра блiскучыя астравы i пра кракадзiлаў, пра лясы, што паглынаюць дарогi, пра крык ягуараў начамi, калi рачны параход плыве праз чад выпарэнняў ванiльных лiянаў i архiдэяў, праз задушлiвасць, гнiль i змрок- усё гэта я чуў ад Ленца, але цяпер я ўжо амаль што верыў, што быў там сам - так дзiўна пераплялiся ўспамiны i iмкненне трапiць туды з жаданнем дадаць да пустой i змрочнай мiтуснi свайго жыцця крыху бляску, каб толькi не страцiць гэтага неверагодна прыгожага твару перада мной, гэтай раптоўнай надзеi, гэтай кветкi, што абяцае шчасце... Цi варты я яго? Пазней я гэта ўсё змагу растлумачыць, але пазней, калi буду значыць штосьцi большае, калi ўсё ўсталюецца, пазней - не цяпер...

- Манаас, - сказаў я. - Буэнас-Айрэс... - i кожнае слова тоiла ў сабе просьбу i заклiнанне.

Ноч. За акном пайшоў дождж. Кроплi падалi мякка i пяшчотна. Яны не пляскалi, як месяц таму назад па лiсцi лiпы. Цяпер яны з цiхiм шумам лiлiся на маладую гнуткую лiстоту, яны тулiлiся да яе i сцякалi па ёй унiз - мiстычнае свята i таямнiчая плынь да каранёў, адкуль вада зноў уздымаецца i сама стане лiсцем, якiя будуць чакаць дажджу ў вясновыя ночы.

Настала цiшыня. Змоўк вулiчны шум, адзiнокi лiхтар гарэў над тратуарам. Тонкiя лiсточкi дрэў, асветленыя знiзу, былi амаль белыя, ледзь не празрыстыя, а кроны былi падобныя да мiгатлiвых светлых ветразяў...

- Паслухай дождж, Пат...

- Дождж...

Яна ляжала каля мяне. Яе валасы ўздымалiся чорнай капой на белай падушцы. Твар над чарнатой валасоў здаваўся вельмi бледны. Адно плячо вытыркнулася ўверх, аднекуль на яго падала святло, i яно свяцiлася матавай бронзай. Вузкая палоска святла легла на руку.

- Паглядзi, - сказала яна i падняла на святло далонi.

- Мне здаецца, што гэта з вулiцы ад лiхтара, - сказаў я.

Яна прыўзнялася. Цяпер яе твар таксама быў асветлены, святло падала на плечы i грудзi, жоўтае, як ад васковай свечкi, яно змянялася, злiвалася, рабiлася аранжавым, у iм утваралiся блакiтныя колцы, i раптам за яе спiной з'явiлася цёплая чырвань, нiбы нiмб, яна перакiнулася вышэй i паволi паплыла па столi пакоя.

- Гэта рэклама цыгарэт насупраць.

- Бачыш, якi прыгожы твой пакой, - сказала яна.

- Прыгожы ад тваёй прысутнасцi, - сказаў я. - Гэты пакой ужо нiколi не будзе такi, як быў, таму што ты пабыла тут.

Яна стала на каленi, агорнутая блакiтным святлом.

- Але... - сказала яна. - Я ж часта буду тут... часта.

Я ляжаў цiха i глядзеў на яе. Мне ўсё бачылася, як у мяккiм выразным сне. Я ўвесь быў расслаблены, вольны, спакойны i вельмi шчаслiвы.

- Якая ты прыгожая, Пат! Куды прыгажэйшая, чым у любой сукенцы!

Яна ўсмiхнулася i нахiлiлася да мяне.

- Ты мусiш вельмi моцна любiць мяне, Робi. Я не ведаю, што мне рабiць без кахання.

Яе вочы як прывязалi мяне. Яе твар быў зусiм блiзка ад майго. Ён быў рухомы, зусiм адкрыты, напоўнены палкай сiлай.

- Ты павiнен трымаць мяне, - шаптала яна, - мне патрэбны нехта, хто б трымаў мяне, а то я павалюся. Я баюся.

- Не вiдаць, каб ты баялася, - не пагадзiўся я.

- Баюся. Толькi не выдаю. Я часта баюся.

- Я ўтрымаю цябе, - сказаў я, усё яшчэ ў гэтым незвычайным, гэтым плынным светлым сне. - Я цябе буду моцна трымаць, Пат. Ты яшчэ падзiвiшся.

Яна ўзяла мой твар у далонi.

- Праўда?

Я кiўнуў. Яе плечы свяцiлiся жоўтым колерам, нiбы ў глыбокай вадзе. Я ўхапiў яе рукi i прыцягнуў яе да сябе... Нас падхапiла вялiкая хваля, якая ззяла, дыхала, расла, i расла, i расла, i нарэшце накрыла ўвесь белы свет.

Яна спала ў мяне ў абдымках. Я часта прачынаўся i глядзеў на яе. Мне здавалася, што канца ночы не будзе. Мы луналi недзе, па-за часам. Усё здарылася так хутка, я нават не зразўмеў. Я не думаў, што мяне хтосьцi можа пакахаць. Я прызнаваў, што для мужчыны я магу быць выдатным таварышам. Але не мог сабе ўявiць, за што мяне можа пакахаць жанчына. Мне здавалася, што толькi пройдзе гэта ноч, я прачнуся - i ўсё мiнецца.

Змрок пашарэў. Я ляжаў цiха. Мая рука пад галавой Пат здранцвела, я нiчога не адчуваў. Але я не варушыўся. Толькi тады, калi яна павярнулася ў сне i ўткнулася ў падушку, я змог вызвалiць руку. Я цiхенька ўстаў, пачысцiў зубы i пагалiўся. Адэкалонам я пацёр валасы i патылiцу. Усё было незвычайнае: i шэры паўзмрок пакоя, i думкi, i цёмныя абрысы дрэў за акном. Калi я павярнуўся, то ўбачыў расплюшчаныя вочы Пат. Яна глядзела на мяне. Я сумеўся.

- Хадзем, - сказала яна.

Я падышоў да яе i сеў на край ложка.

- Няўжо гэта праўда? - спытаў я.

- Чаму ты пытаешся?

- Не ведаю. Можа, таму, што ўжо ранiца. Пасвятлела.

- Падай цяпер мае рэчы, - сказала яна.

Я падняў з падлогi тонкую шаўковую бялiзну. Яна была лёгкая, бо яе было мала. Я трымаў яе ў руцэ. "Нават бялiзна незвычайная, - падумаў я. - Тая, хто яе носiць, - таксама незвычайная. Я нiколi яе не зразумею, нiколi".

Я аддаў ёй рэчы. Яна абняла мяне за шыю i пацалавала.

Потым я праводзiў яе дадому. Мы амаль не размаўлялi. Мы крочылi побач мiж срэбнага ранку. Па бруку грукалi малочныя фургоны. З'явiлiся разносчыкi газет. Нейкi стары сядзеў каля дома i спаў. Яго падбародак тросся, нiбы хацеў адвалiцца. Мiма праехалi веласiпедысты, везучы кашы з булачкамi. Над вулiцай павiс пах цёплага свежага хлеба. Высока над намi ў блакiтным небе праляцеў самалёт.

- Сёння? - спытаў я Пат каля дзвярэй дома.

Яна ўсмiхнулася.

- У сем? - спытаў я.

Яна не выглядала зморанай. Яна была свежая, быццам добра выспалася. На развiтанне яна пацалавала мяне. Я пастаяў каля дома, пакуль не ўбачыў, што ў яе пакоi загарэлася святло.

Потым я вяртаўся. Па дарозе мне прыйшло ў галаву шмат прыгожых слоў, якiя я павiнен быў сказаць ёй. Я блукаў па вулiцах i думаў пра тое, што я мог бы сказаць i зрабiць, калi б быў не такi, якi быў. Потым я пайшоў на рынак. Ужо пад'ехалi фургоны з гароднiнай, мясам i кветкамi. Я ведаў, што тут на тыя ж самыя грошы можна купiць удвая больш кветак, чым у крамах. На ўсе грошы, колькi ў мяне было, я купiў цюльпанаў. Яны вельмi прыгожыя, зусiм свежыя, з кропелькамi вады ў чашачках. Я набраў поўнае бярэма. Прадаўшчыца паабяцала мне, што адашле кветкi Пат у адзiнаццаць гадзiн. Абяцаючы, яна засмяялася, а потым дадала яшчэ ладны букет фiялак.

- Не менш чым на два тыднi радасцi вашай даме, - сказала яна. - Толькi час ад часу трэба кiдаць у ваду пiрамiдон.

Я кiўнуў i заплацiў. Потым я няспешна пайшоў дадому.

X

"Форд" гатовы стаяў у майстэрнi. Новага заказу не было. Нам нешта трэба было рабiць. Мы з Кёстэрам пайшлi на аўкцыён. Мы хацелi купiць там з малатка таксi. Таксi можна было з выгадай перапрадаць. Памяшканне для аўкцыёнаў было ў паўночнай частцы горада, у флiгелi ў двары. Акрамя таксi тут прадавалася процьма iншых рэчаў. Некаторыя з iх стаялi пад адкрытым небам. Ложкi, расхiстаныя сталы, пазалочаная клетка з папугаем, якi крычаў: "З богам, каханы!", кнiгi, шафы, стары фрак, табурэткi, посуд - прадметы бядняцкага разбiтага быту.

Мы прыйшлi зарана. Аўкцыянера яшчэ не было. Я корпаўся ў рэчах на двары i ўбачыў некалькi кнiг - зачытаныя танныя экземпляры грэчаскiх i лацiнскiх класiкаў з заўвагамi на палях. На выцвiлых зашмальцаваных старонках цяпер былi не вершы Гарацыя цi песнi Анакрэона - на iх быў крык беднасцi i бездапаможнасцi страчанага жыцця. Уладару гэтых кнiг яны да апошняга моманту былi прытулкам, ён iх бярог, колькi мог, а той, хто здаў iх сюды, дайшоў да ручкi.

Кёстэр з-за маёй спiны глянуў на кнiгi.

- Сумна бачыць такое, праўда?

Я кiўнуў галавой i паказаў на iншыя рэчы.

- I гэта таксама, Ота. Дзеля забавы табурэткi i буфеты сюды чалавек не пацягне.

Мы пайшлi да машыны, якая стаяла ў кутку двара. Лак аблез i выцвiў, але машына была чыстая, нават пад крыламi. Прысадзiсты чалавек з шырокiмi далонямi стаяў непадалёк i тупа глядзеў на нас.

- Ты ўжо агледзеў машыну як след? - спытаў я Кёстэра.

- Учора яшчэ, - адказаў ён. - Даволi старая, але беззаганна дагледжаная.

Я кiўнуў.

- Вiдаць, што так. Машыну мылi сёння ранiцай, Ота. Аўкцыёншчык, пэўна ж, гэтага не рабiў.

Кёстэр пахiтаў галавой i зiрнуў на прысадзiстага.

- Гэта, вiдаць, гаспадар. Ён i ўчора стаяў тут i выцiраў машыну.

- Д'ябальшчына, - сказаў я. - Ён падобны да сабакi, якi трапiў пад колы.

Праз двор да машыны падышоў малады чалавек. Ён быў у палiто з поясам i меў да непрыемнасцi фарсiсты выгляд.

- Гэта, вiдаць, i ёсць тая калымага, - сказаў ён, звяртаючыся не то да нас, не то да таго мужчыны, i пастукаў гачкай па капоце. Я ўбачыў, як у вачах у гаспадара ўспыхнула непрыязнасць.

- Нiчога, нiчога, - велiкадушна апраўдаўся ўладар пояса. - Лак усё роўна ўжо нiкуды не варты. Ганарыстая ламачына. Ёй месца ў музеi, цi не так? - Ён магутна засмяяўся са свайго жарту i глянуў на нас, чакаючы адабрэння. Мы не падтрымалi яго смеху. Ён звярнуўся да гаспадара:

- Што вы хочаце за бабулю?

Чалавек моўчкi пракаўтнуў.

- Як за металалом, так? - балбатаў хлапец у цудоўным настроi. Ён зноў павярнуўся да нас.

- Паны таксама зацiкавiлiся? - I прыцiшаным голасам: - Мы маглi б згаварыцца. Вытаргаваць машыну за бясцэнак, а барыш падзялiць. Навошта гэтым людзям даваць дармавыя грошы! Дарэчы: Гвiда Цiс з фiрмы "Аўгека".

Ён крутнуў сваю гачку i з даверлiвай перавагай падмiргнуў нам.

"Для гэтага дваццацiпяцiгадовага смаўжа няма нiякiх тайнаў", - падумаў я са злосцю. Мне шкада было чалавека, што стаяў каля машыны, i я сказаў:

- Вам бы мець iншае прозвiшча, а не Цiс.

- Магчыма, - згадзiўся ён, усцешаны. Вiдаць было, што ён прывык да камплiментаў за спрыт.

- Вядома, - працягваў я. - Вам лепш было б звацца Смаркач. Гвiда Смаркач.

Ён адхiснуўся.

- Ну, пэўна, - нарэшце вымавiў ён. - Два на аднаго...

- Калi на тое, - сказаў я, - я пайду з вамi адзiн. Куды захочаце.

- Дзякую, - адказаў Гвiда холадна. - Шчыра дзякую! - i падаўся ад нас.

Прысадзiсты мужчына з засмучаным тварам стаяў, быццам яго нiчога не тычылася, i, утаропiўшыся, глядзеў на машыну.

- Не будзем купляць яе, Ота, - сказаў я.

- Тады яе купiць браняносец Гвiда, - запярэчыў Кёстэр. - Мы не зможам дапамагчы чалавеку.

- I праўда, - сказаў я. - I ўсё ж - нешта тут не так.

- А дзе сёння ўсё так, Робi? Павер мне: для чалавека нават лепш, што мы тут. Магчыма, дзякуючы гэтаму ён атрымае за машыну крыху больш. Але я абяцаю табе: калi браняносец не дасць першую цану, я змоўчу таксама.

Прыйшоў аўкцыёншчык. Ён спяшаўся, вiдаць, у яго было шмат спраў. Кожны дзень праходзiла дзесятак аўкцыёнаў. Лёгка жэстыкулюючы, ён пачаў аўкцыён вартых жалю рэчаў. У яго быў жалезны гумар i дзелавiтасць чалавека, якi кожны дзень мае справу з беднасцю, прычым яго самога яна нiколькi не кранае.

Рэчы прадавалiся за грашы. Некалькi перакупшчыкаў забралi амаль усё. Яны нiбы нехаця толькi падымалi палец, сустракаючыся з позiркам аўкцыёншчыка, або хiталi галавой. Але за позiркам аўкцыёншчыка час ад часу сачыла i яшчэ адна пара вачэй... вочы на зняможаным твары пазiралi на пальцы перакупшчыкаў, як на знак божы - з надзеяй i страхам. На таксi заявiлi цану тры чалавекi, i першы сярод iх - Гвiда: трыста марак. Смехатворная цана. Падышоў блiжэй прысадзiсты чалавек. Ён нешта бязгучна шаптаў. Здавалася, што ён хоча прапанаваць сваю цану. Але рука апусцiлася. Ён адступiў назад.

Наступная цана - чатырыста марак. Гвiда пайшоў на чатырыста пяцьдзесят. Узнiкла паўза.

Аўкцыёншчык пазiраў па баках.

- Хто больш? Раз... два...

Гаспадар таксi стаяў з шырока адкрытымi вачамi i панiклай галавой. Здавалася, што ён чакае ўдару па галаве.

- Тысяча, - сказаў Кёстэр.

Я зiрнуў на яго.

- Яна вартая трох, - прамармытаў ён. - Не магу глядзець, як мардуюць чалавека...

Гвiда рабiў нам адчайныя знакi. Ён забыўся на "Смаркача" - справа была важней.

- Тысяча сто, - прагугнiў ён i замiргаў нам. Калi б у яго было яшчэ адно вока на заднiцы, ён мiргаў бы i iм.

- Тысяча пяцьсот, - сказаў Кёстэр.

Аўкцыёншчыка ахапiў азарт. Ён прытанцоўваў, як дырыжор, трымаючы ў руцэ малаток. Тут у ход пайшлi не дзве-тры маркi, а зусiм iншыя лiчбы.

- Тысяча пяцьсот дзесяць, - заявiў успацелы Гвiда.

- Тысяча васемсот, - сказаў Кёстэр.

Гвiда пакруцiў пальцам каля лба i здаўся.

Аўкцыёншчык падскочыў. Я раптам падумаў пра Пат.

- Тысяча восемсот пяцьдзесят, - сказаў я нечакана для самога сябе.

Кёстэр здзiўлена павярнуў галаву.

- Пяцьдзесят я дадаю ад сябе, - хутка прамовiў я. - Для... надзейнасцi...

Ён кiўнуў.

Аўкцыёншчык стукнуў малатком - машына наша. Кёстэр адразу заплацiў.

- Дзiўна! - сказаў Гвiда, якi не мог пайсцi проста так i наблiзiўся да нас, быццам нiчога не здарылася.

- Можна было набыць гэтую скрыню за тысячу марак. Трэцяга мы пасадзiлi б адразу.

- З богам, каханы! - прагучаў металёвы голас за яго спiной. Настала чарга папугая ў пазалочанай клетцы.

- Смаркач, - дадаў я.

Гвiда пацiснуў плячыма i знiк.

Я падышоў да былога гаспадара машыны. Цяпер побач з iм стаяла жанчына з бледным тварам.

- Так... - сказаў я.

- Ведаю... - адказаў ён.

- Нам не хацелася гэтага рабiць, - сказаў я. - Але вы атрымалi б тады менш.

Ён кiўнуў, не ведаючы, што рабiць з рукамi.

- Машына добрая, - раптам сказаў ён хутка, спяшаючыся, - машына добрая, яна вартая гэтых грошай, напэўна, вы не пераплацiлi, справа была не ў машыне, зусiм - не, справа ў тым...

- Я ведаю, - сказаў я.

- Гэтымi грашыма мы не пакарыстаемся, - сказала жанчына. - Усё аддадзiм.

- Будуць яшчэ, мацi, - сказаў мужчына. - Будуць яшчэ.

Жанчына нiчога не адказала.

- Пры пераключэннi з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, - сказаў мужчына. - Але гэта не дэфект. Яна i новая скрыгатала.

Ён гаварыў нiбы пра малое дзiця.

- Яна ў нас ужо тры гады, i нiколi нiчога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмiлi... адзiн сябра...

- Нягоднiк, - сказала жанчына жорстка.

- Пакiнь, мацi, - сказаў чалавек i зiрнуў на яе. - Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, мацi?

Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.

- Дайце мне свой адрас, - сказаў Кёстэр. - Магчыма, нам спатрэбiцца шафёр.

Мужчына старанна пiсаў цяжкiмi працавiтымi рукамi. Я зiрнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалi, што толькi цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькi дабiць.

Чалавек усё гаварыў i гаварыў, як у лiхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталiся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзiць машыну зiмой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.

- Ну, хадзем, Альберт, - сказала жанчына.

Мы пацiснулi яму руку. Пачакалi, пакуль яны выйдуць. Потым мы запусцiлi матор.

Праязджаючы па вулiцы, убачылi маленькую бабулю. Яна несла на руках клетку з папугаем, адбiваючыся ад дзяцей. Кёстэр спынiўся.

- Куды вам? - спытаў ён у яе.

- Ах ты, божа мой, у мяне грошай няма на таксi, - запярэчыла яна.

- I не трэба, - сказаў Ота. - Сёння ў мяне дзень нараджэння - катаю дарма.

Яна з недаверам прыцiснула да сябе клетку.

- А пасля запатрабуеце...

Мы супакоiлi яе, i яна села.

- Навошта вы купiлi папугая, мацi? - спытаў я, калi яна вылазiла.

- Для вечароў, - сказала яна. - Вы думаеце, што корм дарагi?

- Не, - сказаў я. - Але як гэта - для вечароў?

- Ён жа ўмее гаварыць, - адказала яна i паглядзела на мяне яснымi старэчымi вачыма. - Вось i будзе iстота, якая гаворыць...

- Ах, вось як... - сказаў я.

Апоўднi прыйшоў булачнiк, каб забраць свой "форд". Выгляд у яго быў шэры i засмучаны. Я быў адзiн у двары.

- Вам колер падабаецца? - спытаў я.

- Сыдзе, - сказаў ён i нерашуча паглядзеў на машыну.

- Верх стаў вельмi прыгожы.

- Так...

Ён стаяў i, здавалася, не рашаўся паехаць. Я чакаў, што ён паспрабуе яшчэ нешта выцыганiць задарма - дамкрат, попельнiцу цi нешта падобнае.

Ды было iнакш. Нейкi час ён пасоп, потым паглядзеў на мяне сваiмi набеглымi крывёй вачыма i сказаў:

- Як падумаеш... толькi некалькi тыдняў назад яна сядзела ў машыне жывая i здаровая...

Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы яго такога расчуленага, i падумаў, што жвавая чарнявая сцерва, з якой ён прыязджаў мiнулы раз, ужо насалiла яму. Ад злосцi людзi робяцца сентыментальнымi хутчэй, чым ад кахання.

- Добрая жанчына была, - працягваў ён, - душэўная. Нiколi нiчога не патрабавала. Дзесяць гадоў хадзiла ў адным палiто. Блузкi i iншае шыла сабе сама. I дом вяла адна, без служанкi.

"Ага, - падумаў я. - Новенькая, вiдаць, нiчога гэтага не робiць". Булачнiку захацелася выгаварыцца. Ён расказаў, якая ашчадная была жонка. Было дзiўна, якiм расчуленым зрабiў гэтага прапiтага гуляку ўспамiн пра зэканомленыя грошы. Яна нават не сфатаграфавалася нi разу, ёй здавалася гэта задорага. У яго засталася толькi картка з вяселля i некалькi "пяцiхвiлiнак".

Гэта навяло мяне на думку.

- Вы можаце заказаць у мастака цудоўны партрэт вашай жонкi, - сказаў я. Тады ў вас будзе памяць назаўсёды. Фатаграфii з часам выцвiтаюць. Я ведаю мастака - ён зробiць.

Я растлумачыў яму, чым займаецца Фердынанд Граў. Ён адразу з недаверам сказаў, што гэта, мусiць, вельмi дорага. Я супакоiў яго: калi я прывяду яго, то будзе скiдка. Ён паспрабаваў адбаярыцца. Але я яго ўжо не выпусцiў, заявiўшы: калi ён так любiць сваю жонку, то пра цану i гаварыць няма чаго. Нарэшце ён згадзiўся. Я патэлефанаваў Фердынанду Граў i расказаў яму пра ўсё. Потым мы з булачнiкам паехалi па фотакарткi.

Чарнявая выскачыла з крамы нам насустрач. Яна забегала вакол "форда".

- Чырвоны колер выглядаў бы лепш, пупсiк! Але ж ты мусiш, вядома, зрабiць па-свойму.

- Ну, перастань, - незадаволена сказаў Пупсiк.

Мы пайшлi ў чысты пакой. Чарнявая не адстала. Яе жвавыя вочкi бачылi ўсё. Булачнiк занерваваўся. Ён не хацеў пры ёй шукаць фотакарткi.

- Пакiнь нас, - нарэшце сказаў ён груба.

Дэманстратыўна патрасаючы цыцкамi пад туга нацягнутым свiтэрам, яна выскачыла вон. Булачнiк дастаў з зялёнага плюшавага альбома некалькi фотакартак i паказаў мне. Жонка - яшчэ нявеста - а побач ён з закручанымi ўверх вусамi. Тады яна яшчэ смяялася. На другой картцы яна, ужо схуднелая, спрацаваная, з баязлiвымi вачыма, сядзела на крайку крэсла. Толькi дзве маленькiя картачкi - i ўсё жыццё.

- Добра, - сказаў я. - Па iх ён намалюе.

Фердынанд Граў сустрэў нас у сурдуце. Выгляд у яго быў паважна-ўрачысты. Гэтага патрабаваў яго занятак. Ён ведаў, што для многiх, хто насiў жалобу, павага да iх болю была важней, чым сам боль.

На сценах майстэрнi вiсела некалькi салiдных маляваных алеем партрэтаў у пазалочаных рамах, а пад iмi - адпаведныя фатаграфii. Кожны клiент мог такiм чынам адразу ўбачыць, што можна зрабiць нават з выцвiлай "пяцiхвiлiнкi".

Фердынанд з булачнiкам зрабiлi абход, i ён спытаў таго, якая манера выканання яму больш падабаецца. Булачнiк, у сваю чаргу, спытаў, цi залежаць цэны ад памераў. Фердынанд растлумачыў, што справа тут не ў квадратных метрах, а ў выкананнi. Пасля гэтага булачнiку больш за ўсё спадабаўся самы вялiкi партрэт.

- У вас добры густ, - пахвалiў Фердынанд, - гэта - партрэт прынцэсы Баргезэ. Цана - 800 марак. З рамай.

Булачнiк уздыхнуў.

- А без рамы?

- Семсот дваццаць.

Булачнiк даваў чатырыста марак. Фердынанд затрос iльвiнай галавой.

- За чатырыста марак вы самае большае можаце атрымаць галаўны партрэт у профiль, а не паясны анфас. Тут жа ў два разы больш работы.

Булачнiк разважыў, што хопiць галавы ў профiль. Фердынанд звярнуў яго ўвагу на абодва здымкi анфас. Па iх нават Тыцыян не зрабiў бы партрэта ў профiль. Булачнiка кiнула ў пот. Вiдаць было, што ён у адчаi з-за сваёй неабачлiвасцi, праяўленай тады яшчэ, калi фатаграфавалiся. Даводзiлася прызнаць, што Фердынанд мае рацыю: анфас трэба было маляваць на паўтвару больш, чым у профiль. Больш высокая цана была апраўданая. Ён пакутна сумняваўся. Фердынанд пакуль што быў даволi стрыманы, цяпер пачаў пераконваць. Яго магутны бас прыцiшана пракочваўся па майстэрнi. Як спецыялiст я павiнен быў заўважыць, што работу ён выконваў бездакорна. Булачнiк неўзабаве спёкся, асаблiва калi Фердынанд апiсаў яму ўздзеянне такога шыкоўнага партрэта на незычлiвых суседзяў.

- Добра, - сказаў ён, - але пры разлiку наяўнымi - дзесяць адсоткаў скiдкi.

- Згода, - адказаў Фердынанд, - дзесяць адсоткаў скiдкi i задатак трыста марак на выдаткi - на фарбы i палатно.

Мы яшчэ крыху патаргавалiся, потым сышлiся канчаткова. Пачалося абмеркаванне самога партрэта. Булачнiк хацеў, каб на партрэце былi намаляваны жамчужныя пацеркi i залатая брошка з брыльянтам. На фотакартках iх не было вiдаць.

- Без сумнення, - заявiў Фердынанд, - каштоўнасцi жонцы дамалюем. Было б найлепш, каб вы прынеслi iх на якую гадзiнку сюды, тады яны атрымалiся б найбольш натуральна.

Булачнiк зачырванеўся.

- У мяне iх ужо няма. Яны... яны ў родзiчаў.

- Ах, вось як. Ну добра, абыдземся i без iх. Брошка была такая, як на гэтым партрэце?

Булачнiк кiўнуў.

- Толькi меншая.

- Цудоўна. Тады зробiм такую. Пацеркi нам увогуле не патрэбны - жэмчуг ёсць жэмчуг.

Булачнiк з палёгкай уздыхнуў.

- А калi партрэт будзе гатовы?

- Праз шэсць тыдняў.

- Добра.

Булачнiк развiтаўся.

Мы з Фердынандам яшчэ нейкi час пасядзелi ў майстэрнi ўдвух.

- Табе на гэта трэба шэсць тыдняў? - спытаў. я.

- Што ты. Чатыры-пяць дзён. Але ж я не магу сказаць пра гэта чалавеку - ён адразу зробiць падлiкi, колькi я зараблю за адну гадзiну, i падлiчыць, што яго падманулi. Шэсць тыдняў - i ён задаволены. Гэткая ж самая лухта i наконт партрэта прынцэсы Баргезэ. Такая ўжо людская натура, дарагi Робi. Калi б я сказаў яму, што гэта швачка, то партрэт здаўся б яму горшым. Мiж iншым, гэта ўжо шостая нябожчыца жонка, якая насiла такiя ж каштоўнасцi, як на тым партрэце. Вось табе гульня выпадку. Партрэт добрай Луiзы Вольф служыць мне выдатнай рэкламай.

Я азiрнуўся. Са сцен узiралiся на мяне вочы з нерухомых твараў, якiя даўно гнiлi ў магiлах. Гэта былi партрэты, якiя не забралi альбо не аплацiлi блiзкiя. I гэта ўсё былi людзi, якiя некалi спадзявалiся i дыхалi.

- Гэта не наганяе на цябе меланхолii, Фердынанд?

Ён пацiснуў плячыма.

- Не, я раблюся надзвычай цынiчным. Меланхолiкам робiшся, калi думаеш пра жыццё, а цынiкам - калi бачыш, як iм распараджаецца большасць жывых.

- Ну, той-сёй адносiцца да яго больш сур'ёзна.

- Вядома. Але гэтыя не заказваюць маляваць партрэты.

Ён устаў.

- А можа, i добра, Робi, што яны ўвесь час занятыя сваiмi важнымi дробязямi, якiя iх падтрымлiваюць i абараняюць. Пачуццё адзiноты - сапраўднай адзiноты, без iлюзiй - прыходзiць перад вар'яцтвам i самагубствам.

Вялiзнае пустое памяшканне плавала ў паўзмроку. У суседнiм пакоi былi чутны крокi. Здавалася, там нехта хадзiў. Гэта была аканомка. Яна нiколi не паказвалася пры нас. Яна нас ненавiдзела, бо ёй здавалася, што мы нацкоўваем на яе Граў. Я пайшоў. Унiзе мяне сустрэў вулiчны шум. Я кiнуўся ў яго, як у цёплую ванну.

XI

Я iшоў да Пат. Я ўпершыню iшоў да яе дамоў. Раней яна сама прыходзiла да мяне альбо я сустракаў яе каля дома, каб разам пайсцi куды-небудзь. Але заўсёды было так, быццам яна прыходзiла ў госцi. Я хацеў ведаць пра яе больш. Я хацеў ведаць, як яна жыве.

Мне прыйшла ў галаву думка, што варта было б прынесцi ёй кветкi. Гэта было лёгка зрабiць. Гарадскi сквер за кiрмашовай плошчай стаяў у буйной квеценi. Я пераскочыў праз агароджу i пачаў аблатошваць белы куст бэзу.

- Што вы там робiце? - раптам прагучаў моцны голас. Я ўзняў вочы. Чалавек, твар якога меў колер бургундскага вiна, з закручанымi сiвымi вусамi глядзеў на мяне з абурэннем. Гэта быў не палiцэйскi i не вартаўнiк. "Вайсковы чын у адстаўцы", - здагадаўся я адразу.

- Не цяжка зразумець, - адказаў я ветлiва. - Я ламаю бэз.

У чалавека на момант адняло мову.

- Цi вы не ведаеце, што гэта гарадскi сквер? - забурчаў ён разгневана.

Я засмяяўся.

- Вядома, ведаю. А вам здаецца, што я пераблытаў яго з Канарскiмi астравамi?

Чалавек пасiнеў. Я спужаўся, каб яго не разбiў паралюш.

- Прэч адсюль, дзяцюк! - закрычаў ён першакласным казарменным голасам. Вы замахваецеся на гарадскую маёмасць. Я здам вас!

Я ўжо наламаў, колькi мне трэба было.

- Тады лавi мяне, дзядуля! - прапанаваў я старому, пераскочыў праз агароджу i знiк.

Перад домам Пат я яшчэ раз агледзеў свой касцюм. Потым я падняўся па лесвiцы i азiрнуўся. Гэта быў новы дом сучаснай архiтэктуры, поўная процiлегласць старому пампезнаму бараку, дзе жыў я. На лесвiцы ляжала чырвоная дарожка. Нiчога падобнага ў панi Залеўскi не было, не гаворачы ўжо пра лiфт.

Пат жыла на трэцiм паверсе. На дзвярах была прымацавана гордая латунная таблiчка: "Эгберт фон Хакэ, падпалкоўнiк". Я доўга ўзiраўся на яе. Потым, перш чым пазванiць, мiжволi паправiў гальштук. Адчынiла дзяўчына ў бялюткай наколцы i гэткiм жа беленькiм фартушку - не параўнаць з нашай касавокай няўдалiцай Фрыдай. Мне зрабiлася няёмка.

- Пан Локамп? - спытала яна.

Я кiўнуў.

Яна правяла мяне праз маленькi пярэднi пакой, а потым адчынiла дзверы. Я не вельмi здзiвiўся б, калi б там перада мной з'явiўся падпалкоўнiк Эгберт фон Хакэ пры поўным парадзе i ўсчынiў бы мне допыт, - такiмi сур'ёзнымi здалiся мне партрэты генералаў, якiя, усе ў ордэнах, зласлiва ўзiралiся ў мяне, цывiльнага. Але тут насустрач мне сваiмi прыгожымi вольнымi крокамi выйшла Пат, i пакой раптам ператварыўся ў востраў цеплынi i весялосцi. Я зачынiў за сабой дзверы i пяшчотна абняў яе. Потым я ўручыў ёй крадзены бэз.

- Вось, - сказаў я. - Гарадское кiраўнiцтва шле вам прывiтанне.

Яна паставiла кветкi ў вялiкую светлую керамiчную вазу, якая стаяла на падлозе каля акна. Я тым часам агледзеўся ў пакоi. Мяккiя прыглушаныя колеры, нешматлiкая старая прыгожая мэбля, светла-блакiтны дыван, пастэльных таноў фiранкi на вокнах, зручныя невялiкiя крэслы, абабiтыя выцвiлым аксамiтам...

- Божа мой, як табе пашэнцiла знайсцi такi пакой, Пат? - сказаў я. Кватарантам жа ў пакой звычайна ставяць па прынцыпе "На табе, божа, што мне нягожа" альбо непатрэбныя падарункi, атрыманыя да дня нараджэння.

Яна асцярожна адсунула ад сцяны вазу з кветкамi. Я ўбачыў яе сагнутую хударлявую шыю, прамыя плечы i танклявыя рукi. Стоячы на каленях, яна была падобная да дзiцяцi. Гэтае дзiця трэба было абараняць. Але рухi ў яе былi як у гнуткага звера, i калi яна потым устала i прыхiлiлася да мяне, гэта ўжо было не дзiця. У яе вачах i ў яе вуснах таiлася запытальнае чаканне i таямнiчасць, якiя мяне збянтэжылi. Я думаў, што iх ужо не iснуе ў гэтым брудным свеце.

Я абняў яе за плечы. Прыемна было адчуваць яе так блiзка.

- Гэта мае ўласныя рэчы, Робi. Кватэра раней належала маёй мацi. Калi мацi памерла, я здала яе, а сабе пакiнула гэтыя два пакоi.

- Дык яна ўсё-такi твая? - спытаў я з палёгкай. - А падпалкоўнiк Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?

Яна пахiтала галавой.

- Ужо не мая. Я не змагла ўтрымлiваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусiм. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?

- Нiякай. У мяне проста натуральны страх перад палiцэйскiмi i штабнымi афiцэрамi. Гэта iдзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.

Яна засмяялася.

- Мой бацька таксама быў маёр.

- Маёр - гэта якраз мяжа, - адказаў я.

- Ты знаёмы са старым Хакэ? - спытала яна.

Мяне раптам ахапiла нядобрае прадчуванне.

- Ён нiзкарослы, падцягнуты, з чырвоным тварам, сiвымi вусамi i магутным голасам? Ён любiць шпацыраваць у гарадскiм скверы?

- А! - яна зiрнула на бэз, а потым са смехам перавяла позiрк на мяне. Не, ён высокi, з бледным тварам i ў рагавых акулярах.

- Тады мы з iм незнаёмыя.

- Хочаш пазнаёмiцца? Будзеш прыемна ўражаны.

- Баранi божа! Пакуль што мая кампанiя - механiкi ды кватаранты панi Залеўскi.

Пастукалi ў дзверы. Дзяўчына прывезла нiзенькi столiк на колцах. Тонкi белы фарфор, срэбны паднос з пiрожнымi, другi - з неверагодна маленькiмi бутэрбродамi. Сурвэткi, цыгарэты, чорт ведае што яшчэ - я глядзеў на ўсё, як баран на новыя вароты.

- Злiтуйся, Пат, - сказаў я потым. - Усё як у кiно! Яшчэ на лесвiцы я заўважыў, што мы стаiм на розных сацыяльных прыступках. Ты ж май на ўвазе, што я прывык есцi з тлустай паперыны на падваконнiку фраў Залёўскi, побач з верным прымусам. Злiтуйся з жыхара беднага пансiёна, калi ён, небарака, магчыма, аберне кубачак.

Яна засмяялася.

- Гэтага нельга. Твой гонар спецыялiста па маторах не дазваляе. Ты павiнен быць лоўкi. - Яна ўзялася за збаночак.

- Гарбаты цi кавы?

- Гарбаты цi кавы? А што - ёсць i тое, i тое?

- Ёсць. Глядзi!

- Цудоўна! Як у лепшых рэстаранах! Не хапае толькi музыкi.

Яна нахiлiлася i нацiснула на кнопку маленькага радыёпрыёмнiка, якога я нават не заўважыў.

- Дык чаго табе налiць - гарбаты цi кавы?

- Кавы, голай кавы, Пат. Я - вясковец. А ты?

- Я вып'ю з табой кавы.

- А звычайна ты п'еш гарбату?

- Так.

- Я так i думаў.

- Я ўжо пачынаю прывыкаць да кавы. Пiрожнага хочаш? Цi бутэрброд?

- Тое i тое, Пат. Трэба выкарыстаць магчымасцi. Потым я яшчэ вып'ю гарбаты. Я павiнен пакаштаваць усяго, што ў цябе ёсць.

Яна засмяялася i напоўнiла мне талерку вышэй краёў. Я адмаўляўся.

- Хопiць, хопiць. Не забывай, што паблiзу - падпалкоўнiк. Вайскоўцы любяць, каб нiжнiя чыны трымалiся меры.

- Толькi ў выпiўцы, Робi. Стары Эгберт сам вельмi любiць пiрожнае з вяршкамi.

- I ў камфорце таксама, - запярэчыў я. - Некалi яны нас старанна адвучалi ад яго.

Я катаў столiк туды-сюды. Ён спакушаў на гэта. Ён ездзiў на гумавых колцах па дыване бясшумна. Я агледзеўся. Усё тут было падабрана з густам.

- Так, Пат, - сказаў я. - Вось як жылi нашы продкi.

Яна засмяялася.

- Ну што ты прыдумляеш?

- Я не прыдумляю. Так было.

- Толькi выпадкова я зберагла гэтыя рэчы, Робi.

Я пахiтаў галавой.

- Не выпадкова. I не пра рэчы гаворка. Галоўнае ў тым, што за iмi. Грунтоўнасць. Ты гэтага не зразумееш. Зразумее толькi той, хто страцiў гэта.

Яна паглядзела на мяне.

- Ты таксама мог бы ўсё гэта мець, калi б захацеў.

Я ўзяў яе за руку.

- Але я не хачу, Пат. Вось у чым справа. Тады я сам сабе здаваўся б прайдзiсветам. Наш брат жыве заўсёды на знос. Так мы прывыклi, такi цяпер час.

- Гэта вельмi зручна.

Я засмяяўся.

- Магчыма. Але налi мне крыху гарбаты. Хачу пакаштаваць.

- Не, - сказала яна. - Будзем пiць адно - каву. Але з'еш што-небудзь. На знос дык на знос.

- Цудоўная iдэя. Але цi не разлiчвае Эгберт, палкi аматар пiрожных, што нешта застанецца i яму?

- Магчыма. Але ён павiнен разлiчваць i на помсту нiжнiх чыноў. Гэта якраз у духу часу. Еш спакойна ўсё i не думай пра яго.

Яе вочы гарэлi, яна была надзвычай прыгожая.

- Слухай, - сказаў я. - А ты ведаеш, калi перастаюць жыць да зносу - i не ад нечага шкадавання?

Яна не адказала, а толькi глядзела на мяне.

- Калi я з табой! - сказаў я. - А цяпер без страху i сумнення за зброю супроць Эгберта!

Ранiцай я выпiў толькi кубак булёну ў шафёрскай забягалаўцы. Таму я мог без цяжкасцi з'есцi ўсё, што было на стале. Падбадзёраны словамi Пат, я выпiў таксама ўвесь збаночак кавы.

Мы сядзелi каля акна i палiлi. Вечар чырванню разлiваўся над дахамi.

- З табой вельмi хораша, Пат, - сказаў я. - Я згадзiўся б тыднямi не выходзiць адсюль, каб забыцца пра ўсю будзённую мiтусню.

Яна ўсмiхнулася.

- Быў час, калi я ўвогуле не спадзявалася выйсцi адсюль.

- Калi?

- Калi хварэла.

- Гэта iншая справа. А што ў цябе было?

- Нiчога страшнага. Мне трэба было паляжаць. Я, мусiць, занадта хутка расла, а ела мала. У час вайны i пасля яе жылося бедна.

Я кiўнуў.

- I колькi часу ты ляжала?

Яна на момант завагалася.

- Каля года.

- Але ж гэта вельмi доўга.

Я ўважлiва паглядзеў на яе.

- Усё даўно мiнулася. Але ў той час мне здалося, што прайшло цэлае жыццё. Ты аднойчы ў бары распавядаў мне пра твайго сябра Валянцiна. Быццам пасля вайны ён нiяк не можа забыць, што жывы i якое гэта шчасце. I што пасля гэтага яму ўсё астатняе - абыякава.

- Ты добра запомнiла, - сказаў я.

- Бо мне гэта зразумела. З таго часу я таксама лёгка радуюся. Мне здаецца, што я вельмi павярхоўная.

- Павярхоўныя толькi тыя людзi, якiм здаецца, што яны не такiя.

- Я, напэўна, такая. Я не вельмi разбiраюся ў жыццi. Я разумею толькi прыгажосць. Вось гэты бэз ужо робiць мяне шчаслiвай.

- Гэта не павярхоўнасць, гэта самая высокая фiласофiя.

- Толькi не ў мяне. Я павярхоўная i легкадумная.

- Я таксама.

- Але не такi, як я. Ты надоечы нешта сказаў пра прайдзiсветаў. Я сапраўдная прайдзiсветка.

- Я так i думаў, - сказаў я.

- Так, так. Мне ўжо даўно пара змянiць кватэру, нечаму навучыцца i зарабляць грошы. А я ўсё адсоўвала гэта на потым. Мне карцела пажыць так, як хочацца. Не разважаючы, цi разумна я раблю. Я так i дзейнiчала.

Я засмяяўся.

- Чаму ў цябе пры гэтым такi ўпарты выгляд?

- Таму што ўсе мне казалi, што так жыць - бязмежная легкадумнасць. Лепш было б сабраць крыху грошай, знайсцi сабе месца i працу. А мне хацелася жыць лёгка i радасна, а не прыгнечана, i рабiць, што захочацца. Так было пасля смерцi мамы i пасля маёй працяглай хваробы.

- У цябе ёсць браты, сёстры? - спытаў я.

Яна пахiтала галавой.

- Я так i думаў. Iнакш цяжка ўявiць сабе, - сказаў я.

- Ты лiчыш, што я паводзiла сябе легкадумна?

- Не, мужна.

- Ах, мужнасць... я не вельмi мужная. Мне часамi бывала вельмi страшна. Такi страх бывае ў чалавека ў тэатры, якi ведае, што сядзiць не на сваiм месцы, i ўсё-такi не ўстае.

- I тым не менш ты была мужная, - сказаў я. - Мужнасць тады i праяўляецца, калi страшна. Акрамя таго, ты паводзiла сябе разумна. Ты магла б дарма патрацiць грошы. А так ты хоць штосьцi атрымала. Чым ты займалася?

- Шчыра кажучы, нiчым. Жыла, i ўсё.

- Малайчына! Лепш не прыдумаеш.

Яна ўсмiхнулася.

- Скора гэтаму канец. Неўзабаве я пайду працаваць.

- Куды? Цi не наконт гэтага ў вас была дзелавая сустрэча з Бiндзiнгам?

Яна кiўнула.

- З Бiндзiнгам i доктарам Максам Матушайтам, дырэктарам крамаў грамафоннай кампанii "Электрола". Буду прадаўшчыцай з музычнай адукацыяй.

- Так, - сказаў я. - Нiчога iншага Бiндзiнгу не прыйшло ў галаву.

- Прыйшло, - адказала яна, - але я таго не захацела.

- I я таго яму не параiў бы. Калi ж ты прыступаеш?

- Першага жнiўня.

- Ну, тады яшчэ ёсць шмат часу. Магчыма, мы знойдзем штосьцi iншае. Ва ўсякiм разе: мы твае надзейныя клiенты.

- А ў цябе ёсць грамафон?

- Няма, але я абавязкова адразу ж куплю. Пакуль што, праўда, мне ўсё гэта не падабаецца.

- А мне падабаецца, - сказала яна. - Я ж нiчога не ўмею. А з таго часу, як ёсць ты, усё стала для мяне нашмат прасцей. Але не варта было нiчога табе расказваць.

Яна бегла зiрнула на мяне.

- Добра, Робi, - сказала яна. Потым устала i падышла да тумбачкi. - Ты ведаеш, што ў мяне ёсць? Ром. Здаецца, добры ром.

Яна паставiла на стол чарку i запытальна зiрнула на мяне.

- Добры ром, я ўжо чую носам здалёку, - сказаў я. - Але, Пат, цi не лепш табе быць больш ашчаднай, каб крыху адцягнуць з грамафонамi?

- Не, - адказала яна.

- Таксама правiльна, - сказаў я.

Ром, як я вызначыў па колеру, быў разбаўлены, Прадавец, вiдавочна, падмануў Пат. Я выпiў чарку.

- Вышэйшы клас, - сказаў я. - Налi мне яшчэ адну. Дзе ты яго купiла?

- У краме на рагу.

"Ага, - падумаў я, - вядома, у заклятай краме далiкатэсаў". Я рашыў сабе пры выпадку зазiрнуць туды i пагаварыць з тым тыпам.

- Мне, мусiць, пара iсцi, Пат? - спытаў я.

Яна зiрнула на мяне.

- Яшчэ не...

Мы стаялi каля акна. Унiзе мiгцелi лiхтары.

- Пакажы мне сваю спальню, - сказаў я.

Яна адчынiла дзверы i ўключыла святло. Я спынiўся каля дзвярэй, зазiраючы ў пакой. Думкi ў галаве пераблыталiся.

- Вось гэта твой ложак, Пат... - нарэшце сказаў я.

Яна ўсмiхнулася.

- Дык а чый жа яшчэ, Робi?

- Сапраўды! - Я падняў вочы на яе. - А вунь i тэлефон. Вось я ўсё ведаю. Цяпер я пайду. Бывай, Пат.

Яна паклала рукi мне на скронi. Як цудоўна было б застацца цяпер, гэтым надвячоркам, блiзка-блiзка адзiн каля аднаго пад мяккай сiняй коўдрай у спальнi... Але нешта было такое, што стрымлiвала мяне. Не, гэта было не сумненне, i не страх, i не асцярожнасць... а проста пяшчота, вялiзная пяшчота, якая перамагала страсць...

- Бывай, Пат, - сказаў я. - У цябе было цудоўна. Намнога лепш, чым ты сабе, магчыма, уяўляеш. I ром, i тое, пра што ты падумала...

- Але ж гэта так проста...

- Але не для мяне. Я так не прывык.

Каморка ў фраў Залеўскi. Я хвiлiнку пасядзеў. Мне не падабалася, што Пат нечым была абавязана Бiндзiнгу. Нарэшце я пайшоў праз калiдор да Эрны Бёнiг.

- Я прыйшоў па справе, - сказаў я. - Якi попыт на жаночую працу, Эрна?

- Ну i пытанне, - адказала яна. - Нi з таго нi з сяго! А ўвогуле: безнадзейна.

- Нiчога нельга зрабiць? - спытаў я.

- А кiм?

- Сакратар, асiстэнтка...

Яна махнула адмоўна.

- Сто тысяч без месца. Цi няма ў дамы незвычайных здольнасцей?

- Надзвычай прыгожая знешнасць.

- Колькi лiтар? - спытала Эрна.

- Што?

- Колькi лiтар яна друкуе за хвiлiну? На якiх мовах?

- Не ведаю, - сказаў я, - але цi ведаеце... для прадстаўнiцтва.

- Дарагi хлапчына, - адказала Эрна, - я ўжо чую: дама з добрай сям'i, зведала лепшыя днi, цяпер вымушана i г. д. Безнадзейна, кажу вам. У крайнiм выпадку, калi ёй нехта асаблiва зацiкавiцца i прыладзiць куды-небудзь. Вы ж ведаеце, за што. Але ж так прыстроiць вы не хочаце?

- Смешнае пытанне, - сказаў я.

- Не такое смешнае, як вам здаецца, - не пагадзiлася Эрна з доляй горычы ў голасе. - Мне вядомыя iншыя выпадкi. - Мне прыпомнiлася справа з яе шэфам. Але я хачу даць вам параду, - працягвала яна. - Пастарайцеся зарабляць на дваiх. Гэта самае простае рашэнне. Жанiцеся.

- Было б някепска, - сказаў я i засмяяўся. - Хацелася б верыць, што я здольны на такое.

Эрна дзiўна зiрнула на мяне. Пры ўсёй сваёй энергiчнасцi яна раптам здалася мне старэйшай, быццам прывялай.

- Давайце я вам штосьцi раскажу, - сказала яна. - Я жыву добра, i ў мяне ёсць i непатрэбныя рэчы. Але паверце мне: каб нехта прыйшоў i прапанаваў мне жыць разам - сумленна, па-сапраўднаму, я пакiнула б тут усе гэтыя транты i пераехала б з iм у любую галубятню, калi б на тое пайшло.

На яе твары з'явiўся ранейшы выраз.

- Ну, але забудзем пра гэта - у кожным чалавеку ёсць кропелька сентыментальнасцi. - Яна падмiргнула мне праз дым цыгарэты. - Пэўна, i ў вас ёсць.

- Дзе там... - адказаў я.

- Ну, ну, - сказала Эрна. - Яна авалодвае чалавекам часцей за ўсё знянацку...

- Але не мной, - запярэчыў я.

Да васьмi гадзiн я пратрываў у сваёй каморцы, потым мне абрыдла сядзець аднаму, i я пайшоў у бар, каб сустрэць каго-небудзь.

Там быў Валянцiн.

- Сядай, - сказаў ён. - Чаго вып'еш?

- Рому, - адказаў я. - Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблiвыя адносiны.

- Ром - малако салдата, - сказаў Валянцiн. - Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робi.

- Праўда?

- Так, ты памаладзеў.

- Ды што ты, - сказаў я. - За тваё здароўе, Валянцiн.

- На здароўе, Робi.

Мы паставiлi чаркi на стол i глянулi адзiн на аднаго. Потым разам засмяялiся.

- Стары, - сказаў Валянцiн.

- Сябрук, каб цябе... - адказаў я. - Чаго вып'ем яшчэ?

- Паўторым.

- Выдатна.

Фрэд налiў.

- За тваё здароўе, Валянцiн.

- На здароўе, Робi.

- Шыкоўнае выслоўе - на здароўе, праўда?

- Усiм словам слова.

Мы паўтарылi яго яшчэ некалькi разоў. Потым Валянцiн пайшоў.

Я застаўся. Акрамя Фрэда, нiкога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфiчныя карты, караблi з пажоўклымi ветразямi i думаў пра Пат. Мне хацелася патэлефанаваць ёй, але я прымусiў сябе не рабiць гэтага. Я i не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслiвы падарунак, якi як прыйшоў, так i пойдзе - i не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне iмкнецца да вечнасцi i што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нiчога вечнага. Нiчога.

- Налi мне яшчэ чарку, Фрэд, - сказаў я.

У бары з'явiлiся мужчына i жанчына. Каля стойкi яны выпiлi кактэйль з лiкёру i фруктовых сокаў. Жанчына выглядала зморанай, мужчына - прагным. Яны неўзабаве пайшлi.

Я выпiў чарку. Магчыма, было б лепш, каб я аполуднi не хадзiў да Пат. Я не мог пазбавiцца ад вобраза - пакой, якi ахутваецца паўзмрокам, мяккiя сiнiя вечаровыя ценi i прыгожая дзяўчына, якая, уладкаваўшыся на канапе, сваiм нiзкiм хрыплаватым голасам расказвае пра жыццё i пра жаданне жыць. Што за лiха, я стаў сентыментальны! Але цi не ператварылася ўжо тое, што сёння было нязначнай нечаканай прыгодай, у туман пяшчоты, цi не захапiла яно мяне мацней, чым я спадзяваўся i хацеў, цi не адчуў я сёння, як моцна я ўжо змянiўся? Чаму я пайшоў, чаму не застаўся ў яе, як мне, шчыра кажучы, i хацелася? Ах, трасца, не хачу больш думаць пра гэта, нi пра адно, нi пра другое! Няхай будзе, як будзе, няхай я звар'яцею ад гора, калi страчу яе... А цяпер яна ёсць, пакуль што ёсць, а ўсё астатняе - лухта, да д'ябла ўсё! Цi так важна - падмацаваць крыху жыццё? Усё роўна калi-небудзь накоцiцца вялiзная хваля i злiжа ўсё.

- Вып'ем, Фрэд? - спытаў я.

- Заўжды гатовы, - сказаў ён.

Мы выпiлi два абсенты. Потым кiнулi жэрабя, хто закажа наступныя. Я выйграў. Гэта было несправядлiва. Таму мы кiнулi зноў. Але лёс адвярнуўся ад мяне толькi на пятым разе. Затое тры разы запар.

- Цi я п'яны, цi знадворку нешта грымiць? - спытаў я.

Фрэд прыслухаўся.

- Сапраўды грымiць. Першая навальнiца сёлета.

Мы падышлi да дзвярэй i глянулi на неба. Нiчога не было вiдаць. Стаяла цяплынь, i час ад часу грымеў гром.

- За гэта, шчыра кажучы, можна было б выпiць яшчэ па адной, - прапанаваў я.

Фрэд прагаласаваў "за".

- Нiякага толку ад гэтай вады, - сказаў я i паставiў пустую чарку на стойку. Фрэд пагадзiўся, што трэба было б выпiць нечага мацнейшага. Ён быў за вiшнёвую настойку, я - за ром. Каб не спрачацца, мы выпiлi таго i таго. Каб Фрэду не даводзiлася так часта налiваць - таксама ж праца! - мы ўзялi фужэры. Цяпер мы былi ў выдатным настроi. Час ад часу мы выглядалi на двор, цi блiскае маланка. Нам вельмi хацелася ўбачыць маланку, але не шанцавала. Яна блiскала, калi мы сядзелi за чаркай. Фрэд расказаў, што ў яго ёсць нявеста, дачка гаспадара рэстарана-аўтамата. Але жанiцца ён пакуль што не спяшаўся - чакаў, каяi памрэ стары, каб ужо напэўна не ўпусцiць рэстаран. Я лiчыў, што ён залiшне асцярожны, але ён даводзiў мне, што стары - такая падла, пра якую нiчога не ведаеш загадзя. Ён здольны ў апошнi момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптымiст. Стары прастудзiўся, на думку Фрэда, у яго быў грып, а грып вельмi небяспечны. Я з жалем павiнен быў паведамiць яму, што грып для алкаголiкаў нiчога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякi часам ачуньвалi i нават тлусцелi. Ну i няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапiць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзiўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, цi iдзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькi грымець пачало мацней. Я даў яму выпiць шклянку лiмоннага соку i пайшоў да талефона. У апошнi момант я апамятаўся i вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вiтаючы апарат, i хацеў зняць перад iм капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.

Калi я вярнуўся, тут былi Кёстэр i Ленц.

- Дыхнi на мяне, - сказаў Гртфрыд.

Я дыхнуў.

- Ром, вiшнёўка i абсент, - сказаў ён. - Абсент... парася.

- Калi ты думаеш, што я п'яны, то ты памыляешся, - сказаў я. - Адкуль вы?

- З палiтычнай сходкi. Але Ота яна абрыдла. Што п'е Фрэд?

- Лiмонны сок.

- I ты выпi шклянку.

- Заўтра, - адказаў я. - А цяпер я што-небудзь з'ем.

Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.

- Не глядзi на мяне так, Ота, - сказаў я. - Я крыху падпiў ад радасцi. Не з гора.

- Ну i добра, - сказаў ён. - Тады хадзем есцi.

У адзiнаццаць гадзiн я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылi яго за стойкай - ён быў п'яны без памяцi.

- Завядзi яго ў бакоўку, - сказаў Ленц. - Я пакуль што абслужу клiентаў.

Мы з Кёстэрам прывялi Фрэда да памяцi. Мы далi яму выпiць цёплага малака. Яно падзейнiчала iмгненна. Потым мы пасадзiлi яго ў крэсла i загадалi яму адпачыць паўгадзiнкi. Ленц пакуль што справiцца без яго.

Готфрыд спраўляўся. Ён ведаў усе цэны i найбольш хадавыя рэцэпты кактэйляў. Ён трос мiксер так, быццам нiчога iншага нiколi не рабiў.

Праз паўгадзiны Фрэд ачуняў. Яго праспiртаваны страўнiк хутка прыходзiў у норму.

- Шкада, Фрэд, - сказаў я. - Нам трэба было спачатку пад'есцi.

- Я зноў у парадку, - адрапартаваў ён, - Бывае карысна.

- Ды так.

Я падышоў да тэлефона i патэлефанаваў Пат. Мне было ўсё роўна, што я думаў перад гэтым. Яна зняла слухаўку.

- Праз пятнаццаць хвiлiн я буду каля дзвярэй дома, - крыкнуў я i хуценька павесiў слухаўку. Я баяўся, што яна, змораная, не захоча нiчога слухаць. Я хацеў бачыць яе.

Яна падышла да дзвярэй. Калi адчыняла, я пацалаваў шкло насупроць яе галавы. Яна хацела нешта сказаць, але я не даў ёй. Я пацалаваў яе, i мы пайшлi па вулiцы, пакуль не злавiлi таксi. Грымеў гром, i блiскала маланка.

- Хутка, зараз пойдзе дождж, - крыкнуў я.

Селi ў машыну. Першыя кроплi забарабанiлi па даху легкавiка. Машына скакала на выбоiнах. I гэта было цудоўна, бо пры кожным скачку я адчуваў Пат. Усё было цудоўна - дождж, горад, выпiўка, усё было велiчна i захапляльна. У мяне быў бадзёры светлы настрой, якi бывае, калi працверазееш пасля выпiўкi. Затарможанасць знiкла, ноч была напоўнена энергiяй i бляскам, нiчога дрэннага не магло ўжо здарыцца, усё было правiльна.

Дождж пачаўся, калi мы выйшлi. Пакуль я плацiў, асфальт быў яшчэ ў цёмных плямах ад кропляў, як пантэра, але не паспелi мы дабегчы да дзвярэй, як ён стаў увесь чорны i срабрыста-блiскучы. Пачалася залева. Я не ўключаў святла. Маланкi асвятлялi пакой. Над горадам грымела навальнiца. Грамы накочвалiся адзiн на адзiн.

- Цяпер можна крычаць, - гучна сказаў я Пат, - не баючыся, што нас пачуюць.

Акно ўспыхнула. На секунду чорныя сiлуэты дрэў на могiлках абазначылiся на бела-блакiтным небе i адразу ж з ляскатам знiклi ў змроку ночы, толькi на секунду ў разрыве змроку перад шыбай мiльгнула гнуткая фiгура Пат, якая засвяцiлася фосфарам... Я абняў яе за плечы, яна прытулiлася да мяне, я адчуў яе вусны, яе дыханне i больш нi пра што не думаў...

XII

Наша майстэрня ўсё яшчэ стаяла пустая, як ток перад жнiвом. З гэтай прычыны мы вырашылi не перапрадаваць таксi, а пакуль што выкарыстоўваць яго па прызначэннi. Ездзiць будзем па чарзе я i Ленц. Кёстэр з Юпам спакойна справяцца ў майстэрнi адны, пакуль няма заказаў.

Мы з Ленцам кiнулi жэрабя, каму першаму ехаць. Выпала мне, я набраў кiшэню дробязi i паволi паехаў па вулiцах, каб спачатку выбраць добрую стаянку. Упершыню было неяк нязвыкла. Любы дурань мог спынiць мяне i загадаць, куды ехаць. Гэта было не вельмi прыемнае пачуццё.

Я адшукаў месца, дзе можна спынiцца, - там стаяла толькi пяць машын. Стаянка была насупраць гатэля "Вальдэкер Хоф" у гандлёвай частцы горада. Можна было спадзявацца, што праца будзе. Я выключыў запальванне i выйшаў з машыны. Ад адной з першых машын да мяне падышоў высокi хлопец у скураным палiто.

- Зматвайся адсюль, - прашыпеў ён.

Я спакойна паглядзеў на яго i разважыў сабе, што, калi на тое пойдзе, лепш за ўсё пакласцi яго аперкотам знiзу. Палiто не дасць яму хутка падняць рукi.

- Не дайшло? - пацiкавiўся тып у скуранцы i выплюнуў цыгарэту мне пад ногi. - Матай хутчэй! Хапае без цябе! Больш не трэба!

Ён злаваўся на з'яўленне яшчэ аднаго канкурэнта, гэта было ясна. Але ж я меў права стаць тут.

- Я стаўлю потым, за знаёмства, з прычэпам, - сказаў я.

На гэтым справа павiнна была ўладзiцца. З новенькага належала. Падышоў малады шафёр.

- Добра, калега. Адчапiся ад яго, Густаў...

Але Густаву я нечым не спадабаўся. Я ведаў чым. Ён адчуваў, што я навiчок.

- Лiчу да трох... - заявiў ён. Ён быў на галаву вышэйшы за мяне i на гэта разлiчваў. Я зразумеў, што словам тут не дапаможаш. Трэба было цi пакiнуць стаянку, цi ўдарыць. Выбару не было.

- Раз... - сказаў Густаў i расшпiлiў палiто.

- Кiньце глупства, - сказаў я, робячы яшчэ адну спробу. - Лепш прапусцiм па чарцы.

- Два... - гыркнуў Густаў.

Вiдаць было, што ён вырашыў аддубасiць мяне як след.

- I апошнi раз... - Ён ссунуў шапку на патылiцу.

- Заткнiся, iдыёт! - раптам рэзка крыкнуў я.

Густаў ад нечаканасцi разявiў рот i зрабiў крок наперад. Якраз так, як я хацеў. Тады я i ўдарыў. Удар атрымаўся моцны, з усёй сiлы. Так бiць навучыў мяне Кёстэр. Я не вельмi ўмеў бiцца - не лiчыў патрэбным. Найчасцей усё вырашалася першым ударам. У мяне ён атрымаўся. Густаў асунуўся.

- Так яму i трэба, - сказаў малады шафёр. - Стары бандыт.

Мы зацягнулi яго на сядзенне ў машыну.

- Ачухаецца.

Я крыху ўстрывожыўся. Б'ючы, я незнарок выбiў вялiкi палец. Калi Густаў прыйдзе да памяцi, ён зробiць са мной, што захоча. Я расказаў пра гэта маладому шафёру i спытаў яго, цi не лепш мне даць драла.

- Глупства, - сказаў ён. - Справа зроблена. Пайшлi ў шынок - стаў, што абяцаў. Ты не прафесiйны шафёр?

- Не.

- I я - не. Я - акцёр.

- Ну i як?

- Жывём... - сказаў ён. - Тэатра i тут хапае.

Нас сабралася пяцёра - два пажылыя i два маладыя. Праз нейкi час у рэстаране з'явiўся i Густаў. Ён тупа ўтаропiўся на наш стол, а потым падышоў. Я зацiснуў у левай руцэ звязку ключоў, трымаючы яе ў кiшэнi, i намерыўся абараняцца да апошняга.

Але да бойкi не дайшло. Густаў нагой падсунуў крэсла i плюхнуўся на яго. Гаспадар паставiў перад iм чарку. Налiлi. Густаў вылiў гарэлку ў сябе. Налiлi яшчэ раз. Густаў скоса зiрнуў на мяне. Ён падняў чарку.

- Будзь здароў, - сказаў ён мне, але твар у яго быў кiслы.

- На здароўе, - адказаў я i выпiў.

Густаў дастаў пачак цыгарэт. Ён працягнуў яго, не гледзячы на мяне. Я ўзяў цыгарэту i даў яму прыпалiць. Потым я заказаў на ўсiх па падвойнай порцыi гарэлкi. Мы выпiлi. Густаў зноў збоку глянуў на мяне.

- Дурнiла, - сказаў ён, але ўжо нармальным тонам.

- Неданосак, -адказаў я гэтаксама.

Ён павярнуўся да мяне.

- Удар быў удалы...

- Выпадкова... - Я паказаў яму вывiхнуты палец.

- Не пашанцавала, - хмыкнуў ён. - Мiж iншым, мяне завуць Густаў.

- Мяне - Роберт.

- Добра. Значыць, парадак, Роберт? Мне здалося, што ты - хлопчык ад мамiнай спаднiцы.

- Парадак, Густаў.

З гэтага часу мы пасябравалi.

Наша чарга павольна рухалася. Акцёру, якога звалi Томi, жудасна пашанцавала: натрапiўся пасажыр да вакзала. Густаў за трыццаць пфенiгаў павёз некага да рэстарана. Ён як не лопнуў ад злосцi - за дзесяць пфенiгаў "навару" зноў станавiцца ў хвост. Мне трапiлася нешта незвычайнае - старая ангелька, якая захацела агледзець горад. Я вазiў яе ледзь не гадзiну. Па дарозе назад я падвёз яшчэ некалькi чалавек. Калi мы ў полудзень сядзелi ў шынку, перакусваючы бутэрбродамi, я ўжо ўяўляў сябе вопытным шафёрам. Кампанiя напамiнала мне пра салдацкае брацтва. Тут сабралiся прадстаўнiкi самых розных прафесiй. Шафёраў было не больш паловы. Астатнiя выпадкова селi за руль.

Даволi замораны, я пад вечар вяртаўся ў двор нашай майстэрнi. Ленц i Кёстэр ужо чакалi мяне.

- Браткi, колькi вы зарабiлi? - спытаў я.

- Семдзесят лiтраў бензiну, - адрапартаваў Юп.

- I ўсё?

Ленц раз'юшана глянуў на неба.

- Дожджык патрэбны! А потым невялiчкая аварыя на слiзкiм асфальце перад самым домам! Без ахвяр. Толькi каб быў рамонт!

- Гляньце! - я растулiў далоню i паказаў трыццаць пяць марак.

- Шыкоўна! - сказаў Кёстэр. - Дваццаць марак прыбытку. Сёння мы iм знойдзем месца! Трэба ж замачыць першы выезд!

- Сёння п'ем лёгкае вiно, - заявiў Ленц.

- Вiно? - здзiвiўся я. - З якой нагоды?

- З намi будзе Пат.

- Пат?

- Не разявай так шырока рот, - сказаў апошнi рамантык. - Мы даўно пра ўсё дамовiлiся. У сем мы заедзем па яе. Яна ўжо ведае. Калi сам не думаеш, трэба нам паклапацiцца. Урэшце, ты пазнаёмiўся з ёю праз нас.

- Ота, - сказаў я, - ты бачыў большага нахабнiка, чым гэты навабранец?

Кёстэр засмяяўся.

- Што ў цябе з рукой, Робi? Ты яе трымаеш неяк бокам.

- Вiдаць, вывiхнуў.

Я расказаў пра Густава.

Ленц паглядзеў руку.

- Вядома! Як хрысцiянiн i адстаўны студэнт медыцыны я папраўлю яе, хоць ты i хам. Пайшлi, чэмпiён-баксёр.

Мы пайшлi ў майстэрню, i Готфрыд, змазаўшы руку вазелiнам, узяўся за яе.

- Ты сказаў Пат, што мы будзем адзначаць наш таксiсцкi аднадзённы юбiлей? - спытаў я.

Ён свiснуў праз зубы.

- Ты саромеешся гэтага, хлапец?

- Заткнiся, - адказаў я, бо ён адгадаў. - Ты сказаў?

- Каханне, - растлумачыў Готфрыд спакойна, - пачуццё цудоўнае. Але яно псуе характар.

- Затое адзiнота робiць нетактоўным, ты - змрочны салiст.

- Такт -гэта маўклiвая згода не заўважаць сумесных памылак, замест таго каб выяўляць iх. Гэта вартыя жалю кампрамiсы. На гэта нямецкi ветэран не пойдзе, дзiця.

- Што б ты зрабiў на маiм месцы, - сказаў я, - калi б нехта выклiкаў таксi i ты ўбачыў, што гэта Пат?

Ён усмiхнуўся.

- Я нiзашто не ўзяў бы з яе платы, сын мой.

Я даў яму таўхаля, так што ён звалiўся з трыножнiка.

- Ах ты, кузурка! Ведаеш, што я зраблю! Сёння я проста паеду па яе на таксi.

- Правiльна! - Готфрыд падняў руку, бласлаўляючы. - Толькi не трацiць волi! Яна даражэйшая за каханне. Але гэта пачынаеш разумець толькi потым. А на таксi ты ўсё роўна не паедзеш. На iм мы прывязём Фердынанда Граў i Валянцiна. Гэта будзе салiдны вялiкi вечар!

Мы сядзелi ў садку невялiчкай прыгараднай карчмы. Падобны да чырвонай паходнi вiльготны месяц плыў над лесам. Мiгцелi цьмяныя кандалябры цвiтучых каштанаў, пах бэзу хмялiў, а вялiкая шкляная чаша з пахучым "вальдмайстрам" перад намi на стале ў вечаровым змярканнi была падобная да светлага апалу, у якi акамулявалася блакiтна-перламутравае святло вечара. Чаша напоўнiлася ўжо чацвёрты раз. Тамадой быў Фердынанд Граў. Пат сядзела каля яго. На грудзях у яе была прышпiлена бледна-ружовая архiдэя - падарунак Фердынанда.

Фердынанд вывудзiў з вiна камара i асцярожна паклаў на край стала.

- Паглядзiце, - сказаў ён. - Якiя крылы! У параўнаннi з iмi любая парча ануча! I такi цуд жыве толькi адзiн дзень - i ўсё! - Ён глянуў на кожнага з нас. - Цi ведаеце, браткi, што самае жудаснае на свеце?

- Пустая чарка, - адказаў Ленц.

Фердынанд адмахнуўся ад яго.

- Самае ганебнае, Готфрыд, мужчыне - быць блазнам.

Потым ён зноў звярнуўся да нас.

- Самае жудаснае, браткi, - гэта час. Час. Iмгненне, у якое мы жывём i якiм, аднак, нiколi не валодаем.

Ён дастаў з кiшэнi гадзiннiк i паднёс яго да вачэй Ленца.

- Вось глядзi, папяровы рамантык! Пякельная машына, якая цiкае i цiкае, i, нiбы рэха, у адказ ёй нястрымна цiкае небыццё. Ты можаш стрымаць лавiну, горны абвал - гэтага не стрымаеш.

- I жадання такога ў мяне няма, - заявiў Ленц. - Я хачу мiрна пастарэць. Акрамя таго, люблю разнастайнасць.

- Чалавек не трывае гэтага, - сказаў Граў, не звяртаючы ўвагi на яго. Чалавек не можа гэтага вытрываць. Вось чаму ён змайстраваў сабе мару. Старую, хвалюючую, безнадзейную людскую мару пра вечнасць.

Готфрыд засмяяўся.

- Самая горшая хвароба свету, Фердынанд, - здольнасць думаць. Яна невылечная.

- Калi б гэтая хвароба была адзiная, ты аказаўся б бессмяротным, - адказаў Граў. - Ты - часовае злучэнне вугляводаў, вапны, фосфару i жалеза, якое на зямлi называецца Готфрыдам Ленцам.

Готфрыд задаволена пасмiхаўся. Фердынанд страсянуў iльвiнай галавой.

- Браты, жыццё - хвароба, а смерць пачынаецца з нараджэння. Кожны ўдых, i кожны выдых, i кожны ўдар сэрца - гэта часцiнкi смерцi... маленькi зрух да скону.

- I кожны глыток, - дадаў Ленц. - За тваё здароўе, Фердынанд! Бывае, памiраць надзвычай лёгка.

Граў падняў шклянку. Па твары яго, як бязгучная навальнiца, праплыла ўсмешка.

- На здароўе, Готфрыд, - жывая блыха ў сыпучым пяску часу. Цiкава, што думала чароўная сiла, якая ўладарыць над намi, ствараючы цябе?

- Гэта яе справа. Мiж iншым, менавiта табе не варта было б так незычлiва гаварыць пра такiя рэчы, Фердынанд. Калi б людзi жылi вечна, ты аказаўся б беспрацоўным, добры стары нахлебнiк смерцi.

Плечы Граў затрэслiся - ён рагатаў. Потым ён звярнуўся да Пат:

- А што вы скажаце пра нас, балбатуноў, вы - маленькая кветачка на бурлiвай вадзе?

Потым мы з Пат iшлi па сцяжынцы саду. Месяц узняўся вышэй, лугi плавалi ў шэрым срэбным тумане. Ценi ад дрэваў доўгiмi чорнымi ўказальнiкамi кiравалi ў невядомае. Мы спусцiлiся да возера, потым павярнулi назад. Па дарозе ўбачылi Готфрыда Ленца. Са складным крэслам ён залез у кусты бэзу. Цяпер ён сядзеў там, i толькi белая галава ды агеньчык цыгарэты свяцiлiся з кустоў. На зямлi перад iм стаяла шклянка i бутэлька з рэштай вiна.

- Вось дык месца! - сказала Пат. - Мiж бэзавай квеценi!

- Можна трываць. - Готфрыд устаў. - Паспрабуйце.

Пат села на крэсла. Яе твар быў ледзь бачны мiж гронак бэзу.

- Я без памяцi люблю бэз, - сказаў апошнi рамантык. - Настальгiя ў мяне пах бэзу. Вясной 1924 года я на злом галавы выехаў з Рыа-дэ-Жанейра толькi таму, што мне прыйшло ў галаву: тут расцвiў бэз. Але калi прыехаў, то ўжо было позна. - Ён засмяяўся. - I заўжды так.

- Рыа-дэ-Жанейра, - Пат падцягнула да сябе галiнку з гронкай. - Вы былi там разам?

Готфрыд запнуўся. У мяне па спiне пацёк халодны пот.

- Паглядзiце, якi месяц! - хутка сказаў я ў той самы момант, заклiнаючы, ступiў Ленцу на нагу. Успыхнуў аганёк цыгарэты, i я ўбачыў, як Готфрыд непрыкметна ўсмiхаўся i падмiргваў мне. Я быў выратаваны.

- Не, мы былi там не разам, - заявiў Готфрыд. - У той час я быў адзiн. Але... як наконт апошняга глытка гэтага ляснога пiтва?

- Больш не хачу, - Пат пахiтала галавой. - Так шмат вiна я не п'ю.

Нас паклiкаў Фердынанд, i мы рушылi да яго. Яго масiўная фiгура засланяла дзверы.

- Хадзем, сябры, - сказаў ён. - Такiм людзям, як мы, ноччу да прыроды няма справы. Ноччу ёй хочацца пабыць адной. Селянiн цi рыбак - iншая справа. А мы, жыхары гарадоў, з iншымi прытупленымi iнстынктамi - лiшнiя. - Ён паклаў руку Готфрыду на плячо. - Ноч - пратэст прыроды супроць чумы цывiлiзацыi, Готфрыд! Прыстойны чалавек доўга не вытрывае такога. Ён заўважыць, што выштурхнуты з маўклiвага кола дрэў, звяроў, зорак i несвядомага жыцця.

Ён усмiхнуўся дзiўнай усмешкай, пра якую нельга было сказаць, вясёлая яна цi сумная.

- Заходзьце, сябры. Пагрэем рукi каля ўспамiнаў. Ах, цудоўны час, калi мы былi хвашчамi i яшчаркамi, пяцьдзесят - шэсцьдзесят тысяч год таму назад... О божа, як мы нiзка апусцiлiся з той пары...

Ён узяў Пат за руку.

- Калi б у нас ужо не засталося нi кропелькi прыгожага, мы прапалi б... Пяшчотным рухам сваёй вялiзнай лапы ён падсунуў локаць ёй пад далоню. Серабрысты зорны дах над грымучым прадоннем... зрабiце ласку, выпiце са старажытным чалавекам чарачку...

Пат згодна кiўнула.

- Давайце, - сказала яна. - Усё, што вы захочаце...

Яны ўвайшлi ў памяшканне. Побач з Фердынандам Пат здавалася яго дачкой. Статная, адважная маладая дачка зморанага асiлка, якi дайшоў да нас з дагiстарычнага часу.

У адзiнаццаць гадзiн мы паехалi дадому. Валянцiн i Фердынанд сядзелi ў таксi, вёў машыну Валянцiн. Астатнiя селi ў "Карла". Ноч была цёплая; Кёстэр зрабiў кругаля праз вёскi, якiя, паснулыя, ляжалi абапал дарогi. Там-сям свяцiлiся вокны, зрэдку брахалi сабакi. Ленц сядзеў на пярэднiм сядзеннi побач з Ота i спяваў, мы з Пат прымасцiлiся на заднiм сядзеннi.

Кёстэр быў выдатны шафёр. Ён браў вiражы, як птушка. Ён вёў машыну артыстычна, нiбы гуляючы. Ён ехаў не рэзка, як большасць гоншчыкаў. Калi ён рабiў павароты, можна было спаць - так мякка ён вёў машыну. Хуткасць не заўважалася. Толькi па шоргаце машын мы заўважалi, што мянялася дарожнае пакрыццё. На асфальтавай шашы яны свiсталi, на брукаванцы - грукаталi. Палосы святла ад пражэктараў, выцягнутыя, як ганчакi, iмчалi перад машынай, выхоплiваючы са змроку то дрыготкую бярозавую алею, то таполi, то тэлеграфныя слупы, якiя, здавалася, падалi, то сонныя будынкi i нямыя ўскрайкi лясоў. У недасяжнай вышынi, абсыпаны тысячамi зорак, над намi плыў светлы дым Млечнага Шляху.

Хуткасць расла. Я ўхутаў Пат нашымi палiто. Яна ўсмiхнулася мне.

- Цi любiш ты мяне? - спытаў я.

Яна пахiтала галавой.

- А ты мяне?

- Не. Гэта шчасце, праўда?

- Вялiзнае шчасце.

- Тады з намi нiчога не здарыцца...

- Нiчога... - адказала яна i пад палiто ўзяла маю руку.

Шаша пабегла ўнiз да чыгункi, утвараючы дугу. Блiшчалi рэйкi. Далёка перад намi мiгцеў чырвоны агеньчык. "Карл" зароў i рвануўся наперад. Мы дагналi хуткi цягнiк са спальнымi вагонамi i ярка асветленым вагонам-рэстаранам. Мы паехалi побач з iм. З вокан махалi людзi. Мы не адказвалi. Мы праiмчалiся мiма. Я азiрнуўся. Паравоз пляваўся дымам i iскрамi. Ён чорнай плямай таптаўся ў сiняй ночы. Мы яго перагналi... але ж мы вярталiся ў горад да таксi, да рамонтных майстэрань, у мэбляваныя пакоi. А ён няспешна рухаўся мiма лясоў i палёў, перасякаючы рэкi i горы, - удалячынь, да вольных прыгод.

Наблiжалiся гарадскiя дамы. "Карл" паспакайнеў, але гул яго матора ўсё яшчэ быў падобны да рыку дзiкага звера.

Кёстэр спынiўся недалёка ад могiлак. Ён не паехаў нi да майго дома, нi да Пат, ён проста спынiўся непадалёк, вiдаць, падумаўшы, што мы хочам пабыць адны. Мы вылезлi з машыны. Сябры адразу ж iрванулi, не азiрнуўшыся. Я паглядзеў iм услед. На момант мне здалося, што гэта ненармальна. Яны паехалi, а я застаўся. Я застаўся без сяброў...

Я прагнаў гэтую думку.

- Хадзем, - сказаў я Пат, якая пазiрала на мяне, быццам пра нешта здагадваючыся.

- Едзь з iмi, - сказала яна.

- Не, - адказаў я.

- Але ж табе хацелася паехаць...

- Ды што ты... - сказаў я, ведаючы, што так i было. - Хадзем.

Мы пайшлi ўздоўж могiлак, яшчэ няўстойлiвыя ад ветру i язды.

- Робi, - сказала Пат, - я хачу дадому.

- Чаму?

- Я не хачу, каб дзеля мяне ты ад нечага адмаўляўся.

- Што ты прыдумала, - сказаў я, -ад чаго я адмаўляюся?

- Ад сваiх сяброў...

- Ды я не адмаўляюся ад iх - заўтра ранiцай нiкуды яны ад мяне не падзенуцца.

- Ты ведаеш, пра што я гавару... - сказала яна. - Раней ты больш часу праводзiў з iмi.

- Бо цябе не было, - адказаў я, адмыкаючы дзверы.

Яна пахiтала галавой.

- Тут нешта iншае.

- Вядома, iншае. Дзякаваць богу.

Я ўзяў яе на рукi i панёс па калiдоры ў свой пакой.

- Табе патрэбны сябры, - сказала яна мне на самае вуха.

- Ты мне патрэбна таксама, - адказаў я.

- Але не так пiльна...

- Гэта мы яшчэ паглядзiм...

Я нагой адчынiў дзверы i адпусцiў яе. Яна моцна трымалася за мяне.

- Я вельмi дрэнны таварыш, Робi.

- Спадзяюся на гэта, - сказаў я. - Мне жанчына патрэбна не для таварыскасцi. Мне трэба каханая.

- Якая ж я каханая? - прамармытала яна.

- А хто ж ты?

- Нi два, нi паўтара. Так, фрагмент...

- Гэта тое, што трэба, - сказаў я. - Гэта абуджае фантазiю. Такiя жанчыны - каханыя навечна. Жанчына "на ўсе сто" лёгка робiцца абрыдлай. Таксама як i дасканалая. Фрагменты - нiколi.

Было чатыры гадзiны ночы. Я праводзiў Пат дадому i вяртаўся назад. Неба пачало святлець. Пахла ранiцай.

Я iшоў уздоўж могiлак, мiма кавярнi "Iнтэрнацыяналь". Тут адчынiлiся дзверы начной забягалаўкi для шафёраў каля Дома прафсаюзаў. Адтуль выйшла дзяўчына. Маленькая шапачка, паношанае чырвонае пальцячко, высокiя лакiраваныя боты... Я ўжо амаль прайшоў мiма, ды раптам пазнаў.

- Лiза...

- Ты яшчэ жывы? - спытала яна.

- Адкуль ты? - спытаў я.

Яна няпэўна махнула рукой.

- Чакала. Думала, ты прыйдзеш. Якраз такi час, калi ты вяртаешся дадому.

- Так, сапраўды...

- Пойдзеш са мной?

Я завагаўся.

- Не магу...

- Без грошай, - хутка сказала яна.

- Не таму, - адказаў я неабдумана, - у мяне ёсць грошы.

- Ах, вось што, - з горыччу прамовiла яна i на крок адступiла.

Я схапiў яе за руку.

- Не, Лiза...

Яна стаяла на пустой шэрай вулiцы, хударлявая i бледная. Такую я сустрэў яе шмат гадоў назад, калi жыў у тупой адзiноце без думак i надзеi. Спачатку яна аднеслася да мяне падазрона, як i ўсе гэтыя дзяўчаты, а потым, калi мы некалькi разоў шчыра паразмаўлялi, стала па-сяброўску пяшчотна-даверлiвай. Гэта былi дзiўныя адносiны. Бывала, што мы не бачылiся тыднямi, а потым яна з'яўлялася дзе-небудзь, стаяла i чакала мяне. У той час i ў яе, i ў мяне не было нiчога iншага i нiкога, мы, сустракаючыся, сагравалi адно аднаго як маглi - i гэта нам было патрэбна абодвум. Я даўно не бачыў яе, з таго часу, як пазнаёмiўся з Пат.

- Дзе ж ты так доўга была, Лiза?

Яна пацiснула плячыма.

- Усё роўна. Захацелася паглядзець на цябе. Ну, цяпер я магу адчалiць.

- Ну, як ты пажываеш?

- Ах, кiнь, - сказала яна. - Не старайся...

Вусны яе задрыжалi. Вiдаць было, што яна галадала.

- Я правяду цябе, - сказаў я.

Яе бледны абыякавы твар прастытуткi ажывiўся, на iм з'явiўся дзiцячы выраз. Па дарозе я купiў у начной шафёрскай закусачнай тое-сёе, каб яна магла перакусiць. Спачатку яна адмаўлялася. Уступiла толькi тады, калi я сказаў, што таксама хачу есцi. Але яна сачыла, каб не падмануць мяне, каб мне не засталiся горшыя кавалкi. Яна адмаўлялася i ад паўфунта вяндлiны, лiчыла, што хопiць чвэрцi фунта, калi мы яшчэ возьмем франкфурцкiх сасiсак. Але я ўсё-такi ўзяў паўфунта i дзве бляшанкi сасiсак.

Яна жыла ў мансардзе, якую так-сяк абставiла. На стале стаяла газнiчка, а каля ложка - бутэлька з уторкнутай у рыльца свечкай. На сценах вiселi карцiнкi з iлюстраваных часопiсаў, прымацаваныя кнопкамi. На тумбачцы некалькi дэтэктыўных раманаў, а побач з iмi - пачак парнаграфiчных здымкаў. Некаторыя клiенты, асаблiва жанатыя, любiлi паглядзець iх. Лiза змахнула iх у шуфляду i дастала старую, але чыстую сурвэту.

Я расклаў яду. Лiза мiж тым пераапранулася. Спачатку яна зняла сукенку, хоць я ведаў, што больш за ўсё ёй балелi ногi. Ёй жа даводзiлася так шмат хадзiць. I вось яна стаяла - у высокiх лакiраваных чаравiках да кален i ў чорнай сарочцы.

- Як табе падабаюцца мае ногi? - спытала яна.

- Цуд, як заўсёды.

Яна была задаволена i з палёгкай села на ложак, каб расшнураваць чаравiкi.

- Сто дваццаць марак заплацiла, - сказала яна i падала iх мне. - Пакуль столькi заробiш, дык даб'еш iх.

Яна дастала з шафы кiмано i выцертыя парчовыя туфлi, што засталiся ад лепшых дзён. Пры гэтым яна ўсмiхалася амаль вiнавата. Ёй хацелася падабацца. Мне раптам нешта падпёрла пад грудзi, мне стала нiякавата ў гэтай маленькай каморцы, быццам нехта памёр.

Мы елi. Я ласкава размаўляў з ёй. I ўсё ж яна заўважыла, што нешта памянялася. У яе вачах з'явiўся страх. Памiж намi нiколi нiчога не было больш таго, што прыносiў выпадак. Але, магчыма, гэта абавязвала i звязвала нас больш за ўсё iншае.

- Ты пойдзеш? - спытала яна, калi я ўстаў. Быццам яна ўжо даўно са страхам чакала гэтага.

- У мяне яшчэ спатканне.

Яна зiрнула на мяне.

- Так позна?

- Па справах. Важнае для мяне спатканне, Лiза. Хачу паспрабаваць убачыць аднаго чалавека. У гэты час ён звычайна сядзiць у "Асторыi".

Нiякая iншая жанчына не зразумее цябе ў такiх справах лепш, чым такая дзяўчына, як Лiза. Але i нiякая iншая жанчына не адчуе ману лепш за яе. Твар Лiзы зрабiўся пусты.

- У цябе жанчына...

- Паслухай, Лiза... мы ж так рэдка сустракалiся... цяпер жа не бачылiся амаль што год. Ты ж можаш уявiць...

- Не, не, я не пра гэта. У цябе ёсць жанчына, якую ты кахаеш! Ты змянiўся. Я адчуваю.

- Ах, Лiза...

- Праўда, праўда... Скажы!

- Я i сам не ведаю. Магчыма...

Яна хвiлiнку пастаяла. Потым яна кiўнула галавой.

- Так... так... вядома... Я ж такая дурная... у нас жа з табой нiчога не было... - Яна правяла рукой па лбе. - Не ведаю, як я магла падумаць...

Яна стаяла перада мной, худзенькая, бедная, бездапаможная... Парчовыя туфелькi, кiмано, доўгiя адзiнокiя вечары, успамiны...

- Да пабачэння, Лiза.

- Ты пойдзеш? Ты не пабудзеш яшчэ? Ты ўжо... iдзеш?

Я ведаў, што яна мела на ўвазе. Але я не мог. Нават дзiўна, але я не мог. Я гэта адчуваў сэрцам. Раней такога не здаралася. Я не пераацэньваў вернасцi. Але сёння ўсё змянiлася. Я раптам адчуў, як далёка адышоў ад усяго, што было.

Яна стаяла каля дзвярэй.

- Ты iдзеш? - Яна пабегла назад. - Вось, я ведаю, ты паклаў мне грошы... пад газету... не трэба мне яны... Вось... вось.. так, iдзi...

- Мне трэба, Лiза...

- Ты не прыйдзеш больш...

- Прыйду, Лiза...

- Не, не, ты не прыйдзеш,.. я ведаю. I не прыходзь! Iдзi ж, iдзi...

Яна заплакала.

Я спусцiўся па лесвiцы не азiрнуўшыся. Я яшчэ доўга хадзiў па вулiцах. Ноч была незвычайная. Мне зусiм не хацелася спаць. Я прайшоў мiма "Iнтэрнацыяналя", думаючы пра Лiзу i пра былыя гады, пра многае, што ўжо даўно забылася. Усё гэта было так далёка, што, здавалася, адбывалася не са мной. Потым я прайшоў па вулiцы, дзе жыла Пат. Вецер узмацнiўся, усе вокны ў яе доме былi цёмныя, ранак на шэрых нагах краўся каля дзвярэй... Нарэшце я пайшоў дадому. Божа мой, падумаў я, здаецца, я шчаслiвы.

XIII

- Даму, якую вы ўвесь час хаваеце, - сказала фраў Залеўскi, - можна ўжо не хаваць. Няхай спакойна адкрыта прыходзiць да вас. Яна мне падабаецца...

- Вы ж яе не бачылi яшчэ, - здзiвiўся я.

- Супакойцеся, я бачыла яе, - заявiла фраў Залеўскi выразна. - Я яе бачыла, i яна мне падабаецца, нават вельмi... але яна вам не пара...

- Праўда?

- Не пара. Мне нават дзiўна, як вы маглi яе знайсцi ў сваiх пiўнушках. Але, вядома, такiя басцякi...

- Мы адхiлiлiся ад тэмы... - перабiў я яе.

- Гэта жанчына, - сказала яна, стоячы рукi ў бокi, - прызначана для мужчыны з добрым надзейным становiшчам. Адным словам, для багатага чалавека.

"Вось табе i на! - падумаў я. - Гэтага табе яшчэ не хапала!"

- Так можна сказаць пра любую жанчыну, - заявiў я раздражнёна.

Яна затрэсла сваiмi пасмамi.

- Пачакайце! Будучыня пакажа, што я мела рацыю.

- А, будучыня! - Я са злосцю кiнуў запiнкi на стол. - Хто сёння думае пра будучыню! Цi варта сёння ламаць галаву пра яе!

Фраў Залеўскi заклапочана пакiвала велiчнай галавой.

- Дзiўныя вы людзi, моладзь увогуле. Мiнулае вы ненавiдзiце, сённяшнiм днём вы пагарджаеце, а будучыня - што будзе, тое будзе. Дабром гэта не можа скончыцца!

- А што вы маеце на ўвазе, гаворачы "не можа скончыцца"? - спытаў я. Дабром можа скончыцца толькi тое, што ўвесь час было дрэнна. Тады ўжо лепш, каб дрэнна скончылася.

- Гэта жыдоўскiя фокусы, - сказала фраў Залеўскi з годнасцю i рашуча накiравалася да дзвярэй. Але ўжо ўзяўшыся за ручку, яна раптам рэзка спынiлася.

- Смокiнг? - выдыхнула яна ў здзiўленнi. - У вас?

Шырока адкрытымi вачыма яна разглядала Отаў касцюм, якi вiсеў на дзвярах шафы. Я пазычыў яго, каб вечарам пайсцi з Пат у тэатр.

- Так, у мяне! - сказаў я з'едлiва. - У вас непераўзыдзены талент лагiчных абагульненняў, шаноўная панi...

Яна глянула на мяне. Цэлая гама бурных пачуццяў адлюстравалася на яе тоўстым твары. Усе яны сканцэнтравалiся ў шырокай змоўнiцкай усмешцы.

- Ага! - сказала яна. А потым яшчэ раз: - Ага!

I ўжо з другога боку дзвярэй, з асалодай i хiтрынкай, са светлай радасцю жанчыны, якая зрабiла такое адкрыццё, кiнула праз плячо:

- Дык вось яно як!

- Так яно i ёсць, праклятая цётка, - прабурчаў я ўслед ёй, калi ўпэўнiўся, што яна ўжо не пачуе.

Потым я раз'юшана шпурнуў свае новыя туфлi разам з карабком на падлогу. Ёй трэба багаты... быццам я гэтага не ведаў!

Я прыйшоў да Пат, каб iсцi разам у тэатр. Яна, ужо апранутая, стаяла ў пакоi, чакаючы мяне. Я ледзь не задыхнуўся, убачыўшы яе. Упершыню за час нашага знаёмства яна была ў вячэрняй сукенцы.

Сукенка была пашыта са срабрыстай парчы. Яна мякка спадала з прамых плячэй, падкрэслiваючы яе статную фiгуру. Яна здавалася вузкай i ўсё-такi была настолькi шырокай, што не перашкаджала рабiць прыгожыя вольныя крокi. Спераду яна была цалкам закрытая, а на спiне быў глыбокi вастракутны выраз. У матава-сiнiм змярканнi Пат выглядала ў ёй як срабрысты факел, яна была дзiўна непазнавальная, святочная i вельмi далёкая. За яе спiной лунаў дух фраў Залеўскi з перасцерагальна ўзнятым пальцам.

- Добра, што першы раз я ўбачыў цябе не ў гэтай сукенцы, - сказаў я. - Я нiколi ў жыццi не адважыўся б падысцi да цябе.

- Так я табе i паверыла, Робi. - Яна ўсмiхнулася. - Падабаецца?

- Яна мяне пужае! Ты ў ёй - зусiм iншая жанчына.

- Гэта не страшна. На тое i ёсць сукенкi.

- Магчыма. Мяне яна крыху прыгнятае. Да гэтай сукенкi патрэбна мець зусiм iншага мужчыну. З вялiкiмi грашыма.

Яна засмяялася.

- Мужчыны з вялiкiмi грашыма часцей за ўсё агiдныя, Робi.

- Але ж не грошы?

- Не, - сказала яна, - не грошы.

- Так я i думаў.

- А ты не згодны?

- Чаму ж, -сказаў я. - Хоць грошы i не прыносяць шчасця, затое выдатна супакойваюць.

- Яны прыносяць незалежнасць, даражэнькi, а гэта важней. Але калi хочаш, я магу пераапрануцца.

- Нi ў якiм разе. Сукенка - шыкоўная. З сённяшняга дня я краўцоў буду цанiць вышэй за фiлосафаў. Краўцы прыносяць у жыццё прыгажосць. Гэта ў сотнi разоў даражэй, чым глыбокiя думкi. Асцерагайся, я магу яшчэ закахацца ў цябе.

Мы засмяялiся. Я неўпрыкмет агледзеў сябе. Кёстэр быў крыху вышэйшы за мяне, i мне давялося там-сям зверху прышпiлiць штаны, каб яны не вiселi. Дзякаваць богу, яны трымалiся.

Мы пад'ехалi да тэатра на таксi. Па дарозе я больш маўчаў, нават не ведаючы чаму. Калi мы выходзiлi, я, разлiчваючыся, мiжволi зiрнуў на шафёра. У яго былi пачырванелыя ад бяссоння вочы. Ён быў непаголены i меў змораны выгляд. Абыякавым жэстам ён узяў грошы.

- Добры заробак сёння? - цiха спытаў я.

Ён узняў вочы.

- Нармальна, - сказаў ён неахвотна. Ён палiчыў мяне проста за цiкаўнага.

На нейкi момант у мяне з'явiлася жаданне сесцi побач з iм i паехаць. Потым я павярнуўся. Пат, хударлявая i гнуткая, прыгожая, у кароткiм срабрыстым жакеце з шырокiмi рукавамi, апранутым на срабрыстую сукенку, стаяла, чакаючы мяне.

- Хутчэй хадзем, Робi, зараз пачнецца!

Каля ўвахода тоўпiлiся людзi. Сёння была вялiкая прэм'ера, тэатр быў асветлены пражэктарамi, адна за адной пад'язджалi машыны, з iх выходзiлi жанчыны ў вячэрнiх сукенках, блiскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымi сытымi тварамi, яны былi вясёлыя, смяялiся бестурботна i самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела i застагнала старое таксi, якое вёў адсюль змораны шафёр.

- Дык хадзем жа, Робi! - паклiкала Пат, гледзячы на мяне ззяючымi i ўсхваляванымi вачыма. - Ты нешта забыў?

Я кiнуў варожы позiрк на людзей вакол мяне.

- Не, - сказаў я. - Я нiчога не забыў.

Потым я падышоў да касы i замянiў бiлеты. Я купiў бiлеты ў ложу, хоць яны каштавалi неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлiвых людзей, якiх нiчым не здзiвiш. Я не хацеў, каб яна належала да iх. Я хацеў, каб яна была толькi са мной.

Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы i цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнiгi - усе гэтыя мяшчанскiя звычкi я амаль страцiў. Не той быў час. Палiтыка была добрым тэатрам, стралянiна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялiзная кнiга бяды вучыла лепш за ўсе бiблiятэкi.

Ярусы i партэр былi запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькi мы селi. Адны водсветы ад рампы прабягалi па зале. На поўную сiлу загучала музыка, прыпадняла ўсё i панесла за сабой.

Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў нi сцэны, нi цьмяных патылiц гледачоў. Я чуў толькi музыку i бачыў толькi твар Пат.

Музыка да "Казак Гофмана" зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамi, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла i афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шумiць цёмная плынь жыцця, не было больш нi зямнога прыцягнення, нi межаў - заставалiся толькi бляск, i мелодыя, i каханне, i нельга было ўявiць сабе, што за сценамi пануюць бяда, i пакуты, i адчай, адначасова з гэтай музыкай.

Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнiчасць. Яна ўся паглыбiлася ў музыку, i я любiў яе за тое, што яна не прыхiлiлася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калi блыталi розныя рэчы, я ненавiдзеў людзей, якiя, як каровы, збiвалiся ў гурт у той час, калi над табой уладарылi прыгажосць i сiла вялiкага твора, я ненавiдзеў расплывiстыя позiркi закаханых пар, гэтае тупое цiсканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое нiколi не выходзiла за межы самога сябе, я ненавiдзеў усю гэтую балбатню пра з'яднанне душ у каханнi, бо я лiчыў, што дваiм патрэбна як мага больш быць асобамi i як мага больш аддаляцца адзiн ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькi той, хто ўвесь час аказваўся ў адзiноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё iншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магiчныя сферы адзiноты, як не пачуццёвыя выбухi, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхii, бура, ноч, музыка... I каханне...

Успыхнула святло. Я на iмгненне заплюшчыў вочы. Пра што ж я думаў толькi што? Пат павярнулася да мяне. Я ўбачыў, што людзi заспяшалiся да дзвярэй.

Пачаўся антракт.

- Ты не хочаш выйсцi? - спытаў я.

Пат пахiтала галавой.

- Дзякуй богу! Я трываць не магу, калi ходзяць i разглядаюць адзiн аднаго, вылупiўшы вочы.

Я пайшоў, каб прынесцi ёй шклянку лiмоннага соку. Буфет быў у аблозе. Дзiўна, што музыка ў многiх узбуджала воўчы апетыт. Гарачыя сасiскi знiкалi як у час галоднага тыфу.

Калi я са шклянкай з'явiўся ў ложы, нейкi тып стаяў за спiнкай крэсла Пат. Яна ажыўлена размаўляла, павярнуўшыся да яго тварам.

- Гэта пан Броер, Роберт, - сказала яна.

"Пан бугай", - падумаў я i з незадавальненнем глянуў на яго. Яна сказала не Робi, а Роберт. Я паставiў шклянку на край ложы, чакаючы, калi ён пойдзе. На iм быў смокiнг казачнага крою. Ён балбатаў пра рэжысуру i не думаў iсцi. Пат павярнулася да мяне.

- Пан Броер пытае, цi не пайсцi нам пасля ў "Каскад"?

- Калi ты хочаш, - сказаў я.

Пан Броер заўважыў, што можна было б патанцаваць. Ён быў ветлiвы i падабаўся мне. Толькi адно было непрыемна: гэтая элегантная лёгкасць, якая, як мне здавалася, была да густу Пат i якой у мяне не было. Раптам я не паверыў сваiм вушам: я пачуў, што ён звяртаўся да Пат на "ты". Хоць магло быць сотнi простых прычын для такiх адносiн, мне закарцела скiнуць яго ў аркестровую яму.

Празвiнеў званок. Музыканты пачалi настройваць iнструменты. Скрыпкi выдавалi iмклiвыя мяккiя гукi...

- Значыць, дамовiлiся: сустракаемся каля выхаду, - сказаў Броер i нарэшце пайшоў.

- Што гэта за бусел? - спытаў я.

- Даражэнькi, -адказала Пат, -лепш слухай музыку.

"Каскад", - падумаў я i ў думках пералiчыў грошы. - Заклятая абдзiралаўка!"

Я iшоў у змрочным падазрэннi. У дадатак да звягi фраў Залеўскi мне яшчэ не хапала гэтага Броера. Ён ужо чакаў нас каля дзвярэй.

Я хацеў спынiць таксi.

- Не трэба, - сказаў Броер. - У маёй машыне месца хопiць.

- Добра, - сказаў я.

Было б смешна не згадзiцца з iм. Але мяне гэта ўсё роўна злавала.

Пат ведала машыну Броера. Гэта быў вялiзны "пакард", якi стаяў на плошчы каля тэатра.

Пат адразу накiравалася да яго.

- Ён перафарбаваны, - сказала яна, спынiўшыся.

- Так, перафарбаваў у шэры колер, - адказаў Броер. - Так лепш?

- Шмат лепш.

Броер звярнуўся да мяне:

- А вам падабаецца новы колер?

- Я не ведаю, якi быў раней.

- Чорны.

- Чорны глядзiцца выдатна.

- Вядома. Але ж хочацца разнастайнасцi. Ну, да восенi будзе новая машына.

Мы паехалi ў "Каскад". Гэта быў шыкоўны рэстаран, дзе iграў выдатны аркестр i можна было патанцаваць.

- Здаецца, няма месцаў, - радасна сказаў я, калi мы падышлi да дзвярэй.

- Шкада, - сказала Пат.

- А, гэта мы ўладзiм, - заявiў Броер i павёў перагаворы з адмiнiстратарам. Вiдаць, яго тут добра ведалi, бо, сапраўды, нам падставiлi столiк i крэслы, i праз некалькi хвiлiн мы сядзелi ў лепшым месцы залы, адкуль можна было бачыць усю пляцоўку для танцаў. Аркестр iграў танга. Пат нахiлiлася над бар'ерам.

- Ах, я так даўно не танцавала.

Броер падхапiўся.

- Патанцуем?

Палаючымi вачыма яна зiрнула на мяне.

- Я тым часам зраблю заказ, - сказаў я.

- Добра.

Танга зацягнулася. Пат, танцуючы, час ад часу пазiрала на мяне i ўсмiхалася. Я ў адказ кiваў галавой, але адчуваў сябе не вельмi ўтульна. Яна выглядала цудоўна i выдатна танцавала. На жаль, i Броер танцаваў добра, i яны ўдала пасавалi адно аднаму. Здавалася, яны танцуюць так ужо не ўпершыню. Я заказаў сабе двайную порцыю рому. Яны вярнулiся. Броер вiтаўся са знаёмымi, i я на хвiлiнку застаўся з Пат сам-насам.

- Цi даўно ты знаёмая з гэтым хлопчыкам? - спытаў я.

- Ужо даўно. А што?

- Так проста. Ты часта бывала з iм тут?

Яна глянула на мяне.

- Я ўжо не памятаю, Робi.

- Ну, гэта запамiнаецца, - сказаў я ўпарта, хоць ужо i ведаў, што яна хацела сказаць.

Яна заматала галавой i засмяялася. У гэты момант я любiў яе без памяцi. Яна хацела паказаць: што было, тое сплыло. Мяне ж штосьцi тачыла, ад чаго мне самому было смешна, але пазбавiцца ад гэтага я не мог. Я паставiў чарку на стол.

- Ты можаш спакойна прызнацца. Што тут такога?

Яна зноў зiрнула на мяне.

- Цi ты думаеш, калi б што ў нас было, мы паехалi б разам сюды? - спытала яна.

- Не, - сказаў я, прысаромлены.

Аркестр зноў пачаў iграць. Падышоў Броер.

- Блюз, - сказаў ён мне. - Цудоўна. Можа, вы патанцуеце?

- Не! - адказаў я.

- Шкада.

- А ты паспрабуй, Робi, - сказала Пат.

- Лепей не варта.

- Але чаму? - спытаў Броер.

- Я проста не аматар, - адказаў я не вельмi ветлiва. - Ды i ненавучаны. Часу не было. А вы спакойна танцуйце, я знайду сабе забаву тут.

Пат завагалася.

- Што ты, Пат... - сказаў я. - Ты ж так любiш.

- Люблю... але ты сапраўды не засумуеш?

- Анi! - Я паказаў на чарку. - Таксама своеасаблiвы танец.

Яны пайшлi. Я даў знак кельнеру i дапiў чарку. Потым я сядзеў у адзiноце за сталом i лiчыў салёныя мiндалiны. Цень фраў Залеўскi не адступаў ад мяне.

Броер запрасiў да стала некалькi чалавек - дзвюх сiмпатычных жанчын i маладзейшага мужчыну з маленькай лысай галавой. А потым падышоў яшчэ чацвёрты. Усе яны былi легкаважныя, як корак, далiкатныя i ўпэўненыя ў сабе. Пат ведала ўсiх чацвярых.

Я адчуваў сябе пнём. Да гэтага разу мы бывалi з Пат толькi ўдваiх. Цяпер я ўпершыню сустрэўся з людзьмi, з якiмi яна была знаёмая раней. Я не ведаў, пра што з iмi. гаварыць. Яны рухалiся лёгка i нязмушана, яны з'явiлiся з таго жыцця, дзе ўсё iшло гладка, дзе мы не бачылi таго, чаго не хацелi бачыць, яны з'явiлiся з iншага свету. Калi б я быў адзiн альбо з Ленцам цi Кёстэрам, мяне гэта зусiм не трывожыла б, мне было б усё роўна. Але ж тут была Пат, Пат ведала iх, i таму ўсё атрымлiвалася наперакасяк, гэта гняло мяне i вымушала параўноўваць сябе з iмi.

Броер прапанаваў пайсцi ў iншы рэстаран.

- Робi, - сказала Пат, калi мы выходзiлi, - цi не лепш нам пайсцi дадому?

- Не, - сказаў я. - Навошта?

- Табе ж сумна...

- Анiколечкi. Чаму мне павiнна быць сумна? Наадварот! А табе ж гэта прыносiць задавальненне.

Яна глянула на мяне, але нiчога не сказала.

Я пачаў пiць. Не так, як дагэтуль, а па-сапраўднаму. Лысы зацiкавiўся. Ён спытаў, што я п'ю. Я сказаў, што ром.

- Грог? - спытаў ён.

- Не, ром, - сказаў я.

Ён пакаштаваў i папярхнуўся.

- Лiха яго, - сказаў ён з павагай, - трэба мець загартоўку.

Цяпер мной зацiкавiлiся i жанчыны. Пат i Броер танцавалi ў гэты час. Пат пазiрала ў наш бок. Я больш не глядзеў на яе. Я разумеў, што раблю не тое, але на мяне раптам найшло. Мяне злавала цiкаўнасць астатнiх, як я п'ю. У мяне не было жадання выстаўляцца перад iмi, нiбы школьнiк. Я ўстаў i пайшоў да стойкi бара. Пат здалася мне зусiм чужой. Няхай яна коцiцца да д'ябла, разам са сваiмi знаёмымi! Яны ёй кампанiя! Не, не кампанiя! Кампанiя!

Лысы далучыўся да мяне. Мы выпiлi з барменам па чарцы расейскай гарэлкi. Бармены - заўсёды падтрымка. З iмi можна паразумецца без слоў у любым кутку свету. Гэты бармен таксама аказаўся сваiм чалавекам. А лысы - слабак. Яму хацелася выгаварыцца. Нейкая Фiфi не давала яму спакою. Але гэта хутка прайшло. Ён расказаў мне, што Броер шмат гадоў закаханы ў Пат.

- Праўда? - спытаў я.

Ён захiхiкаў. Яшчэ адной порцыяй алкаголю я прымусiў яго змоўкнуць. Але тое, што ён сказаў, засела. Я злаваўся, што трапiў у такое становiшча. Я злаваўся, што мне гэта не абыякава. I я злаваўся яшчэ, што не меў рашучасцi стукнуць кулаком па стале. Я адчуваў, што ўсярэдзiне ў мяне варушыцца халодная злосць з жаданнем разбураць. Але яна была накiравана не супраць iншых, а супроць самога сябе.

Лысы скора ўжо не варочаў языком. Потым знiк. Я застаўся сядзець. Раптам я адчуў, што да майго пляча прыцiснулiся моцныя пругкiя грудзi. Яны належалi адной з жанчын, якiх прывёў Броер. Яна села шчыльна каля мяне. Касаватыя шэра-зялёныя вочы паволi абмацвалi мяне. Гэта быў позiрк, пасля якога словы былi лiшнiя, - патрабавалiся дзеяннi.

- Цудоўна - умець так пiць, - сказала яна праз хвiлiну.

Я маўчаў. Яна працягнула руку, каб узяць маю чарку. Рука была падобная да яшчаркi, у блiскучых пярсцёнках, сухая i жылаватая. Яна рухалася вельмi павольна, як паўзла. Я ведаў, што будзе. "З табой я хутка спраўлюся, - падумаў я. - Ты бачыш, што я злуюся, i недаацэньваеш мяне. Але ты памыляешся. З жанчынамi я спраўляюся, а вось з каханнем - нiяк. Безнадзейнасць - вось што выклiкае сум".

Жанчына пачала гаварыць. У яе быў ломкi, нiбы шкляны, голас. Я заўважыў, што Пат глядзiць на нас. Мяне гэта не трывожыла. Мяне не трывожыла i жанчына побач. У мяне было адчуванне, быццам я лячу ў слiзкую продань. Я не думаў пра Броера i яго кампанiю. Я не думаў нават пра Пат. Я думаў пра змрочную тайну: чаму рэчаiснасць абуджае жаданнi, ды не можа iх задаволiць; чаму каханне пачынаецца ў чалавеку, але нiколi ў iм не канчаецца; i чаму ўсё можа быць: чалавек, каханне, шчасце, жыццё... I чаму гэтага нейкiм жудасным чынам заўсёды не хапае i яго ўсё меней, чым больш сабе ўяўляеш. Я таксама зiрнуў на Пат. Вось яна iдзе ў сваёй срэбнай сукенцы, маладая i прыгожая, яркае полымя жыцця, я кахаў яе, i калi я гаварыў ёй: "Iдзi да мяне!", яна прыходзiла, i нiчога нам не перашкаджала, i мы маглi быць у такой блiзкасцi, у якой могуць быць толькi людзi... I ўсё-такi часам усё неяк загадкава зацянялася i прыносiла пакуты. Я не мог вызвалiць яе з палону рэчаў, не мог вырваць з жыццёвага кола, якое было над намi i ў нас, навязваючы нам свае законы, сваё дыханне i свой тлен, сумнiцельны бляск сучаснасцi, якая ўвесь час абрынаецца ў нiкуды, ззяючыя iлюзii пачуцця, якое, уладарачы, зноў ператвараецца ў страту. I нiяк гэтага не стрымаць, нiколi! Не разарваць бразготлiвы ланцуг часу, не ператварыць няспыннасць у спакой, пошукi ў цiшыню, падзенне ў раўнавагу. Я не мог вырваць яе нават з выпадковасцi, з таго, што было раней, да нашага знаёмства, з тысяч думак, успамiнаў, з таго, што яе сфармавала, пакуль з'явiўся я, нават з гэтай кампанii я не мог вырваць яе.

Побач са мной ломкiм голасам гаварыла жанчына. Яна шукала спадарожнiка на адну ноч, кавалачак чужога жыцця, каб падсцёбнуць сябе, каб забыць сябе i занадта балючае разуменне таго, што нiчога не застаецца, нi я, нi ты i ўжо нi ў якiм разе - не мы. Цi не шукала яна, папраўдзе, тое самае, што i я? Спадарожнiка, каб забыць адзiноту жыцця, таварыша, каб выжыць у бязмэтнасцi iснавання?

- Хадзем, - сказаў я. - Вернемся да ўсiх. Гэта безнадзейна - тое, чаго хочацца вам... як i тое, чаго хочацца мне...

Яна зiрнула на мяне i, адкiнуўшы галаву, зарагатала.

Мы наведалi яшчэ некалькi рэстаранаў. Броер распалiўся, зрабiўся гаваркi, поўны надзеi. Пат прыцiхла. Яна нi пра што не пыталася ў мяне, не папракала, не спрабавала нiчога высветлiць. Яна толькi прысутнiчала, час ад часу танцавала, а потым здавалася, што плыве мiж натоўпу марыянетак i карыкатур, нiбы цiхi, прыгожы, невялiчкi карабель... Часам усмiхалася мне.

Млявасць начных рэстаранаў пафарбавала сцены i твары ў шэра-жоўты колер, быццам iх заплямiлi брудныя рукi. Музыка, здавалася, гучала з-пад шклянога каўпака. Лысы пiў каву. Жанчына з рукамi-яшчаркамi тупа ўзiралася ў адну кропку. Броер купiў у зморанай жанчыны ружы i падзялiў iх памiж Пат i тымi дзвюма. На пялёстках гарэлi маленькiя празрыстыя кропелькi вады.

- Давай патанцуем з табой хоць адзiн раз, - сказала мне Пат.

- Не, - сказаў я i падумаў пра рукi, якiя сёння ўжо дакраналiся да яе. Не, - i адчуў сябе даволi смешным i вартым жалю.

- Патанцуем, - сказала яна, i вочы ў яе пацямнелi.

- Не, - запярэчыў я, - не, Пат.

Нарэшце мы пайшлi дадому.

- Я падвязу вас, - сказаў мне Броер.

- Добра.

У яго машыне была коўдра, якую ён накiнуў Пат на ногi. Раптам я заўважыў, што яна вельмi бледная i змораная. Жанчына, з якой мы сядзелi каля стойкi бара, на развiтанне сунула мне ў рукi запiску. Я, як нiчога нiякага, сеў у машыну. Па дарозе я пазiраў у акно.

Пат сядзела ў кутку i не варушылася. Я нават не чуў яе дыхання. Броер павёз спачатку яе. Ён ведаў, дзе яна жыве, i не пытаўся. Яна вылезла. Броер пацалаваў ёй руку.

- Дабранач, - сказаў я, не гледзячы на яе.

- Дзе вас высадзiць? - спытаў мяне Броер.

- На наступным рагу, - сказаў я.

- Я завязу вас дадому, - адказаў ён занадта паспешлiва i ветлiва.

Ён баяўся, што я вярнуся. Я падумаў, цi не заехаць яму ў нюхаўку. Але ён быў мне абыякавы.

- Добра, тады падвязiце мяне да бара Фрэдзi, - сказаў я.

- Няўжо вас пусцяць у такi час? - спытаў ён.

- Дзякую, што вы хвалюецеся, - сказаў я, - але можаце быць упэўнены, мяне пусцяць усюды.

Калi я так сказаў, мне зрабiлася шкода яго. Пэўна ж, увесь вечар ён здаваўся сабе шыкоўным i вопытным гулякам. Не варта было разбураць гэты самападман.

З iм я развiтаўся больш зычлiва, чым з Пат.

У бары яшчэ было даволi шмат людзей. Ленц i Фердынанд Граў гулялi ў покер з гаспадаром крамы гатовага адзення Больвiзам i яшчэ некалькiмi мужчынамi.

- Падсаджвайся, - сказаў Готфрыд. - Сёння надвор'е покернае.

- Не, - адмовiўся я.

- Зiрнi толькi на гэта, - сказаў ён i паказаў на кучу грошай. - Без махлярства. Масць так i прэ.

- Добра, - сказаў я. - Здавай.

Я заявiў гульню пры двух каралях i ўзяў чатыры валеты.

- Вось як! - сказаў я. - Сёння, вiдаць, надвор'е для блефу.

- Як закон, - адказаў Фердынанд i даў мне цыгарэту.

Я не думаў доўга заставацца тут. Але цяпер я адчуў нейкi грунт пад нагамi. Настрой у мяне быў неважнецкi, але ж тут быў звыклы родны прытулак.

- Падай мне сюды паўбутэлькi рому, - крыкнуў я Фрэду.

- Размяшай яго з партвейнам, - сказаў Ленц.

- Не, - адмовiўся я. - Няма часу на эксперыменты. Хачу напiцца.

- Тады пi салодкiя лiкёры. Пасварылiся?

- Глупства.

- Не хлусi, дзiцятка. Не тлумi галаву твайму старому тату Ленцу, якi арыентуецца ў таямнiцах сэрца, як дома. Прызнайся i пi.

- З жанчынай нельга сварыцца. У крайнiм выпадку на яе можна раззлавацца.

- Як на тры гадзiны ночы - занадта тонкая рознiца. Я, шчыра кажучы, сварыўся з кожнай. Калi не сварышся, значыць, скора канец.

- Цудоўна, - сказаў я. - Хто раздае?

- Ты, - сказаў Фердынанд Граў. - Здаецца, у цябе сусветны боль, Робi. Не паддавайся. Жыццё стракатае, але не дасканалае. Мiж iншым, хоць у цябе i сусветны боль, блефуеш ты цудоўна. Два каралi - гэта ўжо нахабства.

- Аднойчы, калi я гуляў, супроць двух каралёў стаяла сем тысяч франкаў, сказаў Фрэд ад стойкi.

- Швайцарскiх цi французскiх? - спытаў Ленц.

- Швайцарскiх.

- Тваё шчасце, - растлумачыў Готфрыд. - Калi б французскiх, ты не меў бы права перапынiць гульню.

Мы гулялi яшчэ з гадзiну. Я выйграў даволi шмат. Больвiз увесь час прайграваў. Я пiў, але ад гэтага толькi балела галава. Хмель не прыходзiў. Усё толькi абвастрылася. У страўнiку пякло агнём.

- Ну, а цяпер перастань пiць i з'еш што-небудзь, - сказаў Ленц. - Фрэд, дай яму сандвiч i некалькi сардзiн. Схавай грошы, Робi.

- Яшчэ адну.

- Добра. Апошнюю. Дубальтовую?

- Дубальтовую, - сказалi астатнiя.

Я, зусiм не думаючы, прыкупiў да крыжовай дзесяткi i караля тры карты: валета, даму i туза. З гэтымi картамi я выйграў у Больвiза, у якога на руках былi чатыры васьмёркi, а стаўку ён узвiнцiў да неба. Кленучы ўсё на свеце, ён выдаў мне кучу грошай.

- Бачыш, - сказаў Ленц. - Вось гэта надвор'е па масцi.

Мы селi каля стойкi. Больвiз спытаў пра "Карла". Ён не мог забыцца, што Кёстэр перагнаў яго спартовую машыну. Яму хацелася купiць "Карла".

- Спытай у Ота, - сказаў Ленц. - Але мне здаецца, што хутчэй ён прадасць табе руку.

- Ну, ну, - сказаў Больвiз.

- Табе гэта незразумела, - заявiў Ленц, - бо ты - дзiця дзелавога дваццатага стагоддзя.

Фердынанд Граў засмяяўся. За iм - Фрэд. Нарэшце мы смяялiся ўсе. Калi каму не было смешна пры ўпамiнаннi дваццатага стагоддзя, то яму варта было застрэлiцца. Але i смяяцца доўга нельга было. Больш дарэчы - галасiць.

- Ты ўмееш танцаваць, Готфрыд? - спытаў я.

- Вядома. Я ж працаваў настаўнiкам танцаў. Ты забыўся?

- Забыўся... дай яму забыцца, - сказаў Фердынанд Граў. - Забыццё - тайна вечнай маладосцi. Чалавек старэе толькi праз памяць. Занадта мала забываецца.

- Не, - сказаў Ленц. - Забываецца толькi непатрэбнае.

- Ты можаш навучыць мяне?

- Танцаваць? За адзiн вечар, дзiця. I гэта ўся твая бяда?

- Няма ў мяне нiякай бяды, - сказаў я. - Галава балiць.

- Хвароба нашага часу, Робi, - сказаў Фердынанд. - Лепш за ўсё было б нараджацца без галавы.

Я зайшоў яшчэ ў кафе "Iнтэрнацыяналь". Алоiс якраз хацеў зачыняць аканiцы.

- Ёсць яшчэ хто-небудзь? - спытаў я.

- Роза.

- Пайшлi, вып'ем утраiх па адной.

- Згода.

Роза сядзела каля стойкi i вязала з воўны панчошкi дачцэ.

Яна паказала ўзор i сказала, што жакецiк ужо звязала.

- Як справы? - спытаў я.

- Дрэнна. У людзей няма грошай.

- Табе пазычыць? Вось... выйграў у покер.

- Дармавыя грошы - залог шчасця, - сказала Роза, плюнула на iх i забрала.

Алоiс прынёс тры чаркi. Потым яшчэ адну, Фрыцы, якая прыйшла неўзабаве.

- Канец, - сказаў ён. - Знямогся, як сабака.

Ён выключыў святло. Мы пайшлi. Роза развiталася каля дзвярэй. Фрыцы ўзяла Алоiса пад руку i пайшла побач з iм, лёгка i бадзёра. Ён шоргаў па бруку плоскiмi падэшвамi. Я застаўся адзiн, гледзячы iм услед. Я ўбачыў, як Фрыцы схiлiлася да бруднага крывога кельнера i пацалавала яго. Ён абыякава адпiхнуў яе.

I раптам - я не ведаю, як гэта атрымалася, - калi я павярнуўся i паглядзеў на пустую вулiцу, i на дамы з цёмнымi вокнамi, i на халоднае начное неба, мне ў сэрца ўдарыла такая шалёная туга па Пат, што я ледзь устаяў на нагах. Я больш нiчога не разумеў - нi самога сябе, нi сваiх паводзiн, нi ўсяго гэтага вечара, - нiчога.

Я прыхiлiўся да сцяны дома i ўтаропiўся перад сабой. Я не разумеў, навошта я ўсё гэта зрабiў. Я трапiў у нешта, што разрывала мяне на часткi, што рабiла мяне неразумным i несправядлiвым, што кiдала мяне туды-сюды i разбурыла мне ўсё тое, што з цяжкасцю парадкаваў. Я стаяў бездапаможна i не ведаў, што рабiць. Дадому мне не хацелася, там мне было б зусiм дрэнна. Нарэшце я прыпомнiў, што ў Альфонса павiнна быць яшчэ адчынена. Я пайшоў туды. Я хацеў перабыць там да ранiцы. Убачыўшы мяне, Альфонс нiчога не сказаў. Ён толькi зiрнуў i працягваў чытаць газету. Я сеў за столiк i паглыбiўся ў дрымоту. Больш нiкога не было. Я думаў пра Пат. Увесь час пра Пат. Я думаў пра тое, як я паводзiў сябе. Раптам мне прыпомнiлася кожная дробязь. Усё было супроць мяне. Вiнаваты быў я адзiн. Я звар'яцеў. Я ўтаропiўся ў стол. Кроў бiла мне ў скронi. Я адчайна злаваўся на самога сябе i не бачыў выйсця. Я, толькi я ўсё паламаў.

Раптам пачуўся трэск i звон. Я з усёй сiлы грукнуў шклянкай, якая разляцелася.

- Таксама забава, - сказаў Альфонс i ўстаў.

Ён дастаў асколкi з рукi.

- Я вельмi шкадую, - сказаў я. - Зрабiў не падумаўшы.

Ён прынёс вату i пластыр.

- Схадзi лепш у бардак, - сказаў ён. - Гэта дапаможа.

- Нiчога, - адказаў я. - Усё прайшло. Нейкi прыпадак шаленства.

- Шаленства трэба выганяць забавамi, а не злосцю, - вучыў мяне Альфонс.

- I то праўда, - сказаў я. - Але ж трэба ўмець.

- Трэнiруйся. Вам усiм хочацца прабiць сцяну галавой. Але з гадамi гэта пройдзе.

Ён паклаў на грамафон "Злiтуйся" з "Трубадура". Пачало хутка свiтаць.

Я пайшоў дамоў. Перад адыходам Альфонс налiў мне вялiкую чарку "Фэрнет-бранка". Мне здалося, што цяпер у маiм чэрапе стукаюць мяккiя малаточкi. Вулiца стала няроўнай. Плечы налiлiся волавам. Нарэшце я дабраў.

Я паволi падняўся па лесвiцы i пачаў шукаць у кiшэнi ключ. Тут я пачуў у паўзмроку нечае дыханне. Нешта шэрае, невыразнае сядзела на верхняй прыступцы. Я зрабiў два крокi.

- Пат... - прамовiў я, разгубiўшыся. - Пат, што ты тут робiш?

Яна варухнулася.

- Мне здаецца, я задрамала...

- Але як ты трапiла сюды?

- У мяне ж ёсць твой ключ.

- Я не пра гэта. Я пра... - Хмель адступiў, я ўбачыў збiтыя прыступкi лесвiцы, аблезлую сцяну i срабрыстую сукенку, маленькiя блiскучыя туфелькi. Я пра тое, як ты ўвогуле аказалася тут...

- Вось пра гэта я пытаюся ў сябе ўвесь час...

Яна ўстала i пацягнулася, быццам гэта была самая натуральная справа ў свеце - сядзець усю ноч на лесвiцы.

Потым яна прынюхалася.

- Ленц сказаў бы: каньяк, ром, вiшнёўка, абсент.

- Нават "Фернет-бранка", - прызнаўся я i толькi цяпер усё як след зразумеў.

- Д'ябал усё забяры, ты выдатная дзяўчына, Пат, а я - агiдны iдыёт!

Я падхапiў яе на рукi, адчынiў дзверы i панёс праз калiдор. Яна ляжала на маiх грудзях, серабрыстая чапля, змораны птах, я адвярнуў галаву ўбок, каб не дыхаць на яе перагарам, i адчуў, што яна дрыжыць, хоць на твары блукае ўсмешка.

Я пасадзiў яе ў крэсла, запалiў святло i прынёс коўдру.

- Каб я толькi здагадаўся, Пат... замест таго каб бадзяцца, сядзець у шынках, мне трэба было... варты жалю баран... я патэлефанаваў табе ад Альфонса, я свiстаў перад тваiм домам... Я падумаў, што ты не хочаш адклiкацца...

- А чаму ты не вярнуўся, калi мяне завезлi дадому?

- Вось гэта я хацеў бы ведаць сам...

- Будзе лепш, калi ты дасi мне ключ i ад кватэры, - сказала яна. - Тады мне не трэба будзе сядзець на лесвiцы.

Яна засмяялася, але вусны яе дрыжалi, i я раптам зразумеў, чаго ёй каштавала - вярнуцца, чакаць тут i гаварыць цяпер адважным бадзёрым голасам...

- Пат, - сказаў я хутка, цалкам заблытаны, - Пат, табе, напэўна, холадна, табе трэба выпiць, я бачыў знадворку, што ў Арлова гарыць святло, я схаджу да яго, у гэтых расейцаў заўсёды ёсць гарбата, я ў iмгненне вярнуся... - Я адчуў, што ўва мне ўздымаецца гарачая хваля. - Гэтага я да смерцi не забуду, - сказаў я ад дзвярэй i хутка пайшоў па калiдоры.

Арлоў яшчэ не спаў. Ён сядзеў перад абразом Багамацеры ў кутку пакоя. Перад абразом гарэла лампадка. Вочы яго пачырванелi. На стале кiпёў маленькi самавар.

- Прабачце, калi ласка, - сказаў я. - Непрадугледжанае здарэнне - цi не далi б вы мне кроплю гарачай гарбаты?

Расейцы прызвычаiлiся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкi, цукру, а на талерку паклаў пiражкоў.

- Вельмi рады быць вам карысным, - сказаў ён. - Дазвольце прапанаваць вам... сам бываў у падобных... некалькi зерняў кавы... пажаваць...

- Дзякую, - сказаў я. - Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму...

- Калi будзеце мець яшчэ якую патрэбу, - сказаў ён, i ў гэты момант я ўбачыў у iм сапраўды высакароднага чалавека, - я яшчэ не кладуся спаць. Буду рады...

Я яшчэ ў калiдоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбiвалi пах спiртнога. Пат сядзела каля святла i пудрылася. Я на хвiлiнку спынiўся каля дзвярэй. Мяне вельмi кранула: вось яна сядзiць, уважлiва глядзiцца ў маленькае люстэрка i водзiць пушком па скронях.

- Выпi гарбаты, - сказаў я. - Гарачая.

Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.

- Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.

- I я ведаю, - адказала яна.

- Праўда? А я - не.

- I не трэба, Робi. Ты i так ведаеш зашмат. Таму i не можаш быць як след шчаслiвым.

- Магчыма, - сказаў я. - Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.

- Добра! Было б яшчэ горш, калi б ты ўвесь час разумнеў.

- Мудра, - сказаў я. - Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупiка. Але мне здаецца, што тут накапiлася шмат усяго...

Яна паставiла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогi.

Заспявалi птушкi. Грукнулi нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзiцяцi. Я глянуў на гадзiннiк. Праз паўгадзiны на кухнi з'явiцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока i роўна. Грэх было будзiць яе. Але трэба.

- Пат...

Яна, сонная, штось прамармытала.

- Пат... - я праклiнаў усе мэбляваныя пакоi свету. - Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.

Яна расплюшчыла вочы i засмяялася, яшчэ сонная, як дзiця.

Я, прачнуўшыся, нiколi не бываў вясёлы.

- Пат... фраў Залеўскi ўжо чысцiць зубы.

- Я сёння застануся ў цябе...

- Тут?

- Тут.

Я ўстаў.

- Блiскучая iдэя... але твае рэчы... вячэрняя сукенка i туфлi...

- Вось я i застануся да вечара.

- А дома?

- Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.

- Так i зробiм. Есцi хочаш?

- Пакуль што не.

- На ўсякi выпадак я сцiбру некалькi свежых булачак. Падносчык падвесiў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.

Калi я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькi. Мяккае ранiшняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.

- Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?

Яна згодна кiўнула, не паварочваючы галавы.

- Мы проста больш не пойдзем у кампанiю. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак i прыпадкаў рэўнасцi. Няхай iх лiха забярэ - Броера i ўсiх астатнiх разам з iм. Праўда?

- Праўда, - сказала яна. - I тую Маркавiц таксама.

- Маркавiц? Пра каго ты гаворыш?

- А пра тую, з якой ты сядзеў у "Каскадзе" ў бары.

- А-а, - сказаў я, раптам чамусьцi ўзрадаваны, - ты пра гэну...

Я пакорпаўся ў кiшэнях.

- Зiрнi на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсцi куды-небудзь, га? Толькi без кампанii. Мы пра iх забылiся, праўда?

Яна кiўнула.

Сонца выходзiла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэлiся. Валасы Пат напоўнiлiся святлом, сонца пазалацiла ёй плечы.

- Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесii?

- Архiтэктар.

- Архiтэктар, - сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён нiхто... - Архiтэктар - невялiкая шышка, праўда, Пат?

- Праўда, дарагi.

- Нiчога асаблiвага, праўда?

- Абсалютна нiчога, - пераканана сказала яна, павярнулася да мяне i засмяялася. - Архiтэктар - гэта нiшто, нуль. Дрэнь!

- А гэта каморка... яна не вельмi ўбогая, га, Пат? У iншых, вядома, лепшыя...

- Яна шыкоўная, гэтая каморка, - перабiла мяне Пат. - Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагi!

- А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькi таксiст, але...

- Ты - мой каханы, аматар булачак i рому, ты мой дарагi.

Яна абхапiла мяне за шыю.

- Ах, дурненькi! Як цудоўна жыць на свеце!

- Толькi з табой, Пат! Шчыра!

Быў цудоўны праменны ранак. Унiзе над магiльнымi плiтамi плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былi цалкам асветлены. Над комiнамi дамоў вiўся дым. Чулiся воклiчы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглi падрамаць, гэта быў не сон i не ява, становiшча на мяжы летуцення. Мы абнялiся i плылi, дыханне наша злiлося ў адно. Потым, у дзевяць гадзiн я спачатку патэлефанаваў ад iмя тайнага саветнiка Буркгарда падпалкоўнiку Эгберту фон Хакэ асабiста, а потым Ленцу, каб ён выехаў ранiцай замест мяне.

- Ён адразу перабiў мяне:

- Не трэба, дзiцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.

- Заткнiся! - радасна сказаў я i аб'явiў на кухнi, што я хворы i да полудня буду ў пасцелi. Тройчы мне давялося адбiваць клапатлiвыя атакi фраў Залеўскi, якая прапанавала рамонкавы настой, аспiрын i кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесцi Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.

XIV

Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явiўся булачнiк на сваiм "фордзе".

- Выйдзi, Робi, - сказаў Ленц, з'едлiва гледзячы ў акно, - кухонны Казанова, вiдаць, з'явiўся з рэкламацыяй.

Булачнiк выглядаў крыху зморана.

- Нешта не ў парадку з машынай? - спытаў я.

Ён пахiтаў галавой.

- Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.

- Дык яна новая i ёсць, - пацвердзiў я i з цiкаўнасцю паглядзеў на яго.

- Справа ў тым... - сказаў ён. - Як вам сказаць... Я хачу купiць iншую машыну... большую. - Ён азiрнуўся па баках. - У вас, здаецца, быў "кадзiлак".

Я адразу ўцямiў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.

- Так, быў "кадзiлак", - летуценна сказаў я, - трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!

- Гм, задарма...

- Задарма! - паўтарыў я настойлiва, а сам думаў, што можна зрабiць.

- Я даведаюся, - сказаў я. - Магчыма, чалавеку, якi купiў яго, спатрэбiлiся грошы. Сёння такое - звычайная справа! Пачакайце хвiлiнку. - Я пайшоў у майстэрню i хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.

- Хлопцы, дзе ж нам тэрмiнова дастаць стары "кадзiлак"?

- Пакiнь гэта мне, - сказаў я. - Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнiк не ўцёк.

- Згода! - Готфрыд знiк.

Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмi спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.

- Цi не хочаце вы прадаць "кадзiлак"? - спытаў я без хiтрыкаў.

Блюменталь засмяяўся.

- У мяне ёсць чалавек, - працягваў я, - плацiць наяўнымi з рук у рукi.

- Наяўнымi... - паўтарыў Блюменталь, хвiлiнку падумаўшы, - сёння гэта слова гучыць як высокая паэзiя.

- I я так думаю, - сказаў я i раптам павесялеў. - Дык як, абмяркуем гэтую справу?

- Абмеркаваць заўсёды можна, - адказаў Блюменталь.

- Цудоўна. Калi я магу бачыць вас?

- Сёння аполуднi ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзiны тут, у канторы.

- Добра.

Я павесiў слухаўку.

- Ота, - усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, - нiколi не падумаў бы, але, здаецца, "кадзiлак" вяртаецца да нас.

Кёстэр адарваўся ад папер.

- Праўда? Ён згодны прадаць?

Я кiўнуў i глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергiчна даводзiў булачнiку.

- Ён сапсуе справу, - сказаў я заклапочана. - Ён замнога гаворыць. Булачнiк вельмi недаверлiвы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.

Кёстэр засмяяўся.

- З богам, Робi.

Я падмiргнуў яму i выйшаў. Але я не паверыў сваiм вушам: Готфрыд i не думаў загадзя ўслаўляць "кадзiлак" - ён з вялiкай стараннасцю тлумачыў булачнiку, як iндзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зiрнуў на яго i звярнуўся да булачнiка:

- На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.

- Я так i думаў, - падхапiў Ленц, быццам мы згаварылiся.

Я пацiснуў плячыма.

- Шкада... але i яго можна зразумець...

Булачнiк стаяў у нерашучасцi. Я зiрнуў на Ленца.

- Можа, ты зробiш яшчэ адну спробу? - адразу спытаў ён.

- Абавязкова! - адказаў я. - Мне ўдалося дамовiцца з iм на сустрэчу днём. Як з вамi потым звязацца? - спытаў я булачнiка.

- У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу...

- Добра... тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.

Булачнiк кiўнуў. Потым ён сеў у "форд" i даў газу.

- Ты зусiм з глузду з'ехаў, - узарваўся Ленц, калi той выехаў. - Спачатку я з усiх сiл утрымлiваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нiчога нiякага...

- Логiка i псiхалогiя, мой мiлы Готфрыд! - адказаў я i паляпаў яго па плячы. - Ты ў гэтым яшчэ не разбiраешся так...

Ён адкiнуў маю руку.

- Псiхалогiя... - прамовiў ён з пагардай. - Найлепшая псiхалогiя - удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!

- У чатыры ён будзе тут.

Готфрыд зiрнуў на мяне з жалем.

- На заклад? - прапанаваў ён.

- З радасцю, - згадзiўся я. - Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас самiх яшчэ няма...

- Ах ты, божа мой, калi толькi ў гэтым справа, - сказаў Готфрыд, трасучы галавою, - тады з цябе не будзе толку, дзiця! Толькi так справы i робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткi курс па сучаснай камерцыi...

Удзень я пайшоў да Блюменталя. Па дарозе я адчуваў сябе маладзенькiм козлiкам, якi iдзе да старога ваўка. Сонца распалiла асфальт, i з кожным крокам мне ўсё менш хацелася, каб Блюменталь смажыў мяне, як шашлык. Трэба было правесцi аперацыю хутка.

- Пан Блюменталь, - паспешлiва сказаў я, як толькi ўвайшоў у кабiнет, перахоплiваючы ў яго iнiцыятыву, - такая прапанова... барыш сам у руку лезе. Вы заплацiлi за "кадзiлак" 5 500 марак - я забiраю яго за шэсць, каб зноў збыць... Гэта павiнна вырашыцца да вечара...

Блюменталь сядзеў за пiсьмовым сталом, як на троне, i еў яблык. Ён перастаў есцi i кiнуў на мяне беглы позiрк.

- Добра, - прасоп ён i зноў пачаў есцi.

Я пачакаў, пакуль ён выкiне агрызак у кош для папер.

- Дык вы згодныя? - спытаў я.

- Хвiлiнку! - Ён дастаў з шуфляды стала яшчэ адзiн яблык.

- Хочаце?

- Дзякую, але цяпер - не...

Ён упiўся зубамi ў яго.

- Трэба есцi яблыкi, пан Локамп! Шмат! Яблыкi падоўжваюць жыццё. Кожны дзень па некалькi яблыкаў - i не патрэбны нiякiя дактары!

- А калi зламаю руку?

Ён ухмыльнуўся, выкiнуў другi агрызак i ўстаў.

- Вось менавiта тады вы i не зламаеце рукi.

- Гэта - практычна, - сказаў я i пачакаў, што будзе далей.

Размова наконт яблыкаў здалася мне падазронай.

Блюменталь дастаў з шафы карабок з цыгарамi, прапанаваў запалiць. Гэта была знаёмая ўжо "Карона".

- I яны падаўжаюць жыццё? - спытаў я.

- Не, гэтыя скарачаюць. Выходзiць тое на тое.

Ён выпусцiў воблака дыму i, нахiлiўшы галаву, паглядаў на мяне знiзу ўверх, як задумлiвая птушка.

- Тое на тое, пан Локамп. Заўсёды павiнна выходзiць тое на тое - вось вам таямнiца жыцця.

- Як атрымлiваецца...

Ён падмiргнуў.

- Так, уменне - таксама сакрэт. Мы ведаем шмат, а ўмеем - мала. Бо занадта шмат ведаем.

Ён засмяяўся.

- Прабачце... пасля яды я люблю пафiласофнiчаць.

- Самы час на фiласофiю, - сказаў я. - Дык з "кадзiлакам"... выходзiць у нас тое на тое... праўда?

Ён падняў руку.

- Секунду...

Я апусцiў галаву, падпарадкоўваючыся. Блюменталь убачыў маю пакорлiвасць i засмяяўся.

- Не тое, што вы думаеце. Я хацеў вам спачатку зрабiць камплiмент. Атака з ходу, з адкрытымi картамi! Гэта было выдатна разлiчана, з веданнем старога Блюменталя. Ведаеце, чаго я чакаў?

- Што я пачну таргавацца з чатырох тысяч пяцiсот...

- Менавiта! Але тады вам дрэнна прыйшлося б. Вы хочаце прадаць за сем?

Я асцярожна пацiснуў плячыма.

- Чаму менавiта за сем?

- Бо гэта ж была ваша першая цана ў нас.

- У вас блiскучая памяць, - сказаў я.

- На лiчбы. Толькi на лiчбы. На жаль. Але закончым: можаце забраць машыну за цану, якую вы назвалi.

Мы ўдарылi па руках.

- Дзякуй богу, - сказаў я з палёгкай. - Першая здзелка за даволi працяглы час. "Кадзiлак" прынёс нам удачу.

- I мне таксама, - сказаў Блюменталь. - Я ж таксама зарабiў на iм пяцьсот марак.

- I праўда. Але чаму, прызнайцеся, вы прадаяце яго так хутка? Не спадабаўся?

- Проста забабоны, - растлумачыў Блюменталь. - Я iду на любую здзелку, на якой магу зарабiць.

- Выдатныя забабоны, - адгукнуўся я.

Ён пахiтаў блiскучым чэрапам.

- Вы не паверыце, але так i ёсць. Каб не ведаць няўдач у iншых справах. Не пайсцi сёння на здзелку - гэта выклiк лёсу. А на такое нiхто не адважыцца.

А палове пятай вечара Готфрыд Ленц, скроiўшы шматзначную мiну, паставiў перада мной на стол пустую бутэльку з-пад джыну.

- Хачу, каб ты яе напоўнiў, хлопчык! За свой кошт! Помнiш наш заклад?

- Помню, - сказаў я. - Але ты занадта спяшаешся.

Готфрыд моўчкi паднёс мне пад нос гадзiннiк.

- Палова пятай, - сказаў я. - Нават сонца ўзыходзiць не ў адзiн i той самы час. Любы можа спазнiцца. Мiж iншым, я змяняю ўмовы закладу - стаўлю два супроць аднаго.

- Прымаецца, - урачыста заявiў Готфрыд. - Чатыры бутэлькi джыну ў маю карысць. Гэта называецца: праявiць гераiзм на страчаных пазiцыях. Ганарова, дзiця, але неразумна...

- Пачакаем...

Хоць я i харахорыўся, але былой упэўненасцi ўжо не было. Наадварот, я ўжо амаль прымiрыўся з тым, што булачнiк не паявiцца. Трэба было ўтрымлiваць яго ранiцай. Ён быў занадта ненадзейная асоба.

Калi ў пяць гадзiн на фабрыцы пярын насупроць нашай майстэрнi прагучаў гудок, Готфрыд моўчкi выставiў на стол яшчэ тры пустыя бутэлькi. Потым ён адлёгся да акна i ўтаропiўся на мяне.

- Пiць хачу, - сказаў ён праз хвiлiну са значэннем.

У гэты момант я пазнаў характэрны шум фордаўскага матора на вулiцы, i адразу ж машына булачнiка завярнула ў наш двор.

- Калi ты хочаш пiць, дарагi Готфрыд, - прамовiў я з вялiкай годнасцю, то бяжы хутчэй ды купi дзве бутэлькi рому, якiя ты прайграў мне. Глыток дастанецца i табе - я частую. Бачыш за акном булачнiка? Псiхалогiя, мой хлопчык! А цяпер прыбяры пустыя бутэлькi! А потым можаш выязджаць у рэйс на таксi. На больш тонкiя справы ты замалады. Прывiтанне, сын мой!

Я выйшаў i сказаў булачнiку, што машыну, вiдаць, можна будзе набыць. Той, хто прадае, патрабуе сем тысяч пяцьсот марак, але калi ўбачыць жывыя грошы, аддасць, напэўна, i за сем.

Булачнiк слухаў так абыякава, што я разгубiўся.

- У шэсць гадзiн я патэлефаную яму яшчэ раз, - нарэшце сказаў я.

- У шэсць? - Булачнiк схамянуўся. - У шэсць мне трэба... - Ён раптам павярнуўся да мяне. - Пойдзеце са мной?

- Куды?

- Да вашага сябра, мастака. Карцiна гатова.

- А, да Фердынанда Граў.

Ён кiўнуў галавой.

- Паедзем разам. А потым мы можам пагаварыць i пра машыну.

Вiдаць, з нейкай прычыны ён не хацеў iсцi адзiн. А мне таксама вельмi не хацелася пускаць яго ад сябе.

- Добра, - пагадзiўся я. - Ехаць далекавата - лепцi зараз жа i адправiцца.

Фердынанд Граў выглядаў дрэнна. Твар быў шэра-зялёны, пакамячана-азызлы. Ён сустрэў нас каля ўвахода ў майстэрню. Булачнiк толькi бегла зiрнуў на яго. Ён быў нейкi надзiва няўпэўнены i ўсхваляваны.

- Дзе яна? - адразу спытаўся ён.

Фердынанд паказаў рукой на акно. Карцiна была нацягнута на падрамнiк. Булачнiк хутка ўвайшоў у памяшканне i нерухома спынiўся перад партрэтам. Праз хвiлiну ён зняў капялюш. Ён так спяшаўся, што забыў зрабiць гэта раней.

Мы з Фердынандам спынiлiся каля дзвярэй.

- Як пажываеш, Фердынанд? - спытаў я.

Ён у адчаi махнуў рукой.

- Штосьцi здарылася?

- Што можа здарыцца?

- Ты дрэнна выглядаеш.

- I ўсё?

- Так, - сказаў я. - Усё.

Ён паклаў мне руку на плячо, i на яго твары старога сенбернара з'явiлася ўсмешка.

Мы пастаялi яшчэ нейкi час, а потым далучылiся да булачнiка. Мяне партрэт уразiў. Галава атрымалася вельмi ўдала. Па вясельнай картцы i другой, дзе жанчына выглядала прыгнечанай, Фердынанд намаляваў нестарую яшчэ жанчыну, якая ўзiралася перад сабой сур'ёзным, але бездапаможным позiркам.

- Так, - сказаў булачнiк, не паварочваючы галавы, - гэта яна.

Ён прамовiў гэта больш сам сабе i, мне здалося, сам не заўважыў сваiх слоў.

- Святла хапае? - спытаў Фердынанд.

Булачнiк не адказаў.

Фердынанд падышоў, крыху перасунуў падрамнiк. Потым ён адышоўся назад i кiўнуў мне галавой. Мы зайшлi ў маленькi пакойчык побач з майстэрняй.

- Нiколi не падумаў бы, - здзiўлена сказаў ён. - Скiдка падзейнiчала на яго. Ён плача...

- З кожным рана цi позна бывае, - адказаў я. - Толькi да яго пазнавата дайшло.

- Пазнавата, - сказаў Фердынанд, - як заўсёды. Такое жыццё, Робi.

Ён паволi хадзiў туды-сюды.

- Пакiнем яго на нейкi час там аднаго. А самi можам тым часам згуляць у шахматы.

- У цябе сталёвыя нервы, - сказаў я.

Ён спынiўся.

- А што? Яму ад таго нi холадна, нi горача. Калi ўвесь час думаць пра такiя рэчы, то нiводзiн чалавек на свеце не мае права смяяцца, Робi...

- Ты, як заўсёды, маеш рацыю, - сказаў я. - Ну давай тады разок згуляем.

Мы расставiлi фiгуры i пачалi гульню. Фердынанд даволi лёгка выйграў. Ён паставiў мне мат турой i сланом, не пускаючы ў ход каралевы.

- Цiкава, - сказаў я. - У цябе такi выгляд, быццам ты не спаў трое сутак, а гуляеш, як марскi разбойнiк.

- Я заўсёды добра гуляю, калi ў мяне дрэнны настрой, - растлумачыў Фердынанд.

- А чаму ў цябе дрэнны настрой?

- Так проста. Змяркаецца. У прыстойнага чалавека пад вечар заўжды псуецца настрой. Без прычыны. Проста такi закон.

- Але толькi ў адзiнокага чалавека, - сказаў я.

- Вядома. Гадзiна, калi пануюць ценi. Гадзiна самотнасцi. Гадзiна, калi найсмачнейшы каньяк.

Ён дастаў бутэльку i дзве чаркi.

- А цi не пара падысцi да булачнiка? - спытаў я.

- Усё роўна.

Ён налiў.

- Будзь здаровы, Робi. Усё роўна аддадзiм богу душу.

- На здароўе, Фердынанд. Пакуль мы жывыя.

- Што ж, - сказаў ён. - Часам мы цудам выжывалi... Дык вып'ем па адной i за гэта.

- Давай.

Мы вярнулiся ў майстэрню. Сцямнела. Булачнiк усё яшчэ стаяў, уцягнуўшы плечы, перад партрэтам. У вялiкiм пустым памяшканнi ён меў выгляд пакiнутага бедалагi, i мне здалося, што ён зрабiўся нават нiжэйшы ростам.

- Упакаваць партрэт? - спытаў Фердынанд.

Той уздрыгнуў, як спужаўся.

- Не...

- Тады я прышлю яго вам заўтра.

- Нельга яго пакуль што пакiнуць тут? - у нерашучасцi спытаў булачнiк.

- Але чаму? - здзiвiўся Фердынанд i падышоў блiжэй. - Вам не падабаецца?

- Падабаецца... але я хацеў бы пакуль што пакiнуць яго тут.

- Не разумею...

Булачнiк павярнуўся да мяне, нiбы просячы дапамогi. Я зразумеў: ён баяўся чарнявай лярвы вешаць партрэт дома. А магчыма, ён баяўся i нябожчыцы.

- Слухай, Фердынанд, - сказаў я, - няхай партрэт спакойна павiсiць тут. Чалавек жа плацiць.

- Няхай сабе...

Булачнiк з палёгкай дастаў з кiшэнi чэкавую кнiжку. Яны пайшлi да стала.

- Чатырыста марак? - спытаў булачнiк.

- Чатырыста дваццаць, - сказаў Фердынанд. - Гэта са скiдкай. Выпiсаць квiток?

- Так, - адказаў булачнiк. - Дзеля парадку.

Абодва моўчкi пачалi выпiсваць - адзiн чэк, другi - квiток. Я застаўся стаяць каля акна, разглядаючы пакой. У вечаровым паўзмроку з усiх сцен пазiралi твары незапатрабаваных i неаплачаных партрэтаў у залатых рамах. Яны здавалiся зборам прывiдаў з таго свету. Стваралася ўражанне, што ўсе iх мёртвыя позiркi былi скiраваны на карцiну каля акна, якая зараз павiнна далучыцца да iх, а пакуль што змярканне наводзiла на яе апошнi бляск жыцця. Гэта было незвычайнае вiдовiшча: дзве фiгуры, якiя схiлiлiся над сталом, пiшучы, ценi i мноства маўклiвых партрэтаў.

Булачнiк вярнуўся да акна. Яго вочы з чырвонымi пражылкамi здавалiся шклянымi шарамi, рот быў паўадкрыты, нiжняя губа адвiсла, так што былi бачны няроўныя зубы - яго пастава была камiчная i вартая жалю. На верхнiм паверсе нехта пачаў iграць на пiянiна, хтось выконваў практыкаванне, паўтараючы адно i тое. Гук быў высокi, пакутлiвы. Фердынанд Граў усё яшчэ стаяў каля стала. Ён запалiў цыгару. Агеньчык ад запалкi асвятлiў яго твар. Змрочнае памяшканне здалося надзвычай вялiкiм i, асветленае маленькiм ружовым святлом, вельмi сiнiм.

- Цi можна сёе-тое змянiць у партрэце? - спытаў булачнiк.

- Што менавiта?

Фердынанд падышоў блiжэй. Булачнiк паказаў на ўпрыгожанне:

- Цi можна ўбраць гэта?

Ён меў на ўвазе вялiзную залатую брошку, якую заказчык абавязкова патрабаваў намаляваць.

- Вядома, - сказаў Фердынанд, - яна нават не пасуе да твару. Без яе партрэт толькi выйграе.

- I я так думаю. - Ён хвiлiнку памуляўся. - Колькi гэта будзе каштаваць?

Мы з Фердынандам пераглянулiся.

- Нiчога не будзе каштаваць, - зычлiва сказаў Фердынанд. - Наадварот, вам трэба было б яшчэ вярнуць нейкую суму. Намалявана ж будзе менш.

Булачнiк ашаломлена ўзняў галаву. На iмгненне здалося, што i ён так думае. Але потым, пераадолеўшы сябе, ён сказаў:

- Ды што вы, не трэба, вам жа давялося маляваць.

- I то праўда...

Мы пайшлi, на лесвiцы, гледзячы на прыгнутую спiну перад сабой, я быў крануты i выглядам булачнiка, i тым фактам, што фальшывая брошка ўсё-такi разбудзiла яго сумленне. Цяпер, калi чалавек у такiм настроi, мне няёмка было напамiнаць яму пра "кадзiлак". Аднак потым я падумаў, што часткова прычына яго шчырай жалобы па нябожчыцы жонцы - чарнявая сужыцелька, якая аказалася сапраўднай падлай... I да мяне вярнулася ўпэўненасць.

- Мы можам абмеркаваць нашу справу ў мяне дома, - сказаў булачнiк, калi мы выйшлi.

Я згодна кiўнуў. Мне гэта падыходзiла. Булачнiк верыў, што дома сцены дапамагаюць, я ж разлiчваў на падтрымку чарнявай.

Яна ўжо чакала нас каля дзвярэй.

- Сардэчна вiншую, - пачаў я, не даўшы булачнiку разявiць рот.

- З чым? - спытала яна хутка, страляючы вачыма.

- З вашым "кадзiлакам", - адказаў я, не мiргнуўшы вокам.

- Любы! - у адно iмгненне яна павiсла на шыi ў булачнiка.

- Але ж гэта яшчэ не... - Ён спрабаваў вызвалiцца i даць тлумачэнне. Але яна ўчапiлася моцна i кружылася разам з iм, дурэючы. Ён не мог вымавiць слова. На мяне пазiралi то з-за яго пляча - хiтрая падмiргваючая мордачка, то з-за яе пляча - поўны дакору, дарма пратэстуючы твар мучнога чарвяка.

Нарэшце ён з цяжкасцю вызвалiўся.

- Мы ж яшчэ нi пра што не дамовiлiся, - адфыркнуўся ён.

- Чаму ж, - сказаў я надзвычай сардэчна, - дамовiлiся. Бяруся збiць цану яшчэ на пяцьсот марак. Вы плацiце за "кадзiлак" сем тысяч - i нi пфенiга больш. Згода?

- Вядома, - хутка адазвалася чарнявая. - Гэта ж сапраўды танна, любы...

- Чакайце! - Булачнiк падняў руку.

- Ды што ты зноў прыдумаў? - накiнулася яна на яго. - Спачатку ты абяцаеш купiць машыну, а цяпер стаiш i адмаўляешся.

- Ён не адмаўляецца, - умяшаўся я. - Мы ўсё ўжо абмеркавалi.

- Ну, што... мiлы... навошта тады... - Яна прытулiлася да яго. Ён зноў паспрабаваў вызвалiцца, але яна прыцiснулася да яго сваiмi вялiкiмi грудзьмi. Ён паспрабаваў злавацца, але супрацiўленне аслабла.

- "Форд"... - сказаў ён.

- Бярэцца, вядома, у кошт аплаты...

- Чатыры тысячы марак...

- Калiсьцi каштаваў столькi, праўда? - спытаў я зычлiва.

- Вы яго возьмеце за чатыры тысячы марак, - цвёрда заявiў булачнiк. Ён знайшоў, за што ўчапiцца, каб перайсцi ў контратаку, ачомаўся. - Машына ж, лiчы, новая.

- Новая, - сказаў я, - пасля вялiзнага рамонту...

- Сёння ранiцай вы самi сцвярджалi...

- Ранiцай была iншая справа. Новая... i новая - гэта розныя рэчы ў залежнасцi ад таго, купляеш цi прадаеш. На чатыры тысячы марак вашаму "форду" трэба было б мець залатыя поршнi...

- Чатыры тысячы марак, iнакш i гаварыць не варта... - упарта сказаў булачнiк. Ён зноў зрабiўся такiм самым, як быў, - старым, якi вырашыў канчаткова пазбавiцца сентыментальнасцi, якой ён толькi што паддаўся.

- Тады да пабачэння! - заявiў я i павярнуўся да чарнавокай. - Шкада, шаноўная панi, але цярпець страты не магу. На "кадзiлаку" мы i так нiчога не зарабляем, як жа нам браць яшчэ "форд" за такую высокую цану... Бывайце...

Яна затрымала мяне. Вочы яе гарэлi, яна накiнулася на булачнiка так, што той не ведаў, куды падзецца.

- Ты сам сто разоў паўтараў, што гэты "форд" ужо нiчога не варты, зашыпела яна нарэшце са слязьмi на вачах.

- Дзве тысячы марак, - сказаў я. - Дзве тысячы, хоць i гэта - самагубства.

Булачнiк маўчаў.

- Ты што маўчыш, скажы што-небудзь! Што ты стаiш як язык праглынуў! бушавала чарнявая.

- Панове, - сказаў я, - я зараз прыганю "кадзiлак". Вам лепей абмеркаваць гэтую справу без сведкаў.

Я адчуваў, што будзе найлепш, калi я знiкну. Чарнявая сама давядзе маю справу да канца.

Праз гадзiну я вярнуўся на "кадзiлаку". Я адразу ўбачыў, што спрэчка закончылася самым мiрным чынам. У булачнiка быў пакамячаны выгляд, на яго касцюме вiсела пер'е. Чарнявая ж, наадварот, палала, трэсла цыцкамi i ўсмiхалася здрадлiва-сыта. Яна пераадзелася i была цяпер у тонкай шаўковай сукенцы, якая шчыльна аблягала яе цела. Непрыкметна для булачнiка яна падмiргнула мне i дала зразумець, што ўсё ў парадку. Мы зрабiлi пробны выезд. Чарнявая ўтульна ўладкавалася на шырокiм сядзеннi, увесь час шчабечучы. Мне хацелася выкiнуць яе, але пакуль што яна была мне патрэбная. Булачнiк даволi меланхалiчна сядзеў побач са мной. Ён ужо насiў жалобу па сваiх грошах, а такая жалоба - самая шчырая.

Мы пад'ехалi да дома булачнiка i зноў вярнулiся ў памяшканне. Булачнiк выйшаў з пакоя, каб прынесцi грошы. Гэта быў зусiм стары чалавек, цяпер я заўважыў, што валасы ў яго фарбаваныя.

Чарнявая абцягнула сукенку.

- Выдатна правярнулi справу, праўда?

- Так, - сказаў я нехаця.

- Сто марак павiнна перапасцi мне...

- Вось як... - сказаў я.

- Стары скнара, - даверлiва зашаптала яна, падыходзячы блiжэй, - у яго грошай як вошай. Але паспрабуй вырваць! Нават завяшчання не хоча пiсаць. Потым усё захапаюць дзеткi, а ты рабi што хочаш. Не вялiкае шчасце гэты кiлун.

Яна падышла блiжэй, пагойдваючы грудзьмi.

- Дамовiлiся: я заўтра прыйду па сто марак? Калi вы бываеце на месцы? Цi вы заскочыце сюды? - Яна хiхiкнула. - Заўтра паполуднi я тут адна...

- Я перашлю вам грошы... - сказаў я.

Яна зноў захiхiкала.

- Прынясiце лепш самi. Цi вы баiцеся?

Вiдаць, я здаваўся ёй баязлiўцам, i яна хацела падбадзёрыць мяне.

- Чаго баяцца, - сказаў я. - Але часу няма. Якраз заўтра iду да доктара. Застарэлы сiфiлiс, каб вы ведалi! Тут не разгуляешся...

Яна так паспешлiва адступiла, што ледзь не ўпала, спатыкнуўшыся аб крэсла. У гэты момант вярнуўся булачнiк. Ён кiнуў падазроны позiрк на чарнявую. Потым падышоў да стала i адлiчыў мне грошы. Ён лiчыў iх павольна, нiбы вагаючыся. Яго цень хiстаўся на ружовых шпалерах, паўтараючы яго рухi. Калi я пiсаў распiску, то падумаў, што сёння падобная сцэна ўжо была, толькi на маiм месцы быў Фердынанд Граў. Хоць у гэтым не было нiчога асаблiвага, мне такое здалося дзiўным.

Я ўзрадаваўся, аказаўшыся на вулiцы. Паветра было па-летняму мяккае. "Кадзiлак" паблiскваў каля тратуара.

- Ну, стары, вялiкi дзякуй табе, - сказаў я i пагладзiў яго. - Рыхтуйся да новых подзвiгаў!

XV

Над лугамi стаяў светлы iскрысты ранак. Мы з Пат сядзелi на лясной паляне i снедалi. Я ўзяў два тыднi адпачынку. Мы вандравалi да мора. На дарозе стаяў невялiчкi стары "сiтраэн". Мы ўзялi яго ў кошт платы за стары "форд" булачнiка, i Кёстэр даў мне яго на час водпуску. Ён напамiнаў старога iшака так быў абвешаны чамаданамi.

- Будзем спадзявацца, што за дарогу ён не звалiцца з ног, - сказаў я.

- Вытрымае, - адказала Пат.

- Адкуль ты ведаеш?

- Iнакш не можа быць, бо гэта ж наш водпуск, Робi.

- Магчыма, - сказаў я. - Але, акрамя ўсяго, я ведаю, якая ў яго задняя вось. Яна не вельмi надзейная. Асаблiва пад нагрузкай.

- Гэты аўтамабiль - брат "Карла". Ён не падвядзе.

- Жахлiва рахiтычны брат.

- Кiнь ганьбiць, Робi. На сёння лепшай машыны я не ведаю.

Мы яшчэ крыху паляжалi на лузе. Ад лесу дзьмуў цёплы, мяккi вецер. Пахла смалой i травамi.

- Скажы мне, Робi, - спытала Пат неўзабаве, - што гэта за кветкi там, каля ручая.

- Анемоны, - адказаў я, не гледзячы.

- Ну што ты, дарагi! Гэта не анемоны. Анемоны маленькiя, акрамя таго, яны цвiтуць толькi вясной.

- Правiльна, - сказаў я. - Гэта буймiна лугавая.

Яна пахiтала галавой.

- Буймiну я ведаю. Яна выглядае зусiм iнакш.

- Тады гэта цыкута.

- Што ты, Робi? Цыкута ж белая, а не чырвоная.